Дзе скарб ваш
Дзе скарб ваш читать книгу онлайн
У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Я спачатку па выкліку не з'явіўся i не думаў з'яўляцца, хаваўся, а потым пагутарыў з сябрам з акружэнцаў, які ўжо быў у партызанах i зайшоў перадняваць у нашым гумне,— параіліся, i я пайшоў у Мір — пасля ўсіх, крыху нават з трывогай.
Штабс-капітан, той самы вахлакаваты дзядзька Кастусь, пра спазненне нічога мне не сказаў. Такое ўражанне было, што ўсё гэта яму аніяк нецікава. A калі тая спроба мабілізацыі распалася, спадар ваенны начальнік зноў пешкі падаўся дахаты, зноў абрастаць ды маўчаць. Ці чапалі яго ў другую мабілізацыю, у сакавіку 1944-га, не памятаю. Але ж i не каралі потым, ён сабе ціха памёр у сваёй мнагадзетнай бядоце.
* * *
Яйкі ў адной цане, здаецца, роўненькія, а дамачка перабірае ix у «сотах» доўга, марудна. Чарга хвалюецца, пачынае абурацца. А яна:
— Чего вы все шумите? Теперь же все можно!.. Зноў жа пра перабудову, пра «дэмакратыю».
* * *
Чытаю ў палякаў, што ў дваццаць шостым, пасля «майскага перавароту», зладжанага Пілсудскім, у Варшаве было забіта чатырыста i паранена каля васьмісот.
A ў «Лодзінскім выдавецтве» патрыёт-рэдактар Хрусцялеўскі выкрасліў з майго «Сонечнага зайчыка», без усякага ўзгаднення з аўтарам, завочна, пра тое, як адзін з пажылых падафіцэраў успамінаў пры мне ў палоне расстрэл каля варшаўскай цытадэлі бунтароў-падхаронжых.
— Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу.
А хлопцы ўсе маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы i закрылі ўвесь твар!..
Трэба думаць, што сярод тых чатырохсот забітых такія бунтары былі.
* * *
Пастушынае ўспамінаецца. Адзін есць яблыка, a другі: «Дай укусіць». Да самых зярнят ў асяродку дагрызуцца на змену, i аніякай грэблівасці.
А жабу ў рот узяць за заднія лапкі — у заклад на карабок запалак?
* * *
Самой ужо добра за пяцьдзесят, а гаворыць са мною, яшчэ вунь як старэйшым, i вось нібы сарамліва паправіла на каленях, седзячы на ўслончыку, свой халацік на голых каленях. Спрацаваная, затурканая, а — жанчына...
* * *
У канцы трыццаць дзевятага, на чарговай сустрэчы з нейкім упаўнаважаным, дзядзька Паўлюк спытаўся ў яго:
— A колькі ж стаханавец скошвае за дзень?
Той, разгублена:
— Ну, видимо, соток двадцать, тридцать...
— Тады закройцеся вы, таварыш, са сваім стаханаўцам — мы скошваем па паўгектара!..
Людзі нашы былі яшчэ непалоханыя.
* * *
У пяцьдзесят сёмым годзе арыштаванага за «белорусский национализм» Барыса Ржэўскага, майго партызанскага сябра, выкладчыка гродзенскага педінстытута, следчы, спакойна-сыты яўрэй, на ўсе Барысавы шчыра-гарачыя словы пра чалавечае права на родную мову з усмешкай пытаўся:
— Кому это нужно?
Той гаворыць, каб яшчэ больш пераканальна, a ў адказ усмешачка i зноў сыта-спакойнае:
— Кому это нужно?..
* * *
Шасцідзесяцігадовая жонка, шчодра поўная i энергічная, пра свайго хварабліва-нягеглага мужа-юбіляра, якому семдзесят пяць: — Я купалась в его ласках!.., I на сходзе ў вучылішчы так, i дома потым, на цесным застоллі.
Ён цярпліва маўчыць, нават не ўсміхаючыся. А я ўспамінаю, як ён мне неаднойчы скардзіўся, што жыцця няма з-за яе хвараблівай рэўнасці.
* * *
На юбілейнай вячэры ў райцэнтры абруселая дамачка цераз стол:
— Иван Антонович, ведь в Белоруссии националистов нет? Правда ведь, нет?
— Ёсць,— адказваю.— Толькі, на жаль, малавата.
Назавём ix, патрыётаў, так.
* * *
Падумалася пра красу тых мясцінаў на Беларусі i на ўсім свеце, у якіх я не буду...
* * *
Пасляваенны расказ паэта Дзімы Кавалёва, як яны, група паўночных марачкоў, не маглі прабіцца ў кінатэатр. I прыдумалі выхад — усе ордэны i медалі, якія ў каго былі, начапілі аднаму, i ён, ушчэнт абвешаны ўзнагародамі, важна прайшоў да касы і, на вачах усёй здзіўленай чаргі, узяў білеты, колькі ix трэба было.
Можа, i зусім не нова гэта, як выдумка. Ды мне помніцца перш за ўсё Дзімаў смех — шыракаротахлапчукоўскі.
* * *
Бабулі за восемдзесят, i шкада яе, i не надта прыемна слухаць, а яна расказвае выпадковай, інтэлігентнай суседцы ў міжгароднім аўтобусе пра свайго мужыка:
— Ён у мяне другі. На сем гадоў малодшы. Нічога дрэннага не скажу. I бульбы намые, i чыгун паставіць на прыпек. Глядзіць мяне. А тады гэта, ведаеце, хоча, каб я пад яго ішла. А мне ўжо яно i не трэба...
* * *
Злосны шэпт над магілай, у якую апушчана труна:
— Куды ж вы ўжо сыплеце тымі жменямі пясок?! Бацюшка ж яшчэ магілу не запячатываў!.. Божа, які дурны народ пайшоў!..
Папу далі рыдлёўку, ён намеціў ёю крыжыкі з усіх чатырох бакоў ямы — магіла ўжо i «запячатавана».
Сучаснікам трэба каму вучыцца, а каму i перавучвацца. А той, што шэпча, i зверху нарэшце пабыць.
* * *
Тое, што значна пазней стала ў «Птушках i гнёздах» скарочаным раздзелам пра маленства («Падарожжа ў найлепшае»), напісана было ў сорак трэцім Годзе. Пасля вайны я хацеў гэта выдаць у асобнай кніжыцы па дзіцячай рэдакцыі. Яе спаважны, акулярысты загадчык даў мой рукапіс на «закрытую» рэцэнзію памочніку сакратара ЦК партьй, вядомаму п'яніцы i бабніку. Рэцэнзія тая, літаральна палавіна старонкі машынанісу, была мне паказана i нават растлумачана самім румяным рэцэнзентам. Прычэпка толькі ў двух месцах — да слоў «стаў ракам», a ў іншым месцы «напёр», пра якія ён, заслінена смеючыся, выклаў свой сэнс.
— Нічога, ты чалавек здольны, напішаш яшчэ!..— такая пацеха на будучыню. А ён сваё ўзяў адразу.
З першай кнігі маіх апавяданняў той раздзел-апавяданне пад назвай «Маленства» зняла цэнзура. Там у мяне бацька, нядаўні чыгуначнік, прыехаўшы з лесу, у адказ на сыночкаў стук у акно i крык радасці, прыціснуўся да шыбы з двара сваёй старой адэскай каракулевай шапкай.
— Что, у крестьян в Западной Белоруссии были каракулевые шапки?! — абурылася цэнзарка.
I так вучылі нас пісаць.
* * *
Каля вялізнай стадолы «шпікняра», гандлярскага свірна збожжам, злосны яўрэй Касмай, гаспадар стадолы, тузаецца з наравістым канём, які не даецца ў аброць. Нашы загорскія мужчыны стаяць паблізу, спыніліся, ідучы ў царкву, пагаманіць ca знаёмымі з іншых вёсак. Вусаты, ганарысты Данька, унтэр з царскай арміі, гаворыць Касмаю: «Взнуздай его, взнуздай!» Выразна задаволены веданнем гэтага слова. Той «взнуздал», нарэшце, i спытаўся: «Вы, видимо, жили в городе?» — «Да, жил»,— адказаў наш вусач, нічога не падазраючы. А Касмай, яшчэ ўсё чагосьці злосны: «И я тоже там жил, и таких дураков, как вы, видал очень много!..» I пайшоў.
Даўнюю гэтую сцэнку, расказаную мне старэйшым братам, я днямі прыгадаў, пачуўшы ад N. пра іхняга лацініста. I я ж знаёмы з ім, вітаемся пры сустрэчы. Неяк нават ён расказаў мне, што бацька яго, на былой Станіслаўшчыне, дружыў з навелістам Стэфанікам. А сам ён закончыў Кракаўскі універсітэт. Дык вось у яго разам з маёю N. вучыўся, паступіўшы па блату, цераз сястру-выкладчыцу, кучаравы здаравіла, безнадзейна тупы Калупан. Глядзіць на яго нярослы выкладчык свяшчэннай лаціны i кажа:
— И что я скажу вам, Калупан. У нас с моей женой, к большому сожалению, нет детей. Мы так горюем от этого! Но как только я подумаю, что они у нас были бы, и что они пошли бы в школу, и что у них учителем были бы вы, Калупан, так мне становится легче, что их у нас нет...
Два прыклады яўрэйскага гумару — местачковага i сталічнага.
* * *
Сын аднаго з наших пісьменнікаў, былы «афганец», перад тэлевізарам. Там пакалечаныя афганскія дзеці. I хлопец расплакаўся:
— Я ж быў мінёрам!.. Можа, i гэта мая работа!..