Парастак
Парастак читать книгу онлайн
Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — гэта своеасаблівы працяг лірычнай споведзі аўтара пра свет i пра сябе, пра людзей далёкіх i блізкіх, пра свой радавод. Прызнаны майстра прозы шчодра дзеліцца з чытачамі багаццем сваёй душы, шырока расчыняючы брамы скарбаў свайго жыцця, па якім ён ідзе з нязменнай мудрасцю i дабрынёю.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Янка Брыль
ПАРАСТАК
Запісы i эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Парастак. Запісы i эсэ, — Мінск: Про Хрысто. — 2006. — 104 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЗАЛЕТАСЬ
Падумалася пра малога ў нейкай страшна складанай сітуацыі партызанскага часу:
«Сыночак, хлопчык мой, з табой адным засталася твая перадсмяротная туга!..»
Пішу гэта, a ў памяці зноў яно, такое ўжо далёкае, з вясны сорак чацвёртага года... Пры ійне сустрэліся два партызаны з адной вёскі. Маладзейшы сказаў старэйшаму штосьці, чаго я не пачуў, а той спачатку моўчкі, вакол самога сябе вусцішна закруціўся на адным месцы — ад пачутага. Гэта яго стары нямоглы бацька i маленькі сын — забітыя!.. Паліцаямі, у белы дзень, каля роднай хаты...
Што «дробязі» — гэта не дробязі, зноў пераконваешся, правячы новае для публікацыі. Мала слоў — гэта яшчэ не азначае, што ix менш, чым трэба. Нехта такога проста не разумее, а нехта яшчэ i здзіўляецца. А яно ж само па сабе, без належных сумненняў ды пільнасці, не даецца.
Пасля элегантных томікаў серыі «Беларуская паэзія XX стагоддзя» — Танк, Куляшоў, Панчанка, — якія з прыемнасцю пагартаў, зрэдку перачытваючы любімае, мне прынеслі й прыстойна падрыхтаваны томік Броўкі. Зубаскальскае «піша лоўка», што ўжо абрыдзела ад танных паўтораў, аспрэчваецца вершамі, i добрымі, i неблагімі, якіх не абавязкова павінна быць многа.
А яшчэ ж i тое ўспамінаецца, што наша першая энцыклапедыя яму, паэту Броўку, залічваецца ў неаспрэчнае на роднай службе.
«Ну добра, ты вялікі, слаўны, але ж дай жыць, дыхаць, хоць дух перавесці побач з табой i камусьці другому, хоць бы i меншаму!..»
Цераз Талстога, у запісе Макавіцкага, рускае народнае: «Сокрой чужой грех — два своих простится».
I самому думаецца: няўжо недасказанасць нечага — грэх? Павінна ж нешта i ў нябыт пайсці.
«Не дергайся!» — гавораць рускія таму, хто залішне мітусіцца, нервуецца... I сабе трэба так гаварыць, калі здаецца, што неабходна нешта рабіць, кудысьці паспець, пра штосьці не забыцца... А ты вось стары ды нямоглы, ты толькі чытаеш ды чытаеш, балазе сёе-тое знаходзіш сам або табе яго падсоўваюць...
Доўга не засынаў. A прачнуўся з прымаўкай, хутчэй за ўсё мамінай: «Доля — як стадоля, а шчасце — як заезджая карчма». Тут яшчэ трэба думаць, што да чаго...
Аў «Слоўніку гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча», i ў Насовіча, і ў тлумачальным гэтага няма.
Як баяўся Купала — пры Сталіне, i як баяўся Дубоўка — пасля Сталіна, пра што яшчэ як трэба не напісана.
Наведаўшы мяне пазаўчора, інтэлігентная зямлячка ўспомніла між іншым, як у іхняй местачковай школе былі ў модзе альбомчыкі, куды яны адно аднаму сёе-тое ўпісвалі, намалёўвалі, уклейвалі. Адзін з хлопцаў напісаў ёй вершам:
Пішу пісьмо — рука дрыжыць,
Гляджу ў акно — свіння бяжыць.
Ёй тым часам ужо шэсцьдзесят сёмы, а вось успомнілася зноў, бог ведама каторы раз. I смяецца.
А мне пазней падумалася пра тыя творчыя пакуты, чаго добрага, ужо й закаханага смаркача, i рамантыка, i рэаліста адразу.
«Я буду маліцца за вас», — кажа i Папа Рымскі, больш істотна не могучы дапамагчы ў бядзе.
Браты i сёстры пяцідзесятнікі, якія па суботах наведваюць з горада ў вёсцы адзінокую бабулю, іхнюю духоўную сястру, моляцца за яе, дапамагаюць ёй, паднімаючы настрой.
А моляцца яны яшчэ, па падказцы ці просьбе старое, i за ўсю яе вёску, дзе ўжо дашчэнту паспіваліся i бабы.
Памаліўшыся, браты i сёстры лічаць, што яны зрабілі ўсё, што змаглі, што тут трэба, каб няверуючых павярнуць на правільны шлях, ажывіць яе няшчасныя Бабунічы.
I раптам зноў нешта знойдзеш, як цяпер — успаміны пра Прышвіна. Кніга разумна, удала складзена, з каментарамі патрэбнымі i прасторнымі, пад успамінамі кожнага, хто ведаў гэтага пісьменніка i чалавека, каму ёсць што пра яго сказаць.
Трэба ж яно i так, такому здарыцца, — i гэтая кніга прастаяла ў шафе з 1991-га (дата выдання), i гэтую, набыўшы, меў намер прачытаць неўзабаве, а потым забыўся i вось — адкрыццё!..
У вёсцы яго недалюблівалі за брыдкае ўменне з рознай вады выходзіць сухім. Але ж i дажыванне ў яго было па прыказцы: не бойся смерці, бойся старасці. Даседжваў, далежваў на сваім хутары адзін, усімі пакінуты, нямыты, нястрыжаны, барада па калені. Hi накарміць, хоць раз на дзень, ужо толькі з лыжкі, ні памыць, хоць раз на месяц у цэбры якім ці ў балеі, не было каму.
Слухаю пра гэта i ў думках сам сабе дадаю i такое:
Страшна гэта, вядома ж, аднак яшчэ страшней тое, як раней, калі ён яшчэ мог, адзіны сын ягоны, вярнуўшыся з турмы ці з лагера, п'яны ў гасцях у швагра, у вёсцы, тым самым вялікім кухонным нажом, якім яму кроілі шчыры сваяцкі хлеб, ні за што, ні пра што сястрынога, удовага мужа праштыхнуў «у саменькае сэрца»...
Забойцу, вядома, забрала міліцыя. A ў вёсцы няма ўжо мужчынскіх рук ды плячэй, патрэбных няхай сабе i на самым бедным пахаванні. I вось адну з тых пратэсаў, што спрадвеку стаяць у куце абамшэлай капліцы, не памятаю — дзве ці тры, — так патрапаную, што ўжо й нейкі святы на ёй учарнеў ад даўнасці, нёс за крыжам ён — бацька забойцы...
Такога не прыдумаеш.
Прачнуўся ў дзве гадзіны i толькі пад раніцу прыдрамнуў. I — такі сон. Пада мною калодзеж, не надта глыбокі, але з мяне хапіла б. Нібыта кругі цэментовыя, нібыта зруб драўляны, а то i ўсё разам — як у сне. Слабымі рукамі, развёўшы ix, трымаюся неяк з краю, нібы ў кутку (сон жа!), намагаюся правую нагу перакінуць цераз край зруба навонкі. Раз за разам. Нага слабее... I прачынаюся.
Папярэджанне нейкае? А то й ад роздуму ўвечары?..
Пасля Бёлевага «Ірландскага дзённіка», апавяданняў i вершаў Кіплінга ўбіўся ў падараваны Валодзем Васілевічам энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія». Хапіла на тры дні.
Гэта i подзвіг групы спецыялістаў, якія за два гады ажыццявілі гэтае безганарарнае, марназарплатнае выданне на 49 аркушаў, гэта й цудоўны доказ таго, што Беларусь — жыве, не толькі ў дэманстрацыях, але i ў такой вось ціхай, мудрай працы.
Калі я часам i думаў пра самога сябе завысока, дык хоць жа не вытыркаўся з гэтым на людзі, не хваліўся такою немаччу.
Адна настаўніца пачатковых класаў, другая на дзесяць гадоў маладзейшая аспірантка-матэматык — мае вясёлыя, дружныя ўнучкі. Старэйшая купіла малодшай гольфы з пальцамі (во!), а тая, наведаўшы дзеда, паказала мне гэтае дзіва, пераабуваючыся ў тапачкі. I засмяялася весела, калі i мне, старому, сказалася тое самае, што i яе малодшаму брату, студэнту, майму паважанаму ўнуку:
— То-та ж, можна i гэтак хвігу даць!
Яна любіла верш Сыракомлі «Бусел» у перакладзе Лучыны. Нават дэкламавала мне яго — дзецям маці, унукам бабуля — неяк па-вучнёўску ўрачыста, з пэўным уздымам, бо гэта ёй, зрэшты, са школы i памяталася: