Дзе скарб ваш
Дзе скарб ваш читать книгу онлайн
У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Тым больш што паблізу ў хляве рытмічна цыркаў у вядро паўдзённы сырадой, якога я чакаю.
* * *
Па-старэчы гаманкі паэт, выступаючы па радыё, захоплена кажа, што ён «страшэнна любіў сваю маці». I хоць час перадачы канчаецца, пачынае яшчэ адзін рытарычна-сентыментальны верш.
I ўспамінаюцца маскоўскія дамачкі — з радыё i ў газеце: «Такой безумно вкусный суп!..»
* * *
Бабка Матруна i заўсёды не надта да працы руплівая, на старасць так разленавалася, што i падпусціць на печы, падмочыцца i кажа: — Ат, усё ў моры будзе. Філасофія глабальная.
* * *
Чалавеку стварылі такую славу, што цяпер яму трэба думаць, як жа гэта не паказацца меншым...
Зрэшты, i тыя, што слухаюць, i ён, што вяшчае, над гэтым не вельмі задумваюцца.
* * *
На тэлеэкране — новая дыктарка. З выгляду прыемная i даволі культурная ў роднай мове. У канцы перадачы яна з усмешкай паведаміла, што ў праваслаўных сёння вялікае свята, нараджэнне Дзевы Марыі, якая — во свецкасць! — «мела гонар быць божай маці»...
* * *
Федзя Янкоўскі аўтографы на сваіх кнігах падпісваў так сціпленька, што часам трэба было яшчэ знайсці яго, той аўтограф, не раўнуючы, як пад пахай, у якім-небудзь куточку тытульных старонак. Прыгожы i дробненькі, цяжка чытэльны почырк.
* * *
Цудоўны майскі ранак пяцідзесятага года. Максіму Танку — трыццаць восьмы. Магутны i вясёлы прыгажун. Штосьці дасціпна гаворачы, ён стаіць на ганку драўлянага, двухпавярховага Дома творчасці «Каралішчавічы».
A ніжэй, на ўжо няроснай траве, стаю я, разам з некім яшчэ, не памятаю ўжо, з кім. Дый патрэбен тут адзін Максім. Як для партрэта.
Па лясной дарозе падыходзіць да нас не старая яшчэ, босая цётка са збаночкам. Вітаецца i прапануе купіць малачка. I тут адбываецца тое, з-за чаго гэты мой успамін.
Максім бярэ той збаночак вялікай жменяй за шыйку i нагбом, спакойна ды няспешна п'е. На здзіўленне i цётцы, i нам. Момант... Чаканне... Перамог!
— Эх, здорава!..
Пытаецца, колькі з яго, плоціць па-свойму шчодра, дзякуе, па-вясковаму выціраючы верхам далоні губы.
Мы смяемся. А цётка пайшла ў свой бок, калі злосная па натуры, дык i падумаўшы, чаго добрага: «Во прорва!» А то i з прыязнай усмешкай панесла навіну дадому.
* * *
Калі ў нас па-беларуску, па-коласаўску пякуць аладкі, можна па-біблейску, па-сусветнаму сказаць, што i сапраўды «не хлебом единым жив человек». Тым больш калі яшчэ i яечня сквірчыць, i далоні можна пацерці ад належнага настрою.
Успамінаю весела. Азгур запрасіў Вялюгіна ў грыбы. У лагойскім лесе яны надыбалі старога дзядзьку, з якім i пагаманілі, а потым i перакусіць прыселі. Узяўшы чарку, дзед пасмялеў i спытаўся:
— А вы гэта, хлопцы, відаць, пісьменнікі?
— А што? — з усмешкаю спытаўся Анатоль.
— Бо вось жа i жыдок па-беларуску клепіць. Ці смяяўся Заір,— Анатоль мне, здаецца, не сказаў. A гаварыў па-беларуску паважаны маэстра рэдка, нібы каб паказаць, што ўмее.
* * *
У вучоным артыкуле, надрукаваным у газеце «+Plus — Minus», якую бачу ўпершыню, аўтар, таксама незнаемы, дабраўся i да беларусаў з ix двухмоўем. Перакладаю яго прыязнасць:
«Культура ператвараецца не цераз элімінацыю таго, што ёсць, a толькі цераз узгадоўванне таго, што павінна дадавацца. Таму моладзь трэба вучыць мовы Янка Калясы, але не трэба закрываць перад ёю мовы Льва Талстога».
Расчульвае гэты гібрыд — Kolasa, зроблены з літаратурных імён двух нашых класікаў, тым больш ужо без коласа — kłosa, а з kolasą — экіпажам.
* * *
Прынёс з пасёлка ранішняе малако (туды — лесам, назад — па дарозе, яшчэ ўсё без пылу пасля дажджу), падышоў да ўмывальніка пад старою ліпай i пастаяў.
Такі дзянёк пачаўся, такая сонечная, яшчэ ўсё — у канцы верасня — зялёная краса. А на стале такая любая работа — вычытванне пасля машынкі новага, чаго пяць дзён не чапаў, каб трохі пасвяжэла вока.
I чаго табе трэба, куды ты спяшаешся? Сёння ж тут тое, што потым успамінаецца як вялікае шчасце.
* * *
Гуга Калантай, «Стан асветы ў Польшчы ў апошнія гады ўладарання Аўгуста III (1750- 1764)». Перакладаю з рускага перакладу:
«Пагарда чытачоў да літаратуры на польскай мове адбівала ў пісьменнікаў ахвоту ствараць карысныя творы або рабіць пераклады замежных твораў, i справа дайшла, нарэшце, да таго, што польская мова стала служыць толькі для казанняў, для рэлігійнага пісання, для панегірыкаў, для вясельных ці пахавальных прамоў, для прамоў на сеймах i сейміках i зрэдку можна было ўбачыць вельмі дрэнныя пераклады на польскую мову замежных твораў».
Вынік моды на лацінскую, а пасля на французскую мовы.
Як гэта падобна на тое, што ў нас цяпер! Праўда... на дзвесце з гакам раней. Калі ўжо быў вялікі Ян Каханоўскі, калі можна было прадчуваць яшчэ большых — Міцкевіча i Славацкага.
* * *
Апавяданне ў газеце — сум бацькоў па сыне, на якога пасля вайны прыйшло, што ён прапаў без вестак. I — на табе! — зноў ад чужога сваё: згадалася, як увосені сорак першага, неяк дачуўшыся, што ў Загоры хлопец вярнуўся з палону, да нас з Прылукаў, якія за пашай, за лугамі, за Вушай i «казённым» лесам i таму здаваліся мне змалку вельмі далёкімі, прыйшоў пажылы чалавек, у якога сын таксама з польскага войска ў палоне. Павітаўшыся, сеўшы на запрашэнне, ён урачыста звярнуўся да мяне:
— Сынок, як перад Богам скажы: пусцілі цябе ці сам ты ўцёк?
Я засмяяўся:
— Як перад Богам?
I трэба было ратавацца маной, што пусцілі, што неўзабаве пусцяць i іхняга...
* * *
Hi з таго ні з сяго вечарам убачылася, як жывое:
Стары вясковы дзядзька на сваяцкім застоллі ўзяў ды няспешна з'еў сабе цэлую шакаладную цукерку. Ціха, сціпла прыгорбіўшыся.
Ці гэта ён сам сябе пашкадаваў? Ці яшчэ i падумалася потым, што зрабіў гэта, як малы? Ці таму — зусім ужо прасцей — што чужое?.. Толькі не гэта.
Бо калi i траплялася ў ягонай хаце такая, сёння нятанная, смаката, дык усё ж для гасцейунукаў. I сват жа таксама, не толькі ты адзін.
* * *
Сніў, што разам з Танкам пераносіў з месца на месца вялікія, пазвязваныя кіпы пісьмаў — жаль i спачуванне вельмі многіх у сувязі з яго, Максімавай, смерцю...
У сне такое не бачыцца дзіўным: як быццам усё так i трэба, нармальна.
* * *
Выступаць у інстытуце, перад студэнтамі, мы прыйшлі з гасцініцы невялікай групай адразу пасля снедання. А тут нас, «пакуль што» — адразу да самавара, з пытаннямі: «Вам чаю? Ці кавы?» Адмаўляемся шчыра ды ветліва, a мілавідная, не вельмі ўжо маладая жанчына, што гаспадарыла каля стала ў дырэктарскім кабінеце, з усмешкай сталай прастаты сказала:
— Мама мая гаварыла: не дай Бог галодных карміць.
I тут падтэкст народнай мудрасці.
* * *
Над трэцім томам Багдановіча.
Ён, Багдановіч, i Талстой,— падабенства грамадскай дзейнасці: у старога па барацьбе з «мірным» голадам, a ў маладога з ваенным, бежанскім ліхалеццем. I там, i тут гэтая дзейнасць, з усёй сваёй суровай, шэрай прозай, дадае воблікам любімых літаратараў чалавечай i нісьменніцкай абаяльнасці.
«Непаэтычная» галковасць маладога, хворага Максіма. I выдатнае валоданне рускай літаратурнай мовай. Я не пярэчу самому сабе, таму ранейшаму запісу, дзе гавару, што яго руская мова менш натуральная ў слове мастацкім. Як i Шаўчэнкава — у прозе. У валоданні культурай рускай мовы — адукацыя, a ў мове роднай у яго самавуцтва, а на радзіме з ёю — самы толькі працэс станаўлення, сіламі самавукаў або патрыётаў з рускай адукацыяй.
...«Образы Галиции в художественной литературе», з аповесці Франко «Великий шум»: