Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Да цара павёў ён друга, і, хоць шмат мінула часу,
Той ад сораму вагаўся, апусціўшы позірк свой.
Выйшаў цар яму насустрач — віцязь быў усхваляваны
І, ў руку хусцінку ўзяўшы, светлы твар свой захінуў;
Сонца знікла ў хмарах, ружу ахінула золь туману,
Але што магло азмрочыць хараства яго вясну?
Цар, змяніўшы сум на радасць, падышоў да Аўтандзіла,
Той, укленчыўшы пачціва, сам прыпаў да царскіх ног.
Цар сказаў: «Устань, не спляміў ты ні чын, ні зброі сілу.
Не да твару сарамлівасць льву вялікіх перамог!»
Цар абняў яго, як бацька, цалаваў яго бясконца:
«Патушыў жывой вадою ты агонь сардэчны мой.
Дык ідзі хутчэй за мною — я ільва з'яднаю з сонцам —
З тою, што злучыла шчыльна, як агаты, веек строй!»
Зноў абняўшы Аўтандзіла, цар яго няспынна славіў,
Пасадзіў з сабою — радасць мільгацела на вачах.
Завалодаў леў па праву Цінацін і ўсёй дзяржавай,—
Той да дна адчуе радасць, хто прайшоў пакуты шлях!
Да цара звярнуўся віцязь: «Я дзіўлюся ягамосцю,
Ты хіба не хочаш бачыць сонца яснага прыйсця?
Дык сустрэнь яе вясёлы, у палац пакліч не госцяй,
А як тую, што праменнем асвятляе сэнс жыцця!»
І, гукнуўшы Тарыэля, жвава ўскочылі на коней
Тры героі — галіафы, з бляскам сонца ў вачах;
Дасяглі, чаго жадалі ў дні імклівае пагоні,
Нездарма дружылі рукі з сталлю вострага мяча.
Цар спыніў каня паблізу, прывітаў красуню гучна,—
Твар чароўны, прамяністы вочы бляскам асляпляў.
Падышла і ў пацалунку прытуліла вусны к вуснам,
Цар забыў усё на свеце і збянтэжаны стаяў.
Ён сказаў: «О сонца свету, ты зганяеш з неба хмары!
І разумны страціць розум, калі ўбачыць вобраз твой;
Зорка, месяц, нават сонца быць табе не могуць парай.
А фіялкі, ружы — толькі цьмяны цень красы тваёй!»
Не маглі налюбавацца людзі тою чараўніцай,
Што дарыла ўсім навокал ззянне зорнага святла;
І хоць сэрцы апякала воч маланка-бліскавіца,—
Быў шчаслівы той, хто ўбачыць мог яе хаця б здаля.
І паселі ўсе на коней і ў палац Нестан павезлі,—
Сем планет сваім мігценнем не маглі ярчэй заззяць.
І ад зайздрасці дарэмна ў небе сінім зоркі чэзлі.
Вось прыехалі нарэшце ўсе ў расквечаны палац.
Чаравала ўсіх прысутных Цінацін у троннай зале,
І да твару ёй карона зіхатлівая была.
І, як сонца з небасхілу, ўсім яна праменні слала.
І ўвайшоў цар індаў зграбны, з зыркім позіркам арла.
Тарыэль з Нестан пачціва пакланіліся царыцы,
Цінацін пайшла насустрач, іх ласкава абняла.
І ад іх абліччаў юных стаў палац увесь іскрыцца,
Вейкі сталі як агаты, шчокі сталі нібы лал.
Цінацін прапанавала месца ім сваё на троне;
Тарыэль сказаў: «Навошта выклікаеш божы гнеў?
Будзь сама царыцай слаўнай аравійскае кароны,
З сонцам сонцаў сядзе побач хай з ільвоў найпершы леў!»
Тарыэль з Нестан за рукі падвялі да трона пару.
Аўтандзіла пасадзілі побач з любай Цінацін.
Роўных ім ніхто на свеце ўбачыць нават і не марыў,
Пазайздросцілі б ім нават Віс, а з ёю і Рамін!
Ахапіў красуню сорам, калі ўбачыла, што поруч
Аўтандзіл сядзіць на троне,— сэрца білася ў грудзях.
Цар сказаў: «Адкіньце сорам, ён цяпер зусім не ў пору,
Мудрасць кажа, што каханне знойдзе ў сэрцы верны шлях!
Дай вам бог тысячагоддзе быць у згодзе й шчасці, дзеці,
Дай вам бог шчаслівай долі — хай вас буры не крануць!
Хай, як неба, вашы душы яснай праўдай вечна свецяць,
Я памру,— хай вашы рукі пакладуць мяне ў труну!»
Войска цар сваё паклікаў на прысягу Аўтандзілу:
«Вось ваш цар, па волі бога перадаў яму я трон.
Сам жа я, стары й нядужы, кожны дзень губляю сілы,
Як і мне, яму служыце і шануйце мой закон!»
Знаць і войска тут галовы ўсе з пашанаю схілілі:
«Мы ваш пыл,— сказалі,— з пылу нас высока вы ўзнялі.
Вы пакорных узвышалі — непакорным смерць дарылі,
Сілу ў ворага забраўшы, нам адвагу вы далі!»
Тарыэль сяброў уславіў, сам у светлым быў настроі.
Ён сказаў: «Агонь патушан, знік трывожных думак рой.
Муж твой, дзева, стаў мне братам, будзь і ты маёй сястрою!
Хто адважыцца крануць вас — знішчу я сваёй рукой!»
ВЯСЕЛЛЕ АЎТАНДЗІЛА І ЦІНАЦІН, ЯКОЕ НАЛАДЗІЎ АРАБСКІ ЦАР
Аўтандзіл у дзень той шчасны ўладаром сядзеў на троне,
Тарыэль прыгожы побач быў расчулены да слёз,