Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Калі ж — не, дык лепш абодвум разлучыцца назаўжды!
Сэрца любай, мне вядома, да цябе павек прыхільна,—
Дык ці будзеш тых цурацца, да каго ляжыць душа?
А цару скажу адкрыта, як імкнуўся я няўхільна,
Каб за даўнія правіны галаву схіліць спярша.
Атрымаўшы дараванне, буду я прасіць пакорна,
Каб аддаў царыцу-дзеву ўласнай воляй за цябе.
Калі шчасце ў з'яднанні — прэч пакуты прывід чорны!
Хараством свайго кахання вы аздобце лепш сябе!»
Аўтандзіл не змог устояць перад воляю ўпартай
І згадзіўся, хоць трывогі пал пякучы не ачах.
Даў Прыдон людзей адменных для надзейнай моцнай варты
І, з сябрамі неразлучны, у далёкі рушыў шлях.
ТРЫ ВІЦЯЗІ НАВЕДВАЮЦЬ ПЯЧОРУ І АДТУЛЬ АД'ЯЗДЖАЮЦЬ У АРАВІЮ
Мудры Дзіўнас вызначае існавання сэнс таемны:
«Бог дабро нам пасылае, бог не родзіць зла людзям,
Ён дабру адводзіць вечнасць, ліху — момант вокамгненны,
Дасканалым быць імкнецца, дасканалы вечна сам».
Тры ільвы, нібы тры сонцы, край Прыдонаў пакідалі
І з сабою везлі дзеву, позірк чый усіх здзіўляў.
На крышталь аблічча крыллем косы чорныя звісалі
І гарэла вуснаў чырвань, быццам бадахшанскі лал.
Дзеву-сонца ў паланкіне людзі неслі ўдзень і ўночы.
Палявалі па дарозе, кроў звярыную лілі;
Дзе праходзілі — усюды асвятляла радасць вочы,
Падарункі людзі неслі, гукі славы ўвысь плылі.
Так было, нібыта сонца між трох месяцаў лунала;
Час мінаў у падарожжы, у размовах дні ішлі.
І нарэшце ў перадгор'і засінелі кручы скалаў,—
Тарыэль пазнаў сцяжынку, па якой блукаў калісь.
Ён сказаў: «Тут жыў я доўга і ў жыццё сваё не верыў;
Гаспадар гасцінны ў доме — вось што сёння я для вас.
Пойдзем, там Асмат падсмажыць нам дзічыну на вячэру,
Падарункі паднясу вам, даражэй усіх акрас».
Злезлі з коней ля пячоры, што чарнела паміж скалаў,
Шмат Асмат нагатавала ім з аленіны яды.
І гаворкаю вясёлай над мінулым жартавалі,
Ласку бога праслаўлялі, што пазбавіў ад бяды.
Абхадзілі ўсе закуткі той вялікае пячоры;
Сховы ўбачылі, што віцязь апячатаў колісь сам,
Каб ніхто не мог убачыць незлічоных скарбаў горы.
Кожны стаў цяпер багаты, бедных больш не стала там.
Шмат раздаў тых скарбаў віцязь — Тарыэль непераможны,
Шчодра ўсіх узнагародзіў ён Прыдонавых ваяк.
Не пакрыўдзіў і астатніх — задаволены быў кожны,
Толькі скарбаў безліч гэтым не паменшыў ён ніяк.
Ён сказаў Прыдону: «Цяжка разлічыцца мне з табою,
Але сказана: «Не згіне той, хто ўмеў дабро тварыць».
З часу гэтага багацці ўсе маёмасцю сваёю
Ты лічы і ў знак павагі ад мяне іх забяры».
Адказаў Прыдон з паклонам свайму другу маладому:
«Цар, не думай, што багаццю я душу сваю прадам!
Тых, хто сілай — дуб магутны, ломіш ты нібы салому,—
Покуль ты са мною побач, я датуль шчаслівы сам».
Караван прыгнаць парожні загадаў Прыдон адразу,
Каб багацці неадкладна перавезці ўсе спярша;
А пасля ў зямлю арабаў дружна рушылі ўсе разам,
Прагла ўбачыць сонца-дзеву Аўтандзілава душа.
Доўга йшлі, пакуль пазналі аравійскіх земляў далі,
Замкі, вежы цытадэляў і бязмежныя палі.
Ў сініх вопратках жалобных жыхары іх сустракалі,
Слёзы ў памяць Аўтандзіла тут даўно ўжо ўсе лілі.
Тарыэль паслаў з дарогі ў палац да Растэвана
Пасланца з наказам: «Вечна ў славе, ў шчасці будзь ты, цар!
Я — ўладар дзяржавы індаў — сам з'явіўся з караванам,
Ружу-кветку свайго саду каб табе вярнуць, як дар!
Дык прабач ты мне за крыўду, што зрабіў пры першай стрэчы,
Але сам дарма хацеў ты захапіць мяне ў палон.
Я, пакрыўджаны, міжвольна многа слуг тваіх знявечыў,
Знішчыў тых, хто ўслед за мною рушыў смела наўздагон.
Да цябе прыйшоў я сёння, збочыў з простага кірунку,
Каб забыў ты грэх мінулы і змяніў на ласку гнеў.
Сведчыць хай Прыдон — не маю дарагіх я падарункаў,—
Сонца свету — Аўтандзіла ў дар прымі ты ад мяне!»
Цар, узрадаваны, слухаў ад ганца паведамленне,
Быў узрушаны глыбока, слова вымавіць не мог.
Цінацін запунсавела рання сонечным ірдзеннем,—
Веек цень на вуснаў лалы, на крышталь аблічча лёг.
Гром літаўраў, барабанаў зліўся з гоманам натоўпу,
Заспяшаліся насустрач войска шчыльныя рады,
Засядлалі коней шпаркіх і памчаліся галопам,
Прывітаць хацеў тут кожны трох герояў маладых.