Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Тады маці вымала люльку з зубоў і, замахнуўшыся на яго, злосна крычала:
— Цьфу на цябе! Ты, падкідыш! Згінь, каб вочы мае не бачылі!..
І ён знікаў.
Каціўся зялёнымі царынкамі[2], маленькі і белы, нібы шарык з дзьмухаўца, смела забіраўся ў цёмны лес, дзе ялінкі махалі над ім лапкамі, быццам мядзведзь лапамі.
Адсюль дзівіўся на горы, на блізкія і далёкія вяршыні, што ўпіраліся ў блакітнае неба, на яловыя чорныя лясы з іх сінім дыханнем, на светлую зеляніну царынак, якія, нібыта люстэркі, блішчэлі ў рамах дрэў. Пад ім, у даліне, кіпеў халодны Чарамош. На далёкіх узгорках драмалі пад сонцам самотныя хаціны. Было ціха і сумна, чорныя елкі бесперастанку спускалі сум свой у Чарамош, а ён нёс яго долам і расказваў.
— Івась!.. Гэ-эй! — гукалі Івана ад хаты, але ён не слухаў, абіраў маліны, страляў з лісткоў, рабіў свістульку або пішчаў на травінцы, намагаючыся пераняць галасы птушак ды ўсе тыя гукі, што чуў у лесе. Ледзь прыметны ў лесавым зеллі, збіраў кветкі і ўплятаў іх у свой капялюшык, а стаміўшыся, лажыўся дзесьці пад сенам, што сохла на астрывах[3], і спявалі яму на сон дый будзілі яго сваім звонам горныя ручаі.
Калі Івану мінула сем гадоў, глядзеў ён на свет іначай. Ён ведаў ужо многа. Умеў знаходзіць зёлкі — красаўку і герань, разумеў, чаму плача каня, з чаго пайшлі зязюлі, і калі расказваў пра ўсё гэта дома, маці падазрона пазірала на яго: можа, я н о з ім гаворыць? Знаў, што на свеце пануе нячыстая сіла, што злы дух кіруе ўсім; што ў лясах поўна лесавікоў, якія пасуць там сваю скаціну: аленяў, зайцоў і сарнаў; што там блукае вясёлы чугайстыр[4], які тут жа просіць першага стрэчнага ў скокі і знішчае мавак; што жыве ў лесе голас сякеры. Вышэй, на дзікіх бязводных вяршынях, маўкі водзяць свае бясконцыя карагоды, а ў скалах хаваецца зніч. Мог бы расказаць і пра русалак, якія пагодлівым днём выходзяць з вады на бераг, каб спяваць песні, прыдумляць казкі, гаварыць пацеры, пра тапельцаў, што па захадзе сонца сушаць белае цела на камянях у рэчцы. Усялякія злыя духі насяляюць скалы, лясы, цясніны, хаты і загарадкі ды падсцерагаюць хрысціяніна або скаціну, каб зрабіць ім шкоду.
Не раз, прахапіўшыся ўночы, сярод варожай цішыні, ён дрыжаў ад жаху.
Увесь свет быў як казка, поўная цудаў, таямнічая, цікавая і страшная.
Цяпер ён ужо меў абавязак — яго пасылалі пасвіць кароў. Гнаў у лес сваіх рыжуню і сівуню, і калі яны патаналі ў хвалях лясных траў і маладых ялінак і ўжо адтуль абзываліся да яго, як з-пад вады, тужлівым звонам сваіх званкоў, ён садзіўся дзе-небудзь на схіле гары, вымаў сапілку і найграваў няхітрыя песні, якія пераняў ад старэйшых. Аднак музыка не ўлагоджвала яго. Са злосцю кідаў сапілку і слухаў іншыя мелодыі, што жылі ў ім, незразумелыя і няўлоўныя.
Знізу ўзнімаўся да Івана і затапляў горы глухі рачны гоман, а ў яго капаў час ад часу празрысты звон. З-за яловых лапак выглядалі журботныя горы, напоеныя сумам ценяў ад хмар, што ўсё сціралі і сціралі бледную ўсмешку царынак. Горы штохвіліны мянялі свой настрой: калі смяялася царынка, хмурыўся лес. І гэтаксама цяжка было ўхапіць зрокам тое рухомае аблічча гор, як нялёгка было дзіцяці злавіць капрызную мелодыю песні, што вілася, трапятала крыльцамі каля самага вуха і не давалася.
Аднаго разу ён пакінуў сваіх кароў і пакараскаўся на самую вяршыню. Ледзь прыкметнай сцежкай падымаўся вышэй і вышэй, сярод густога зарасніку выцвілай папараці, калючых ажын і малін. Лёгка пераскокваў з каменьчыка на каменьчык, пералазіў цераз паваленыя дрэвы, прадзіраўся скрозь голле кустоў. За ім падымаўся з даліны вечны шум рэчкі, раслі горы, і ўжо ўставаў на даляглядзе блакітны прывід Чарнагоры. Доўгія ніцыя травы ўкрывалі цяпер бакі гары, званкі кароў абзываліся, як далёкае ўздыханне, усё часцей трапляліся вялікія камяні, што далей, на самай вяршыні, тварылі хаос пакрышаных скал, спісаных лішаямі, здушаных у змяіных абдымках карэннем ялін. Пад нагамі ў Івана кожны камень укрывалі рудыя імхі, тоўстыя, мяккія, шаўковыя. Цёплыя і пяшчотныя, яны хавалі ў сабе пазалочаную ваду летніх дажджоў, мякка ўгіналіся і абдымалі нагу, як пуховая падушка. Кучаравая зеляніна брусніц і чарніц запусціла сваё карэнне ў глыбіню моху, а зверху сыпанула расою чырвоных і сініх ягад.
Тут Іван сеў адпачыць.
Над ім завіс ласкавы звон хвоі, змешаны з шумам ракі, сонца наліло золатам глыбокую даліну, пазеляніла травы, дзесьці курыўся дымок ад вогнішча, з-за Ігрыца аксамітным гулам каціўся гром.
Іван сядзеў і слухаў, зусім забыўшыся, што трэба глядзець кароў.
І вось раптам у гэтай звонкай цішыні пачуў ён ціхую музыку, якая так доўга і няўлоўна вілася ў яго каля вуха, што нават мучыла. Застылы і нерухомы, выцягнуў шыю і з радасным напружаннем лавіў дзіўную мелодыю песні. Так людзі не ігралі, прынамсі, ён ніколі не чуў. Але хто іграе? Навокал нікога не было — самотны лес і ніводнай жывой душы. Іван азірнуўся назад, на скалы, — і скамянеў. На камені вярхом сядзеў «той», зніч. Скрывіў вострую бародку, нагнуў рожкі і, заплюшчыўшы вочы, дзьмуў у флаяру[5]. «Няма маіх коз... Няма маіх коз...» — разлівалася жалем флаяра. Ды вось рожкі падняліся ўгору, шчокі надзьмуліся і расплюшчыліся вочы. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — заскакалі радасна гукі, і Іван з жахам убачыў, як, выткнуўшыся з-за лапак, затрэслі галовамі барадатыя казлы.
Ён памкнуўся ўцякаць — і не мог. Сядзеў, прыкуты на месцы, і нема крычаў ад халоднага жаху, а калі нарэшце прарваўся голас, зніч прапаў раптам у скале, а казлы зрабіліся карэннем дрэў, паваленых ветрам.
Іван нёсся цяпер уніз, без памяці, усляпую, ірваў здрадлівыя абдымкі ажын, ламаў сухое голле, каціўся па слізкіх імхах і з жахам чуў, што за ім штосьці гоніцца. Нарэшце ўпаў. Колькі ляжаў, не помніць.
Апамятаўшыся і ўбачыўшы знаёмыя мясціны, ён крыху супакоіўся. Здзіўлены, нейкі час прыслухоўваўся. Песня, здавалася, гучала ўжо ў ім самім. Ён дастаў сапілку. Адразу ў яго не выходзіла, мелодыя не давалася. Пачынаў іграць спачатку, напружваў памяць, лавіў нейкія гукі, і калі ўрэшце знайшоў, што доўга шукаў, што не давала яму спакою, і лесам паплыла дзіўная, не вядомая яшчэ песня, — радасць уварвалася ў яго сэрца, заліла сонцам горы, лес і траву, заклекатала ў ручаях, ускінула Іванавы ногі, і ён, шпурнуўшы сапілку ў траву і ўзяўшыся ў бокі, закружыўся ў танцы. Перабіраў нагамі, станавіўся лёгка на пальцы, біў босымі пятамі аб зямлю, выкідваў каленцы, круціўся і прысядаў. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — штосьці спявала ў ім. На сонечнай пляме палянкі, што схавалася ў пахмурным царстве ялін, скакаў беленькі хлопчык, нібы матылёк пырхаў з сцяблінкі на сцяблінку, а абедзве каровы — рыжуня і сівуня, прасунуўшы галовы паміж ялін, ветліва глядзелі на яго, жуючы жуйку, ды зрэдку званілі ў такт.
Так знайшоў ён у лесе тое, што шукаў.
Дома, у сям’і, Іван часта быў сведкам неспакою і гора. На яго памяці ўжо двойчы каля іх хаты трубіла трамбіта, апавяшчаючы горы і долы пра смерць: раз, калі брата Алексу раздушыла дрэва ў лесе, а другі раз, калі брат Васіль, хвацкі вясёлы хлопец, загінуў, пасечаны тапаркамі, у бойцы з варожым родам. Гэта была даўняя варагоўля іх роду з родам Гутанюкоў. Хоць усе ў сям’і кіпелі злосцю на той сабачы род, ніхто, аднак, не мог дакладна сказаць Івану, адкуль пайшла варожасць. Ён таксама гарэў жаданнем помсціцца і, гатовы кінуцца ў бой, хапаўся за татаў, зацяжкі яшчэ яму, тапарок.
Гэта толькі гаворыцца, што Іван быў дзевятнаццаты ў бацькі, а Аннычка дваццатая. Іх сям’я была невялікая: двое старых ды пяцёра дзяцей. Рэшта, пятнаццаць, спачывае на цвінтары каля царквы.
Усе яны былі багамольныя, любілі хадзіць у царкву, асабліва на фэст. Там можна было пабачыцца з далёкім родам, што асеў у навакольных сёлах, дый надаралася нагода аддзячыць Гутанюкам за Васілёву смерць і за кроў, што не раз лілася з Палійчукоў.
Вымаліся тады самыя лепшыя строі, чырвоныя суконныя штаны, вышываныя кажушкі-безрукаўкі, чэрасы[6] і табіўкі[7], густа арнаментаваныя цвікамі, панёвы, чырвоныя шаўковыя хусткі і нават пышная і беласнежная гугля[8], якую маці асцярожна несла на вяровачцы цераз плячо. Іван таксама дастаў новы капялюш і доўгую дзёбню[9], што біла яму па нагах.