Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Паплылі па моры сінім дружбай злучаныя шчырай,
Клятве верныя заўсёды тры названыя браты.
Жарты з песнямі гучалі ў прасторах морскай шыры
І святлом крыштальным ліўся з вуснаў промень пекнаты.
Да Асмат ганца з дарогі з добрай весткаю паслалі
І ў палац Прыдонаў людзям загадалі перадаць:
«Едзе сонца госцяй знатнай, што зацьміла зор каралі,
Мы, пазнаўшы ноч і сцюжу, рады цёплы дзень вітаць!»
Доўга ехалі ўзбярэжжам, ззяла сонца з паланкіна,
Весяліліся, як дзеці, знікла гора і бяда.
Вось нарэшце і ўступілі ў край цудоўны Нурадзіна;
Песняй славы прывітала іх людская грамада.
Знаць вяльможная ўрачыста іх на лузе сустракала,
І Асмат, прагнаўшы смутак, так царэўну абняла,
Што лязо сякеры вострай нават іх не раз'яднала б,
Бо яна сяброўкай вернай засталася, як была.
І Нестан сваю сяброўку цалавала несупынна:
«Колькі гора,— гаварыла,— напаткалі мы з табой!
Бог цяпер нам дорыць ласку. Чым аддзякаваць павінна
За адданасць твайго сэрца і за шчыры клопат твой?»
Ёй Асмат сказала: «Ружу не скаваў сцюдзёны вецер,
З ласкі божай тайна стала светлай яваю цвісці.
Я цябе шчаслівай бачу — значыць, зніклі здані смерці,
Бо любоў рабыні з паняй — наймацнейшая ў жыцці».
І, схіліўшыся ў пашане, гаварылі ім вяльможы:
«Бачым вас мы з перамогай — радасць гэту бог даў нам.
Згас пякучы боль пакуты, сэрца болей не трывожыць,—
Бог параніць можа сэрца, бог яго загоіць сам!»
Да асілкаў падышоўшы, шмат разоў іх цалавалі.
Тарыэль сказаў: «За справу нашу шмат лягло ахвяр.
Вечнай славаю над імі вее плынь нябёснай далі,
Богам душы іх з'яднаны і глядзяць на нас з-за хмар.
Іх заўчасная пагібель да жалобы ўсіх нас кліча,
Хоць над імі райскім крыллем распасцерта неба сінь».
І заплакаў ён: упала шэрань слёз на снег аблічча,
Астудзіў нарцысы студзень, ахапіла ружу стынь.
Тут жа ўслед прыдворных світа, як адзін, загаласіла,
Па забітых на чужыне плач і стогн гучалі скрозь;
А пасля яму сказалі: «Ты для ўсіх жывых — свяціла,
Дык павінен несці людзям радасць, а не рэкі слёз!
Хто тваёй гароты варты? Хто з табой не дзеліць болю?
Кожны з нас за шчасце лічыць за цябе жыццё аддаць».
Тут Прыдон сказаў: «Суцешся, цар, не трэба смутку болей,
Бог пашле ўцеху, радасць, і сплыве вадой бяда!»
Аўтандзіл сардэчным словам спачуваў цару з пашанай.
І сказалі ўсе: «Даволі, хай журба пакіне нас!
Леў адбіў у цемры сонца, зло навекі пакарана,
Хай жа зменіць холад жалю буйнай радасці вясна!»
І яны, мінуўшы браму, увайшлі ў Мульгазанзары.
Зазвінелі тут кімвалы, загудзела трубаў медзь,
Загрымелі барабаны. Пазбягаліся з базару
Гандляры і гараджане на прыйшоўшых паглядзець.
Перапоўнілі натоўпы плошчу, вуліцы, завулкі,
Варта стрымлівала націск, стаўшы ў шчыльныя рады;
Над людскім імклівым морам разлягаўся гоман гулкі —
Кожны мкнуўся кінуць позірк на герояў маладых.
Вось прыйшлі. Палац Прыдонаў лашчыў вока прыгажосцю,
У залочаных папругах сталі слугі ля варот,
Дыванамі шлях услалі, і па іх ступалі госці,
Грошы жменяй раскідалі, іх падхопліваў народ.
ВЯСЕЛЛЕ ТАРЫЭЛЯ І НЕСТАН-ДАРАДЖАН У ПАЛАЦЫ НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
Для заручаных адменны трон стаяў чырвона-белы,
Дзе пунсова-жоўтай стужкай самацветаў бляск ірдзеў.
Аўтандзілу ж чорна-жоўты побач з тронам Тарыэля
Быў пастаўлен. Ад здзіўлення люд прыдворны загудзеў.
Спевакі прыйшлі, і з вуснаў палілася гукаў слодыч,
І адорваў ва вяселлі пышным шоўкам цар гасцей,
І раскошны баль наладзіў, шчасця зычыў ён і згоды,
Ад нявесцінай усмешкі ўсім рабілася святлей.
Дар паднёс шчаслівай пары цар уласнымі рукамі:
Дзевяць перлаў, кожны з яйка, са скарбніц сваіх дастаў,
І ў дадатак, нібы сонца, самацвет — чароўны камень,
Ён свяціўся так, што ноччу маляваць бы мог мастак.
Падарыў яшчэ той пары ён багатыя каралі,
Іх рубінавыя грані пунсавелі, як пажар;
Залаты паднос, што слугі ледзь ад важкасці трымалі,
Аўтандзілу ў знак пашаны цар паднёс як пышны дар.
На падносе тым блішчастым груда жэмчугу ўзнялася,
Цар аддаў яго герою разам з ласкай цёплых слоў.
Быў палац увесь у шоўку, ў хвалях мяккага атласу.
Тарыэль за ўсіх аддзячыў красамоўнейшай з прамоў.