Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Восем дзён вяселле гэта на хвіліну не сціхала,
Дар падносілі за дарам госцям юным, дарагім,
І ліліся мілагучна гукі арфаў і кімвалаў,—
Так з'яднаўся з дзевай віцязь, дзева — з віцязем сваім.
Тарыэль сказаў аднойчы так з пашанаю Прыдону:
«Сэрцам братнім і адданым ты прагнаў маю тугу.
Ідучы на смерць, вярнуў ты да жыцця мяне з прадоння;
Чым, якім учынкам добрым адплаціць табе змагу?
Аўтандзілавы ахвяры аказалі мне паслугу,
За праяву дружбы гэткай я аддаць усё гатоў.
Ты дазнайся асцярожна, як нам выратаваць друга,
Што, маю бяду згасіўшы, сам гарыць бядою той.
Ты скажы яму, як брату: «Як цябе бяды пазбавіць?
Міласэрны бог паможа сваёй ласкаю табе.
Калі ж я цябе забуду, хай мой лёс мяне зняславіць,
Хай бадзягаю прытулку не знайду нідзе сабе.
Чым карысны быць магу я, ты скажы мне, дружа мілы,
Калі трэба, да арабаў ехаць я з табой гатоў.
Мы сваё здабудзем пэўна ці то ласкай, ці то сілай,—
Не жаню цябе, дык сам я нежанатым стану зноў».
Аўтандзіл, пачуўшы гэта, ўвесь усмешкай засвяціўся
І з удзячнасцю сардэчнай так Прыдону адказаў:
«Мне не трэба дапамога, друг дарэмна клапаціўся,—
Кадж пракляты маёй любай свет няволяй не звязаў.
З ласкі божае жывая, трон займае свой царыца,
Ад людзей пашану мае і не ведае абраз,
Ні вядзьмар ёй не пагроза, ні каджэцкая цямніца.
Дык нашто мне дапамога, другі мілыя, ад вас?
Атрымаць павінен кожны, што каму наканавана
Воляй божаю. Палёгкі сам чакаю я ў цішы.
Ён падорыць сваю літасць — зноў жывы пад сонцам стану,
А датуль — дарэмна буду марнаваць агонь душы.
Вось адказ мой Тарыэлю, я даю яго ад сэрца:
«Цар, падзяк тваіх высокіх я не варты аніяк.
Я адданы твой паплечнік з нараджэння і да смерці,
Ты ўладар мой, загадаеш — прахам лягу ў ногі я!
Ты сказаў: «Табе жадаю я з каханаю сустрэчы».
Чулы голас сэрца друга ў гэтых словах я спаткаў!
Толькі меч там не патрэбен, красамоўства недарэчы,
Дзе кіруе нашым лёсам найвышэйшага рука!
Аднаго табе жадаю, каб вярнуўся на радзіму,
Каб у Індыі на троне зноў ты стаў уладаром,
Каб зіхцеў з табою поплеч бляск праменных воч адзінай,
Каб злачынцаў-супастатаў ты знішчаў, як грозны гром.
І калі я здзейсніў мэту, што душою заўладала,
У Аравію вярнуся сонца-любую спаткаць.
Хай яна патушыць ласкай жар сардэчнага запалу...
Вось і ўсе мае жаданні — не хачу аб іншым дбаць».
Словы гэтыя пачуўшы, Тарыэль сказаў Прыдону:
«Так зрабіць мяне не змусяць нават чары ведзьмака!
Ён мяне вярнуў да шчасця, вырваў з кіпцяў чорных скону,
Дык гатоў на ўсё для друга — вось у тым мая рука!
Перадай яму, будзь ласкаў, словы — сведчанне сумлення:
«Слуг, адданых Растэвану, я калісьці пакараў,
Дык хачу з табой паехаць, каб дабіцца прабачэння;
Супакоены душою, я паеду ў родны край».
Перадай: «Не трэба спрэчак, і дарэмны ўсе размовы.
Заўтра рушу ў край далёкі — Аравійскую зямлю.
Цар забудзецца пра крыўду, прыме дружбы шчырай слова —
Я прасіць яго з'яўлюся, каб на твой згадзіўся шлюб».
Зноў пайшоў Прыдон да друга з Тарыэлевым адказам:
«Непахіснага не схіліш перадумаць вырак свой».
І, ахоплены трывогай, Аўтандзіл згадаў адразу,
Што спаспет цару павінен паслухмяным быць слугой.
Ён прыйшоў да Тарыэля і, чало схіліўшы нізка,
На калені стаў пакорна і сказаў яму з тугой:
«Крыўды даўняй не даруе цар суровы аравійскі,
Дык нашто з абразай новай я з'яўлюся да яго?
Бог не дасць ажыццявіцца недарэчнаму намеру.
Я здрадліваю адплатай не аддзячу за дабро.
Да яго прыйсці павінен я з пакораю і верай —
Меч не можа ўзняць падданы над сваім уладаром!
Як ты высватаць пасмееш мне царыцу ў Растэвана?
Можа гнеў яе і крыўда спапяліць мяне нашчэнт,
І, адрынуты навекі, я загіну без каханай,
І пагасне светлай мары недасяжны дыямент!»
Тарыэль сваёй усмешкай нібы кінуў промні сонца
І падняў сабрата з долу і, абняўшы, так сказаў:
Ты мне даў кахання шчасце — ўдзячны я табе бясконца,—
Я хачу, каб тым жа шчасцем ты і сам цяпер заззяў!
Не люблю, калі цурацца пачынаюць блізкіх людзі
І ў самоце аддаюцца ў рукі скрухі і бяды.
Шчыры друг не здрадзіць дружбе, век да друга ймкнуцца будзе;