Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Блякла сонца ў хмарах пылу, дрэў лістота трапятала,
Сотні кідаліся ў бойку — ўсе пагібель тут знайшлі.
З той пары жыву я, браце, у пячоры гэтай цёмнай,
То, як нелюдзень, блукаю, то згасаю ад нуды;
Толькі вось Асмат са мною — як сястра і друг нястомны.
Сам жа смерці я чакаю, каб хутчэй прыйшла сюды.
І таму, што вобраз любай мне нагадвае тыгрыцу,
Гэту тыгравую шкуру на сабе заўжды нашу.
Мне Асмат яе сшывае. Ёй Нестан таксама сніцца.
І з жыццём не ў сілах скончыць, смерці ў бога я прашу.
Сонца-дзеву не ўславіць з мудрых мудры поўнай мерай,
Не забыць мне паланянку, покуль я зямлю тапчу.
Дзе звяры блукаюць толькі — сам бадзяюся я зверам.
Толькі скорага скакання — гэта ўсё, чаго хачу!»
Змоўк і ў твар сябе ўдарыў — ружа шчок прыгожых звяла,
Лал бурштынам стаў раптоўна, пацямнеў крышталь вачэй.
Дзева стала на калені, вусны штосьці прашапталі,
Па абліччы Аўтандзіла слёз гарачых бег ручэй.
І, суняўшы боль сардэчны, Тарыэль сказаў сабрату:
«Расказаў табе я шчыра ўсё, што ведаць ты хацеў.
Ты дасяг жаданай мэты, дык ідзі хутчэй дахаты,
Дзе чакае тваё шчасце, нібы зорка ў цемнаце».
Аўтандзіл сказаў: «Цяжкою будзе гэтая разлука,
Будзе ў сэрцы горкім зеллем несціханая буяць.
Толькі ты мне вер, як другу,— не памогуць шчасцю мукі,
Смерцю, ты сваёй каханай не ўзычыш аніяк!
Так скажу я: калі лекар захварэе нечакана,
Ён хутчэй другога кліча, хоць вучоны мае сан;
Той праверыць пульс, раскажа, дзе хвароба, ў чым загана.
Немач лепш відаць другому, чым таму, хто хворы сам!
Слухай мудрую параду, што дае жыццё нам часта,
Сто разоў правер спачатку, перш чым выбраць хоць адну:
Той, хто верыць толькі сэрцу — рызыкуе страціць шчасце!
Я ж да той вярнуцца мушу, пра каго не сплю — а сню!
Разам з ёю быць павінен, каб каханне не астыла,
Пра тваю бяду і гора раскажу ўсё чыста ёй.
Дык дадзім адзін другому клятву, каб навек злучыла
Дружбай шчырай, непарушнай назаўсёды нас з табой.
Абяцай мне дачакацца, і сюды я зноў вярнуся,
Слову я свайму не здраджу, ў тым зарука — гонар мой.
Зноў табе я другам буду, і абодва мы прымусім
Слёзы высахнуць, а сэрцы не сціскацца больш тугой».
Адказаў другі: «Дзіўлюся. Ты чужому стаў як родны.
Мне з табою разлучацца горш, чым з ружай салаўю.
Век цябе я не забуду. Знаю — прыйдзе дзень пагодны
І цябе, мой горды сокал, да грудзей я прытулю.
Калі зноў галінкай дрэва да мяне свой твар ты схіліш,
Сэрца, як алень здзічэлы, не памчыцца ў стэпаў даль.
Калі я схлушу — хай буду знішчан неба грознай сілай!
Мне тваё вяртанне будзе — той бальзам, што гоіць жаль».
Пакляліся, што ніколі абяцанням тым не здрадзяць,
Бурштыном замест рубіну колер юных твараў стаў,
Ўсё злілося ў дружбе шчырай — боль разлук, спатканняў радасць,
Аж пакуль заранкі-зоркі бляск на золку не растаў.
На світанні абняліся ў астатнім развітанні,
Слёзы горкія змяшалі з пацалункамі сябры.
Тарыэль, скаваны горам, быў разгублены дазвання,
Слёзы ліў, пакуль друг верны не схаваўся ў гушчары.
Доўга йшла Асмат-сяброўка моўчкі ўслед за Аўтандзілам
І, праводзіўшы, прасіла, каб вярнуўся той назад,
І паніклаю фіялкай галаву сваю схіліла...
Адказаў ёй віцязь: «Сэрцам з вамі быць заўжды я рад.
Я вярнуся, не забуду. Доўга дома не прабуду.
Ты ж сачы, каб не бадзяўся Тарыэль між дзікіх скал.
Праз два месяцы, не болей, зноў шчаслівы з вамі буду,
Затрымаць мяне не зможа лёсу грозная рука!»
СКАЗ ПРА ВЯРТАННЕ АЎТАНДЗІЛА Ў АРАВІЮ
Аўтандзіл сяброў пакінуў і, тугою апавіты,
Ружы шчок сваіх скрывавіў — не стрымаў разлукі жах,—
І звяры лізалі прагна след яго, крывёй паліты,
Падганяў свайго каня ён, скарачаў дадому шлях.
Вось ён дома, дзе чакала ўся любімая дружына,
Адусюль спяшылі людзі прывітаць яго як след.
Пасланцы хутчэй пабеглі, перадалі Шармадзіну:
«Той прыехаў, без каго нам быў нялюбы гэты свет!»
Шармадзін насустрач выйшаў, а за імі і царадворцы;
Цалаваў ён, нібы сына, слёзы падалі, як град.
Ён сказаў: «Ці сон, ці яву ты паслаў, вялікі творца?
Я шчаслівы, што жывы ты, цар, вяртаешся назад!»
Віцязь шчыра прывітаўся, як з настаўнікам адданым,
І прамовіў: «Дзякуй богу, што пазбавіў нас бяды!»