Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Назаўсёды тваім другам я застацца буду рады,
А цяпер пакліч свой розум і ў бядзе дапамажы:
Як спаткацца мне з каханай, дай разумную параду,
Бо без той, каго кахаю, не змагу на свеце жыць!»
Адказаў мне цар: «Паслана гэта шчасце мне ад бога,
Што ўладар вялікі індаў — сёння госць пачэсны мой;
Дык ці мог, яму ўдзячны, шчасця я чакаць другога,—
Я стаю, служыць гатовы, нібы раб перад табой.
Горад наш стаіць ля мора, ўсе шляхі сюды прыводзяць
Караблі купцоў заморскіх, процьму чутак і навін;
Можа, вестка аб каханай сцежку ў сэрца тваё знойдзе,
Можа,той пакут пазбавіць, хто глядзіць на нас з вышынь?!
Накіруем мараплаўцаў у заморскія краіны,
Адшукаць ім загадаем неацэнны твой крышталь.
А пакуль — развеяць трэба смутак даўніх успамінаў,—
Так вядзецца: жаль змяняе весялосці гучны баль!»
Загадаў ён тут жа людзям: «Абшукайце ўсе краіны
І знайдзіце тое сонца, што павінна нам свяціць.
Вы не ў сем разоў ці восем павялічыць спрыт павінны,
Можа, ў тысячу і болей ён павінен узрасці!»
Караблі за караблямі паплылі па морскай гладзі,
Каб у землях невядомых адшукаць дзівосны перл.
Вестку добрую чакаўшы, з весялосцю я паладзіў.
Бестурботнасць тую ўспомню — чырванею і цяпер.
Быў пастаўлены ў палацы пышны трон царом Прыдонам.
Ён сказаў: «Прабач сляпому, што раней не распазнаў
Я ў табе цара ўсіх індаў, хто ўладаць вось гэтым тронам
Мае права. Дзе падданы, хто б служыць табе не стаў?»
Сумна мне далей расказваць. Караблі прыйшлі дадому.
Быў дарэмны шлях далёкі вандраванняў тых цяжкіх,—
Не знайшлі, каго шукалі ў краінах невядомых;
Паліліся несціхана слёзы зноў з вачэй маіх.
Я сказаў цару Прыдону: «Цяжка вымавіць мне слова,
Але сам ты бачыш добра, зноў скаваны я журбой.
Без цябе мне поўдзень ясны здасца поўначчу суровай,
Мне астудзяць ветры сэрца, абагрэтае табой.
Раз царэўна не знайшлася, што ж сядзець дарма без справы?
Мне з табою развітацца, уладар і брат, дазволь!»
Цар Прыдон, пачуўшы гэта, абдымаў мяне ласкава:
«Чым жа нашае разлукі загаю сардэчны боль?»
Абкружыла мяне войска і, укленчыўшы, прасіла:
«Мы служыць табе гатовы, віцязь добры, да канца».
І, расчулены ўвагай, адказаў я цераз сілу,
Што іх ласку не забуду, колькі бог пашле жыцця.
Я сказаў ім: «Разлучацца з вамі мне зусім нялёгка,
Ды разлука з любай сэрцу цяжкім каменем гняце:
Як жа кіну паланянку на чужыне дзесь далёкай?
Як магу застацца з вамі і ад смутку вар'яцець?»
І тады на развітанне падвялі мне варанога.
Цар сказаў: «Сонцападобны, гэты сціплы дар прымі.
Мне вядома — ты не возьмеш падарунка дарагога,
Хай хоць конь паслужыць верна, сум разгоніць хоць на міг».
Твар слязамі арасіўшы, развітаўся я з Прыдонам,
Абняліся ў пацалунку, нібы з братам родны брат.
Моўчкі воіны стаялі, гора іх было бяздонным.
Гэтак дзеці пакідаюць родны кут бацькоўскіх хат.
Так пачаў я вандраванні, з краю ў край імкліва рушыў,
Не пакінуў ні куточка, дзе б хоць раз не пабываў.
Не знайшоў я след жаданы ні на моры, ні на сушы,
Жывучы ў звярыным царстве, сам як звер драпежны стаў.
І падумаў я аднойчы, чорнай роспаччу закуты:
«Між звяроў пустэльні дзікай застануся лепш адзін».
І сказаў Асмат і слугам: «Я давёў вас да пакуты,
Вы былі са мною ўсюды, невядом вам быў спачын.
Дык цяпер мяне пакіньце, аб сваёй вы дбайце долі,
Хай не раняць вашы душы слёзы горкія мае».
Адказалі: «Не пакінем мы цябе ў бядзе ніколі,
Будзе хай, што мы не чулі словы гэтыя твае.
Мы не хочам над сабою ўладаром каго другога,
Хай жыццёвай вехай будуць нам каня твайго сляды.
Смерць і тая не разлучыць, бо адна ў нас дарога!»
Лёс зласлівы — зрынуць можа і асілка ў змрок бяды!
Так я зноў застаўся з імі, уступіўшы іх маленням,
І павёў у край пустэльны, дзе зусім няма людзей,
Дзе пасуцца па адхонах статкі дзікія аленяў,
Дзе людской душы не стрэнеш ані ўночы, ані ўдзень.
Так знайшоў пячору гэту, дзе жылі страшыдлы-дэвы.
Меч свой выхапіўшы грозны, рушыў я адразу ў бой.
Двух рабоў маіх забілі, самі ж падалі, як дрэвы.
Зноў адчуў я прывід чорны злога лёсу над сабой.
Крыкі, лямант тых страшыдлаў аж да неба даляталі,
Ад бязлітасных удараў скалануўся небасхіл,