Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён мяне чакае марна, я ж насустрач не іду.
Як вар'ят, вар'ята клятвы я не дам хлусні ў ахвяру,—
Бо хто раз парушыў клятву, тройчы трапіць у бяду!
Перадай жа Растэвану, што чакаць я больш не здольны,
Што яго я заклінаю, каб з двара мяне пусціў,
Бо калі не дасць мне волі, дык нашто яму нявольнік?
Будзь заступнікам, каб сэрца я агнём не спапяліў!
Ты скажы яму: «Хто зможа не назваць цябе славутым?!
Хай пакуты майго сэрца сам табе адкрые бог,—
Але ж віцязь той чакае, я ж братэрскай клятвай скуты,
Ад яго ўладарных чараў сваё сэрца не ўбярог!
Цар, без віцязя не міл мне свет з дабротамі сваімі,
Я аддаў яму свой розум, з ім цяпер душа мая!
Памагу яму, дык гэтым я тваё праслаўлю імя,
Не змагу — не здраджу клятве, хоць і сам загіну я!
Хай ад'езд мой не ўстрывожыць сэрца ваша болем злосці,
Хай са мною будзе тое, што жадае бог і час!
З перамогаю хай верне ён мяне да вашай мосці,
А не верне — хай заўсёды абмінае вораг вас!»
І яшчэ сказаў візіру: «Ўсё раскрыў перад табою,
Раскажы ж цару дакладна, што на сэрцы я нашу,
Атрымай дазвол высокі ад яго любой цаною,
Залатых манет сто тысяч я за гэта ўзяць прашу!»
Адказаў візір з усмешкай: «Мне не трэба ўзнагароды!
Хопіць мне й таго, што тайну мне даверыў аднаму!
Бо за тое, што скажу я, цар мяне адорыць шчодра,—
Не да твару, як вядома, скнарай быць цару майму!
Ён не дасць ступіць і кроку — ад рукі яго загіну,
Што мне золата, калі я сам зраблюся мерцвяком?
Дзе на свеце знойдзеш дурня, сам каб лёг у дамавіну?!
Не, нічога не скажу я, хоць забі мяне мячом!
З небыцця назад дарогі да жыцця не знойдзеш новай.
Ён мяне загубіць з крыкам: «Як сказаць мне гэта мог?
Як, вар'ят, паддацца мог ты здрады чорнай хітрай змове?!»
Не, чым быць забітым, лепей не губляць жыцця дарог!
Калі нават цар адпусціць, войска пэўна не захоча
Страціць сонца над сабою; а як здарыцца вайна
І сюды нахлыне вораг, землі нашыя патопча?
Не, не можа абярнуцца верабей у каршуна!»
Тут сказаў скрозь слёзы віцязь: «Нож мне ў сэрца ўстроміць трэба!
Ты, візір, не ўмееш, пэўна, сам каханнем даражыць;
Ты не ведаеш, напэўна, дружбы, што ясней, чым неба,
Бо інакш бы ты паверыў, што без друга мне не жыць!
Змеркла сонца нада мною, хто схаваў яго праменне?
Бляск яго вярнуць яскравы спосаб толькі я знайду!
Спраў маіх ніхто не можа ведаць лепш майго сумлення,
А парады люду злога толькі сеюць скрозь бяду!
Я цару ўжо не апора ні адзін, ні разам з войскам,
Бо ў журбоце безразважна і няспынна слёзы лью.
Толькі вернасцю няўхільнай правяраецца сяброўства,—
Я пайду, каб роспач друга мог адолець, як сваю!
Не магу, візір, мірыцца я са словамі тваімі;
Тут жалеза стала б воскам, а не цвёрдаю скалой,
Слёз героя не заменяць рэкі хвалямі сваімі;
Памажы,— аддзячу з часам я за ўчынак добры твой!
Калі ж цар мяне не пусціць, я ўпотай здзейсню мэту,
Хай згарыць за друга сэрца — больш няма для просьбы слоў!
Калі ты цару патрэбен, не зжыве цябе са свету;
Абяцай, што ўсе пакуты з-за мяне сцярпець гатоў!»
Адказаў візір: «Ахоплен я агнём тваім дазвання,—
Цяжка бачыць твае слёзы, меркне дня святло ў вачах;
Іншы раз — карысна слова, іншы — лепш за ўсё маўчанне:
Раскажу пра ўсё цару я, перамогшы смерці страх!»
І візір, сказаўшы гэта, у палац пайшоў адразу,
Там цара ў адзенні пышным ён вясёлага застаў;
Не хацеў псаваць настрою невясёлым сваім сказам
І збянтэжана ў задуме перад тронам ён стаяў.
Да маўклівага візіра цар уважна прыглядаўся
І спытаў: «З якой прычыны ўвесь аддаўся ты журбе?»
Адказаў візір: «Сказаў бы праўду ўсю, каб не баяўся,
Бо забіць мяне ты можаш, калі ўсё скажу табе.
Клопат мой мацней, чым гора, што мяне схіляе долу;
Хоць пасол быць мусіць смелым, страх душу маю скаваў:
Аўтандзіл твой двор пакінуць просіць царскага дазволу,
Бо ў разлуцы з Тарыэлем свет яму нямілы стаў».
Расказаў, хоць і нясмела, ўсё візір пра Аўтандзіла:
«Цар, калі б ты мог пабачыць, як хварэе ён душой,
Як ён лье няспынна слёзы, як губляе марна сілы!
Я сказаў усё. Што хочаш ты рабі цяпер са мной!»
Цар раз'юшыўся, насупіў у нястрымным гневе бровы,
Слаў з вачэй маланкі злосці, хмурыў гордае чало:
«Як адважыўся, няшчасны, ты сказаць такія словы?