Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
За карму другі схапіўшы, я пусціў яго ў прадонне,
Сеяў смерць я тым, хто выплыў, хто шукаў ратунак свой.
Вораг кінуўся наўцёкі, а здалёк з чаўноў Прыдона
Крыкі радасці ляцелі. Заціхаў павольна бой.
Ледзь да берагу прысталі, вораг нас сустрэў мячамі.
Зноў пачаўся бой крывавы, кроў ракой лілася з ран.
Захапляўся я Прыдонам, ён маланкі слаў вачамі,—
Сам, як леў, з аблічча — сонца, тапаліны меў ён стан.
Прагай помсты апантаны, ён братоў пакідаў долу,
Загадаў у знак адплаты рукі ім да плеч адсеч
І, звязаўшы іх, прымусіў праклінаць няволю-долю,
Сам жа ў радасці вялікай свой паклаў у ножны меч.
Раць разбітая ўцякала, мы іх гналі да знямогі,
Без адзінае ахвяры горад з ходу ўзялі;
Перабілі ім калені, як саф'ян памялі ногі,
Захапілі столькі скарбаў, што сабраць іх не маглі.
Цар Прыдон сваёй рукою апячатаў сховаў дзверы,
Сваякоў сваіх няшчасных у палон цяжкі забраў.
Так за кроў крывёй варожай заплаціў ён помсты меру.
Мне сказаў: «Нам бог на шчасце, кіпарыс, цябе паслаў!»
Мы вярнуліся ў свой горад, люд сустрэў нас урачыста,
Штукары ўсіх пацяшалі здольнай спрытнасцю сваёй.
Услаўлялі нас з Прыдонам песняй-гімнам галасістым:
«Вы сябе пакрылі славай, рукі ж — ворагаў крывёй!»
«Цар Прыдон! — крычалі.— Слава!» Да мяне ж ляцелі крыкі:
«Над асілкамі — асілак, над царамі — першы цар!»
Толькі я па ружы мілай у журбоце быў вялікай
І не мог згасіць прызнаннем сэрца змучанага жар».
НУРАДЗІН-ПРЫДОН РАСКАЗВАЕ ПРА НЕСТАН-ДАРАДЖАН
«Запрасіў мяне аднойчы цар Прыдон на паляванне.
Узняліся мы на строму, што над морам пралягла;
Раптам ён сказаў мне ціха: «Прыгадаў я з хваляваннем,—
Дзівы-дзіўныя хавае гэта чорная скала».
І на роспыт нецярплівы расказаў Прыдон павольна:
«Неяк гэтаю мясцінай праязджаў я на кані,
Што ляціць хутчэй, чым сокал, што плысці, як качка, здольны,—
Тут заўважыў каршуна я, што лунаў у вышыні.
Кінуў позірк я на мора са скалы вось гэтай стромай:
Штось гайдалася на хвалях, ды здалёк не распазнаць,—
А яно плыло ўсё бліжай зданню даляў невядомых;
Сам не ведаў, што падумаць,— прыпыніўся, стаў чакаць.
Я прыгледзеўся і ўбачыў, што не зверам і не птахам —
З'ява гэтая звычайным аказалася чаўном;
А на ім была схавана, пабялелая ад страху,
Сонца яснае — дзяўчына за стракатым палатном.
Бачу: выйшлі два мужчыны чарнатварыя на бераг,
Пасяродку йшла дзяўчына — даўгакосая краса.
Хараству яе дзівіўся я бясконца і без меры,—
Перад бляскам воч-маланак сонца промень пагасаў.
Затрымцела маё сэрца, як пабачыў чараўніцу,
Што была, нібыта сцюжай некрануты ружы цвет.
«Адаб'ю яе з палону,— парашыў,— а варту знішчу».
Думаў: «Знікнуць не паспеюць, калі конь мой рыне ўслед».
Наўгалоп каня пусціў я, толькі голле затрашчала;
Не паспеў, аднак, бо варта апярэдзіла мяне:
Сонца яснае знікала — човен зноў гайдалі хвалі,
Адплыла мая надзея назаўжды на тым чаўне».
Словы гэтыя Прыдона мне былі балючай ранай,
Я на дол упаў ад гора, кулакамі ў грудзі біў,
Шчокі сам сабе скрывавіў і крычаў, як апантаны:
«Горш за смерць, што ў гэты момант я на беразе не быў!»
Я здзівіў цара Прыдона сваім горам нечаканым,
Засмуціўся ён абліччам, у вачах свяціўся жаль.
Суцяшаў мяне, як родны, кляўся другам быць адданым,
І на вейках, я ўбачыў, дыямент слязы дрыжаў.
«Гора мне! — Прыдон усклікнуў.— Я параніў тваё сэрца!»
«Супакойся, цар,— сказаў я,— ты ні ў чым не вінават.
Месяц мой — дзяўчына тая, ёй служыць гатоў да смерці.
Раскажу пра ўсё я шчыра, бо цяпер ты мне, як брат».
І Прыдону расказаў я ўсё пра лёс свой шматпакутны.
«Як не мог я здагадацца,— тут усклікнуў цар Прыдон,—
Што ў няшчасці мне спаткаўся над царамі цар магутны,
Каму лёсам звыш прызначан скіпетр і дзяржаўны трон!
Бог захоча, дык былінку зробіць гонкім кіпарысам,
Ад параненага сэрца адвядзе лязо нажа,
Гаруна адорыць ласкай, ператворыць лёд у прысак,
Гора радасцю заменіць, ясным шчасцем — горкі жаль».
Асушыўшы слёз крышталі, мы ўвайшлі ў Прыдонаў замак.
Я сказаў: «Адважны віцязь, ты ў бядзе мне дапамог,
Ты сваёй высокай дружбай даў жыццю майму напрамак,
Бо такіх высакародных не ствараў на свеце бог.