Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Падлюка-шкадоба… Я ўжо не дам ёй ходу… На шкадобу не цісні! Сёрбай свае ваніты сваёй лыжкай. Сам расхлёбвай! Даруй мне, Госпадзе, калі ты і сапраўды ёсць. Даруй!
Вяртаюся вечарам з працы… Яго голас. Вучыць сына. Я ўжо ўсё ведаю на памяць: «Стоп! Запамінай: ты шпурнеш гранату ў акно — кульбіт сюды. На зямлю. А другою — за калону…» Маць-перамаць!
«Чатыры секунды — і ты на прыступках, нагой выбіваеш дзверы — аўтамат налева. Першы падае… Другі прабягае міма… Трэці прыкрывае… Стоп! Стоп!» Стоп… (Крычыць.) Страшна мне! Як сына выратаваць? Бягу да сябровак… Адна: «Трэба табе ў царкву. Маліся». Іншая да шаптухі павяла… А куды яшчэ ісці? Больш няма да каго. Бабка была старая, як Кашчэй Несмяротны. Яна сказала, каб я прыйшла на наступны дзень і прынесла ёй пляшку гарэлкі. Пахадзіла яна па кватэры з гэтай пляшкай, пашаптала над ёй, рукамі павадзіла і аддала мне: «Гарэлка загавораная. Будзеш два дні яму па чарцы наліваць, а на трэці ён не захоча». І праўда, месяц не піў. А потым зноў: уваліцца ноччу п’яны ў зюзю, грыміць на кухні каструлямі, дай яму пажэрці… Знайшла іншую знахарку… Тая варажыла мне на картах, наліла расплаўлены свінец у кубак з вадой. Навучыла просценькім замовам — на соль, на жменьку пяску. Нічога не дапамагло! Ад гарэлкі і ад вайны не вылечыш… (Гушкае хворую руку.) Ох, як я стамілася! Нікога не шкада… ні дзяцей, ні сябе… Маці не клічу, а яна прыходзіць да мяне ў сне. Маладая, вясёлая. Заўсёды яна маладая і смяецца. Я яе праганяю… А то сястра прысніцца, яна сур’ёзная, заўсёды пытаецца ў мяне адно і тое ж: «Ты думаеш, што ты сябе можаш выключыць, як лямпачку?» (Спыняецца.)
Усё — праўда… Нічога прыгожага я ў жыцці не бачыла. І ўжо не ўбачу. Учора ў бальніцу да мяне заявіўся: «Я дыван прадаў. Дзеці галодныя». Мой любімы дыван. Адна добрая рэч у нас у доме была… заставалася… Цэлы год грошы збірала, збірала. Па капейцы. Так хацела гэты дыван… в’етнамскі… А ён адразу прапіў. Дзяўчаты з маёй працы казалі: «Ой, Томка, вяртайся дадому хутчэй. Надакучыў яму малы — б’е. А старэйшую (дзяўчынка сястры), ёй ужо дванаццаць гадоў… Сама ведаеш… з п’яных вачэй…»
Я ляжу ноччу. Не сплю. А потым як упаду ў яму, кудысьці лячу.
І невядома, якая я раніцай прачнуся. У мяне страшныя думкі…
На развітанне — нечакана абдымае.
Запомні мяне…
Праз год яна зрабіла яшчэ адну спробу самагубства. На гэты раз — удалую. У мужа, як я даведалася, неўзабаве з’явілася іншая жанчына.
Я патэлефанавала ёй: «Шкадую яго, — сказала яна. — Не кахаю, а шкадую. Адна бяда, што зноў піць пачаў, а абяцаў, што кіне».
Вы здагадваецеся, што я пачула далей?
ПРА НЕГІДЛІВАСЦЬ МЁРТВЫХ І ЦІШЫНЮ ПЫЛУ
Алеся Нікалаева — малодшы сяржант міліцыі, 28 гадоў
з аповеду маці
— Я хутка памру ад сваіх аповедаў… Навошта я распавядаю? Нічым вы мне не дапаможаце. Ну напішаце… надрукуеце… Добрыя людзі прачытаюць і паплачуць, а дрэнныя… галоўныя… яны не будуць чытаць. Ім — навошта?
Я шмат разоў ужо гэта распавядала…
23 лістапада 2006 года…
Перадалі па тэлевізары… Ужо ўсе суседзі ведалі. Горад гудзеў…
А мы з Настачкай, з унучкай, былі дома. Тэлевізар у нас не працаваў, даўно зламаўся ад старасці. Чакалі: «Вось Алеська прыедзе — новы купім». Пачалі прыбіраць. Мыць. Нам чамусьці весела-весела, у гэты дзень смяяліся і смяяліся. Прыйшла мая мама… нашая бабуля… з агарода: «Ой, дзяўчынкі, нешта вы дужа вясёлыя. Глядзіце, каб плакаць не давялося». У мяне ўпала сэрца… Як там Алеська? Але вось толькі ўчора мы ёй тэлефанавалі, было свята — Дзень міліцыі: ёй уручылі значык «За выдатную службу ў МУС». Мы павіншавалі.
«Ой, я вас усіх люблю, — сказала яна. — Зямлю родную хутчэй хачу ўбачыць». Палова маёй пенсіі ішла на тэлефанаванні, пачую яе голас і неяк пражыву яшчэ два-тры дні. Да наступнага тэлефанавання… «Мама, ты не плач, — супакойвала яна мяне. — Я маю зброю, але не страляю. З аднаго боку — вайна, а з другога — спакойнае становішча. Раніцай я чула, як мула спявае, гэта ў іх малітва такая. Горы тут жывыя, не мёртвыя — да самых вяршыняў усё ў траве і ў дрэвах». У другі раз: «Мама, чачэнская зямля ўся насычаная нафтай. Капай у кожным агародзе — усюды нафта».
Навошта іх туды паслалі? Яны там ваявалі не за Радзіму, а за нафтавыя вышкі. Кропля нафты цяпер каштуе, як кропля крыві…
Забегла адна суседка… праз гадзіну другая… «Чаго яны, — думаю, — разбегаліся?» Звяртаюцца без справы. Пасядзяць і сыходзяць. А па тэлевізары ўжо некалькі разоў сказалі…
Да раніцы мы нічога не ведалі. Раніцай патэлефанаваў сын: «Мама, ты дома будзеш?» — «А што ты хочаш? Я збіраюся ў краму». — «Ты пачакай мяне. Я прыеду, калі ты адправіш Насту ў школу». — «Хай дома сядзіць. Кашляе». — «Калі тэмпературы няма, адпраўляй у школу». У мяне ўпала сэрца, мяне ўсю закалаціла. Калатун напаў. Наста пабегла, а я выйшла на балкон. Бачу: сын ідзе не адзін, а з нявесткай. Я чакаць ужо не магла, яшчэ дзве хвіліны — мне цяжка! Выскачыла на лесвічную пляцоўку і крычу ўніз: «Што з Алеськай?» Відаць, я так крычала… такім нутраным голасам… што і яны мне ў адказ закрычалі: «Мама! Мама!» Выйшлі з ліфта і стаяць. Ні слова. «Яна — у бальніцы?» — «Не». У мяне паплыло ўсё перад вачыма. Закруцілася. Потым дрэнна… мала памятаю… Аднекуль набралося шмат людзей… Усе суседзі паадчынялі дзверы, падымаюць мяне з цэменту, угаворваюць. А я поўзаю па падлозе і хапаю іх за ногі, чаравікі цалую: «Людзі добрыя… міленькія… не магла яна кінуць Настачку… сваё сонейка… святло ў акне… Мі-і-і-ле-енькі-і-і-я…» Білася я ілбом аб падлогу. У першыя хвіліны не верыш, хапаешся за паветра. Не памерла, а вернецца калекай. Без ног… сляпая… Нічога, будзем з Настачкай яе за рукі вадзіць. Галоўнае — жывая! Кагосьці хочацца пра гэта папрасіць… на каленях вымаліць…
Многа-многа людзей… поўны дом чужых людзей… Наколюць лекамі — я ляжу, ачомаюся — зноўку выклікаюць «хуткую». У мяне ў доме вайна… А ў людзей сваё жыццё. Ніхто чужое гора не разумее, дай Бог сваё зразумець. У-у-у… Усе думалі: я сплю, а я ляжала і слухала. Горка мне, горка…
«…У мяне двое сыноў. Яшчэ ў школе вучацца. Збіраю грошы, каб адкупіць іх ад войска…»
«…Наш народ цярплівы — гэта дакладна. Чалавек — мяса… вайна — праца…»
«…Еўрарамонт нам дорага даўся. Добра, што італьянскую плітку раней купілі, яшчэ па старых коштах. Пластыкавыя вокны сабе паставілі. Браніраваныя дзверы…»
«…А дзеці растуць… Радуешся, пакуль яны маленькія…»
«…Там вайна, і тут вайна… Кожны дзень страляюць. Падрываюць.
Едзеш у аўтобусе — страшна, у метро баішся заходзіць…»
«…У суседа сын быў беспрацоўны. Піў. Завербаваўся ў кантрактнікі. Праз год вярнуўся з Чачні з чамаданам грошай: машыну купіў, жонцы футра і залаты пярсцёнак. З’ездзілі сям’ёй у Егіпет… Цяпер без грошай ты — нуль. А дзе іх зарабіць?»
«…Раскрадаюць… ірвуць Расію на кавалкі… Вялікі пірог!»
Гэтая вайна паганая! Была яна дзесьці далёка… далёка… І прыйшла да мяне ў хату. Я Алесьцы крыжык павесіла… Не збярог. (Плача.)
Праз дзень нам яе прывезлі… Усё цякло… труна мокрая… абцірала прасцінамі. Начальства: хутчэй… хутчэй… хутчэй трэба хаваць. «Не адчыняйце. Там — халадзец». А мы адчынілі. Усе спадзяваліся, што памылка. Па тэлевізары сказалі: Алеся Нікалаева… дваццаць адзін год… Узрост няправільны. Раптам гэта іншая Алеся? Не нашая. «Там — халадзец…» Выдалі нам даведку: «…наўмыснае самапашкоджанне стрэлам з табельнай зброі ў правую частку галавы…» Што мне паперка! Я сама хачу паглядзець, памацаць. Пагладзіць сваімі рукамі. Калі адчынілі: твар быў жывы, добры… і маленькая дзірачка на левым баку… Такая маленькая… зусім… ну, аловак увойдзе. Ізноў няпраўда, як і з узростам, дзірачка на левым баку, а пішуць — на правым. Паехала яна ў Чачню са зводным атрадам міліцыянтаў з усёй Разані, а дапамагалі нам хаваць з аддзялення міліцыі, дзе яна служыла. Яе таварышы. І ўсе яны ў адзін голас: якое гэта самагубства? Гэта не самазабойства, а стрэл прыкладна з двух-трох метраў… Стрэл?! А начальства прыспешвала. Дапамагалі, штурхалі. Прывезлі яе позна ўвечары, а раніцай наступнага дня, а дванаццатай гадзіне, пахавалі ўжо. На могілках… У-у-у… Моц у мяне была… у чалавека не можа быць такой моцы… Вечка труны прыб’юць, а я адарву, зубамі б цвікі грызла. Начальства на могілках не было. Адмовіліся ўсе ад нас… дзяржава першая… У царкве не захацелі адпяваць: грэшніца… Бог душу такую, што заблыталася, не прыме… Ну як так… Як жа так? Я цяпер у царкву хаджу… свечку пастаўлю… Падышла адзін раз да бацюшкі: «Хіба Бог толькі прыгожыя душы любіць? Калі так, то нашто Ён тады?» Расказала яму ўсё… Я шмат разоў ужо пра гэта распавядала… (Маўчыць.) Бацюшка ў нас малады… Заплакаў: «Як вы яшчэ жывая і не ў вар’яцкім доме? Дай ёй, Гасподзь, Царства нябеснае!» Памаліўся за маю дзяўчынку… А людзі рознае казалі: з-за мужыка дзеўка стрэліла. Сп’яну. Усім вядома, што п’юць яны там няспынна. І мужыкі, і бабы. Хапанула я гора… поўным ротам…