Наше меню (нажмите)

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 442
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту pbn.book@yandex.ru для удаления материала

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Вы бачылі гэтыя кадры ў інтэрнэце? Мяне яны цалкам пазбавілі спакою. Я тыдзень правалялася ў ложку… Вось гэтыя кадры… Забівалі і здымалі. Быў у іх сцэнар, распісалі ролі… Як у сапраўдным кіно… Цяпер патрэбен глядач. І мы глядзім… яны прымусілі нас…. Вось хлопец ідзе па вуліцы, наш хлопец, таджык… Вось яны яго гукаюць, ён падыходзіць, яго збіваюць з ног. Б’юць бейсбольнымі бітамі, спачатку ён круціцца на зямлі, а потым аціхае. Яго звязваюць і грузяць у багажнік. У лесе прывязваюць да дрэва. Відаць: той, хто здымае, шукае ракурс, каб была добрая карцінка. Хлопцу адразаюць галаву. Адкуль гэта прыйшло? Адразанне галавы… Гэта ўсходні рытуал. Не рускі. Напэўна, ён з Чачні. Памятаю… Адзін год забівалі проста «адвёрткамі», потым з’явіліся трызубцы, за імі трубы і малаткі… Заўсёды смерць надыходзіла праз удар тупым прадметам. Цяпер новая мода… (Маўчыць.) На гэты раз забойцаў знайшлі. Іх будуць судзіць. Усе хлопчыкі з добрых сем’яў. Сёння рэжуць таджыкаў, заўтра будуць рэзаць багатых ці тых, хто іншаму Богу моліцца. Вайна — гэта воўк… Ён ужо прыйшоў…

У маскоўскіх падвалах

Абралі дом — «сталінку» ў самым цэнтры Масквы. Будаваліся гэтыя дамы пры Сталіне для бальшавіцкай эліты, таму і называюць іх «сталінкі», яны і цяпер цэняцца. Сталінскі ампір: ляпніна на фасадах, барэльефы, калоны, вышыня столі ў кватэрах тры-чатыры метры. Нашчадкі былых правадыроў збяднелі, сюды пераязджаюць «новыя рускія». У двары стаяць «бэнтлі», «ферары». На першым паверсе гараць агнямі вітрыны дарагіх буцікаў.

Наверсе — адно жыццё, пад зямлёй — іншае. Разам са знаёмым журналістам спускаемся ў падвал… Доўга блукаем між іржавымі трубамі і заплеснелымі сценамі, часам нас спыняюць жалезныя фарбаваныя дзверы, на іх вісяць замкі і стаяць пломбы, але ўсё гэта — фікцыя. Умоўны сігнал — і праходзь. Падвал напоўнены жыццём. Доўгі асветлены калідор: па абодва бакі пакоя — сцены з фанеры, замест дзвярэй — рознакаляровыя шторы. Маскоўскае сутарэнне падзелена паміж таджыкамі і ўзбекамі. Мы трапілі да таджыкаў. У кожным пакоі — сямнаццаць-дваццаць чалавек. Камуна. Нехта пазнаў майго «гіда» — ён прыходзіць сюды ўжо не ўпершыню — і запрашае нас да сябе. Заходзім у пакой: ля ўваходу гара абутку, дзіцячыя вазочкі. У кутку — пліта, газавы балон, да іх прыціснутыя сталы і крэслы, якія перабраліся сюды з бліжэйшых сметніц. Усю астатнюю прастору займаюць двух’ярусныя самаробныя ложкі.

Час вячэраць. Чалавек дзесяць ужо сядзяць за сталом. Знаёмімся: Амір, Хуршыд, Алі… Старэйшыя вучыліся ў савецкай школе, па-руску гавораць без акцэнту. Маладыя рускай мовы не ведаюць. Толькі ўсміхаюцца.

Гасцям рады.

— Давайце мы трошкі перакусім, — усаджвае нас за стол Амір, у мінулым настаўнік, ён тут за старэйшага. — Паспытайце таджыкскі плоў. Смачна — мама дарагая! У таджыкаў так: калі ты сустрэў чалавека непадалёк ад свайго дома, ты мусіш паклікаць яго да сябе і даць яму піялу з чаем.

Дыктафон уключыць не магу — баяцца. Дастаю ручку. Тут мне дапамагае іх сялянская павага да таго, хто піша. Адны прыехалі з кішлакоў, іншыя спусціліся з гор. І адразу трапілі ў гіганцкі мегаполіс.

— Масква — добра, работы — шмат. А жыць наогул страшна. Я іду па вуліцы адзін… Нават днём… Маладым хлопцам у вочы не гляджу — забіць могуць. Маліцца кожны дзень трэба…

— Да мяне падышлі ў электрычцы трое… Я з працы ехаў. «Ты што тут робіш?» — «Дадому еду» — «Дзе твой дом? Хто цябе сюды прасіў?» Пачалі біць. Білі і крычалі: «Расія — для рускіх! Слава Расіі!» — «Хлопцы, за што? Алах усё бачыць» — «Твой Алах тут цябе не бачыць. У нас свой Бог». Зубы выбілі… рабро зламалі… Поўны вагон людзей, і адна толькі дзяўчына абараняла: «Кіньце! Ён вас не чапаў». — «Ты чаго? «Хача» б’ём».

— Рашыда забілі… Трыццаць разоў пырнулі нажом. Ты мне скажы, навошта трыццаць разоў?

— На ўсё воля Алаха… гаротніка і на вярблюдзе сабака ўгрызе.

— Мой тата вучыўся ў Маскве. Сёння ён дзень і ноч плача па СССР. Ён марыў, што я таксама буду вучыцца ў Маскве. А мяне тут паліцэйскі б’е, гаспадар б’е… Жыву ў падвале, як котка.

— Мне СССР не шкада… Дзядзька Коля, наш сусед… ён рускі быў… Ён на маю маму крычаў, калі яна адказвала яму па-таджыкску: «Гавары на нармальнай мове. Зямля ваша, улада наша». Мама плакала.

— Я сёння сон бачыў: іду па нашай вуліцы, суседзі кланяюцца: «Салам алейкум»… «Салам алейкум»… У нашых кішлаках засталіся толькі жанчыны, старыя і дзеці.

— Дома ў мяне заробак быў пяць долараў у месяц… Жонка, трое дзяцей… У кішлаках гадамі людзі не бачаць цукру…

— На Чырвонай плошчы не быў. Леніна не бачыў. Праца! Праца!

— Рыдлёўка, кірка, насілкі. Увесь дзень з мяне, як з кавуна, цячэ.

— Заплаціў аднаму маёру за дакументы: «Няхай Алах дасць табе здароўе. Які добры чалавек!» А дакументы выявіліся фальшывыя. Пасадзілі. Білі нагамі, білі палкамі.

Няма дакументаў — няма чалавека… Чалавек без Радзімы — бяздомны сабака… Кожны можа пакрыўдзіць. Паліцыянты за дзень дзесяць разоў спыняць: «Пакажы дакументы». Гэтая паперка ёсць, а гэтай няма. Не дасі грошай — б’юць.

— Хто мы? Будаўнікі, грузчыкі, дворнікі, пасудамыйкі… Менеджарамі мы тут не працуем…

— Мама задаволеная, я грошы дасылаю. Знайшла мне прыгожую дзяўчыну, я яе яшчэ не бачыў. Мама выбірала. Прыеду — ажанюся.

— Усё лета працаваў у аднаго багатага пад Масквой, а ў рэшце рэшт яны мне не заплацілі: «Пайшоў! Пайшоў! Я цябе карміў».

— Калі ў цябе ёсць сто бараноў — ты маеш рацыю. Ты заўсёды маеш рацыю.

— Мой сябар таксама прасіў у гаспадара грошай за працу. Паліцыя потым яго доўга шукала. Адкапалі ў лесе… Мама труну атрымала з Расіі…

— Выганяць нас… Хто Маскву адбудоўваць будзе? Двары падмятаць? Рускія за тыя грошы, што нам плоцяць, спіны гнуць не стануць.

— Заплюшчу вочы — бачу: арык цячэ, бавоўна цвіце, яна цвіце пяшчотна-ружова, як сад.

— А ты ведаеш, што ў нас была вялікая вайна? Пасля развалу СССР адразу сталі страляць… Добра жыў толькі той, у каго быў аўтамат. Я ў школу хадзіў… Кожны дзень я бачыў два-тры трупы. Мама ў школу не пусціла. Я сядзеў дома і чытаў Хаяма. У нас усе чытаюць Хаяма. А ты яго ведаеш? Калі ведаеш, то ты мне сястра.

— Забівалі няверных…

— Алах сам вырашыць — хто верны, а хто няверны. Сам будзе судзіць.

— Маленькі быў… Я не страляў. Мама расказвала, што да вайны жылі так: на адным вяселлі гаварылі па-таджыкску, па-ўзбекску і па-руску. Хто хацеў — маліўся, а хто не хацеў — не маліўся. Скажы, сястра, чаму людзі так хутка навучыліся забіваць адзін аднаго? Яны ўсе Хаяма ў школе чыталі. І Пушкіна.

— Народ — караван вярблюдаў, які паганяюць бізуном…

— Вучу рускую мову… Вось паслухайце: красывы дэвушка, хлэб, дэнги… начальнык плёхой…

— Ужо пяць гадоў я ў Маскве, і са мной ні разу ніхто не павітаўся. Рускім патрэбныя «чорныя», каб яны маглі адчуваць сябе «белымі», глядзець на кагосьці зверху ўніз.

— У кожнай ночы ёсць раніца, у кожнай маркоты бывае канец.

— Нашы дзяўчаты больш яркія. Нездарма іх параўноўваюць з гранатам…

— На ўсё воля Алаха…

З сутарэнняў падымаемся наверх. Цяпер я гляджу на Маскву іншымі вачыма — яе прыгажосць здаецца мне халоднай і трывожнай. Масква, табе ўсё роўна — любяць цябе ці не?

ПРА ЖЫЦЦЁ-СУКУ І СТО ГРАМАЎ ЛЁГКАГА ПЯСОЧКУ Ў БЕЛАЙ ВАЗАЧЦЫ

Тамара Сухавей — афіцыянтка, 29 гадоў

— Жыццё — сука! Вось што я табе скажу… Не падносіць яно падарункаў. Нічога добрага, прыгожага ў жыцці я не бачыла. Не ўспомню… Забі мяне — не ўспомню! І труцілася, і вешалася. У мяне было тры спробы самагубства… Цяпер я вены сабе парэзала… (Паказвае забінтаваную руку.) Вось тут… у гэтым месцы… Выратавалі мяне, і я тыдзень спала. Проста сплю і сплю. Такі ў мяне арганізм… Псіхіятр прыйшла… Вось як ты цяпер, яна мяне прасіла: гавары, гавары… Што расказваць? Смерць не страшная мне… Дарэмна ты прыйшла і сядзіш. Дарэмна! (Адвярнулася да сценкі і маўчыць. Я хачу пайсці, але яна спыняе.) Ну добра, паслухай… Усё праўда…

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)

0