Наше меню (нажмите)

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 442
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту pbn.book@yandex.ru для удаления материала

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Два чалавекі былі з ёй у апошні момант… Два сведкі. Кантрольна-прапускны пункт… ка-пэ-пэ… будачка — два на два з паловай метры. Начное дзяжурства. Іх было трое. Першы… «Ну, прыйшла яна, — распавёў па тэлефоне, — пагаварылі дзве-тры хвіліны…» І ён нібыта сышоў, ці то па патрэбе, ці то яго нехта паклікаў. Пачуў за дзвярыма — бабахнула нешта, нават спачатку не падумаў, што стрэл. Вярнуўся, а яна ляжыць. Настрой? Які ў яе быў настрой? Настрой быў добры… нармальны быў настрой… «Прывітанне». — «Прывітанне». Пасмяяліся. Хі-хі… ха-ха… Другі сведка… І гэтаму тэлефаную на працу… на асабістую сустрэчу не прыйшоў, а мяне да яго не дапусцілі… Ён быў побач, калі яна страляла, але быццам бы ў той самы момант адвярнуўся. У тую секунду… Будачка — два на два з паловай метры, а ён нічога не бачыў. Вы паверыце? Я вымольваю ў іх: скажыце… мне трэба ведаць… Я больш нікуды з гэтым не пайду. Заклінаю! Бегалі ад мяне, як апечаныя. Ім загадалі маўчаць. Абараняць пагоны. Заткнулі ім раты доларамі… (Рыдае.) З самага пачатку, калі яна пайшла на працу ў міліцыю, мне не падабалася: мая Алеська — міліцыянер? Ну не падабалася! Ніяк не падабалася… Тут такое… Адукацыя ў яе — тэхнікум і адзін курс інстытута. Доўга не магла ўладкавацца на працу. А ў міліцыю яе адразу бралі. Мне было страшна… Міліцыя — гэта бізнес… мафія… Міліцыянтаў людзі баяцца, у кожнай сям’і хтосьці пацярпеў ад міліцыі. І катуюць у нашай міліцыі, і калечаць. Баяцца іх, як злодзеяў. Не дай бог! У газетах чытаеш: пярэваратні ў пагонах… там згвалцілі… там забілі… Такога… у савецкі час… Вы — што? А калі і было… Дык шмат чаго не казалі… не пісалі… І мы адчувалі сябе абароненымі. (Задумалася.) Палова міліцыянтаў ваявала. Ці ў Афгане, ці ў Чачні. Забівалі. Псіхіка ў іх пашкоджаная. Ваявалі там яны і з мірным насельніцтвам. Цяпер такія войны: салдаты не толькі паміж сабой ваююць, але і з цывільнымі. Звычайнымі людзьмі. Для іх усе — ворагі: мужчыны, жанчыны, дзеці. І тут, ужо дома, заб’юць чалавека, а потым дзівяцца, што гэта трэба тлумачыць. У Чачні тлумачыць не трэба было… «Мама, — спрачалася са мной Алеська, — ты не маеш рацыі. Усё залежыць ад чалавека. Дзяўчына-міліцыянт — гэта прыгожа. Сіняя кашуля, пагоны».

У апошні вечар прыйшлі да яе сябры развітацца… Цяпер успамінаю… усё я цяпер успамінаю… Усю ноч яны прагаварылі…

«…Расія — вялікая краіна, а не газавая труба з кранікам…»

«…Крыма няма… аддалі… Чачня ваюе… Татарстан варушыцца… Я хачу жыць у вялікай краіне. Нашыя МІГі дойдуць да Рыгі…»

«…Галавой аб стол Расію! А чачэнскія бандыты — героі… Правы чалавека?! А там: прыходзілі ў рускі дом з аўтаматамі — або забіваем, або сыходзь. Добры чачэнец той, хто спачатку кажа: «Сыходзь!», а потым забівае, дрэнны — забівае адразу. Чамадан, вакзал, Расія. Надпісы на платах: «Не купляйце кватэры ў Машы, яны ўсё роўна будуць нашы», «Рускія, не з’язджайце — нам патрэбныя рабы».

«…Двое рускіх салдат і афіцэр трапілі да чачэнаў у палон. Салдатам адрэзалі галовы, а афіцэра адпусцілі: «Ідзі і вар’яцей». Я на касетах бачыў… Абразаюць вушы, пальцы адсякаюць… У сутарэннях — рускія рабы-палонныя. Звяры!»

«…Паеду! Мне на вяселле грошы патрэбныя. Хачу ажаніцца.

Дзяўчынка прыгожая… доўга чакаць не будзе…»

«…У мяне сябар… Мы з ім у войску разам служылі. Жыў ён у Грозным. Сусед — чачэнец. У адзін цудоўны дзень ён яму кажа: «Прашу цябе — з’язджай!» — «Чаму?» — «Таму што мы вас хутка рэзаць будзем». Пакінулі яны там трохпакаёвую кватэру, жывуць цяпер у Саратаве ў інтэрнаце. Нічога не далі ім звезці: «Няхай Расія, — крычалі, — вам усё новае купіць. А гэта — наша!»

«…Упала на калені Расія, але яшчэ не дабілі. Мы — рускія патрыёты! Трэба доўг Радзіме аддаць! Анекдот: таварышы салдаты і афіцэры, калі вы добра праявілі сябе ў Чачні, то Радзіма пашле вас «на адпачынак» у Югаславію. У Еўропу… тваю маць!»

Сын трываў, трываў і не вытрымаў. Стаў мяне лаяць: «Мама, нічога ты не даможашся, акрамя інсульту». Адправіў у санаторый. Прымусова, можна сказаць, са скандалам. У санаторыі я пасябравала з добрай жанчынай, у яе дачка рана памерла ад аборту, мы разам плакалі. Сталі сяброўкамі. Нядаўна патэлефанавала ёй — яна памерла. Заснула і памерла. Я ведаю, што ад нуды яна памерла… Чаму я не паміраю? Я шчаслівая была б памерці, але я не паміраю. (Плача.) Вярнулася з санаторыя… «Дзіцятка, яны цябе пасадзяць, — першыя маміны словы. — Не даруюць, што праўды шукаеш». Што было… Толькі я ад’ехала, ёй тэлефануюць з міліцыі: «Цягам дваццаці чатырох гадзін з’явіцца ў кабінет нумар… За няяўку — штраф… пятнаццаць сутак арышту…» Мама — чалавек напалоханы, у нас усе людзі напалоханыя. Знайдзіце мне старога не напалоханага чалавека. І не толькі гэта… Прыходзілі і апытвалі суседзяў: што мы за людзі… якія паводзіны… Пра Алеську дапытваліся: ці бачыў яе хто-небудзь нападпітку? А наркотыкі… З паліклінікі запатрабавалі нашыя медыцынскія карткі. Правяралі: ці не быў хто на ўліку ў псiхдыспансеры? Мяне крыўда за душу ўзяла! І злосць! Бяру слухаўку… Тэлефаную ў міліцыю: «Хто пагражаў маёй маме… чалавеку дзявяты дзясятак… Па якім пытанні выклікалі?» Скончылася гэта тым, што праз дзень яны мне даслалі позву: «У кабінет нумар… прозвішча следчага…» Мама ў слязах: «Цябе пасадзяць». Мне ўжо нічога не страшна. Цьху на іх! Трэба, каб Сталін з труны ўстаў! Я прашу яго ўстаць з труны! Гэта мая малітва… Мала ён нашых начальнічкаў саджаў і расстрэльваў. Мала! Мне іх не шкада. Я хачу іх слёз! (Плача.) Прыйшла я ў гэты кабінет… прозвішча Федзін… Секанула з парога: «Што вы ад мяне хочаце? Дачку ў мокрай труне прывезлі… Мала вам?» — «Вы — няграматная жанчына. Не разумееце, дзе вы знаходзіцеся. Тут пытанні задаем мы…» Спачатку ён быў адзін… потым выклікаў Алесьчынага камандзіра… Клімкіна… Нарэшце і я яго ўбачу! Ён заходзіць… Я — да яго: «Хто забіў маю дачку? Скажыце мне праўду…» — «Дурніца ваша дачка… Ненармальная!» Ой, не магу! Не магу… наліўся ўвесь крывёй… Крычаў, тупаў. Ой! Правакавалі мяне… Дамагаліся, каб я закрычала або драпалася, як котка. Значыць, я — вар’ятка, і дачка ў мяне — вар’ятка. Іх мэта — закрыць мне рот… У-у-у…

Пакуль сэрца маё б’ецца… буду шукаць праўду… Нікога не баюся! Я ўжо не ануча для падлогі, не кузурка. Мяне назад у скрыначку не загоніш. Мне дачку ў мокрай труне прывезлі… …

Ехала ў прыгараднай электрычцы… Сеў насупраць мужчына: «Ну што, маці, едзем? Давай знаёміцца…» Назваўся: «Былы афіцэр, былы прадпрымальнік-адзіночка, былы «яблычнік». Цяпер беспрацоўны». А ў мяне пра што хто ні спытае, я пра сваё: «А ў мяне дачка загінула ў Чачні… малодшы сяржант міліцыі…» Ён папрасіў: «Раскажы мне…» Я шмат разоў ужо пра гэта распавядала… (Маўчыць.) Паслухаў і пра сваё пачаў…

«…Я сам там быў. Вярнуўся, і жыццё ў мяне тут не атрымліваецца. Не магу загнаць сябе ў гэтыя рамкі. На працу не хочуць браць: «А-а-а… з Чачні?» Я баюся іншых людзей… мяне ванітуе ад іншых людзей… А сустрэну таго, хто ваяваў у Чачні, — ён мне брат…

…Стаіць стары чачэнец і глядзіць: нас поўная машына дэмбеляў. Глядзіць і думае: нармальныя рускія хлопцы, а толькі што былі аўтаматчыкі, кулямётчыкі… снайперы… Курткі на нас новенькія, джынсы. За што купілі? За тое, што тут зарабілі. Праца якая? Вайна… Страляеш… А там і дзеці, і прыгожыя жанчыны. Але забяры ў салдатаў зброю, пераапрані іх у цывільнае… гэта ўжо трактарысты, кіроўцы аўтобусаў, студэнты…

…Жылі за калючым дротам… Вакол вышкі і мінныя палі. Цесны замкнёны свет. Зона. Выйсці нельга — заб’юць. Смерць акупантам! Пілі ўсе, напіваліся да быдлячага стану. Дзень пры дні бачыш разбітыя дамы, як цягнуць рэчы, забіваюць людзей. І з цябе раптам такое прэ! Пашыраецца ўсё… усё, што ты можаш… Можна шмат што сабе дазволіць… Ты — п’яная скаціна і ў цябе зброя ў руках. У галаве — адзін сперматазоід…

…Праца катаў… Паміралі за мафію, якая нам яшчэ й не плаціла. Падманвала. Але я ж не тут, не на вуліцы забіваў людзей, а на вайне. Я бачыў рускую дзяўчынку, якую гэтыя шакалы згвалтавалі. Прыпякалі цыгарэтай грудзі, каб мацней стагнала…

…Прывёз грошы… Папіў з сябрамі гарэлкі, купіў патрыманы «мерседэс»…» (Ужо не выцірае слёз.) Дык вось дзе мая Алеська была… Куды трапіла… Гэтая вайна паганая… Была яна недзе далёка-далёка, а цяпер у маім доме. Два гады… грукаецца ў дзверы, хаджу па розных інстанцыях. Пішу ў пракуратуру… раённую, абласную… Генеральнаму пракурору… (Паказвае на стос лістоў.) Атрымліваю адпіскі… Гара адпісак! «Па факце гібелі вашай дачкі паведамляем…» І ўсе хлусяць: загінула трынаццатага лістапада, а насамрэч адзінаццатага, група крыві першая, а ў яе трэцяя, то яна была ў ваенным абмундзіраванні, то ў цывільнай сукенцы. Дзірачка з левага боку ля скроні, а яны пішуць — з правага… Напісала запыт нашаму дэпутату ў Дзярждуму — я яго выбірала, я за яго галасавала. Я верыла нашай уладзе! Дамаглася прыёму да яго. Стаю на першым паверсе ў Дзярждуме… І вочы ў мяне робяцца па яблыку! Бачу ювелірны салон: залатыя пярсцёнкі з дыяментамі, залатыя і срэбныя велікодныя яйкі… і падвескі… За ўсё жыццё я столькі не зарабіла, колькі там каштуе самы меншы пярсцёнак з дыяментам. Адзін пярсцёнак… Нашыя дэпутаты… народныя… адкуль у іх такія грошы? Пачак грамат за сумленную працу ў мяне… і ў мамы… А ў іх акцыі Газпрама… У нас — паперкі, а ў іх — грошы. (Злосна маўчыць.) Дарэмна я туды хадзіла… дарэмна там плакала… Сталіна вярніце… Народ чакае Сталіна! Забралі ў мяне дачку і прывезлі труну. Мокрую труну… І ніхто не хоча пагаварыць з маці… (Плача.) Я цяпер сама ў міліцыі магу працаваць… Агляд здарэння, пратакол злачынства. Калі гэта самагубства, то на пісталеце застаецца кроў… на руках порах… Я ўсё цяпер ведаю… Навіны па тэлевізары не люблю. Хлусня! А дэтэктывы… забойства… ну, такое ўсё… не прапускаю. Раніцай, бывае, падняцца не магу, ногі, рукі адымаюцца — ляжала б… Успомню Алеську… Падымаюся і іду…

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)

0