Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 437
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Пакуль б’ецца маё сэрца… (У роспачы.) Я буду шукаць. Хачу ведаць, як загінула мая дачка. Я нікому не веру.

Адчыняе дзверцы серванта, дзе побач з крыштальнымі чарачкамі ляжаць дакументы і фотаздымкі. Бярэ і раскладвае іх на стале.

Дзяўчына ў мяне была прыгожая… Завадатарка ў школе. Любіла на каньках катацца. Вучылася пасрэдна… нармальна… У дзясятым класе закахалася ў Ромку… Я, вядома, супраць, ён старэйшы за яе на сем гадоў. «Мама, а калі гэта каханне?» Каханне было шалёнае, ён ёй не тэлефануе, дык яна сама… «Навошта ты тэлефануеш?» — «Мама, а калі гэта каханне?» Толькі Ромка, толькі ён у ейных вачах. На маму забылася. Сёння выпускны баль, а назаўтра яны распісаліся. Ужо і дзіцятка. Ромка піў, біўся, а яна плакала. Я яго ненавідзела. Год яны так пажылі. Рэзаў рэчы на ёй добрыя, раўнаваў. Возьме за валасы, наматае на руку — і галавой аб сценку. Трывала яна, трывала… Маму не слухалася. Пакуль… Усё ж такі… Не ведаю як… Усё ж такі яна ўцякла ад яго. Куды? Да мамы… «Мама, ратуй!» Дык ён узяў і прыйшоў да нас жыць. Ноччу прачнулася… стогны нейкія… Адчыняю ванную, а ён стаіць над ёй з нажом… Я схапіла гэты нож, парэзала сабе рукі. У іншы раз дастаў нейкі пісталет, газавы, думаю, не сапраўдны. Я ад яго Алеську цягну, а ён на мяне гэты пісталет: «Цяпер ты змоўкнеш!» Плакала і плакала, пакуль яны не разышліся. Я яго выгнала… (Маўчыць.) Прайшло… ну, паўгода не прайшло… Вяртаецца з працы: «Ромка ажаніўся». — «А ты адкуль ведаеш?» — «Падвёз мяне ў горадзе». — «І што?» — «А нічога». Ажаніўся ён хутка. А ў яе гэта было дзіцячае каханне. Незабыўнае. (Бярэ лісток у стосіку дакументаў.) Судмедэксперт напісаў: стрэл у правую частку галавы, а дзірачка была на левым баку. Маленькая дзірачка… Можа быць, ён яе мёртвую і не бачыў? Яму загадалі так напісаць. Добра заплацілі.

Я спадзявалася… Чакала, калі вернецца ейны атрад. Распытаю іх… аднаўлю карціну… Дзірачка на левым баку, а пішуць — на правым. Мне трэба ведаць… Ужо зіма. Снег. Калісьці я любіла снег. І Алеська мая любіла, дастане загадзя канькі, адшаруе тлушчам. Калісьці даўно… даўно-даўно гэта было. Горка мне, горка… Гляджу ў акно: людзі рыхтуюцца да Раства, бягуць з падарункамі, цацкамі. Нясуць ялінкі. А ў мяне на кухні пастаянна працуе прыёмнік. Слухаю нашае радыё. Мясцовыя навіны. Чакаю. Нарэшце, дачакалася паведамлення: «Разанскія міліцыянты вярнуліся са службовай камандзіроўкі ў Чачню», «нашыя землякі з гонарам выканалі свой салдацкі абавязак», «не зганьбілі»… Іх урачыста сустрэлі на вакзале. Аркестр, кветкі. Уручылі ўзнагароды і каштоўныя падарункі. Каму — тэлевізар, каму наручныя гадзіннікі… Героі… Героі вярнуліся! Пра Алеську ні слова, ніхто не ўспомніў… Я чакаю… трымаю прыёмнік ля самага вуха… Павінны ўспомніць! Пачалася рэклама… рэклама пральнага парашка… (Заплакала.) Знікла мая дзяўчынка без следу. Так нельга! Алеська… Яна была першая… першая «чачэнская» труна ў горадзе… Праз месяц прывезлі яшчэ дзве труны — адзін міліцыянт больш сталы, другі зусім малады. З імі народ развітваўся ў тэатры… у гарадскім тэатры імя Ясеніна. Ганаровая варта. Вянок ад грамадскасці, ад мэра… Рэчы. Пахавалі іх на алеі Герояў, дзе «афганскія» хлопчыкі ляжаць… цяпер і «чачэнскія»… На могілках у нас дзве алеі — алея Герояў і яшчэ адна — людзі яе называюць алеяй бандытаў. Бандыты ваююць паміж сабой, страляюць трохі. Перабудова — перастрэлка. У бандытаў самыя лепшыя месцы на могілках. Труны з чырвонага дрэва, інкруставаныя пад золата, з электроннай лядоўняй. Не помнікі, а курганы славы. Героям помнікі ставіць дзяржава. Салдацкія — ну, сціплыя помнікі. І тое не ўсім. Кантрактнікам — адмовілі. Ведаю, што адна маці пайшла ў ваенкамат, ёй адмовілі: «Твой сын за грошы ваяваў». Мая Алеська… яна ляжыць асобна ад усіх, яна ж проста самазабойца… У-у-у… (Не можа гаварыць.) Нашая Настачка… Пенсію за маму ёй прызначылі паўтары тысячы рублёў — пяцьдзясят даляраў у месяц. Дзе праўда? Справядлівасць? Пенсія маленькая, бо ейная мама — не герой! Вось калі б мама забіла кагосьці, узарвала гранатай… А мама забіла самую сябе, больш нікога яна не забіла… Не герой! Як гэта растлумачыць дзіцяці? Што я ёй скажу? У адной газеце працытавалі быццам бы Алесьчыны словы: «Маёй дачцэ не будзе сорамна за мяне…» Першыя дні пасля пахавання… Настачка сядзела нібы адсутная, быццам яе няма ці яна не ведае, дзе яна знаходзіцца. Ніхто не мог наважыцца… Гэта я ёй сказала: «Алеські… матулі тваёй няма…» Яна стаяла і нібы не чула мяне, я плакала, а яна не плакала. І пасля… я згадаю што-небудзь пра Алеську… а яна нібыта не чуе. Доўга так працягвалася, мяне гэта нават пачало злаваць. Вадзіла яе да псіхолага. Сказалі: нармальнае дзіця, але моцна ўзрушанае. Былі мы і ў ейнага таты. Пытаюся ў яго: «Ты забіраеш дзіця?» — «А куды я яе забяру?» У яго ўжо там, у другой сям’і, дзіця. «Тады адмаўляйся». — «Як гэта? А раптам мне ў старасці нешта трэба будзе. Капейка якая…» Такі ў нас татачка… Дапамогі нам ад яго няма. Адны Алесьчыны сябры наведваюць… У дзень нараджэння Настачкі заўсёды збяруць і прынясуць крыху грошай. Камп’ютар купілі. Сябры памятаюць.

Доўга я чакала званка. Атрад вярнуўся — і камандзір, і тыя хлопцы, з кім яна там была. Патэлефануюць… Абавязкова! Маўчыць тэлефон… І я сама пачала шукаць прозвішчы, нумары тэлефонаў. Камандзір атрада Клімкін… Прачытала ў газеце ягонае прозвішча. Усе! Усе газеты пра іх пісалі — рускія волаты! Разанскія віцязі. І нават у адной газеце быў ягоны артыкульчык, што ён дзякуе атраду за добрую службу. Выканалі, маўляў, абавязак з гонарам… Яшчэ і з гонарам… Тэлефаную ў аддзел міліцыі, дзе ён працуе: «Запрасіце, калі ласка, маёра Клімкіна» — «Хто яго пытаецца?» — «Людміла Васільеўна Нікалаева… маці Алесі Нікалаевай…» — «Няма на месцы». — «Заняты». — «У ад’ездзе». Ты камандзір… Ты сам прыйдзі да маці і раскажы, як там было. Суцеш. Падзякуй. Я так разумею… (Плача.) Плачу, але слёзы мае злосныя… Я Алеську не пускала, прасіла не ехаць, а мая мама: «Калі трэба, няхай едзе». Трэба! Я цяпер ненавіджу гэтае слова! Ужо я не тая… А за што мне Радзіму любіць? Нам абяцалі, што дэмакратыя — гэта калі ўсім добра. Усюды справядліва. Сумленна. Падман усё гэта… Чалавек — пыл… пылінка… Адно, што цяпер у крамах усяго поўна. Бяры! Бяры! Пры сацыялізме гэтага не было. Вядома, я — простая савецкая жанчына… Ніхто мяне ўжо не слухае, таму што грошай у мяне няма. Былі б грошы — іншая размова. Яны б мяне баяліся… начальнічкі… Цяпер грошы кіруюць… Алеська з’язджала… Цешылася: «Разам з Кормчай едзем». Яны ўдзвюх былі, дзве жанчыны ў атрадзе. Вольга Кормчая… Я яе бачыла на вакзале, калі развітваліся. «Гэта — мая мама», — сказала Алеська. Быў момант на праводзінах… Можа быць, цяпер я гэтаму надаю значэнне. Пасля ўсяго. Аўтобусы вось-вось крануцца… Зайгралі гімн — усе заплакалі. Я стаяла з аднаго боку і чамусьці перайшла на іншы, нешта Алеська мне праз акно крыкнула, і я зразумела яе так, што яны будуць паварочваць. І я перабегла, каб яшчэ раз яе ўбачыць. Памахаць рукой. А яны паехалі наўпрост, і я яе не ўбачыла. Зашчымела сэрца. Ручка ад сумкі ў яе адарвалася ў апошні момант… Можа быць, гэта я цяпер так сябе накручваю… Крывіначка мая… (Плача.) Знайшла па даведцы тэлефон Кормчай… Тэлефаную: «Я — мама Алесі… Хачу з вамі сустрэцца». Яна доўга маўчала, а потым нават з нейкай крыўдай, з нейкай злосцю: «Я столькі перажыла… Калі вы ўсе адчэпіцеся ад мяне!» Паклала трубку. Другі раз тэлефаную: «Прашу! Мне трэба ведаць… Малю!»… Да тэлефона падышла ейная мама: «Дачкі няма дома. З’ехала ў Чачню». Зноў! У Чачню?! Разумееце, і на вайне нехта можа добра ўладкавацца. Каму як пашанцуе… Чалавек пра смерць не думае, памерці сёння страшна, а калі-небудзь — нічога. Усе яны за тыя паўгода, што там былі, атрымалі па шэсцьдзясят тысяч рублёў. На патрыманы аўтамабіль хопіць. Ну і заробак захаваўся. А Алеська ўзяла перад ад’ездам у крэдыт пральную машыну… мабільнік… «Прыеду і павыплочваю», — казала. Цяпер нам плаціць. З чаго? Прыходзяць квітанцыі… складаем… У Настачкі старыя красоўкі, яны ёй маленькія, вернецца са школы і плача, пальчыкі баляць. Складаем, складаем з мамай свае пенсіі, грошы лічым, лічым, і нічога да канца месяца не застаецца. А мёртвага не дагукаешся…

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название