З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Невядомыя строфы Пушкіна...
А на папялішчы купалаўскай хаты —
Яго жалейка...
Нічога дзіўнага!
Каму невядома, што яны жывуць
I твораць вечна!
У АКУЛІСТА
Чакаю ў прыёмнай Акуліста.
Чытаю пра розныя хваробы,
Якія пагражаюць чалавеку,
I як ад ix ратавацца.
I дзіўлюся, што забылі
Пра самую небяспечную хваробу —
Пра слепату
Ад славы ці ўлады.
Можа, таму, што яна амаль
Не паддаецца лячэнню.
1989 год. Леў яшчэ жыў, працаваў, сціпла падзяляў з народам усе яго беды-нягоды, a порсткія «адраджэнскія» вослікі бяздумна падбрыквалі вакол яго, падкідалі яму абразлівыя пісьмы. Такое — прароку ў сваёй айчыне... Праўда, дагэтуль адны вослікі проста стаміліся, змоўклі, а да іншых i сталасць прыйшла, цвярозае апамятанне.
А ён i далей усталёўваецца ў нашу народную вечнасць.
* * *
Дурань сам па сабе не такі i страшны, калі падумаць, колькі дурняў, за якімі агромністая сіла ўлады, на якую ён, кожны ўсеўладны дурань, апіраецца.
* * *
Галоўны на ўрачыстым вечары выступіў па-беларуску, зрэдку заглядваючы ў паперыну. А потым, у тэлеперадачы, вядучым было сказана, што выступіў ён «на втором государственном языке».
* * *
Без пары спалавелае ад штодзённай спякоты поле аўса. Пад самае ранне — нарэшце!—хоць трохі пацерушыўся нейкі міжвольны дождж.
Ідучы пакропленым пылам прылясной дарогі, прыемна думаецца, як гэта на кожную гронку, на кожнае звіслае зярнятка i востры лісток-тыркун прыйшлося хоць па кропельцы.
I мне таксама дыхаецца лягчэй. Бо неба яшчэ ўсё прыхмаранае.
* * *
У паўдзённай лёгкай прахалодзе сяджу на лаве за доўгім сталом. Нада мною высозны, агромністы шацёр густой лістоты, а побач шурпаты, аднаму не абняць, ствол красуні ліпы. Далей умывальнік, белая пластмасавая бочачка з накрытай свежай вадой. За ёю — карэла-тоўстая, тым часам i старая ўжо сліва, за якою тое, на што я гляджу, метраў за дзесяць. Гэта цымантовы круг, які аказаўся лішнім, калі капалі калодзеж: вада пайшла раней, чым меркавалася. Дно круга пазней зацымантавалі, i гадоў блізу пятнаццаць маем вялікую бочку на ацяпленне вады на сонцы, для вячэрняга паліву агарода.
А гаворка пра ўсё гэта па той, няхай сабе i дробязнай, але ж i незвычайнай, прыемнай прычыне, што на край гэтай поўненькай бочкі раптам сеўпрысеў не хто-небудзь, а дзяцел!.. Калісьці я з гэтай самай застольнай лавы назіраў, як падобны прыгажун на градцы каля сцяны дома зладзейкавата кляваў клубніцы. А цяпер другі нечаканы госць у чырвонай шапачцы прысеў на тоўстым канце бочкі, спачатку клюнуў глыткоў з дзесятак вады, а потым вырашыў i купнуцца. Вядома ж, не нырнуў качкай у дно, а разпоразу злёгку штурхаўся дзюбай у ваду, то трапечучы крыльцамі, то пашчыпваючы пер'e на валляку i вакол яго, аднак не ахкаў, як гэта рабіў бы ад асалоды чалавек, a зноў i зноў моўчкі тыцкаўся ў цёплую ваду, усмак наталяючыся раскошай.
З-за ствала слівы калодзежны круг бачыўся мне напалавіну, i дзяцел то паказваўся на ім, то знікаў, а ўжо на заканчэнне любаты нібы знарок адкрыўся са сваёй шапачнай чырванню ўвесь. Не надоўга, бо пырхнуў на яблыню, нават здалося — дзюбнуў у бліжэйшую стромую галіну, як быццам выпрабоўваючы сілу, якое пэўна ж пабольшала.
* * *
«Выпад у свет» быў бы яшчэ весялейшы, каб не агідна-сцішнаваты смог у дзесяць — дванаццаць гаДзін зноў жа сонечнага дня, i ў Міры, i ў дарозе, лесам i сярод палёў, на якіх ужо, хоць i зарана, капаюць бульбу.
A дыміць, нібы прачнуўшыся, каб далучыцца да небяспечнай «моды», былы торфазавод Міранка, хоць там, як кажуць, хто ведае або толькі чуў, торфу (тарпы па-мясцоваму) зусім ужо няма, вычарпалі да дна i «канавай абкружылі тое балота». А вось жа дыміць, дыміць...
Дапісваю пазней:
Пазаўчарашні смог, пра што сусед удакладніў у Беражне, не ад былога торфазавода: гэта за Нёманам — во дажыліся!— гарэлі лугі, ажно стаўбцоўскім пажарнікам прыйшлося добра, доўга папрацаваць...
* * *
Прагноз ізноў на сухую сонечнасць, а на тэрмометры сёння, каля сямі гадзін раніцы — пяць градусаў.
Сыплюцца яблыкі, сыплецца лісце, буслоў ужо не відаць, не чуваць. Толькі жоравы абжальваюць занёманскім пераклікам заўчаснае заканчэнне лета.
Эсэ
Тры вузлы
«Вучыўся, настаўнічаў, дзве вайны перажыў, знёс клопату i трывог, голаду i холаду, меў назаўсёды не адну страту, перажыў жахлівыя трагедыі».
Аўтабіяграфія ў адным сказе. У пэўнай меры, якую вызначае сталая сціпласць, ён, гэты жыццяпіс, расшыфроўваецца ў кнігах Фёдара Янкоўскага, вучонага i пісьменніка.
Калі пра дзве вайны, дык гэта саракаградусныя маразы на фінскай, цяжкае ранение, бясконцыя дні i ночы ў шпіталях; потым Вялікая Айчынная, спачатку падпольшчык, тады камандзір разведкі, які падняцца ў сядло самастойна яшчэ ўсё не вельмі мог.
Мне даводзілася бываць з Фёдарам Міхайлавічам у тых мясцінах, дзе ён партызаніў,— паўночнае наваколле Мінска i Радашкавіч,— я чуў, што i як людзі гаварылі пра яго разумную чалавечнасць i ў маладосці, назіраў, як спакойна i радасна ён сустракаўся з тымі мужчынамі, жанчынамі, якіх на ўсё жыццё запомніў некрыклівымі патрыётамі. «Спакойна» — гэта сказалася не зусім дакладна: праўда, спакойна ў тым сэнсе, што табе няма чаго саромецца мінулага, аднак спакой толькі знешні, бо ў ім затоена i шчаслівае, i журботнае хваляванне.
Страты, трагедыі... Было з найбліжэйшымі. Было, вельмі многа было перажыта ў баях, франтавых i партызанскіх, убачана, адчута i ў руінах шматпакутнага, няскоранага Мінска, i на крывавых папялішчах родных вёсак.
Ну, а вучоба, вясковае настаўніцтва, зноў вучоба, інстытуцкае выкладанне, навуковыя пошукі — гэта вялікі i змястоўны шлях ад буквара ў палескай школцы да цэлай бібліятэкі ўласных прац мовазнаўцы з айчынным i міжнародным признанием, з мноствам падрыхтаваных ім настаўнікаў роднай мовы. Усё жыццё настаўнік. Святая праца i літаратараў, пачынаючы ад Цёткі, Коласа, Гарэцкага...
З ранняга вясковага юнацтва, з адвароту лістка ў насценным адрыўным календары запомніліся мне словы Меражкоўскага, якія працытую з памяці:
Дагэтуль адны многа ведалі, але мала любілі, другія многа любілі, але мала ведалі, i толькі той, хто будзе многа любіць i многа ведаць, зможа зрабіць нямала.
Іменна такі ён, Фёдар Янкоўскі, мужны i верны ахоўнік свяшчэннага агню роднай мовы, яе высокай народнай культуры i несмяротнай красы.
Дастойны працяг, шчодрае дапаўненне навуковай дзейнасці прафесара Янкоўскага — кнігі яго мастацкай прозы, глыбінна-простая мудрасць i майстэрская адточанасць лірычных запісаў i эсэ.
Сямідзесяцігоддзе нашага таварыша хораша ўшанавана выданнем кнігі «З нялёгкіх дарог». Гэта яго найдаражэйшае, што выбрана самапатрабавальным аўтарам з некалькіх папярэдніх зборнікаў. Можна дадаць — гэта яшчэ i тое, што не толькі добра чытаецца, але i перачытваецца як жывое, ад чулага сэрца i сталага розуму.