З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Над старонкамі Міхасёвага аднатомніка, які ўранні гартаю перад вячэрнім выступлением, успамінаецца Рыгор Раманавіч Шырма, пра якога i я гаварыў нядаўна на святкаванні яго юбілею ў сціплай утульнасці кінатэатра «Змена». Перачытаў i ўступны артикул Адамовіча, можа, больш чым у іншых выпадках у Алеся разумны i востры.
Нібы нават убачылася, як усе яны, натуральна аддаляючыся, кожны з часам свайго адыходу,— Шырма, Стральцоў, Адамовіч,— усталёўваюцца ў нашай народнай гісторыі, у няспешнай чарзе за іншымі, несакрушальна абарончымі вежамі, нязгаснымі маякам! i, як сказала ў сваім нядаўнім газетным выступленні таленавіта-ціхая Марыя Вайцяшонак, нашымі храмамі, «которые видны из многих точек света».
* * *
У рэдакцыі — чалавек некалькі нашых, старэйшых i маладых. У гутарцы дайшло да тэмы п'янства. I я, між іншым, сказаў, што ніколі адзін не піў i не п'ю. А дома прыпомнілася, як зімою на пачатку 1962-га, калі я жыў падоўгу ў вёсцы, у брата Міхася, працуючы над «Птушкамі i гнёздамі», паехаў з братам у Карэлічы, дзе ён працаваў, вяртаўся без яго, раней, у кузаве грузавіка семнаццаць кіламетраў, у сцюжны мароз, проста ацэпшы, адубеўшы.
— Лячы мяне! — папрасіў братавуху.— Што ў цябе ёсць?
— Капуста ў печы...
— О! А сала, цыбуля? I чарка, можа, знойдзецца?
Перад лустаю хлеба, скрылямі сала i цыбулінай, перад місай гарачай капусты (успомнім Пушкіна: «Да щей горшок, да сам большой!») я кульнуў гранёную чарыцу самагону, горача, смачна, напоўніцу закусіў, а тады падаўся на вялікую, яшчэ не астылую печ i, у смак адляжаўшыся, не прастудзіўся.
Такое вось выключэнне.
* * *
У чарговым «Arche» — «Скарына» — інтэрв'ю Сямёна Букчына з Яновічам, дзе Сакратавы Крынкі параўноўваюцца то з Фолкнеравай сядзібай Ёкнапатофем, то з талстоўскай Яснай Палянай...
Можа, яшчэ б якую парачку падобных мясцін — для весялейшага падтэксту? Ці хопіць i так?..
* * *
Выйшаўшы з падземнага перахода, ад станцыі метро, на шырокай i чыстай ад снегу панелі апынуўся ў рэдкім, рухавым натоўпе. Іду паволі, разглядаюся i — дзіўнае, небывалае адчуванне — не бачу нікога, з кім быў знаёмы або сябраваў, чым нейчы воблік запомніўся.
Так не будзе калісьці, для кагосьці i мяне самога.
Хоць людзей i не паменшае.
* * *
Васіль Зуёнак, якому я падпісаў свой «кнігазбораўскі» том, пры наступнай сустрэчы нават ухвальна здзівіўся: «А колькі ж вы ўсяго запомнілі!..» Не хапіла духу адказаць: «А колькі ж я дадаў героям ды сітуацыям выдумкі, свайго!» Бо ёсць жа гэта, дый нямала, i ў гэтым ужо мая патаемная радасць: пападаць у тон, прыдумляць адпаведнае.
А гаварылася пра «Ніжнія Байдуны».
* * *
Некралогі ў «ЛіМе» ідуць звычайна на перадапошняй старонцы. Бывае часамі, што адразу адгортваеш іменна там i адчуваеш палёгку, калі няма партрэціка i чорнай рамкі. А то ўсё часцей нечаканае, ажно i ахнеш.
Пазаўчора — Пятро Васілеўскі. Адразу пазваніў ягонай Галі, i яна мне няспешна, стрымана расказала пра ўсё. Упершыню... а можа, i не ўпершыню, але не з такой дарэчнасцю пачуў, што пасля франтавога ранения ў 1941-м ён дыхаў толькі правым лёгкім. А цяпер гэтае адно, нармальнае лёгкае атакавалі метастазы. У свой апошні дзень ён папрасіў Галю нікуды не ісці, a прысесці побач i падаць яму руку. Апошнія словы: «Як цяжка паміраць!..» А потым парыў, спроба яшчэ сказаць, можа, i найважнейшае, аднак гэта было ўжо штосьці зусім невыразнае...
Калі ў Пятра з'явілася сівая бародка без вусоў, я пачаў называць яго Аксакавым, памятаючы змалку любімага Сяргея Цімафеевіча, аўтара «Дзіцячых гадоў Багрова-ўнука». Мы сустракаліся заўсёды весела. Аляксандр Твардоўскі, з якім Пятро быў даволі блізка знаёмы, называў яго i па «отчеству» i па «Капітанскай дачцэ» Савельічам. У ix былі доўгія, далёкія праходкі ў кактэбельскіх гарах, многа перагаварылі. Праўда, калі мы з «Аксакавым» пазней, у Дубултах, нечакана сустрэліся з Марыяй Іларыёнаўнай Твардоўскай, ён прыкметна збянтэжыўся: відаць, было за што крыху саромецца разумна-строгай удавы вялікага паэта, якая з паслядоўнай мужнасцю ахоўвала цвярозасць свайго Сашы... Пятро мне i пра гэта потым расказаў, спачатку пагаварыўшы з Твардоўскай. Ён быў выдатным субяседнікам, я гэта ведаю па нашых з ім частых i доўгіх праходках, толькі ўдвух, у лясных Каралішчавічах, у прыморскіх Дубултах, яшчэ сям-там, на мінскіх сустрэчах i ў перазвонах. Наогул — слаўны таварыш, разумна глыбейшы, чым на першы ці толькі знешні пагляд, чым у сваёй прозе i кінадраматургіі,— скажам яшчэ i такое, памятаючы ягоную шчырасць ды сціпласць у самаацэнках. З удзячнасцю памятаю ягоную ўвагу да маіх «лірычных запісаў», крыху чытаў такое i ў яго. Хацелася б пачытаць i больш, усё...
* * *
Коля Марцюк зрабіў мне ў Вобрыне партызанскае сядло, я напісаў пазалетась пра гэтую ўдзячнасць. А наган даў мне Іван Смалянка, па-вясковаму Евін, у Маласельцах. Навёў мяне на яго мой старэйшы брат Коля, выдаўшы сябраву таямніцу. Ціхманы, дабрадушны Іван не стаў адмаўляцца, сказаў мне пачакаць яго ў сенцах, а сам унёс аднекуль з двара абматаную анучай цяжкаватую гамоліну i ацішана прагудзеў:
— Ванячко, каб другому каму — не даў бы... Гадоў праз трыццаць пазней я папракнуў яго,
чаму, бываючы ў Мінску, у дзяцей, не зойдзе i да мяне, як бывала раней, а ён пачаў апраўдвацца:
— Забыўсё, Ванячко, твой домер нома...
У іхняй вёсцы пра Беларусь можна пачуць Бералусь, пра Лаўрына Раўлын, пра Рап'ёва Япрова... Цьмяна помніцца, што Федзя Янкоўскі неяк мне гэта растлумачваў па-навуковаму.
* * *
Не па выбару, а каму як ад роду прыйшлося, жывуць людзі ў прыгожых i яшчэ прыгажэйшых мясцінах, прылясных, надрэчных закутках роднай зямлі. У нялёгкім, шчаслівым клопаце гадуюць дзяцей, змалку да старасці многа працуюць, спакваля співаюцца, ашваркам дошкі па галаве сын б'е бацьку, потым вешаецца ў непадасланым хляве, а тата плача па сыне i апускаецца яшчэ ніжэй, а потым памірае...
Адзіная навіна, што нядаўна прыйшла мне адтуль,— пахавалі панурага Яся, апошняга на ўвесь пасёлачак мужчыну. Прыбыло на яшчэ адну не вельмі старую ўдаву, не горшую за ўсіх работніцу i гультайку, пляткарку ды зводніцу, аматарку засветных тэлесерыялаў, якая i чалавеку свайму не давала патолі за п'янку, i сыну, хоць i сама, як кажуць, цягне дый не надта моршчыцца.
А рака — памяццю мне па даўняй прывычцы бачыцца— усё цячэ, плыве нястомніца, дрэвы на высокім беразе то зелянеюць моўчыкам, то, як прачнуўшыся, i пашумяць. I беражанкі ўсё шыбуюць заклапочана над люстрана-гладкай вадою, раз-поразу залятаюць, утыкаюцца ў бязлікія норкі на крутым, слаёна ды зрэдку, ад каранішчаў вісюча-касматым, адкрытым абрыве бёрага, то зноў улегцы вылятаюць адтуль то ў нізкі, то ў вышэйшы паляўнічы палёт бясконцай бацькоўскай руплівасці.
A ціха-імклівыя, светлыя, востра-доўгія чаўнакі байдарак з аголена загарэлай турысцкай або канікульнай моладдзю розных узростаў плывуць апяяна быстрай ракою, ажыўляючы, дзякуй ім, пераклікам ды смехам спрадвечную цішыню гэтых чароўных мясцін. I зноў ды зноў іншыя людзі ўдзячна здзіўляюцца, як тут прыгожа, а яшчэ ж, відаць, i шчасліва, як падумае нехта, жывуць у такой летуценнай красе...
* * *
Прыстойна выдадзены таміна «Новай зямлі» на трох мовах. Зачапіўся за польскі пераклад захопленаэнергічнага Чэслава Сэнюха, дачытаў усё тое, чаго ён мне, асабліва пад канец работы, не дасылаў на сяброўскі суд,— i трэба прыемна сказаць, што дачытаў з неаслабнай цікавасцю. Пераклад атрымаўся добры, месцамі я ўсміхаўся ад задавальнення, нібы нанова ўбачыўшы наш нацыянальны скарб. Для «очистки совести» выбарачна прачытаў некалькі раздзелаў рускага перакладу. Усё ж такі Ісакоўскі, Гарадзецкі i менш вядомы мне Сямынін, усё ж такі іхняя сяброўская павага да аўтара. Пераклад дзе «терпимый», а дзе i добры. Прыкра за рэдакцыйна-цэнзурныя купюры палітычнага характару (то рэлігійнае, то некалгасна-сялянскае), як торкая памятка былога,— год выдання 1949-ы,— больш за тысячу радкоў шкодна забранага ў рускамоўнага чытача...