З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
* * *
Прыбалтыйскія чайкі. Бела-шэрыя, трошкі чорнага, кроплямі. Спецыяльна тоненькія чырвоныя ножкі, як цацачныя. А ступаюць па мокрым пляжным пяску па-спацырнаму важна.
* * *
У блакноце з канца шасцідзесятых гадоў:
«Засталіся ў калгасе адны дзяды, як недагараныя карчы».
А цяпер ужо, здаецца, толькі адны бабулі — лічаныя...
* * *
«Старое — як малое». Пра здзяцінеласць. Аднак не крыўдна, няхай сабе i з паблажлівасцю, але ж i з цяпельцам у падтэксце. Калі пра роднага ды ў разумнай сям'i.
* * *
Унучка на чацвёртым годзе:
— Гуляць мы, дзеду, пойдзем з табою, калі сонейка нагрэе ветрык.
* * *
Маці — вобраз святы. Але ж з яе бывае таксама мачаха, якая ненавідзіць не сваё дзіця. Тут ужо не да святасці.
* * *
У штотыднёвай радыёперадачы «Спадчына», амаль заўсёды прыемна змястоўнай, фалькларыстка Таццяна Валодзіна зацікавіла апавяданнем пра даўняе павер'е, што бытуе на Палессі. Калі памрэ гаспадар, душа яго знаходзіцца ў смецці сорак дзён нямеценай хаты, а таксама i ў веніку, якім столькі ж часу не карыстаюцца.
I для ўсмешкі яно, i для роздуму.
* * *
Нібыта па народнай мудрасці: «Трэба жыць як набяжыць», зранку ўзяўся за вершы Пісьмянкова ў яго прыгожа выдадзенай кнізе «Я не памру, пакуль люблю», якую ён падараваў мне днямі. I па-сапраўднаму зачытаўся. Шчаслівае спалучэнне пачуцця i думкі, сардэчная шчырасць, чыстая апрацоўка. Па звычаю, чытаючы вершы, асцярожным алоўкам стаўлю «плюсы» там, дзе трэба, а тут гэтых «плюсаў» столькі найшло, што захацелася пазваніць Алесю.
* * *
У «Куфэрку Віленшчыны» — пра «кушлянскага рупліўца» Міхала Ляпеху, ахоўніка Багушэвічавай сядзібы. З гэтым «нізавым патрыётам» я калісьці выпадкова сустрэўся ў вестыбюлі Дома літаратара, нехта нас пазнаёміў, i сухарлявы, высокі дзядок на дзевятым дзесятку весела нагаварыў мне пра Пятра Барана, майго таварыша па войску i палоне,— як той, таксама дасціпны смаргонскі каваль, прыязна мяне ўспамінае...
Прыемна гэта, такія дакрананні душамі з цікавымі людзьмі.
* * *
У дыярыушы Пачобута-Адланіцкага, аднаго з «нашых» магнатаў у эпоху Вялікага княства Літоўскага, пра Бога гаворыцца i паўтараецца, што ён «Пан над Панамі» — i ў другім выпадку з вялікай літары, зусім феадальна.
* * *
Памёр Астаф'еў. Сёння недзе ў далёкай Краснаяршчыне, у роднай вёсцы Аўсянка, будуць яго хаваць.
A пазаўчора ўвечары мы з жонкай бралі па тэлевізары то «Сегодня», то «Вести», то «Время», што дзе было пра яго, хоць патроху, а потым значна больш i шло па канале «Культура», доўгае інтэрв'ю ў пустым салоне турысцкага карабля, у дзевяноста трэцім. Бачачы, чуючы яго, успамінаў нашы рэдкія сустрэчы: у дарозе на Магілёў, зімою семдзесят пятага, з песнямі ў аўтобусе, у Маскве разоў некалькі, a найдаўжэй у шаўчэнкаўскім падарожжы па Дняпры, у маі восемдзесят дзевятага, таксама ўжо даўно...
Далучаешся душой да агульнага, урачыста-жалобнага, а разам з тым, міжвольна, вытыркаецца ў памяці i сваё. Я паслаў яму «Неман» з «Муштуком i папкай» па-руску, а ён мне не адказаў. I думай як хочаш: ці гэта пошта падвяла, i тады ўжо, у дзевяноста першым, бязладная, ці нешта іншае, на чым прыкра спыняцца... Бо i сустрэліся мы на цеплаходзе з сяброўскімі абдымкамі, якімі ён мяне апярэдзіў, i доўга, шчыра пагаварылі ў Каневе, на гары Чарнечай, адзінока чакаючы ў няньку, пакуль людзі даўжэзным натоўпам паднімуцца на свята пехатою, бо нас з Віктарам Пятровічам, як старых слабакоў, уважлівыя гаспадары паднялі з нізіны на легкавіку.
...На вячэрнім тэлеэкране — яго вясковае пахаванне. Калі запрацавалі рыдлёўкі, пасыпаўся першы пясок — так далека, а сэрца кранула зблізку, да слёз.
I такое ў далейшым сумна-высокім настроі: ён спыніўся, застаўшыся Словам, а нам яшчэ трэба ісці, да новага распараджэння.
* * *
Дакументальныя тэлефільмы, адзін за адным, пра двух жывых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.
Працаўнік Салжаніцын. Заслужаныя слава i дастатак, прысмак апальнасці i глыбокая старасць. Яна была асабліва выразна відаць, калі ён, па просьбе нябачнага аператара, праходжваўся па вузкай, доўгай верандзе, на цёмным фоне недалёкага лесу, снежнага цаліку на зямлі i гульні сняжынак у паветры. Разоў некалькі няспешна праснаваў туды i назад, асцярожна пахістваючыся, з кіёчкам, барадою i шапкай падобны на «яснополянского старца».
Гаварун Гарбачоў. Найбольшай пашаны варты за тое, чаго не зрабіў, з трона сышоўшы без крыві, можа, нават i мудра «смирив гордыню»...
* * *
...А мне адраджацца не трэба, беларусам я нарадзіўся даўно, у раннім вясковым юнацтве. Няма i патрэбы хваліцца тым, што ад пачатку i назаўсёды тваё.
* * *
Каторы ўжо нумар чытанне «Полымя» пачынаем з дзённіка Дубянецкага. Мяркую па сабе i па сябрах. I чалавек гэты, значны i пры жыцці, яшчэ прыгажэй раскрываецца сёння. I час, які ён так рупліва апісвае, васьмідзесятыя гады, бачыцца пагістарычнаму праўдзіва, шырэй за справы толькі выдавецкія, i незабыўныя чыноўнікі, што кожны пасвойму тармазілі прагрэс, дзейнічаюць у летапісца Міхася на цэкоўскіх ды камітэцкіх падмостках з жывой тэатральнай пацешнасцю.
* * *
Светлая, мужная жанчына, знаёмая выкладчыца адной з нашых тэхнічных ВНУ, у тэлефоннай гутарцы, калі я спытаўся, як жа ёй працуецца, падаючы маладым вышэйшую матэматыку — па сваёй волі i настаянні — па-беларуску, з вясёлай... лепш — радаснай шчырасцю расказала, як прыкметна апошнім часам расце ў студэнтаў свабодная цяга да роднай мовы.
* * *
У снежаньскім «Полымі» — грунтоўны артыкул Серафіма Андраюка пра нашу прозу з палавіны шасцідзесятых гадоў да палавіны васьмідзесятых. I такое вось — упершыню, ажно захацелася выпісаць: «Падтрымка ў друку ці ў вусных выступлениях таленавітых маладзейшых празаікаў была арганічнай рысай чалавечых i мастакоўскіх паводзінаў старэйшых калег па цэху. Вядома, як падтрымлівалі...»
Называюцца імёны. Добра ўбачыць i сябе ў тым пераліку.
Дзве тысячы другі
Студзень — жнівень
Зноў успомнілася наша атака на Мэхэлінкі 13 верасня ў 39-м, раннім i хмарным прыморскім ранкам. Двое нядошла-старых кашубаў на затоена пустой вясковай вуліцы. Баба ў прыглушана-спалоханым пагалошванні. У дзеда рабочая куртка з правага боку грудзей прарвана клінам, як мне здалося, ад шальное кулі ззаду. I задыханыя словы на польска-нямецкай трасянцы:
— A oni durch strzylają, durch strzylają!.. [1]
Бездапаможнае чалавечае нараканне. Я ўбачыў i пачуў гэта, подбегам пераходзячы забрукаваную вуліцу, услед за першым нумарам кулямётнага разліку, пад цяжарам пяцідзесяці трох кілаграмаў нерасчлянёнага «максіма», які, мяркуючы па выбітай на ім даце 1908, прайшоў i першую сусветную вайну. Не на колах ён, а з палазкамі, не пакоціш, а трэба цягнуць, паўзучы, або тарабаніць на гарбе, надзеўшы рамай на галаву.
Сустрэча тая сяды-тады пераклікаецца ў мяне з дурнымі кінабаевікамі ды рэкламнымі кадрамі ваяўнічых анонсаў на штовячэрнім тэлеэкране i з усім тым бязглузда крывавым, што адбываецца то далей, то бліжэй на Зямлі,— жахлівае durch, што азначае: усё, бясконца...
* * *
Шэсцьдзесят пяць Стральцову. Было б...
Нашы надзеі, нашы прароцтвы збываюцца,— зноў i зноў нас палоняць, хвалююць свежасць i краса, глыбіня i сіла мастацкага слова, радасна бачыцца яго пераможная хада ў будучыню, дзе забяспечана адпаведнае разумение i гордая пашана.