З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Наш малады гаспадар, прыехаўшы ад гарадской занятасці ды мітусні, прыняў да ведама такую значную навіну, зламаную фанерынку, пажартаваў з малечы, паабяцаўшы прывезці праз тыдзень фарбы, каб на новым паказальніку намаляваць яшчэ прыгажэйшае 27.
* * *
Ідучы з рэдакцыі на метро, а не пяшэчкам, як раней ішлося дахаты па парку, скардзіліся з сябрам на ногі, кожны на свае. I я расказаў, як у пачатку 1973-га на лясных, глыбокаснежных ваколіцах друскеніцкага санаторыя «Беларусь» я выходжваў штодня каля пяці гадзін — уранні, пасля абеду, увечары.
На ўступным медаглядзе трэба было падзьмуць у спецпрыладу для вымярэння аб'ёму грудзей. Ніяк не ўспомню назвы тое прылады, падобнай да высокай бляшанай банкі з накрыўкай. Сярэдняя колькасць адзінак вымярэння дыхання — 4500. Я столькі i выдзьмуў, без асаблівай натугі. А праз месяц, перад ад'ездам, зноў трэба было падзьмуць. I дзьмухануў я так, што ажно покрыўка з тое прылады падскочыла i бразнулася аб падлогу, нават трохі пакаціўшыся, пакуль легчы. На здзіўленне пажылой медсястры,— больш за шэсць тысяч адзінак, на якія разлічаны той вымяральнік.
Такія ноті ды грудзі бываюць у свой час.
* * *
Пажылая мінчанка, што бярэ малако ў адной з намі гаспадыні, таксама дачніца, якая тут, у хутарскім пасёлку, зноў адчула сябе на зямлі-карміцельцы, адной раніцай, перад гаспадыняй i мною абуралася на каларадскіх жукоў, ад якіх няма «аніякага спасу», а другой раніцай павярнула сваё абурэнне на іншую поскудзь — крата.
— У мяне ён, сляпак гэты, усё перавашаваў, a ў суседкі каб што крануў! Не паверыце?
Мяне падкусіла ўлучыцца ў жаночы дыялог. Яны заклапочана гаварылі, стоячы пасярод двара, а я сядзеў каля сцяны, дзе гаспадыня кожнае ранне стаўляе нам белыя, поўныя слоікі.
— Яна ў вас ведае слова,— ca смакам падкрэсліў я чутае неаднойчы, яшчэ ў маленстве ў сваёй вёсцы.
Атрымалася!.. Абсяляненая мінчанка i ca мною згадзілася, i з гаспадыняй перайшла амаль на шэпт, пачала тлумачыць ёй штосьці адпаведнае пра суседку i не толькі... I я падаўся дахаты, каб не падумалі, чаго добрага, што падслухоўваю.
* * *
Снова в поле чистом кто-то стонет,
А над ним кружится воронье...
Никакая родина не стоит
Тех, кто умирает за нее.
В небесах высокая награда
Будет всем, кто до нее дорос.
Видит Бог, кому все это надо,—
Женщина не видит из-за слез.
Аўтарка — невядомая Іна Кабыш з Саратава, зборнік якой, «Место встречи», у бязмежнай Расіі выйшаў у колькасці пяцьсот экземпляраў.
Адразу ўспомніўся Блокаў «Коршун». Няма тут кнігі, каб яшчэ богведама каторы раз прачытаць той верш, услед за гэтым, толькі што,— якое шчаслівае «між іншым»! —прачытаным у «Литературной газете» за 5-11 чэрвеня.
...Доколе коршуну кружить?
Доколе матери тужить?
I гэтае:
Женщина не видит из-за слез.
* * *
«...Прыход любімага мною Янкі Брыля, Веры Палтаран...» Яшчэ кагосьці трэцяга, што я ці не дачуў, ці не запомніў. Прыемна, што i «любімага» i што названы з незабыўнай Верачкай.
Гэта — з пазаўчарашніх фрагментаў дзённіка Дубянецкага па радыё «Свабода»,— як мы заходзілі да яго, кожны па сабе, у розны час, пасля выхаду Міхася Фёдаравіча з бальніцы, вішнуючы з радасцю паправунку i вяртання на свой, як сёння бачна, нялёгкі, гераічны пост дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Успомніў свой, ужо i даўні, запіс, як я на Паўночных могілках ішоў да магілы свайго сябра з дзён вайны, Ціхана Дуднікава, i наткнуўся на пірамідку з прозвішчам — так запісаў — мілага Міхася Дубянецкага.
Так здарылася, што на пахаванні гэтых блізкіх мне людзей мне не прыйшлося быць. Кветкі раздзяліў на двух.
I такая ўзаемная пераклічка шчырых пачуццяў.
* * *
Такое майстэрства або мастацтва мае сваю назву, якую я, вядома ж, сустракаў, але не запомніў. Камбінацыя з малюнка i наклейвання знойдзеных птушыных пёркаў. Малюнак тут — толькі дробна-крапліста-шэры фон да пёрыстага букеціка. У тон усяму — рамачка, шкло і... думкі мае пра тое, як гэта шчыра, душэўна рабілася, i радасная ўдзячнасць да майстрыхі гэтага юбілейнага падарунка — мілай Ніны Мацяш, нашай пяшчотнай мужнасці, ініцыяламі якой i датай у куточку сціпла дапаўняецца твор.
* * *
Калі я выходзіў у дачнікі, вельмі няпроста, як аказалася, было знайсці печніка. Насваталі аднаго ў не надта далёкай вёсцы. Калі яму сказалі, каму гэта ён спатрэбіўся, пячнік-аматар ледзь не ўсклікнуў: «А, Брыль! Наш галоўны ілгун!» Пра яго ж гаварылі, што ён «нейкі баптыст, ці што», дый «паэт, вершыкі састаўляе». Калі мы пазнаёміліся, ён i паспрабаваў навязаць мне райска-пякельную спрэчку, i пазлаваўся, відаць, далека не ўпершыню на Жэню Янішчыц, якая напісала яму з «Маладосці», што. вершы яго друкаваць нельга. Грубку i пліту рабіць ён адмовіўся, ужо i не помню чаму. Неўзабаве знайшоўся іншы пячнік, таксама аматар, але ўжо не прапаведнік i не паэт, справа вырашылася належна. А неяк на юбілейна сямейным застоллі, тым часам ужо праз цэлых дзевятнаццаць гадоў, нам весела ўспомніўся той, першы, з ягоным «галоўны ілгун».
A ўчора — зноў. Мне аднаму. Чытаючы Танкаў верш «Дзівоснае здарэнне».
Пазайздросціўшы чалавечай дзятве, лясныя звяры i птушкі i сабе наладзілі, прыбралі навагоднюю ёлку.
...Такі пачаўся ў лесе карнавал,
Што нават я —
Вядомы балабон тутэйшы,
Які прысутнічаў
Пры гэтым выпадкова,
Слоў не знайду,
Каб гэта апісаць.
Учора я зранку ныў без працы, дачытваў абышто, a кніга вершаў усё чакала, пачаўшы з канца кастрычніка 1989 года (так у аўтографе), Максімава кніга, адна з апошніх пры жыцці, чакала, калі ж i я вазьму яе i спакваля, са старонкі на старонку панясу ізноў набыты, светлы сэнс існавання.
Яго натуральна вясёлая самаіронія, не толькі з «балабонам», адзнака сілы i ў старасці; яго бачанне красы роднай прыроды «У расе ззяе папараці парасон,/ Пад якім сушыць крылы свае махаон./ У зязюліным лёне да шышкі прьгаік/ Ап'янелы ад пахаў лясных баравік». Мудрасць ягоных мініяцюр хочацца цытаваць свабадней, не ў дужках:
МАЎЧАННЕ
Маўчанне
Ніколі не было
I не будзе золатам:
Яно — або
У шмат разоў даражэйшае,
Або — нічога не вартае.
ЗНОЙДЗЕНЫ...
Знойдзены:
Невядомая карціна Рафаэля...
Невядомая партытура Бетховена...