Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Праз завейную мітусню яна чула адгукалася на ўжо рэдкія агеньчыкі ў хатах. Агеньчыкі гэтыя трывожылі і вабілі яе: там, дзе яны бліскалі, мроілася Ганне жыццё, якога яна не ведала, не падобнае на яе. Там, з гэтымі агнямі, бег паўз яе свет, не толькі незнаёмы, але і ўтульны, поўны святла і цяпла. Свет, які ледзь адкрыўся ёй, дзякуючы Башлыкову. І які павінен быў вось-вось знікнуць.
Што іх чакае там, у полі? Сярод мяцеліцы, што разгульваецца. На самым выездзе з вуліцы, дзе блізка зашарэла шырокая рухомая роўнядзь, бліснуў яшчэ агеньчык, як апошні кліч. І яна раптам з тым імкненнем, якое ўскідвалася ў ёй умомант, схапіла Башлыкова за руку, за лейцы:
— Давайце заедзем!
Ён стрымаў каня. Азірнуўся на акно. Нейкі час глядзеў туды. Адарваў позірк, думаў, вагаўся.
— Дадому позно, — выказала нецярпліва яна. — Да й мяцеліца…
Ён без асаблівай ахвоты пад'ехаў бліжэй, сышоў з вазка. Пастукаў у акно, на якім ад святла з сярэдзіны паблісквалі марозныя ўзоры. Там, за марознай мярэжай, паявіўся цень. Прытуліўшыся да яго, Башлыкоў папрасіў:
— Выйдзіце на хвілінку.
Цень нейкі час яшчэ чарнеў на шыбе. Потым прапаў, у доме чулася нейкая гаворка. Нарэшце стукнулі дзверы недзе, потым рыпнулі веснічкі пры варотах. У іх акрэслілася цьмяная постаць, можна было вызначыць — мужчына ў кажуху.
— Хто тут? — У голасе дзядзькі чуліся цікаўнасць і неспакой. Але ён прыхоўваў іх, гаварыў спакойна, амаль абыякава.
— Мяцеліца разгульваецца, — сказаў Башлыкоў, здалося, яшчэ з нерашучасцю. — Ці не можна спыніцца ў вас, пакуль прыціхне?
Так, Ганна прыкмячала, Башлыкоў адчуваў сябе няёмка. Але можна было падумаць, няёмкасць гэта была да таго, што трэба прасіць, даваць людзям клопат. Бачачы, што дзядзька-гаспадар прыглядаецца да іх, ахвотна памагла Башлыкову:
— У Хвойнікі едзем. З Міхалак. У гасцях булі, дак от позно выбраліся.
Яна лёгка выдумляла, было весела ад таго, што яна вось лаўчэй за Башлыкова ўмее распарадзіцца ў бядзе. Як бы разумней за яго.
Дзядзька прыгледзеўся і адчыніў вароты. Заехалі, распраглі каня, паставілі ў хляве, далі з вазка сена. Разам з дзядзькам падаліся да ганка. Башлыкоў доўга абтрэсваў, абіваў снег на ганку, у сенцах.
Усе, хто быў у хаце, адразу з цікаўнасцю навастрыліся на іх. Былі тут немаладая, вясковага выгляду жанчына, што нешта латала, чарнявая, падобная на маці, дзяўчынка гадоў дванаццаці за сталом, з кніжкай.
Адзін хлопец, трохі меншы за дзяўчынку, стрыжаны, бялявы, сядзеў на палку пры печы. Двое ці трое зырылі з печы.
Ганна і Башлыкоў весела прывіталіся.
— Папрасілі ў гаспадара вашага дазволу перабыць ноч. Мяцеліца разгулялася… — сказаў Башлыкоў да гаспадыні, стараючыся трымацца проста.
— А чаго ж, пабудзьце, — адказала прыхільна жанчына. — Тут і заблудзіцца нядоўга. На рацэ і ўдзень, бувае, з дарогі збіваешся. Калі ў мяцеліцу бярэшся з таго боку…
Башлыкоў, бачыла Ганна, быў насцярожаны. Перахапіла, як ён востра зірнуў на гаспадара, нібы правяраў: ці не знаёмы той, ці не пазнаў, хто да яго ў госці. Хоць стараўся трымацца ўпэўнена, Ганна адзначыла, што ён стоена нацяты. Неспакойнаю была і яна. Нават пашкадавала раптам, што падбіла Башлыкова завярнуць сюды. У той момант здалася не так ужо і страшнаю ноч у полі.
Але змяняць позна было. Заехалі, дык заехалі, трэба прынараўлівацца да таго, што ёсць. Павяла бяседу, якую належала весці ў чужой хаце, каб паказаць сябе як гасцей найлепшым чынам. Як бы дзякавала за прытулак, паскардзілася: на вуліцы мяце — страх, холад бярэ, конь змарыўся. Упікнула сябе за неразумнасць: позна выбраліся, не паслухаліся добрых людзей, раілі ж пачакаць да раніцы. "Праўда, — разважыла з одумам, — хто ж тады знаў, што будзе так. Ціхо ж саўсім було!"
За гэтым узялася распытваць пра сям'ю. Перш пра дзяўчынку, што хілілася над сталом, — як завуць, як вучыцца, пахваліла: відно адразу, што старатлівая. Пацікавілася пра хлопца на прыпеку, пра тых, што зіркалі з печы. Башлыкоў гаварыў мала, Ганна проста падзівілася, да чаго ён няспрытны быў тут. Праўда, гаспадар трапіўся таксама не надта гаваркі, але ж няўжо не можна было яму, такому адукаванаму, разгаварыць дзядзьку. Маўчалі абодва, дымілі адно папяросамі.
Падобна было: Башлыкоў усё не мог прызвычаіцца да таго, што заехаў сюды. Папракае, пэўна, сябе, яе. Зазлавала раптам на яго, ну і хай, сам вінаваты ва ўсім! Сам выдумаў ехаць на ноч гледзячы! А мерзнуць у полі яна не будзе! Вялікая ахвота калець у полі такую ноч! Тут гаспадыня ў гаворцы, нібы знарок, назвала ёй Башлыкова: "ваш чалавек"! Ганна ад неспадзеўкі ледзь не выказала праўду, але ў час спахвацілася: паказала абыякавасцю, як бы даўно прывыкла да гэтага — яе "чалавек". Пазней ужо не вытрывала, хітравата бліснула на Башлыкова, затаіўшы смех: значыцца, ужо "чалавек і жонка"! Як ён да гэтага, неспадзяваны "чалавек"?
Гаспадыня перарвала гаворку, захадзілася: трэба ж даць павячэраць людзям з дарогі. Яна адразу папрасіла прабачыць, што жывуць бедна, ды і павячэралі ўжо, так што няхай госці не крыўдуюць. Башлыкоў адразу перастаў дыміць, устаў нават, цвёрда аб'явіў, што павячэралі зусім нядаўна таксама, заехалі ў сталовую. Ганна памагла яму. Але гаспадыня ведала закон, зрабіла сваё: паставіла міску з гуркамі, міску з капустай, нарэзала трохі хлеба. Ганна для прыліку ўзяла гурок, з'ела са скібачкай хлеба. Паспытала капусты, пахваліла ўсё, падзякавала. Следам за ёй пачаставаўся і яе "чалавек".
— Мы вам у баковачцы, — сказала раптам гаспадыня.
Ганна ад гэтай навіны стаілася. Мімаволі зірнула на Башлыкова.
Башлыкоў не паказаў неспакою. Ён ужо ўстаў з-за стала, намерыўся было, відаць, зноў задыміць, пацягнуўся ў кішэню за папяросамі. Пачуўшы словы гаспадыні, перахапіўшы Ганнін позірк, ён прамовіў паважна, стрымана:
— Не трэба. — Ён павёў вачыма па лаўках абапал стала. — Нам вось тут. На лаўках.
Гаспадыня разважыла па-свойму.
— Вы не думайце нічога, — супакоіла Башлыкова і Ганну. — Там — чысто.
— Я не пра тое, — заявіў Башлыкоў. Ён на момант запыніўся: што ж сказаць. — Што ж мы — прыехалі і адразу — высяляем гаспадароў.
— А нічого! — не адступала жанчына. — У нас такі парадак. "Госцю — гадзі", кажуць.
— "Госцю гадзі, да й сябе — глядзі!" — падхапіла, падтрымала Башлыкова Ганна.
— Глядзім, глядзім і сябе! — запэўніла гаспадыня. — На палку паспім. Пры цяпле. А вы не сумнявайцеся. Там — чысто. Добра будзе. Ідзіце, перадыхніце. Рано ж ехаць, да й дарога не блізкая.
— У вас і тут, на лаўках, добра, — паспрабавала адгаварыць гаспадыню Ганна. — Лепей не трэба!
Гаспадыня палічыла іх развагі, мабыць, за звычайную гаворку для прыліку. Загадаўшы малым спаць, запытаўшы старога, ці зачыніў вароты, параіла Башлыкову і Ганне:
— Лямпу вазьміце.
Спрачацца не мела толку. Ганна для прыліку сказала:
— Нічого. Так разбярэмся.
Праз адчыненыя дзверы Ганна ўжо разгледзела: баковачка была вузенькая, адразу за дзвярыма пры сцяне стаяў ложак, засланы даматканаю, у клетачку, коўдраю. Ганна, ідучы туды, пачула, як стала холадам поўніцца, калаціцца сэрца. Яснай, ліхаманкавай свядомасцю чула: гаспадары сочаць, чакаюць, стаяць, нельга, трэба ісці. З абыякавым выглядам рабіць усё, што належыць. Перамагаючы халадок у сэрцы, трывогу, зайшла ў баковачку і раптам зазлавала на сябе: чаго гэта яна так, бы на шыбеніцу! Адчула такі прыліў смеласці, хоць з гары галавой уніз. Рашучымі рухамі зняла валёнкі, скінула жакет, паклала на спінку ложка, каля акна. Мелькам адзначыла: акно зеленавата шарэла ад нейкага святла.
Не раздзяваючыся больш, адважна ўзняла коўдру, схавалася пад ёй.
Без трывогі слухала, як мерным крокам увайшоў Башлыкоў. Зачыніў дзверы. Упоцемку сеў на край ложка, пачакаўшы момант, нібы яшчэ падумаўшы, стаў шаргаць ботамі. Здымаў іх. Спачатку адзін, потым другі. Расперазаўся, зняў гімнасцёрку. Рабіў усё марудна, цяжка. Як бы раздумваў усё — рабіць не рабіць. Лёг, нарэшце.