-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 368
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Адсюль, ад гэтага, браў вытокі і другі важны вывад, які Башлыкоў выразна вычытваў у выступленні. Ён, Башлыкоў, не памыліўся, бачачы небяспечную шкоду ў Апейкавых павучаннях пра "псіхалогію" і нейкі спецыяльны падыход да селяніна. Вось тут, дзе Сталін успамінае пра Энгельса, пра розніцу між сялянамі на Захадзе і ў нас, ён жа фактычна высмейвае "мудрых падыходчыкаў". Ён жа фактычна строга судзіць апартунізм, міндальнічанне, спекуляцыю на "чуласці"! Па сутнасці, судзіць апейкаў і гайлісаў.

Зноў, як і ўчора, асабліва хвалявала і радавала тая частка прамовы Сталіна, дзе ён аб'яўляў аб пераходзе ад палітыкі абмежавання кулацтва як класа да раскулачвання. Башлыкоў яшчэ ўчора, адразу, асабліва адзначыў гэты факт як факт незвычайны, у поўным сэнсе — гістарычны. Сёння, цвярозым, праніклівым розумам, ён яшчэ мацней адчуў значэнне гэтага як аднаго з самых рашучых крокаў у рэвалюцыі на сяле. Тут Сталін, бачыў Башлыкоў, асабліва моцна біў па асцярожненькіх ціхаходах тыпу Апейкі, з асаблівай смеласцю зваў наперад. Башлыкова проста захаплялі цвёрдасць і рашучасць Сталіна.

У памяці між іншага мімаволі праходзілі глінішчанскі сход, гаворкі ў Куранях, і душу радавала прадчуванне блізкіх вялікіх падзей, рашучых дзеянняў. Ён усёй душой прагнуў гэтых рашучых дзеянняў. Так і трэба! Даволі слоў, асцярожнасці, міндальнічання!

Башлыкоў з захапленнем ухваліў, што пытанне пра тое, ці можна дапусціць раскулачванне, смешнае. Гэта пытанне могуць ставіць толькі недарэкі-бухарынцы ці падобныя ім недабіткі. Такога пытання няма і быць не можа ў сапраўднага бальшавіка! Башлыкоў зноў засмяяўся, калі прачытаў: "Зняўшы галаву, па валасах не плачуць!" Вельмі падабалася Башлыкову гэта ўменне Сталіна ў належны момант сцебануць слоўцам, прымаўкай. Тут яно здалося асабліва ўдалым.

Так, "па валасах не плачуць"! Наогул, плакаць нам — ні да чаго! Нам — калі што — то радавацца! Пачынаем рашуча брацца! Даём апошні бой кулацтву! Цвёрдасць, рашучасць Сталіна як бы перадаваліся Башлыкову, поўнілі яго ўпэўненасцю, імкненнем ісці, зрабіць усё, што належыць. Хоць зараз гатоў быў Башлыкоў зрабіць усё, што патрабавалі законы класавай барацьбы дзеля перамогі над апошнім, зацятым ворагам. Непахісна, бязлітасна.

Дачытаўшы, устаў, энергічна захадзіў. Зноў, як і ўчора, адчуў, што спаў з душы паганы цяжар. Было адчуванне радаснай палёгкі. Увесь поўніўся імклівай дужасцю. Здалося: пакуль чытаў, нібы падужэў.

Мераючы пакой, калі ішоў да стала, узняў позірк на партрэт: Сталін, стоячы ўрост, нібы глядзеў насустрач уважлівымі вачыма. Башлыкоў мімаволі спыніўся, прыгледзеўся. Глядзеў хвіліну з удзячнасцю, з павагай. Падумаў: якое ўменне бачыць углыб і вучыць нас бачыць! Так ясна бачыць, мабыць, толькі адзін ён умее.

Усё было добра відным. Ясным і простым. Ясным было становішча. Яснымі — задачы.

"Як двойчы два!" — успомніў Башлыкоў словы, што вырваліся ў яго ўчора. Удала сказаў: сапраўды, пасля прамовы ўсё — як двойчы два! Усё відаць.

Пахадзіўшы, вярнуўся зноў да стала, схіліўся над газетаю. Але чытаў ужо не ўсё падрад — асобныя радкі. Хацеў запомніць найбольш важныя, вострыя выразы даслоўна. Для будучых сваіх выступленняў.

Запомніць самае важнае даслоўна — у гэтым была асаблівая адзнака прачытання.

Тады зноў хадзіў, думаў. Пра тое, што сказаў Сталін. Пра тое, як выглядаюць становішча раёна, яго дзейнасць у святле выступлення. Якія вывады зробіць з выступлення Апейка. Што належыць зрабіць райкому, усім арганізацыям раёна дзеля выканання ўказанняў Сталіна. Пра многае думаў.

Сярод гэтых думак адна была асаблівая. Яна не была выказана ў прамове, але, Башлыкоў лічыў, вынікала з яе. Ён лічыў, што яе ўбачаць усе дасведчаныя, праніклівыя людзі. Яна не выказана адкрыта таму, што гаварыць яе не варта, з няпісаных, але вядомых кожнаму разумнаму дзеячу меркаванняў. З меркаванняў, як ён адзначыў, палітыкі.

Гэта здагадлівая думка Башлыкова была ў тым, што раскулачванне, ён лічыў, мае значэнне не толькі як справядлівая дзея супраць кулака. Якая вырве з асяроддзя сялян класавага ворага, абясшкодзіць яго для грамадства, расчысціць глебу для новага. Башлыкоў лічыў — хоць пра гэта ў прамове не было тактоўна ні слова — яшчэ больш важным тое, што раскулачванне дасць адчуць іншым, што савецкая ўлада не збіраецца доўга ўгаворваць. Не збіраецца цырымоніцца надта. Дасць адчуць не толькі кулакам, а і астатнім сялянам. Тое, што гэта, вядома ж, падзейнічае і на іншыя пласты сялян, Башлыкову і здавалася вельмі важным для яго, для цяперашняга становішча ў раёне. Раскулачванне, прадбачыў ён, павінна падахвоціць многіх іншых, асабліва сераднякоў, да калгасаў. Небяспека страціць усё: маёмасць, хату, сесці на пясок, на балота каму не паддасць ахвоты!

Трывожны тым, як марудна ідзе калектывізацыя ў раёне, ён у гэтай акалічнасці бачыў абнадзейлівую, радасную прасветліну. Ён быў проста ўпэўнены, што самае непадатнае павінна хутка зрушыць. Не можа быць, каб не зрушыла!

Ад таго, што блізка чуў жаданую перамену, брала нецярплівасць. Мімаволі пачаў крочыць хутчэй, дужэй. Усё мацнела, вярэдзіла імкненне: пачаць дзейнічаць зараз жа. Але нейкі час замінала раскіданасць думак. Не адразу ўдалося засяродзіцца.

На паўдарозе спыніў крок, цвёрда пакіраваў да стала.

Бюро. Трэба рыхтаваць бюро. Справу Гайліса і іншых. З гэтага пачне.

Гэта будзе пачатак новага этапа ў яго дзейнасці. Этапа рашучай дзейнасці.

4

З гэтым увесь час, амаль не сціхаючы, жыло іншае. Што ні рабіў, пра што ні турбаваўся, увесь час помніў: "Сёння. Як сцямнее…"

Амаль неадступна, ці хадзіў, ці рупіўся за сталом, адчуваў побач тую, глінішчанскую. Нельга сказаць, каб прагнуў гэтага, больш было такое меркаванне, што ёй тут пакуль не трэба быць. Цяпер не яе час. Яе час будзе пазней. І месца іх іншае. Увечары, як сцямнее. На дарозе з вёскі. Дзе бярозы…

Цяпер у яго справы. Важныя абавязкі адказнага за цэлы раён чалавека. Да таго ж, у яго сёння такая падзея, такі важны дакумент перад ім. Гэты дакумент вызначае, можна сказаць, новы кірунак у яго жыцці, трэба добра падумаць над многім, засяродзіцца. Нельга рассейваць увагу.

А ў важныя раённыя клопаты, як ні працівіўся, унізвалася, урывалася тое, патайное, недазволенае. Сцінала сэрца радасцю і нецярплівасцю, тлуміла галаву іншымі згадкамі і клопатамі. Згадваліся школа, сустрэча, зноў і зноў вярэдзіла сэрца. Мроілася — вечар, бярозы, яна; такое, што дзіўна кружылася галава…

За вокнамі ўсё мітусілася белае і зіхцела сонца. І падобна — мітусілася, зіхцела штосьці ў душы Башлыкова.

Радасць, нецярплівасць былі не адны ў душы. З імі тачыліся, трывожылі Башлыкова нядобрая вінаватасць і незычлівы одум. І раз, і другі назалелы одум гэты судзіў: што ты робіш? Ты — кіраўнік раёна. У такі час, калі ўсё трэба аддаваць справе. Замест таго каб думаць пра справу, пра раён, ты думаеш пра непатрэбства. Пра жанчыну. Да таго ж — пра выпадковую жанчыну.

У рэшце рэшт, разважаў одум, — калі табе ўжо так захацелася жаночай ласкі, хіба мала тут дзяўчат, прыгожых і надзейных. Адданых справе, з ясным жыццём. Дзяўчат, якія могуць стаць сапраўднымі таварышамі ў справе. Колькі дзяўчат — камсамолак — з радасцю пайшлі б насустрач, каб ты зажадаў гэтага. Чаго ж ты паўз іх прайшоў і прыліп да нейкай невядомай?

Башлыкоў пярэчыў сабе: чаму — невядомай? Ведае і самую, і нават бацькоў яе. Таксама — наш чалавек, няхай і не камсамолка. І што, калі на тое, перашкаджае ёй, калі прыйдзе час, стаць таксама камсамолкай, таварышам па справе? Бацькі — беднякі, можна сказаць, пралетарыі сельскія. Праўда, не калгаснікі, гэта, вядома, мінус, пляма. Ва ўсім віною — маці, цёмная, злая істота, непрыемная, скажам шчыра, асоба. Відаць, з-за яе дачка і пакінула бацькоўскае гняздо. А бацька — чалавек што трэба. Хоць зараз мог бы на новую дарогу пайсці… Так, аднаасобнікі — гэта, канешне, мінус. Але ж, калі на тое, то яна ж ужо не з бацькамі. Сваё становішча ў яе — на службе. Савецкая служачая. Ды і з бацькамі павінна паправіцца. Быць не можа, каб не паправілася. Да таго ідзе.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название