-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 368
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

За лазняком пайшла роўная дарога. Рака, напэўна. Штосьці бліснула ўперадзе, як бы на ўзгорку, — агеньчык нейкі. Потым яшчэ адзін, другі. Раптам вырасла, амаль усутыч, не відная раней града-бераг. Нейкім ярам сталі ўздымацца на яе, уехалі ў вуліцу. Чым далей, больш свяцілася агнёў. Башлыкоў адхінуўся. Сядзеў ужо роўна, трымаў аберуч лейцы.

Ля нейкага чалавека Башлыкоў прыпыніў каня, запытаў, дзе тут сталовая. Дзядзька расказаў, як праехаць да яе. Башлыкоў падзякаваў, рушыў далей. На плошчы яшчэ спыніў чалавека, запытаў. Нарэшце прытрымаў каня каля нейкіх светлых вокан. Загадаў ёй пачакаць, саскочыў на зямлю. Вярнуўся давольны:

— Тут. Прыехалі!

5

У велікаватым пакоі, дзе стаяла поўна сталоў, было амаль пуста. Пасля змроку і холаду дарогі весела было мружыцца ад святла, чуць утульнасць, цяпло жылля. Святло і цяпло нібы зычылі радасць.

З чаканнем гэтай невядомай радасці Ганна і села за стол, які выбраў Башлыкоў. Ён зняў шапку, але не сеў, стоячы ля стала, заклапочана азірнуўся. Быў ён цяпер засяроджаны, строгі, падобны на таго, якім яна бачыла яго на сходзе ў Глінішчах.

Паявілася аднекуль, штосьці дажоўваючы, таўставатая цётка з фартушком, кінула нядобра позіркам на Башлыкова, на дзверы, крыкнула недавольна: хто адчыніў дзверы! Рушыла проста да іх, не гледзячы, адрэзала:

— Усё. Зачынено.

Яна аб'явіла так, што пярэчыць было лішне. Башлыкоў не варухнуўся. У твары яго з'явілася нешта цвёрдае. Ён, відаць, стрымаў сябе, прамовіў спакойна:

— Мы з дарогі. Нам перакусіць.

Цётка ікнула. Жалезна паўтарыла:

— Сказано. Зачынено.

Твар Башлыкова яшчэ пацвярдзеў.

— Дзе загадчык?

— А што загадчык? Няма загадчыка!

— Тады паклічце буфетчыцу.

У голасе яго чулася такая цвёрдасць, што таўстуха, каб не дурная, павінна была б скеміць, з кім мае гаворку. Але не адступала, усё насядала са сваім: "Сказано!"

Башлыкоў, нібы не лічыў годным весці з ёй спрэчку, моўчкі, рашуча пакрочыў да буфета. Буфетчыца корпалася за доўгім сталом сваім са шкляным верхам, сустрэла таксама не надта ветліва, але адказала яму, і ён смела адчыніў дзверы побач. Паявіўся ён з дзвярэй з маладым, хударлявым чалавекам, што пакульгваў. Чалавек гэты штосьці сказаў буфетчыцы і пазваў афіцыянтку, тая была ўжо ля аднаго століка, разлічвалася з людзьмі. Яе, аказалася, звалі Надзяй.

Афіцыянтка, не хапаючыся, строячы з сябе няшчасную, паклыпала да буфета.

Усё гэта здарэнне адазвалася ў Ганне такой прыкрасцю, што яна глядзець на гэта не хацела. На яе характар, яна з такой ласкі ўстала б даўно і, пекануўшы належным слоўцам дурную таўстуху, з пагардай на твары выйшла б сама. Трэба яна ёй, такая вячэра, калі такі прывет. Але разам з тым, бачачы ўсё гэта, яна не магла не адзначыць, як трымаўся ў паганай гэтай гісторыі Башлыкоў. Тое, як ён годна гаварыў, як настойліва дабіваўся і дабіўся свайго, выклікала не толькі павагу да яго, але і ўдзячнасць: так клапаціўся, можна сказаць, пра яе. З гэтым жылі і прытоенае захапленне, гонар: з такім можна не баяцца нічога, такі не дасць у крыўду.

Ён прынёс ад буфета цёмную бутэльку, дзве шклянкі. Бутэльку паставіў між іх, адну шклянку перад Ганнай. Спрэчка, было відаць, запаліла яго, твар быў неспакойны яшчэ, але было ў ім ужо задавальненне тым, што ўсё ж дабіўся свайго.

— Ёсць толькі катлеты, — буркнула таўстуха, стаўляючы сподак з тоўстымі скрыдлікамі хлеба.

— Давайце катлеты.

Башлыкоў не глянуў на яе. Помсціўся за абразу. Узяў бутэльку, адкаркаваную ўжо — корак тырчаў толькі для прыліку, — лёгка выняў корак. Паднёс бутэльку перш да яе шклянкі, стаў далікатна наліваць. Калі наліў да паловы шклянку, яна ўзялася за бутэльку, сказала, што ўжо годзе, але ён лагодна адвёў яе руку, даліў поўна. Тады ўжо наліў сабе.

Віно было чырвонае, густое, падобнае на вішнёўку. На бутэльцы, аднак, была паперка з нейкімі зялёнымі ягадамі, гарамі, прыгожымі залатымі літарамі.

— За наша шчасце, Ганна, — Башлыкоў глядзеў ёй у вочы, глыбока, прыхільна. — За Новы год!

У голасе яго як бы было штосьці асобае: абяцанне і спадзяванне нібы. Голас гэты незразумела хваляваў.

Віно было добрае, салодкае. Не вішнёўка, невядомае нейкае. Не тое што дурная самагонка. Гэтае хацелася піць, смакуючы. Яна і смакавала, хоць і старалася не паказваць гэтага.

Незвычайнае, дзіўнае віно гэтае як бы ўзмацняла незвычайнасць усяго, што адбывалася. Ён выпіў, адзначыла, да дна, адзначыла з павагаю, бо помніла, Параска казала, не п'е наогул. Дзеля яе, значыць, выпіў. Яна ўсё ж стрымалася, выпіла толькі палову, як і належала. Палову пакінула ў шклянцы. Ён заўважыў, папрасіў дапіць, але яна не паддалася. Паказала, што дбае аб прыстойнасці. І ела катлету з тоўчанай картопляй, таксама помнячы сябе. Не як галодная.

Башлыкоў даліў ёй у шклянку, а сабе зноў наліў поўна. І зноў яна не дапіла. Елі моўчкі. Трымаліся як проста знаёмыя, нібы нават чужыя. Ганне гэта падабалася: нашто ж сарамаціцца перад людзьмі, выстаўляць тое, што ў душы. Тое, што ў душы, у душы і павінна быць. Для адных іх. Башлыкоў на людзях, бачна, паводзіў сябе так, нібы за ім увесь час назіраюць. Яна — разумела ж усё — трымалася таксама так, каб ніхто не падумаў нічога. Не глядзела нават на яго, хоць некалькі разоў чула вострыя позіркі яго на сабе. Але, хоць амаль не гаварылі, хоць амаль не перамаўляліся і вачыма, было ў Ганны і, пэўна ж, у Башлыкова харошае адчуванне блізкасці, святочнасці.

Да ўсяго і віно хоць і слабое, а ўсё ж паволі брала больш і больш. Хмеліла галаву, усё цела. Ганна чула сябе ўсё лягчэй. Усё весялеў і ён, весялеў і нібы прыгажэў. Рабіўся прасцейшым, бліжэйшым.

6

Яны скора ўзняліся, выйшлі. Калі сталі пры вазку, Башлыкоў узяў яе за локаць, нахіліўшы твар да яе, сказаў шчыра, з прыяцельскім смехам:

— Ты ведаеш, ад самага прыезду ў мяне першы такі вечар. Што я вось так — гуляю…

Ён дзівіўся з сябе, запрашаў яе падзівіцца. Захмялелы, ён быў, здавалася, зусім адкрыты і дабрэйшы. І нібы маладзей выглядаў.

Тут, упоцемку, на адзіноце, было лепш, лягчэй: не крывілася таўстуха, не карцелі іншыя, не трэба было так берагчыся чужых вачэй. Вальней было. І пасля цяпла і віна ў радасць быў халодны вецер, што пачынаў мясці снегам.

Яны селі ў вазок і паехалі па мястэчку, што моўчкі абступала іх каменнымі і драўлянымі пабудовамі, дрэвамі, цемраю, сярод якой яшчэ часта значыліся светлыя вокны. Але ўсё гэта мала цікавіла Ганну: мястэчка як мястэчка, што тыя ж Юравічы.

На халодным ветры хмель хутка сыходзіў, у галаве яснела. І хоць нібы, як і раней, добра было, ужо больш і больш учэпліваліся, вярэдзілі думкі. Ноч. Дадому няблізка. Пакуль дападуць, будзе за поўнач. Як яна явіцца да Параскі ў такі час. І не так Параскі трывожыцца трэба, як Галіны Іванаўны. Гэтая не тое што Параска — строгая, недавольная век. Пачуе адразу, выгаворваць стане. І да дня далёка; калі надыдзе той цяперашні, позні дзень! Дзень, у які можна будзе вярнуцца як бы з адведзін. Узяло раптам; можна было б, праўда, явіцца ў Бярозаўку, да цёткі! Можна было б, запярэчыла сабе, — але не сярод ночы!.. Як ні думай, пакпіла з сябе, застаецца адно: начаваць у полі ці ў лесе, на марозе!.. А чаго ж, падхапіла задзірыста, — можна і ў полі, на марозе! Такой бяды!..

Пра штосьці, можа, пра тое ж самае, думаў і Башлыкоў. Яна наогул не любіла, калі ён уцінаў падбародак у каўнер паліто, задумваўся: тачылася падазрэнне, нібы яго бярэ нядобры одум. Цяпер падавалася, быццам ён шкадуе, што выдумаў гэта, палез невядома чаго ў такую далеч.

Яна першая і бадзёра заявіла, што — пара дадому! Наглядзеліся, наездзіліся ўжо. Башлыкоў як бы толькі і чакаў, адразу павярнуў каня, відаць, да берага. Вецер біў цяпер амаль насустрач, кідаў свежым снегам. Адчувалася, што завея ўсё разыходзіцца. Ганну не палохала завея, нават радавала яе, уздымала дзіўна весялосць. Разганяла нудныя развагі. Нешта завейнае, мяцельнае білася ў Ганне.

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название