Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Можа, і недавольнасць, і стрыманасць яго былі ад гэтага.
— Як ты жывеш? — павярнуўся да яе. Цяжкавата вымавіў "ты".
— Так і жыву…
Яна сказала знарок весела, бесклапотна.
— Трэба выходзіць на дарогу, — параіў ён шчыра. — На сваю. Сапраўдную.
— Дзе яна, тая мая? — Ганна нібы пакпіла задзірліва.
Ён не адгукнуўся на смех яе, сказаў пераканана, сур'ёзна:
— У цябе добрыя здольнасці. Ты многа можаш дасягнуць.
— Аге! — падхапіла яна насмешліва. — З маёй граматай.
— Колькі яе ў цябе?
— А ніколькі!
— Зусім не вучылася?
— Вучылася. І багата. Толькі не таму, што некаторыя. Кароў даіць, на кроснах ткаць.
— Трэба вучыцца.
Ён цяпер знайшоў сябе. І гаварыў, і трымаўся ўпэўнена. І, падобна было, давольны быў сваёй роляю, дужага, дасведчанага. Мужчынскай роляю.
— Цяпер усюды патрэбны пісьменныя. На любым заводзе. У арцелях. Ды і калгасах. У вас жа, у школе, гурток ёсць!
— Е.
— А што ж не вучышся?
— Спрабую.
— Трэба!
Ён памаўчаў. Ганне здалося: пра яе, мабыць, думае — от з якой цемнатой звязаўся. У душы ўскінулася ганарлівае: не ўсё шчасце ў вашай грамаце. Свая грамата ёсць. "Звязаўся!" Нядоўга і развязацца. Ніхто не набіваецца. Ён раптам ашаламіў:
— А то, можа, у мястэчка давай? — Апярэджваючы яе пытанне, дадаў: — У мястэчку лягчэй будзе вучыцца.
Яна ўмомант убачыла мястэчка, чыстае, святочнае, сябе ў ім, прыбраную, незнаёмую. Мястэчка было, што там ні думай, як бы вышэйшым светам, яно вабіла. І словы Башлыкова завабілі, аж нібы закружылася галава ад прадчування нязнанага, цудоўнага… Яна намаглася, адолела непатрэбнае захапленне, прамовіла разважліва, з насмешачкай:
— Што я там рабіць буду?
— У нас арцелі там, — сказаў Башлыкоў стала, надзейна. — Работніцай можна будзе ўладзіць. Спачатку — падвучыцца трэба будзе, канечна. Пабудзеш вучаніцай. А там — майстрам станеш. Спецыяльнасць і прафесія рабочая! Рабочы клас, можна сказаць! Ну, а там і далей можна пайсці. Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты.
— Унё, так проста! — стрымала яна сябе, хоць ад слоў яго ўсё ж нібы кружылася галава.
— Не проста, і не так страшна, як ты думаеш. — Ён, чула, зазлаваў на яе недавер'е, загаварыў гарачэй: — Я, ты думаеш, з чаго пачынаў? З таго ж, можна сказаць, што і ты. Распісацца ледзь умеў! Але рашыў: вазьмуся, адолею ўсё! І ўзяўся! Гурткі, курсы, камсамол! Работа і самаадукацыя! І дабіўся!
— Дык то вы! — знарок запярэчыла яна.
— Галоўнае: захацець і праявіць настойлівасць. І ўсяго даб'ешся. Ты зможаш, я бачу!
Праз некалькі хвілін ён раптам перарваў гарачую гаворку, сказаў клопатна:
— Ну, мне трэба ехаць. Справа чакае.
— Трэба дык трэба, — згадзілася яна, тоячы шкадаванне.
Ён завярнуў каня, тузануў лейцамі. Вазок лёгка, нячутна паплыў да шляху, перацяў шлях. Ужо калі па баках разышлася роўнядзь шэрага поля, ён аб'явіў:
— Заўтра выберуся на больш. Зможаш?
— Прыйду.
— Туды ж?
— Добра.
3
Башлыкоў падвёз яе да гумнаў і адразу завярнуўся. Хутка вазок яго знік упоцемку.
Яна прайшла некалькі крокаў і стала на сцежцы, поўная тлумнага, супярэчлівага хвалявання. Стаяла адна сярод цемнаватага поля між загуменнем і школаю, сярод цішыні, у якую адно ўбіваліся п'яныя галасы, аднекуль з сярэдзіны сяла. Там спрабавалі спяваць. Яна не думала ні аб чым, не спрабавала разабрацца ў тым, што адбылося. Нібы разумела, што ні да чаго ўсё роўна цяпер думанне, не дадумаецца ні да чаго.
Проста хацелася пастаяць адной, пабыць з сабою. Пабыць пад гэтым паяснелым небам, з якога перастала сыпаць снегам. Цешачыся халаднаватаму ветру, што свежа абвяваў твар, парадавацца адчуванню волі, прасторы, якія так мілы цяпер душы.
Можа, ёй пасля Башлыкова нядобра было бачыцца цяпер з Параскаю. Можа, было і такое. Але яна не думала ясна пра гэта. Не хацела думаць ні аб чым. Нейкі час яна цешылася адно ноччу, цішынёю, воляю.
Неахвотна падалася да школы. Акно ў Парасчыным пакоі свяцілася, і яе кранула вінаватасць. Узяла няёмкасць перад Параскаю, і яна ўжо ясна адчула, што не проста будзе пабачыцца, глядзець у вочы ёй. Падумала мімаволі: лепш было б, каб яна спала ўжо. Каб не бачыцца цяпер, не сарамаціцца.
Нацятаю была, калі, прыцішваючы крокі, прайшла паўз паску святла з Парасчынага пакоя. Чакала з насцярожанасцю, што выйдзе з дзвярэй сама, паглядзіць, зразумее ўсё. Не выйшла. На кухні Ганна намацала лямпу, запаліла, больш для таго, каб прыглушыць сумяціцу ў душы, няцвёрдасць, стала пераціраць чысты посуд, перастаўляць тое, што было на месцы.
Рабіла так, нібы вярнулася з нейкіх адведак з сяла. Параска ўсё не выходзіла, гнулася, пэўна, над сваімі сшыткамі. Ці, можа, разумела ўсё, што на душы ў яе, Ганны, не хацела даваць прыкрасці. Ганна ж ужо як бы пачула дакор свайму хаванню, якое прыніжала яе, кранала яе гонар.
З вяртаннем гонару вярталася ўпэўненасць. Ужо як бы захацелася пабачыцца вочы ў вочы, выказаць годнасць сваю. Няхай не думае пра яе, Ганну, чаго не трэба!
Смела адчыніла дзверы.
— Слепіш вочы ўсё? — прамовіла амаль задзірыста.
Параска як бы неахвотна адарвалася ад стала. Але сустрэла неспадзявана давольнаю, нават шчасліваю ўсмешкаю:
— П'еску выкапала! Такая смешная! Рогату будзе на ўсё Глінішча! Тут адна ролька ёсць, удавы-барыні! Хочаш, дам табе, па знаёмству?
— Найшла пра што! — папракнула Ганна.
— Не, я праўду! Згаджайся, пакуль не позна! А то перадумаю, сама вазьму! Зайздросная ролька! Кар'еру можна зрабіць адразу! Адразу славутай артысткай стаць! На ўсё Глінішча праславіцца! Ну?
— Хопіць мне той славы, што ўжэ е.
— От дзівачка! Удачы сваёй не бярэш! Ну што ж, я сказала! Дзела тваё! Кусай потым локці сабе! — Параска памаўчала, амаль не мяняючы тону гаворкі, сказала: — Заязджаў твой, былы. — "Былы" прамовіла з націскам, з насмешачкай.
— Гаварыў што? — не таіла насцярожанасці.
— Не, нічога. Пабачыць захацеў! Занудзіўся!
— І не пачакаў!
— Негасцінна сустрэла!
Пагаварылі яшчэ тым жа ладам, Параска раптам з адчайнай рашучасцю пазвала:
— Давай пагуляем! Першы ж дзень новага года як-ніяк! Не будзе ж больш першага?
Учора быў вечар у школе. Было поўна дзядзькоў, цётак, вучняў. Як заўсёды, і ў класах, і ў калідоры, і пад вокнамі. Даклад быў Парасчын пра новы год, вучні групкаю і паасобку спявалі песні, чыталі вершы. Была і п'еса маленькая, позна пачалі і позна скончылі, апоўначы. Параска, шчаслівая і стомленая, адно павіншавала Ганну і павалілася спаць.
Параска адразу захадзілася, кінулася ў куток, дзе стаяла шафа з адзеннем, выхапіла адтуль фасоністую бутэлечку, што бліснула густа-чырвона.
— О! Наліўка вішнёвая!
— Галіна Іванаўна спіць ужэ, — паспрабавала ўгаманіць яе Ганна.
— Ну, дык мы тут!
Параска змяла са стала кніжкі, журналы, сшыткі, паставіла слупам бутэльку. Ганна заспяшалася на кухню. Стараючыся не стукаць, хапатком унесла што было закусіць. Як ведала, уранку зрабіла студзень. Так што закускі было добрай.
— Ну от! — І словы, і выгляд Параскі гаварылі, што вось яна хацела і дабілася таго, што належала. Яна з разуменнем важнасці моманту ўзняла чарку з наліўкай, стукнула яе з Ганнінай. — Штоб добры быў год!
— Няхай бы.
— Ды і не год. Дзесяцігоддзе пачынаецца, — прамовіла Параска задуменна. — Дзесяць гадоў… Якімі яны будуць?
Яна тут жа адагнала смутак: не для таго селі за святочны стол. І гаварыла, і трымалася весела, па-сяброўску, знаку не дала, што яна ў якой-небудзь крыўдзе на Ганну. Як бы паказвала, што толькі дабра зычыць Ганне.
Ганна бачыла, што зычлівасць яе ад душы, што не тоіцца, і ёй станавілася ўсё лягчэй, вальней. Нарэшце разышліся так, што адна адну са смехам стрымлівалі, нагадвалі: Галіна Іванаўна спіць.
Спаць лажыліся вясёлыя, давольныя вечарам, адна адной.
У ложку, у цемры, Ганна чула, што нібы плыве. Узяла, хмеліла Ганну салодкая Парасчына наліўка. Праз хмель Ганне бачыліся дарога сярод белага поля, пусты шлях, Башлыкоў на вазку. Пачула сябе на вазку, побач з ім, так жыва, нібы і праўда цяпер сядзела з ім. У памяці пайшла іх гаворка, загучалі, захвалявалі яго словы: "Трэба вучыцца!.. А можа, у мястэчка давай? Там лягчэй будзе вучыцца… У нас арцелі там… Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты… Я сам з таго пачынаў. Распісацца не ўмеў… Галоўнае, праявіць настойлівасць — і ўсяго даб'ешся!.. Ты зможаш, я бачу!.." Слухаючы гэта, поўнілася непаслухмяным, радасным хваляваннем. Бачыла сябе, незнаёмую, чыста апранутую, годную, у мястэчку, у Юравічах. Не адна была там, з ім! Нібы была ўжо гарадская зусім, такая граматная, як Параска. У трызненне гэта амаль неадчэпна прадзіралася цвярозае, недаверлівае. Паддаючыся яму, аберагала сябе, наганяла ў думанне одум: "Настроіла сабе бог ведае што! Так ето ўсё просто!" І ўсё ж бачыла мястэчка і сябе ў ім, і Башлыкова, і галава кружылася ад незвычайнага, што мроілася ўжо як рэальнае. "Новы год, — прайшло ў думках, як поўнае важнага значэння. — Новае пачынаецца. Пачалося!.." Чула, што як бы разарвалася ці вось-вось разарвецца ўсё, што аблытала, абціскала яе.