-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 368
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Калі дужымі і хуткімі рухамі выцерся і пакіраваў назад у свой пакой, злавіў сябе на тым, што мармыча нейкую вясёлую мелодыю. Гатоў быў заспяваць, хоць спяваць наогул не любіў і не ўмеў. У душы ўздымалася невядомая, хлапчукоўская радасць.

Толькі намерыўся адчыніць дзверы ў свой пакой, як хтосьці праляцеў паўз вокны, у сенцах бразнула клямка. Праз момант з сенцаў уварваўся расчырванелы, у паліто наросхрыст, Лёва.

Лёва таксама быў у выдатным настроі. Ці ад таго, што зрабіў нешта ўдалае, ці ад таго проста, што прабег па марозе, што маладая кроў загаварыла, Лёва быў перапоўнен энергіяй. Можа, пачаў бы мітусіцца, кідацца па пакоі, спрачацца задзірыста з маці, але адразу вясёлым, гарэзным позіркам трапіў на паважанага іх кватаранта. І хоць сакратар райкома быў без гімнасцёркі і ўсміхнуўся ў адказ таксама гарэзна, Лёва адразу схамянуўся. Амаль умомант стаў тым разумным, разважным Лёвам, якім яго Башлыкоў ведаў звычайна.

— Добры дзень, Аляксей Іванавіч! — прывітаў ветліва і стала зняў паліто, павесіў на цвік.

Цыля была ўжо ля дзвярэй з кухні, з насмешачкай, пад якой таілася пяшчота, глядзела на сына. З другога боку, ад акна на вуліцу, у камізэльцы і расшпіленай сарочцы, з сумнаватай усмешкай сачыў стары Савул.

— Сабраў? — сказала Цыля. — Ад усіх сабраў налог?

І ў твары, і ў голасе была пяшчота да сына, але яна выстаўляла насмешачку.

— Сабраў, — адказаў Лёва з годнасцю. — Але не налог, а — попел.

— Дак попел ето, мабуць, твой налог.

— Попел ето попел! — адрэзаў, не дазваляючы жартаў, Лёва.

— Дак ты ж сабіраеш яго па хатах як налог, — сказала Цыля, яўна маючы на ўвазе Башлыкова. — Нашы жанкі смяяліся, гаварылі: дзеці сабіраюць попел як налог.

— Не трэба слухаць глупства, — адрэзаў Лёва.

Башлыкоў ведаў, пра што гаворка: Лёвавы камсамольцы ўзяліся сабраць для падшэфнага калгаса, для "Рассвета", трыццаць пудоў попелу. З гэтай мэтай хлопцы абышлі многа местачковых хат, растлумачылі, што попел ёсць карыснае ўгнаенне, і дамовіліся, што попел будуць зберагаць і аддаваць ім. З дня ў дзень камсамольцы абыходзілі хаты, збіралі попел. Вось і сёння Лёва вярнуўся якраз з аднаго такога абходу.

Башлыкоў разумеў, што гаспадыня запаліла гэту гаворку дзеля яго забавы, але не лічыў годным забаўляцца з таго, што рабілі хлопцы. Рызыкуючы, што яго палічаць няўдзячным і нетактоўным, цвёрда стаў на бок Лёвы, пахваліў за карысную справу.

Ён рушыў у свой пакой. Надзяваючы гімнасцёрку, падпяразваючыся, думаў пра камсамольцаў са школы: нямала добрага рабілі хлопцы і дзяўчаты — лом металічны сабралі, бібліятэчкі падарылі калгасам, са спектаклямі ездзяць. З сабранага лому скавалі некалькі плугоў, перадалі калгаснікам. Але думкі пра гэта былі нядоўга і хвалявалі мала. Карцела іншае. Карцела радасць, тая, якая бруілася, калі плёскаўся пад умывальнікам, якую перапынілі Лёва і Цыля. Ён злавіў сябе на адчуванні, што радасць яго зусім не без прычыны, што яго чакае штосьці добрае і важнае. Тады ж згадаў прычыну радасці: Сталін, яго выступленне! Газета з выступленнем у кабінеце, чакае!

Услед, а можа, і разам, дзіўна з'яднаўшыся са згадкай пра выступленне, увайшло ў душу: быў у школе, дамовіўся! Сёння, як сцямнее, пабачацца!.. Гэта ўзрушыла моцна, гэта аж заліло гарачым, нецярплівым. Сёння, як сцямнее!

Ад хвалявання ён захадзіў неспакойна і дужа. Першы момант не думаў нічога, быў перапоўнены хваляваннем, незвычайным, здавалася, неймаверным прадчуваннем. Сэрца білася так гулка, так молада, што адчуў няёмкасць, папракнуў знарок сябе: як хлапчук!

Тады ў хваляванне яго прарваліся ўспаміны: нібы нанава ўбачыў яе перад сабой, зноў уразіўся яе хараству. Якая красуня! І дзе вырасла! І колькі хараства не толькі знешняга, а і ўнутранага! Якая годнасць! Згадаў, як кіўнула: сёння, як сцямнее!.. Успомніў: нялёгка было сказаць ёй, але ён сказаў, дамовіўся! Зрабіў тое, чаго так хацелася.

Але калі думаў гэта, у душу ўжо тачылася штосьці нядобрае. Успомніў Параску, як няёмка было перад ёй. Як давялося таіцца, фактычна, калі глядзець праўдзе ў вочы, — маніць. Ён запярэчыў сабе: не маніў ён, нельга было інакш. Не меў ён права, калі на тое, выдаваць тайну іх без згоды яе, кахання свайго. Але неспакой, недавольнасць сабой не сыходзілі ўжо. Бачыў ужо, што і адзін перад ёю паводзіў сябе нядужа. Недарэкам, мусіць, выглядаў у яе вачах. Папракнуў сябе: не пагаварыў як след. Мала ведае пра яе. Амаль нічога не ведае.

Ён адагнаў нядобрае, перапыніў думанне. Няма калі думаць попусту. Час дарагі. Трэба на працу. Энергічнымі рухамі зняў паліто, надзеў. З шапкаю ў руцэ выйшаў у суседні пакой, кіруючыся на вуліцу.

— На работу? — сустрэў яго стары Савул.

— На работу.

У голасе старога было ці то здзіўленне, ці то папрок. Савул глядзеў з-пад акуляраў востра, дапытліва. Нібы турбавала штосьці і не мог сам высветліць.

— Сёння — Новы год, — аб'явіў ён значным тонам. І змоўк, і глядзеў, дапытваючыся, з-пад акуляраў.

Башлыкоў не разумеў, што ад яго трэба.

— Так, Новы год…

Савул кіўнуў. Аказалася, яму гэтага было пакуль даволі.

Памаўчаў, як бы даваў зразумець значнасць таго, што сказана, ці — скажа зараз. З кухні паявіўся, дажоўваючы нешта, Лёва, зірнуў насцярожана на дзеда. Але не сказаў нічога.

— Раней пасля Новага года, — загаварыў Савул тонам прапаведніка, — быў святочны дзень. Ці, як цяпер гавораць, — выхадны дзень. Цяпер гэты парадак адмяняецца?

Башлыкоў усміхнуўся. Усмешка была паблажлівая. Стары настроены па-філасофску. Адказаў з адчуваннем перавагі:

— Раней многа чаго было.

— Многа розных забабонаў! — пацвердзіў упэўнена Лёва.

Дзед кінуў на яго пагардлівы позірк. Як бы загадаў маўчаць, не ўцінацца ў гаворку сталых, мудрэйшых. Глядзеў толькі на Башлыкова. Глядзеў востра, строга.

— Ёлку на Новы год, напрыклад, вы лічыце таксама — забабонам? — Дзед вымавіў "забабонам" з націскам, яхідна.

— Забабонам, — усміхнуўся Башлыкоў.

Стары не адступіў. З вядомай ужо Башлыкову звычкі дабіваўся высветліць усё дарэшты:

— Новы год без ёлкі — хіба ето свято?

— У нас Новы год будзе ў працы.

— Праца — ето наша свято! — убіўся зноў Лёва.

Дзед зноў звысака зіркнуў на ўнука. Памаўчаў засяроджана.

— Значыць, выхадны дзень на Новы год не будзе?

— Рабіць будзем!

Дзед улавіў нецярплівасць Башлыкова, спыніў цікаўнасць сваю. Пачціва падзякаваў, пакланіўшыся.

Башлыкоў рушыў да сянец.

2

На ганку вочы засляпіла белым, мітуслівым, грудзі заліло свежым халадком.

Мяло, круціла. Сонца весела паблісквала ў белай мітусні. Сама прырода нібы радавалася з ім.

"Выхадны дзень!" Які тут можа быць выхадны! І што такое наогул — выхадны! Забыў ужо, што гэта такое! Ніякіх выхадных даўно няма. Ад таго і забыў, можна сказаць.

Даўно не было выхадных. І сам не сядзеў, і людзям не даваў. Раней не да таго было, цяпер — тым больш. Няма калі сядзець. Не да таго. Боты цвёрда мералі мяккую ружаватую бель. Чуў у нагах, ува ўсім целе маладую, нецярплівую дужасць.

Сам добра разумеў прычыну яе: Сталін, яго выступленне. Памяць пра гэта ўвесь час жыла, бруілася, праменілася. Як сонца ў снежнай мітусні.

Ішоў лёгка і молада. З юначай задзірыстасцю паглядваў на вуліцу, на дамы абапал, на людзей. Учарнелыя драўляныя пабудовы і аблезлыя камяніцы хмурна і санліва драмалі абапал. На дзвярах і аканіцах крам усюды завалы. Людзей амаль не відаць. Ды і тыя марудлівыя, як бы санлівыя. Спакой і ціша ў мястэчку.

Драміце, драміце! Хутка абудзіцеся! Разварушым вашы бярлогі запляснелыя! Новы год гэты будзе сапраўды новым! Пабачыце!

Ледзь распрануўся ў баковачцы ў сталоўцы, прысеў да стала — Ліза была побач. Толькі зірнула пільным вокам, зразумела настрой сакратара райкома. Умомант на стале з'явіліся талерка з хлебам, талерка з рагу і пюрэ, шклянка чаю. Еў маўкліва, засяроджана і хутка, непрыкметна для сябе, па даўняй звычцы налягаў на хлеб. Апетыт сёння быў выдатны, Башлыкоў усё ўбіраў са смакам.

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название