Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Як стрэмка, упілося ў памяць — першымі словамі адказу Сталіна было: «Смешнае пытанне!» Што ў гэтым было смешнае! Далей Сталін зноў амаль паўтарыў гэты выраз: «Смешна і несур'ёзна гаварыць доўга цяпер пра раскулачванне. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць». Нешта гуллівае пачулася Апейку ў гэтым новым «смешна». «Не менш смешным, — гаварыў зноў Сталін, — здаецца другое пытанне: ці можна пусціць кулака ў калгас?.. Канешне, нельга яго пускаць у калгас. Нельга, бо ён з'яўляецца заклятым ворагам калгаснага руху…»
3
Дачытаўшы, Апейка хвіліну сядзеў ціха. Потым закурыў над шклом лямпы, стаў хадзіць па пакоі. Хмелю ў галаве не чулася, стомы як не было. Адну за адной успамінаў ён думкі з прамовы, цвёрдыя, упэўненыя довады. Тое, што яшчэ нядаўна здавалася цьмяным і выклікала трудныя развагі, сумненні, стала раптам простым, ясным. Было такое адчуванне, быццам пасля блуканняў і пошукаў у тумане выбраўся раптам на чыстае, дзе ўсё ляжала адкрытае вачам, з палямі і лясамі, з дарогамі і сцежкамі. Чалавеку заўсёды хочацца прастаты, яснасці, Апейка ж у той вечар зусім не меў схільнасці такой, каб ацэньваць ці ўзважваць нешта, правяраць у прамове. Для яго гэта была найперш прамова кіраўніка партыі, тлумачэнне найбліжэйшай задачы ўсіх войск, у якіх ён, Апейка, быў, можа, толькі аддзялённым камандзірам. Кім бы ён ні быў, задача гэта датычылася яго, і ён перш за ўсё з клопатнасцю думаў пра тое, на што яна скіроўвала ўвагу, якую ставіла мэту, чаго патрабавала ад яго.
Пры ўсім давер'і да Сталіна, разбіраючы са сваёй няўціхнай і ўедлівай паляшуцкай уважлівасцю прамову, Апейка хутка зноў запыніўся, задумаўся. Насуперак таму, што казаў Сталін, улезла сумненне, што калгасам так проста — са сваімі сялянскімі конікамі ды дзядоўскімі плужкамі — паказваць перавагі над аднаасобнымі гаспадаркамі. Варта толькі, выходзіла з прамовы, проста сысціся разам — і з'явіцца цудадзейная сіла: можна і араць, і сеяць наўздзіў, паказваць цуды і з тымі конікамі ды плужкамі. Неяк лёгка, здавалася, разворвалі так багата цаліны названыя да прыкладу данскія казакі, без машын, без трактароў.
Ён закурыў, пастаяў каля акна: у святле за шыбай круціла снег. Завіруха ўсё мяла. Падумаў: «Замяце ўсе дарогі: чорт знае, як дабірацца будзеш… Самы час, каб дарога была, а яе замятае. Як знарок…» Ён згадаў Загалле, апошні сход, не скончаны з-за гэтай віхурнай навагодняй ночы, адчуў імкненне ехаць назад, давесці справу да ладу. Стары год сышоў, а клопаты не сыходзілі; без мяжы, без якога-небудзь прыпынку пераходзілі ў новы. Амаль адразу ж Апейка цвяроза падумаў, што — пры ўсім гэтым — новы год будзе не зусім працягам старога. «Тая ж дарога, але ўздым другі. Другая круцізна пачынаецца…»
Мяло, кідала снегам у шыбу. У галаву раптам зноў увайшло здзіўленне: «лёгка!.. параўнаўча лёгка і быстра!..». Ён падумаў пра свае амаль няспынныя паездкі па сёлах, пра незлічоныя, бясконцыя, зацятыя сходы. Падумаў пра тую ўпартую нязгоду, якая была ў Глінішчах, калі спрабавалі зноў зладзіць калгас. «Параўнаўча лёгка»! Чаму — «параўнаўча лёгка»?! Думка адразу падказала: лёгка — у другіх месцах; але цвярозая разважнасць запярэчыла: законы сялянскай псіхалогіі — адны ўсюды…
«У нас няма рабскай прывязанасці да шматка зямлі…» — успомніліся яму словы Сталіна. «На Захадзе ёсць, а ў нас — няма…» «Бо ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю…» У вельмі яснай галаве паявілася здзіўленне: «Няма прывязанасці да зямлі? Рабскай прывязанасці?.. Чаму — няма?!.» Не толькі прыдзірлівая разважнасць — душа запярэчыла: «Ёсць!.. У тым і бяда — што ёсць!.. Фармальна, можа, няма, а фактычна — ёсць!.. Той шматок зямлі селяніну — свой! Не чый-небудзь, а яго, свой! Ён зямлю — гэта праўда — не купляў, але ж яму дала яе рэвалюцыя! Дала, і ён — узяў, з радасцю ўзяў, як справядлівую дачу, — і стаў лічыць сваёй! І яна, шматок той, стала яго найдаражэйшым набыткам, яго ўласнасцю, яго — не чым іншым — прыватнай уласнасцю! І ён любіць яе, як немаведама што, прывязаны да яе, як уладар яе і раб яе, — па-рабску прывязаны! У яго ёсць — рабская прывязанасць! Ёсць! У тым і ўся бяда!.. І прывязаны ён, пэўна, не менш, чым той селянін — на Захадзе! Той — купіў; а гэты — за „шматок зямлі“ — паліў памешчыкаў, гнаў пілсудчыкаў і дзянікінцаў; як адзіную надзею сваю на жыццё ратаваў савецкую ўладу. Ён — не купіў; ён — заваяваў сабе яе, зямельку сваю, — штыком, агнём, крывёю! Хіба ж — меншаю цаною?!. Ці ж выпадкова першыя савецкія дэкрэты былі — аб міры, аб зямлі? Самае дарагое, да чаго рваліся людзі адвеку, ад дзядоў і прадзедаў, у гэтых дэкрэтах: мір і — зямля! Савецкая ўлада, абвясціўшы іх, адразу заваявала мужыцкія сэрцы мільёнаў. Не трэба думаць іншага — амаль кожны з тых, хто змяніў на шынель світку, бачыў больш не зямлю наогул, а зямлю за сваім сялом, свой шматок зямлі!.. І вось — калі параўноўваць селяніна ў нас і на Захадзе, то ці трэба забываць, што наш набыў свой шматок зямлі толькі дзесятак гадоў якіх! Можна сказаць, хвіліну якую назад! Можна сказаць, не спатоліў яшчэ ахвоту сваю! І як яно выходзіць, калі глянуць збоку, адтуль: тая самая савецкая ўлада, якая хвіліну назад дала яму зямлю, сёння ў нашым абліччы прыходзіць да яго ўгаворваць адмовіцца ад свайго шматка, падзяліцца ім з другімі. Прыходзіць — дакажы катораму іншае — адабраць яе! „Учора далі, а сягоння — адбіраюць! Ето — ваша справядлівасць?!. Ашукалі!!!“
„Не, Энгельсава парада — быць чулым да селяніна, каб памагчы лягчэй выйсці яму на новую дарогу, — не лішняя і ў нас. Не лішняя. Можа быць, у нас яна яшчэ больш важная…“
Апейка падумаў: чаму Сталін сказаў, што ў нас — „параўнаўча лёгка“? Яму, які верыў Сталіну, які верыў у вялікі вопыт Сталіна, яго розум, не прыходзіла нават у галаву, што Сталін мог гэта сказаць таму, што не ведаў добра селяніна, усяго таго складанага, супярэчлівага, што стаяла на калгаснай дарозе. Самому Апейку, звычайнаму, радавому аддзялённаму ў вялікай арміі, усё гэта здавалася такім зразумелым, простым для разумення, што нават на момант не падумалася: Сталін мала ведае селяніна. Як Сталін мог не ведаць самага важнага і самага простага, самага віднага ўсякаму, хто бачыў блізка мужыка. Натуральна прыйшло меркаванне: Сталін сказаў гэта з асаблівых, тактычных меркаванняў…
Ужо раздзеўшыся, слухаючы цягучы посвіст ветру, гледзячы ў поцемак, Апейка як бы пачуў зноў: „Смешнае пытанне!“ Чаму смешнае, калі яно такое — важнае?! Калі яно — перад такою вялікай і цяжкай бітвай!.. „Смешна і несур'ёзна!..“ „Зняўшы галаву, па валасах не плачуць!..“ „Несур'ёзна!..“ — як бы гучала ў яго галаве.
Думкі блыталіся, у галаве звінела. Ён чуў ужо неадольную стому, што раптам навалілася на яго, зрабіла яго бяссілым. Пабачыў зноў мяцельную ноч, сумётную дарогу, мернае пакалыхванне конскіх клубоў. Пачуў маркотны гул правадоў. „Смешна і несур'ёзна…“ — прабілася яшчэ, і, каб адагнаць, ён загадаў сабе: „Спаць, спаць!.. Нарэшце — выспацца…“
Дарога бегла ўсё мякчэй, хутчэй.
Раздзел трэці
1
Пачынала днець, калі Башлыкоў прачнуўся. Ён заўважыў: у вокнах бела — і адразу пацягнуўся да гадзінніка. Было без дзесяці дзевяць. Ганьба! Даўно так доўга не валяўся ў ложку.
Ён адкінуў коўдру, ускочыў. Хапатком нацягнуў галіфэ, абуў боты, сарваў з цвічка, накінуў ручнік на шыю. У майцы рушыў да ўмывальніка.
Умывальнік — жалезны бачок — вісеў на сцяне каля дзвярэй у бакоўцы кухні. Блізка ад умывальніка была печ, крываватая, пабеленая, падобная на іншыя печы ў мястэчку і ў вёсках. Пры печы корпалася гаспадыня, Цыля. Башлыкоў прывітаўся з ёю і дзелавіта схіліўся над эмалевым тазікам, што стаяў пад бачком на табурэтцы.
Цыля адхілілася ад печы, выцерла па-сялянску твар, адказала на прывітанне весела, са святочнай урачыстасцю:
— З Новым годам вас!
— А! Дзякую, Цыля Савулаўна! З Новым і вас!
Вада ў бачку здалася цеплаватаю. Змыўшы мыла з рук, Башлыкоў выйшаў у сенцы, у вялікім медным карцы нанасіў з вядра халоднай. Наліў поўны бачок. З асалодай халадзіў рукі, шыю, твар, ледзь стрымліваўся, каб не закрактаць.
