-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 379
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

У такія хвіліны Ганна раней выходзіла з пакоя. Цяпер цвёрда пайшла да стала, села побач на табурэт. Выказаць усё адразу. Скінуць з сябе.

— Параска, — прамовіла строга, тонам загаду.

Тая, не адрываючыся ад сшытка, матлянула галавою: пачакай. Пабегла вачыма далей па радках, паставіла хутка некалькі знакаў.

Ганна зазлавала:

— Ды паслухай ты!

— Пачакай, патрывай!.. — зноў крутнула галавой. — Бачыш жа…

Толькі дачытаўшы, паставіўшы ў канцы апошняе — адзнаку, подпіс, узняла галаву. Зірнула надзіва лагодна, з усмешкай.

— Ну што?

— А от што! — Ганна знарок выказвала злосць. — Не знала ты, каго брала к сабе!

— Ты чаго гэта? — здзівілася Параска. Здзівілася, бачыла Ганна, шчыра.

— А таго! — Ганна гаварыла задзірыста. Нібы падбівала Параску на спрэчку. З націскам, са злосцю аб'явіла: — Папрашчайся са сваім Башлыковым!

Параска, было відаць, не зразумела нічога.

— Папрашчацца… Чаму?

Ганну ўздымала рашучасць.

— А таму! — Рэзаць, дык рэзаць адразу: — Адбіла я яго ў цябе!

Параска, праўда ж, усё не магла ўразумець як след тое, што ёй казалі.

Можа, падумалася Ганне, гэта ад таго, што яна гаварыла Парасцы нібы з насмешкай над сабой. Нібы не сур'ёзна.

— Калі ж ты ўправілася! — засмяялася раптам Параска. — От і не падумала б!

У голасе Параскі было захапленне. Быццам хваліла Ганну.

— Ты не смейся. Спатканне назначыў, — сказала Ганна строга.

Як ні рашуча настроена была, нядобра было. Твар гарэў, дыханне сцінала. Вінаватаю перад Параскаю, навек вінаватаю чула.

— Спатканне? — не паверыла Параска.

— Спатканне.

Параска нарэшце зразумела ўсё, перастала смяяцца. Але жалю не паказала. Проста, годна прамовіла:

— Што ж, віншую.

Было трохі маўчанне.

— От каго ты прытуліла! — не вытрывала Ганна.

Параска доўга глядзела ў сшытак. Нерухома ўжо. Ціха сказала:

— Не думай пра гэта. Пра мяне.

Трэба было б пайсці: галоўнае ж зрабіла. Але не магла ўстаць. Не адразу выказала:

— Што ў вас було?

Параска ўсё глядзела ў сшытак.

— Што было? — Павольна, цвёрда прамовіла: — Нічога не было.

— А казалі… Чула я…

— Разы тры заехаў. Увесь грэх.

— А гаварылі ж… — У Ганніным голасе быў папрок.

Параска ўскінула вочы, адолела тугу. Пажартавала нават:

— Глядзі, каб пра цябе гаварыць не сталі…

Ганна бачыла: туга ўсё таілася ў Парасчыных вачах. Не адазвалася на жарт.

— Ні на што мне ўсё ето, — прамовіла цвёрда, шчыра. — Да і не пара мы. Што дуб і лаза… Не дацягнешся… Каб і можно було…

— Ну, ты гэта — глупства, — задуменна запярэчыла Параска. — Невядома яшчэ: каму да каго цягнуцца.

— Сказала!

Параска маўчала. Ганна дадала наастатак:

— Да і ні да чога ўсё ето.

Калі Ганна ўзнялася, Параска адразу ўзяла наступны сшытак, разгарнула, пабегла вачыма па радках.

А Ганна не магла супакоіцца. Вярнуўшыся ў клас, паспрабавала зноў мыць падлогу — і не здолела. Кінула анучу ў вядро. Сядзела за партай, хадзіла па пакоі, тады выйшла на ганак, на халодны вецер. Думала, што, можа, на холадзе паспакайнее. Вечарэла. Далячынь — балотны хмызняк — агортваў сумны прыцемак. Сумны вячэрні прыцемак клаўся і на хаты, на вуліцы, на двор перад школай. А ёй было, насуперак усяму, радасна. Цяпер, калі ўсё выказала Парасцы, калі Параска як бы дазволіла, дык радасць гэта нібы выбавілася на волю, падужэла. Захапіла мацней.

Яна не ўспамінала, яна ўся жыла адчуваннем незвычайнага. Такога дзівоснага, што, хоць сама бачыла і чула, проста не верылася. Як гэта магло здарыцца з ёй, якой усе гады так не шанцавала? Як магло зваліцца іменна да яе такое шчасце? Як выдумка.

Адно вылучылася з усяго, білася, паліла, спявала: «Да цябе прыехаў… Цябе пабачыць хацеў… Заўтра, як сцямнее. На шлях…»

«Заўтра. Як сцямнее». Заўтра. Заўтра.

Не, і цяпер радасць была нядоўга адна. Не тая цяпер была Ганна, каб так лёгка паверыць у шчасце, ды яшчэ такое. Якое і ўявіць сабе нельга і якое так неспадзеўкі звалілася да яе. Неспадзеўкі і нібы не па закону.

Стаяла ў кофтачцы, без хусткі. Рукі былі яшчэ закасаны. Вецер сцінаў усю. Стрымліваючы дрыжыкі, знарок кпіла з сябе: знайшла шчасце, дурная! Само ў рукі ўляцела! Трымай мацней! Халодны вецер такі выдзімаў тлум з галавы, думалася ясней. Цвяроза прысудзіла сабе: нічога не будзе з усяго гэтага. Пустое! Не пара яму! Прыбіральшчыца!.. Не такую яму трэба!

Параска — от хто яму пара!

«Пара не пара, а от выбраў! — запярэчыла ў ёй неразумнае, даверлівае, што вельмі ж не хацела траціць радасць. — Выбраў! Не Параску, а яе, Ганну, выбраў!» — «Выбраў! — пакпіла яна з той даверлівай дурніцы. — Захацелася пацешыцца мужчыну. Падурэць трохі: маладая кроў! Пабачыў — адзінокая, вольная!..» — «Адзінокая, вольная, — адразу падхапіла тая, якой так хацелася шчасця. — А Параска — не вольная?..» — «Вольная — ды не такая, няпростая. Да гэтай так не падыдзеш, не пазавеш так зразу!..»

Вучыла сябе розуму, а не разумела. Не слухалася ўсё ж сама сябе. Не даходзілі неяк, не бралі цвярозыя перасцярогі. Калі азіралася на тое, што было, які быў ён, калі казаў «да цябе», «заўтра» — чулася, верылася: няпроста і ў яго. Не так сабе казаў. Упадабаў. Бачыла, не сляпая. Упадабаў.

Трымаўся, праўда, важна, аж лішне. Але, відаць жа было, знарок гэта: гонар свой мужчынскі помніў. І начальніцкі гонар не забываў. Ганарлівы аж занадта, відаць. З-за гонару, не інакш, так багата маўчаў, нібы не адважваўся паступіцца. І сказаў толькі некалькі слоў, і то не адразу, і не абы-як. Дзівілася, згадвала з ухвалаю: далікатны які, не дакрануўся нават, не тое што не палез сляпіцаю, як нашы вясковыя. Ведама, культура.

А можа, і ад таго такі — радасна хацелася гэтага, — што ўпадабаў. Як ні стрымлівала гэта, баючыся памыліцца, весела чула: сілу мела над ім. І ён знаў гэта. Таму і быў такі, не падобны на сябе, ціхі, стараўся адолець гэта. Стараўся і не змог! Сказаў: «Да цябе прыехаў!» Да цябе адной. Не магла думаць інакш, як пра дзіва: такі чалавек быў неабыякавы да яе. Прыкмеціў, выбраў, захацеў яе, іменна яе. Такі дужы, такі разумны, такі строгі!

Вярнулася ў клас, запаліла лямпу. Стала завіхацца. Потым кінула ўсё, зноў села, задумалася. Зноў судзіла сябе: не строй, дурная, свят. Не будзе ў цябе нічога. Не пара!..

Не будзе, і няхай не будзе, унізалася яшчэ адно цвярозае. Можа, ёй нічога і не трэба. Ёй, можа, і таго даволі, што ёсць. І тое — свята ёй…

А наогул — няма чаго сушыць галаву.

Раздзел другі

1

Познім завейным вечарам, апошнім вечарам дваццаць дзевятага года, вяртаўся Апейка з «раёна» дадому. Вецер, што ні на момант не ўціхаў, налятаў то збоку, то спераду. Збоку і спераду гнаў снег, кідаў яго на коней, на вазок, у твар Ігнату, у твар Апейку. Клубы абодвух коней былі белыя, у вазку было поўна снегу, снег лажыўся на грудзі, на плечы паліто, біўся ў вочы. Коні то беглі, паслізгваючыся, па голым шляху, то грузлі, важка лезлі ў сумётах, якія ўжо часта перагароджвалі шлях. У посвісце ветру амаль няўціхна было чуваць цягучае, неспакойнае гудзенне правадоў.

Было цёмна. Ад завеі не было відаць агнёў нават недалёкіх вёсак, ды і блізкія слупы ішлі ў цемры ледзь прыкметнымі мутнымі знакамі. Відаць былі адно рухлівы перадок вазка, конскія клубы ў мерным пакалыхванні ды хвасты, якія матляліся ад бегу і ветру. Апейка чуў, што ногі мерзнуць, засоўваў іх у сена, утульваў ад ветру і снегу твар у каўнер. Як праз дрымоту, адзначаў лёгкі лёт, з посвістам, па санных каляінах, важкі скрып па голых прагалінах, павольны, мяккі рух у сумётах. Ён драмаў, дрымота была такая, што відовішчы сну, ява, трызненне, думкі мяшаліся, зблытваліся так, што і сам не дабраў бы ладу. Ён амаль не спаў некалькі начэй і, як толькі рушылі з сяла, адразу, нібы з надмернай ношай, уваліўся ў сон. Але сцюжны вецер неўзабаве, хоць і не дарэшты, разварушыў сон. Апейка то драмаў, то расплюшчваў вочы і бачыў поле, панылы хмызняк, слупы, то зноў заплюшчваўся і адно чуў снег, вецер, посвіст, пад якія рвана, бязладна ішлі, выходзілі думкі. У дрымотнай душы было то неспакойна, то клопатна, то радасна. У хвіліны яснасці ён некалькі разоў лез рукой пад паліто, нахаладалымі, непаслухмянымі пальцамі даставаў вялікі і нязвычна коўзкі кішанёвы гадзіннік, падносіў да самых вачэй, узіраўся — ці не позна? Ён выехаў пазнавата: нельга было раней ды і спадзяваўся, што дарога будзе лягчэйшая; а гэта завея запыняла, і ён баяўся, што не ўправіцца. У цемры лічбаў на гадзінніку амаль не было відаць: ён хутчэй здагадваўся, чым бачыў — колькі часу. Позіркі гэтыя на гадзіннік іншы раз былі і ад таго, што сядзець нязрушна станавілася сумна, што таміў нейкі цьмяны, няпэўны, як змрок навокал, неспакой.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название