Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Кадры — аснова ўсяму. Башлыкоў заўсёды надаваў асаблівае значэнне кадрам. Ён потай быў перакананы ва ўменні сваім падбіраць кадры, з таго, што было пад рукой, выкарыстоўваць лепшае для справы. Ён бачыў: ідэальных па ўсіх якасцях людзей мала — і таму ведаў, як няпроста выбраць тое, што трэба. З усіх патрабаванняў, якія ён выстаўляў да чалавека, найпершымі былі палітычныя якасці чалавека, яго адданасць справе. Тут ніякіх кампрамісаў ён не рабіў ніколі. Палітычная надзейнасць была неадменнаю ўмоваю прыдатнасці чалавека. Усё іншае даводзілася вырашаць, кіруючыся складанай жыццёвай дыялектыкай. Тут і выяўлялася тое, што Башлыкоў лічыў сваім уменнем.
Башлыкоў ужо і сам не помніў, калі ўзнікла ў ім нездавальненне Гайлісам. Даўно ўжо стала карцець думка, што трэба б замяніць некім гэтага ўпартага, недалёкага чалавека, які нярэдка гне нейкую сваю лінію. Можна сказаць, гэта думка акрэслілася канчаткова на сходзе ў Глінішчах. Тады ж, на недалужным гэтым сходзе, кінулася ў вочы і асоба Дубадзела. Едучы з Алешнікаў, Башлыкоў не так сабе падсадзіў у свой вазок яго, рашыў прыгледзецца, праверыць.
Мераючы цяпер кабінет, уткнуўшы рукі ў галіфэ, Башлыкоў заглыблена думаў пра Дубадзела. Думаў не з бескарыснай цікаўнасцю, а з дзелавой заклапочанасцю. Як пра кадравага работніка. Развагі былі няпростыя. Ведаў: Дубадзел малакультурны, грубаваты. П'е. Ва ўсякім разе — піў. Быў ужо старшынёй сельсавета, правалілі. А разам з гэтым — дзелавітасць, веданне народа. Веданне мясцовых умоў. Паходжанне, даныя ўсе — што трэба. Ніякіх заган са сваякамі. Мінулае — чыстае. Былы чырвонагвардзеец. А галоўнае — адданасць якая і рашучасць. І энергія — пазайздросціць можна. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе.
Піў — гэта агідна. Пра гэта папярэдзіць трэба, са ўсёй строгасцю. Папярэдзіць, што за такое з партыі гнаць будзем… Малакультурны і грубы — а дзе ты знойдзеш даволі культурных, адукаваных? Мала іх. Ды і ці многа сярод гэтых культурных, адукаваных так адданых, з такой рашучасцю! І гэта ў такой абстаноўцы, дзе неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае. Гэты — цвёрды, гэты — крэмень, барацьбіт. Гэта — галоўнае. А недацягвае ў нечым — падымаць трэба. Расціць трэба, правільна накіроўваць! Добра кіраваць — усё ў гэтым!.. Ды калі падумаць толкам — палітычны кірунак ён разумее нядрэнна. Ёсць палітычнае чуццё. Тэарэтычна не аформленае, а ёсць. Стыхійнае, але правільнае. Лепшае, чым у некаторых засохлых ад кніг грамацеяў.
Так што галоўнае выходзіла на карысць Дубадзела. Гэта супакойвала Башлыкова, давала яму адчуванне нямарнасці пражытага дня, абнадзейліва звязвала з будучымі днямі.
4
Пасля таго як Башлыкоў паехаў і Параска вярнулася, Ганна не ведала, дзе дзець вочы.
Стала раптам такою вінаватаю перад Параскаю, было так нядобра перад ёю, а трэба было быць разам. Падаваць абед, сядзець насупраць, абедаючы: так было ўжо ў іх заведзена. Сядзець вочы ў вочы пасля таго, што адбылося, і не паказваць, што ў цябе на душы.
Ганну гняло разуменне таго, што яна стала раптам між Башлыковым і Параскаю. Убілася ў іх дружбу ці, можа, і любоў, адвяла Параску ўбок, пабурыла, лічы, яе шчасце. Аддзячыла, можна сказаць, Парасцы за ўсё добрае, што тая зрабіла для яе! Аддзячыла — больш няможна: адбіла кавалера! Няхай не таму, што яна, Ганна, старалася для гэтага; як бы там ні было, на віду будзе адно: адбіла! Улезла ў чужое шчасце, адхапіла!
Ды і то сказаць, калі добра падумаць, прыгледзецца, не такая ўжо яна і невінаватая. Не старалася, праўда, асабліва, але — чаго таіцца перад сабой — хацела ж гэтага, зайздросціла Парасцы. Няхай не старалася, а неяк, пэўне, дала знак, што рада б! І не спыніла ж, не адрэзала, калі здарылася ўсё! Так што не такая ўжо і невінаватая. Вінаватая!
Асабліва няёмка было сядзець перад Параскаю таму, што добра чула: Параска, вострая на вока, адразу прыкмеціла, што яны, Ганна і Башлыкоў, нядобра тояцца. Што між іх, значыць, нешта здарылася, паганае для яе. Кепска на душы было Ганне яшчэ і таму, што, хоць чула сябе вінаватаю перад Параскаю і хоць разумела, што павінна была б расказаць пра ўсё сама, павінаваціцца, ні расказваць, ні вінаваціцца не магла. Як бы разам адняло мову і сумленне.
Калі праўду казаць, то маўчанне і стрыманасць Ганны тлумачыліся не гэтымі прычынамі, а тым, што яна была яшчэ вельмі ўзрушана ўсім, што раптам звалілася на яе. Яна не магла яшчэ прывесці да ладу свае пачуцці і думкі, разабрацца ў іх.
Параска, прытворшчыца, сёрбала гарачы боршч, ела дранікі з такой ахвотай, нібы згаладалася немаведама як і нібы ў гэтым, у ядзе, была найвялікшая радасць. Яна такі, праўду сказаць, любіла паесці, ведала смак у ядзе, але сёння, бачачы, як яна кідаецца на боршч, на дранікі, Ганна не верыла ёй. Бачыла, здавалася, што тоіцца, што збіраецца, вось-вось выбера момант і скажа. Не, паабедала і хоць бы знак які падала, як яна глядзіць на тое, што здарылася.
Калі ўстала з-за стала, давольная, абцерла губы, пахваліла:
— Смачна паела!.. — Амаль папракнула весела сябе: — Наелася на два дні!.. — Мелькам, весела ж, зазначыла: — Дарэмна ён не застаўся! Не пашкадаваў бы!.. — Заплюшчыўшы соладка вочы, пацягнулася, нібы спалохалася: — Ой, на сон нешта павяло!.. — Яна пазяхнула, потым выпрасталася, нязгодна крутнула галавой: — Не, спаць няма калі! Трэба — за сшыткі!
З выгляду рашучая, нібы ганарлівая, той цвёрдай хадою, якою кіравала звычайна ў клас, на заняткі, падалася ў свой пакой. Крокі там амаль адразу ж запыніліся, чыркнула, пасоўваючыся, гнутае з дручкоў, з фанерным донцам, крэсла, што стаяла каля стала і на якім Параска любіла сядзець, і ўсё сціхла. Падобна было на тое, што Параска села-такі за стол, правяраць сшыткі.
Праверка сшыткаў, ведала Ганна, — доўгі клопат.
Калі толькі яна будзе сапраўды чытаць, то гэта надоўга. Надоўга ці ненадоўга ўзяла яна сшыткі, Ганна пачула палёгку. Можна нарэшце пабыць адной, перадыхнуць.
Прыбрала са стала, перамыла посуд, праз калідор выйшла ў клас, стала прыбіраць там пасля дзённых заняткаў. Рабіла ўсё хутка, нецярпліва, як бы хацела перадаць, збыць з душы той неспакой, што неадступна вярэдзіў яе. Сярод класа раптам кінула мокрую анучу, якой мыла падлогу, з адчаем села на парту, бяссіла апусціла рукі на калені. «Заўтра. Як сцямнее…» — біла, здавалася, у скроні.
Горача было. Задыхалася нібы. Аж паверыць няможна. Як бы выдумка якая: «Да цябе прыехаў… Заўтра. Як сцямнее…» Думкі рваліся ў тое заўтра, на шлях. Галава тлумілася ад гэтых думак. Радасць залівала ўсю. Радасць і неспакой. І радасць, і неспакой былі моцныя, грымелі проста, здавалася, на ўвесь пакой. Першы час не магла саўладаць з імі, не магла думаць ні аб чым. Потым ужо вылучылася неспакойнае: што ж гэта значыць? Што будзе? Нарэшце зусім стрымала сябе, зірнула на ўсё стомлена і, як бы працверазеўшы, прысудзіла сабе: «Нічого не будзе. Нічого!»
Калі паспакайнела, стала больш назаляць тая вінаватасць, якую чула перад Параскаю. Нейкі час думкамі горача даводзіла не то сабе, не то Парасцы, быццам тая стаяла перад ёй, чула, што не рабіла нічога для таго, не старалася ніяк. Скончылася гэта тым, што яна рашыла смела: пайсці да Параскі, вылажыць ёй усё, як яно ёсць і як было, няхай ведае. І няхай не думае, чаго не трэба. Не думае няхай, што яна, Ганна, такая, як ёй, мабыць, здалося.
Спусцілася з парты, выцерла рукі аб фартух, прыгладзіла валасы. У калідоры, перад тым як адчыніць пакой, прыпынілася, пачула цішыню ў Парасчыным пакоі. Мудра не паверыла цішыні. Не чытае, канешне, сшыткаў сваіх. Не да чытання. Сядзіць, няйнакш, і думае: каго прыгрэла?..
Упэўненай рукой адчыніла дзверы, рашуча ступіла. Ведала: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Скажа ўсю праўду. Няхай не думае. Ступіла і здзівілася, узяло расчараванне: Параска хілілася за сталом, чытала. Вочы пільна бегалі па лістках, аловак раз-пораз хутка ставіў знакі. Знаёмы чырвоны аловак.
Не азірнулася нават на Ганну. Ганна бачыла: не прыкідваецца, уся ў клопаце. У сшытку сваім.