Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Башлыкоў адзначыў: Ганна ледзь прыхоўвала хваляванне. Стаяла, склаўшы рукі на грудзях, моўчкі ціснулася да вушака дзвярэй. Раней такая імклівая, лёгкая ў рухах, яна цяпер хоць бы зварухнулася, ціснулася, невядома што тоячы. Знешняя яе стрыманасць дзіўна не пасавала з тым, што свяцілася на яе твары, у вачах. З вачэй яе проста зырчэў, біўся неспакой. Сляпы і той, здавалася, мог бы бачыць: сама не свая, штосьці здарылася…
— Я пайду… — нарэшце скранулася, знікла на кухні.
Башлыкоў, як і належала, затрымаўся трохі. Павінен быў затрымацца. Зняў паліто, у якім усё яшчэ стаяў, прайшоўся па пакоі. Сказаў некалькі слоў пра тое, дзе быў гэтыя два дні, што рабіў. Павёў дзелавы роспыт пра справы ў Глінішчах, пра настроі. Паказваў, што з заклапочанасцю і вялікай цікавасцю слухае Параску. Тады загаварыў пра раённыя турботы, пра тое, якая небяспечная сітуацыя цяпер у раёне. Пасля ўсяго даў парады Парасцы, што да яе грамадскай працы сярод сялян. Гаворачы гэта, у сваёй звычайнай ролі, набыў нарэшце, хоць на час, нетрывалую раўнавагу, сцішыў насцярогу Параскі.
Сабраўшыся ехаць, надзеўшы зноў паліто, выйшаў да Ганны развітацца. На Ганніным твары былі ранейшы неспакой, сумяціца. Рука, гарачая, разгубленая, паспешліва адказала на поціск. Ганна не пайшла праводзіць. На двор, накінуўшы на плечы каптанчык, выйшла адна Параска. Ужо без ранейшай гуллівасці, з нядобрай прытоенасцю папракнула, што не застаўся абедаць, сказала не мінаць іх дому, заязджаць. Ён, паказваючы, што заклапочаны ўжо новымі справамі, падзякаваў, паабяцаў, што будзе заязджаць. Калі будзе час.
Была сумяціца пачуццяў і думак, калі вазок выслізнуў з-за гумнаў, пад рыпенне гужоў нячутна паплыў у белае пустое поле. Спачатку гарэў перажытым. Бачыў вочы яе, усю яе, не мог супакоіцца: якая краса! Проста чорт ведае што: нічога, здаецца, такога не бачыў! Як яна тут вырасла такая! У звычайнай сляпой хатцы! Цуд нейкі, і толькі! І краса, і разам — годнасці колькі! Розум які свеціцца! Здзівіўся: як ён не пабачыў гэтага першы раз! Аслеп тады ад няўдачы. За гэтым згадваў, чуючы, як у грудзях гарачэе: «Да цябе прыехаў… Цябе пабачыць хацеў…» Словы гэтыя, здавалася, гучалі ў галаве. Асабліва ж гучала, моцна, нецярпліва, завабна: «Заўтра… Як сцямнее… Каля дарогі…» Згадваў, як яна кіўнула, і нібы не паверыў шчасцю…
Чым далей, тым больш, аднак, у душу ўпаўзала іншае. Жаданае, добрае хмарыла няпрошаная, непрыемная прыкрасць. Згадваў з няёмкасцю, як сустрэўся, гаварыў з Параскаю. Як бы пачуў папрок сабе: таіўся, хлусіў! Хлусіў, і Параска гэта зразумела. Зразумела — ён цяпер бачыў гэта, здавалася, зусім ясна. Ад гэтага на душы было проста брыдка. Тады прыйшла недавольнасць наогул сабою: не ўтрымаўся на ўзроўні, збочыў з лініі. Не паказаў вытрымкі. Падатны аказаўся, слабаваты. Сваё, асабістае не стрымаў. Даў волю свайму, асабістаму. Непатрэбнаму, недаравальнаму ў такі час. Захацелася любові!..
Раптам узяло разважнае: не трэба было заязджаць. Не трэба было сустракацца. Разважнае гэта павяло далей: а можа, спыніцца, адмовіцца? Вядома, адмовіцца трэба. Сказаць, што не мае часу, заняты. І скончыць тым.
Але з гэтым было: якая краса! Яе неспакойны позірк, адчуванне блізкасці. «Заўтра. Як сцямнее…» Непатрэбнае, яно хораша цяплела ў грудзях, вабіла. Сціскала сэрца чаканнем.
«Спыніцца. Спыніцца трэба…» — думаў ён.
3
Пакуль ехаў дадому, думкі Башлыкова блыталіся.
Дома, у кабінеце, дзе адразу абступілі звыклыя, значныя клопаты, тое, што адбылося ў Глінішчах, здалося раптам зусім простым і далёкім. Яно, праўда, час ад часу прабівалася ў важны, раённы свет яго кіруючых турбот, адцягвала на момант думкі, але Башлыкоў без асаблівай цяжкасці адганяў яго.
Увечары, калі навалач турбот сышла і застаўся адзін, яно, тое далёкае, зноў падабралася. Дзіўная рэч: удзень амаль рашыў, што ўсё, адмовіцца, скажа, што няма часу, і скончыць тым. А тут як бы і не было той цвёрдасці. Зноў нібы пачуў: «Заўтра. Як сцямнее…» Зноў убачыў, як яна кіўнула. Згадаў, як радасна заблішчалі вочы, калі ўбачыла адразу. Успамінаючы ўсё, чуў, бачыў: любіць яго. Такая красуня любіць! Мала хто ведаў, што Башлыкоў быў вельмі падатны жаночаму хараству. І калі дадаць да гэтага тое, што ведалі многія: што Башлыкоў быў аж занадта самалюбны, то можна ўявіць, як цешыла яго цяпер разуменне, што чалавек такога хараства хінецца да яго. Што заўтра яны будуць разам, адны.
Башлыкоў узрушана захадзіў па пакоі. Засунуўшы рукі ў кішэні галіфэ, молада, імкліва стаў мераць кабінет. Бачыў, здавалася, побач яе, перад сабой, твар у твар. Чуў, здавалася, цяпер яе. Чуў сябе маладым, дужым, удачлівым.
Не адразу супакоіўся. Калі захадзіў спакайней, падумаў: яна ўражвала яго не толькі знешнім хараством, але і неспадзяваным багаццем унутранага жыцця. Нейкай незвычайнай, трапяткой чуласцю. Цэлы свет угадваўся ў ёй, вабіў, клікаў. І хто б мог падумаць — прыйшло недарэчнае: звычайная прыбіральшчыца. Ён, праўда, тут жа спыніўся, цвяроза папракнуў сябе, што разважае, як арыстакрат, як законны дваранін. Дваранін з залінейных гомельскіх баракаў. Падумаў са з'едлівай насмешкай з сябе: адкуль гэта ў яго з'явілася такая вышэйшасць! Нагадаў сабе: кожная кухарка павінна навучыцца кіраваць дзяржавай. Далучыў упэўнена: гэта так званая прыбіральшчыца зможа. Калі даць толькі падвучыцца.
Ён стаў думаць пра яе. Ён адчуваў, што так мала ведае яе. Хто яна? Чаму яна ў школе? Чаму не з бацькамі? Ці вольная, не замужняя? Яна не падобная на дзяўчыну. Відаць, была замужам, відно: нямала паспытала. Успомніў, як стрымлівалася, падумаў: а можа, і цяпер замужам?.. Не, запярэчыў адразу — калі і была, то разышлася. Інакш не жыла б адна, пры школе. Свайго кутка няма. А калі быў муж, то хто ён? Чаму разышліся? Ці — з'ехаў куды? Багата пытанняў раптам узнікла, і яны так закарцелі, што Башлыкоў перастаў хадзіць, гатоў быў усё зараз жа высветліць. Ён ледзь не ступіў да стала, да тэлефона — выклікаць каго трэба, загадаць высветліць. У час схамянуўся, што выклікаць нікога нельга. Не толькі таму, што ніхто тут такога не ведае, а і таму, што так лепш — не высвятляць. Нельга дапускаць у гэта нікога.
Пашкадаваў: мог бы высветліць там, былі нагода і час. Успомніў доўгае маўчанне, з-за гэтага, падумаў цяпер недавольна, многае і засталося недагаворанае. Зазлаваў на сябе, што лічаны час быў страчаны так па-дурному. Пра што б ён ні думаў, сярод усяго неадступна тачылася ў яго вінаватасць, што адступіўся ён ад дзённага, належнага: адмовіцца, скончыць, і ён думкаю ўхапіўся за згаворлівае, што апраўдвала яго. Нельга канчаць так, як ён думаў раней. Трэба пабачыцца. Пагаварыць, высветліць усё і тады развітацца. Сумленна і годна…
Аднак ён да гэтага часу пастражэў ужо да сябе і асудзіў гэты хітраваты подступ, што прыхоўваў маладушнасць. Як бы там ні было, трэба называць усё сваім імем. Што ёсць — тое ёсць. Не можа справіцца з сабою, са сваім жаданнем. Непатрэбным жаданнем. Не можа ўтаймаваць дурной крыві, якая не ў час разгулялася. Мужчынскага імпэту, якому захацелася жанчыны. Бабы. З гэтым злым нездавальненнем увайшла няёмкасць за сябе: да чаго ж, відаць, недарэчна выглядаў перад ёю. Як хлапчук. Вярнулася прыкрасць ад таго, як ён нікчэмна маніў Парасцы. У гэты момант у злосць яго, што давала добрую дужасць, раптам увайшло кволае, амаль беспараднае: што ж гэта завязалася, што будзе? Пачуў жаль: як ён кіне сам такую красу?! Такое шчасце…
Думкам не было ладу. Заблытаўшыся ў думанні, ён зноў зазлаваў на сябе, на ўсё і падужэў. Намогся, адкінуў бескарыснае думанне. Узяўся думаць пра паездку. Згадаў, як хадзіў па Куранях, па Мокуці, гаворкі, адчуванні. У душу ўлілася злосць на людскую дурнату, на сляпую ўпартасць. Зноў убачыў нядобрыя твары, сярод іх вылучыліся Ігнат і Яўхім Глушакі. Нібы паўтарылася, ясна і ўнізліва, размова з Гайлісам. Нічога не разумее, апартуніст аслеплы! З-за такіх вось, з-за ліберальных дабрадзеяў, і бяда ўся, прарыў у раёне! На бюро, гэта правільна, адзіна правільна. І абавязкова — аргвывады! Трэба належныя кадры! З такімі і тое, што ёсць, загубім.
