Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Быў мне муж нялюбы, кволы, як пасля цяжкой хваробы,
Чачнагір жа быў прыгожы, пры цары служыў даўно.
Хоць любіла я вяльможу — не нашу па ім жалобы,
Кроў яго мне ўсё здаецца, быццам моцнае віно.
Палюбоўніку пра дзеву ўсё сказала я, дурніца,
Як яна ўцякла адважна, як яе і след прастыў.
Пагражаў ён часта выкрыць гэту нашу таямніцу,
Ды цяпер, табой забіты, для мяне ён — гук пусты.
Паспрачаемся — адразу пагражаў ён мне ад злосці.
Неяк ездзіў ён кудысьці, я ж паслала па цябе.
Ён вярнуўся. Я ж ад страху, што ў мяне сустрэне госця,
Загадала, каб слуга мой да цябе з той весткай бег.
Ты ж, мяне не зразумеўшы, завітаў, як ясны сокал;
Потым ён, як звер драпежны, нечакана ўбег у дом.
Я спалохана стаяла, не спускала з яго вока,—
Смерці ён жадаў мне сэрцам, а не толькі языком.
Калі б ты, мой госць цудоўны, не прыкончыў злога ката,
Ён бы ўсё цару са злосці патаемна разбубніў.
Цар, разгневаны дашчэнту, дом спаліў бы мой багаты,
Пакараў бы лютай смерцю і дзяцей маіх пабіў.
Чым аддзякаваць магу я? Памажы мне ў гэтым, божа,
Больш пужаць мяне не будзе крыважэрны, хцівы гад.
Свой шчаслівы лёс жаночы толькі зараз бачу, можа:
Абмінула смерць; каханне, прадчуваю, ладзіць лад!»
Аўтандзіл сказаў: «Спрадвеку толькі мудрасць праўду мерыць:
Вораг з ворагаў найгоршы, хто, як друг, увойдзе ў дом.
Тайну сэрца не раскрыўшы, мудры хлусу не паверыць.
Той цяпер жыхар бяздоння, хто плаціў за ласку злом!
Раскажы, якія весткі аб каханай ты сабрала,
Дзень і ноч я аб сустрэчы бога добрага малю».
Тут Фацьма замест адказу нечакана зарыдала:
«Знікла сонца, што праменнем упрыгожвала зямлю!»
ФАЦЬМА РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА ТОЕ, ЯК НЕСТАН-ДАРАДЖАН ТРАПІЛА Ў ПАЛОН ДА КАДЖАЎ
Лёс пракляты! З д'яблам толькі ты зраўняешся маною!
Хто твайго каварства межы мог адолець хоць бы раз?
Што зрабіў ты з той, што сонца зацьмяваць магла сабою?
Бачу: ўсё на свеце тленам стане ў вызначаны час.
Зноў Фацьма апавядала: «Знікла сонца, што свяціла
Над маім жыццём і домам сваім ласкавым святлом.
З той часіны я губляю на агні пакутным сілы,
Слёзы лью крынічнай плынню, кленучы нядолі зло.
Мне абрыдла ўсё на свеце, мне нямілы сталі дзеці,
Днём я мару аб красуні, ўночы сніцца мне яна.
А Усен, што здрадзіў клятве, знік з вачэй, блукае дзесьці;
Чым дзяліць з брыдою ложак, застануся лепш адна.
Неяк ціхім надвячоркам, калі захад стаў ружовым,
Я праходзіла прадмесцем, дзе ўбаку стаяў шынок.
З жалем дзеву прыгадала, і зляцелі з вуснаў словы:
«Хто мужчынскай клятве верыць — кліча той бяды знарок!»
Бачу: раб з трыма сябрамі ўваходзіць у харчэўню;
Раб па-ратнаму адзеты, тыя — ў грубае радно.
Накупляўшы страў на драхму, елі ў смак. І ў час вячэрні
Палілася ў іх гаворка, мне было ўсё чутно.
Гаварыў адзін: «З дарогі адпачыць нам — асалода.
Мы сышліся ў гурт адзіны, ўсе чужыя між сабой.
Дык няхай раскажа кожны пра сваё жыццё й прыгоды,
Раз адна звяла дарога пад агульнаю страхой».
Пацяклі апавяданні; і калі чарга прыспела,
Раб сказаў: «Кіруе намі воля бога з вышыні.
Вы тут слоў кідалі проса, я ж пасею толькі перлы;
Той уцяміць мае словы, хто не любіць балбатні.
Я адданы раб і воін ўладара ўсяе Каджэці,
Ды хваробаю цяжкою падкасіла смерць цара.
Шмат дабра рабіў ён людзям. Засталіся ў яго дзеці,
І сірот на выхаванне ўзяла яго сястра.
Дулардухт — царыцу звалі — кіравала ўсёй краінай,
І ніякі вораг блізка падысці да меж не смеў.
А з сірот Расана й Родзьі павыросталі мужчыны,
І надзейную апору трон яе магутны меў.
Раптам вестка: дзесь за морам у яе сястра сканала;
Зажурыліся візары, як сышліся на савет:
Як паведаміць царыцы — будзе енку тут не мала,—
І тады вяльможам знатным так сказаў Рашак-спаспет:
«Не магу, хоць рэжце, слухаць я жаночы плач і лямант,
Лепш паеду чыстым полем па здабычу на разбой —
Як вядома ўсім, багацце не было ніколі плямай,—
А вярнуся — у царыцы слёзы зменяцца журбой».
Крыкнуў ён: «Выходзь наперад, хто гатоў ісці за мною!»
Сто ваяк найлепшых выбраў і павёў іх за сабой.
Рабавалі ўдзень і ўночы мы, не ведаўшы спакою,
Зніштажалі караваны, скарб багаты рос гарой.