Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён набраў у падарункі перлы дзіўныя, рубіны.
Я сказала: «П'яных будзе многа сярод вас, на жаль.
Дык глядзі: ніводным словам не абмоўся пра дзяўчыну!»
Ён пакляўся: «Не скажу я — хай пратне мяне кінжал!»
У палац Усен з'явіўся; там банкет ішоў гарою.
Як заўсёды, да Усена быў прыхільны ў дзень той цар.
Падарункі ўзяў і побач пасадзіў яго з сабою.
Даў віна: падпіў адразу неразважлівы гандляр.
Добра госці выпівалі, так заведзена спрадвеку,
І збанамі падавалі віны розныя к сталу.
Ды, напіўшыся, забыўся, ў чым пакляўся, недарэка!
Для чаго вароне ружа? Рогі для чаго аслу?
Цар звярнуўся да Усена; той даўно быў добра п'яны:
«Чым аддзякую за перлы, што так шчодра дорыш нам?
За рубіны-самацветы, што іскрацца палымяна?
Заплаціць за ўсё не зможа нават царская казна».
Адказаў Усен з паклонам: «О вялікі ўладар мой!
Ты, як сонца, ўсім нам дорыш і пражытак і жытло.
Дык чые ўсе багацці?! Дык чые ўсе тавары?
Тут усё, што маю зараз,— ты нам даў, свяціл святло!
Цар, ці варта захапляцца гэтым сціплым маім дарам?
Для царэвіча нявесту бог Усену дараваў!
Ты мне ўдзячны будзеш болей, калі ўбачыш сам чынару;
Вось сапраўдны падарунак, што хачу паднесці вам!..»
Так мой муж святую клятву, слова гонару парушыў,
Расказаў ён пра дзяўчыну — зорку светлую між зор.
Цар быў вельмі задаволен, што Усен развесіў вушы.
Загадаў, каб сонца-дзеву прывялі на царскі двор.
Я адна сядзела дома і не мела думак чорных,
Ды ганец з'явіўся раптам, пакланіўся да зямлі.
Больш паўсотні кап'яносцаў ён прывёў з сабой прыдворных.
Зразумела я адразу, па каго яны прыйшлі.
Прывітаўшыся, сказаў ён: «Вось, Фацьма, загад высокі:
Цар сказаў прывесці тую, што Усен аддаў у дар.
Возьмем мы яе з сабою, да палаца тут два крокі!»
Здрыгануўся свет вялікі, бліскавіцы ззялі ў твар.
Я ізноў перапытала: «Хто яна? Каго вам трэба?»
Адказаў ён: «Трэба тую, што Усен цару аддаў».
Я са страху ачмурэла, мне з аўчынку стала неба,
Не магла ні ўстаць, ні сесці, нехта мову адабраў.
Да красуні ўвайшла я. На вачах — крышталі-слёзы.
Я сказала ёй: «О сонца, здрадзіў нам пракляты лёс!
Пакараў ён нас няшчадна і паслаў бяду-пагрозу:
Выкрыў муж мой тайну нашу — ў сэрцы рану мне нанёс!»
Адказала: «Не здзіўляйся, я другога не чакала,
Нарадзіла мяне маці, мабыць, толькі на бяду.
Мала бачыла я шчасця, болей гора прыпадала,
Ліха большага, сястрыца, мне здаецца, не знайду!»
А з вачэй яе, як перлы, не сціхалі слёзы ліцца.
І, ўжо розніцу забыўшы паміж шчасцем і бядой,
Горда ўстала, быццам нечым раззлаваная тыгрыца,
І закрыла твар прыгожы валасянаю чадрой.
Я да скарбніцы пабегла, дзе ляжалі скарбы ў сховах,
Дарагіх каменняў-перлаў жменю поўную ўзяла.
За такія скарбы можна горад цэлы ўзяць без слова.
Дзеве ў пояс іх паклала — чым магла, дапамагла.
Я сказала: «Можа, гэта ўсё спатрэбіцца ў палоне?»
І павёў красуню-дзеву царскіх воінаў атрад.
Цар насустрач дзеве выйшаў уладарна з залы троннай,—
У палац ішла красуня, долу ўтупіўшы пагляд.
Бег услед натоўп за ёю, скрозь гучалі гоман, крыкі.
Не магла стрымаць ахова хваляў тых людскіх напор.
Станам стройным, як чынара, быў уражан цар вялікі.
Ён здзівіўся: «Скуль ты, сонца, што зацьміла сотні зор?»
Хто зірне — прымружыць вейкі, асляплялі бляскам вочы.
Цар сказаў: «Такіх прыгожых не было яшчэ нідзе.
Бог паслаў нам вобраз гэты — ён здзівіць смяротных хоча,
Хто яе міджнурам стане — звар'яцеўшы, прападзе!»
Пасадзіў з сабою поруч і сказаў такія словы:
«Раскажы мне, хто ты будзеш і адкуль сюды прыйшла?»
Не адказвала красуня, быццам хто пазбавіў мовы,
І, схіліўшыся маўкліва, галавы не падняла.
Што казаў ёй цар — не чула, боль сціскаў ёй сэрца жорстка;
Думкай, бедная, ляцела ў краіны роднай даль.
Бо застыла кветка-ружа — не раскрыліся пялёсткі;
Сэрцы тых, хто бачыў гэта, ахапіў вялікі жаль.
Цар сказаў: «Дазнацца праўды трэба зараз неадкладна.
Ёсць тут, пэўна, дзве прычыны — разгадаць іх трэба нам:
Або некага кахае — вобраз нечы ёй прынадны,—
А ўсё іншае не міла затуманеным вачам;
Або сутнасць дзевы — мудрасць яснабачанняў глыбокіх,