Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ды хіба ж схаваць магчыма бляск прамення залаты,
Хоць фіранкамі я вокны і старанна засланяла?
З веек сцюжны віхар веяў, ружы цвет на шчоках стыў.
Гэту дзеву-чараўніцу, станам — стройную таполю,
Пасяліла непрыкметна я ў пакоі патайным,
Каб ніхто не мог дазнацца, хто ў няволі мімаволі,
Каб маглі пра гэта ведаць мы са служкаю адны.
Расказаць пра гэта цяжка, як марнела дзева з часам,
Як і ўдзень і ўноч няўцешна слёзы горкія ліла.
Заціхала ж на хвілінку, як была са мной сам-насам;
Без яе, сама не знаю, як дагэтуль дажыла.
Я ўваходзіла — і слёзы, як азёры, зіхацелі,
Над бяздоннем іх таемным веек-стрэл гушчар чарнеў,
Як агатавыя кубкі, вочы вільгаццю мігцелі,
Паміж лалаў-губ бялелі зубы-жэмчугі, як снег.
Дапытацца не змагла я з-за журбот яе няспынных,
Хто яна, адкуль паходзіць, у якой бядзе цяпер.
У адказ — адно маўчанне, слёз струменістыя плыні,
У каго не сэрца — камень, толькі той бы ўсё сцярпеў.
Непатрэбен быў ёй ложак, хусткай плечы ўкрывала,
Вэлюм чорны ад старонніх прыгажосць яе хаваў.
Пад шчаку руку падклаўшы, так, нябога, і драмала,
Ледзь упросіш, каб што з'ела, не краналася да страў.
Расказаць хачу асобна пра ўбор яе і вэлюм;
Хоць усякае раскошы перабачыла я шмат,
Але гэткае не знойдзеш, хоць шукай у свеце цэлым,—
І танчэй ядваб заморскіх, і мацней жалезных лат.
Многа дзён у нашым доме я самотніцу хавала.
Расказаць не смела мужу пра сакрэты я свае,
Бо яго я добра знала як пустога самахвала;
І з трывогай патаемна я наведвала яе.
Непакоіла турбота: калі я ўтрымаю тайну,
Чым, не ведаючы справы, ёй адна дапамагу?
Муж дазнаецца — у стане апынуся я адчайным,—
Як, падобную да сонца, ад пагрозы зберагу?
Што ж, аднак, зраблю адна я,— непакоіла трывога,—
Можа,лепш пра ўсё Усену мне па шчырасці сказаць?
Хай мне толькі паклянецца, што ўтрымае тайну строга:
Не захоча здрадай клятве д'яблу ён душу прадаць.
Вось кажу яму аднойчы я, набіта выпадкова:
«Рэч адну сказаць хачу я, толькі ты кляніся мне,
Што пра гэту таямніцу не раскажаш ані слова».
Ён сказаў: «Прагаваруся — хай пярун заб'е мяне!
Я клянуся — што раскажаш, не дазнаюцца пра тое
Ні дружбак, ні вораг люты, ні стары, ні малады!»
І адкрыла я Усену ўсё са шчыраю душою;
Запрасіла: «Калі гэтак — сонца ўбачыш ты тады».
І калі прыйшлі мы разам да красуні ў святліцу,
Здрыгануўся ён, нібыта ў вочы біў нясцерпны бляск.
Крыкнуў: «Што за дзіва бачу? Гэта ява ці мне сніцца?
Быць не можа, каб такое нарадзіць магла зямля!»
Я сказала: «Невядома мне самой пра гэта дзіва
Звыш таго, што расказала я па шчырасці табе.
Хай сама пра ўсё раскажа — запытаемся пачціва,—
Свет чаму ёй стаў нямілы, слёзы лье чаму ў журбе?»
І звярнуліся да дзевы мы з вялікаю пашанай:
«Ты праменнем палымяным нашы душы апякла.
Як зрабіць, скажы, каб месяц зноў мігцеў без ценяў цьмяных?
Як сагнаць шафранны колер і вярнуць на шчокі лал?»
Ці пачула, ці не ўчула — не сказаў пагляд суровы,
Ружы-вусны пахавалі белых перлаў роўны рад.
Змеі кос на персях пышных варушылі шаль шаўковы.
Так дракон хавае сонца, бо святлу яго не рад.
Не дабіліся ні слова мы ні ласкай, ні спагадай
Ад тае, што, як тыгрыца, паглядала з-пад ілба.
Толькі вусны прашапталі, слёз суняўшы вадаспады:
«Не скажу нічога, йдзіце!» — І на твар лягла жальба.
Мы заплакалі абое, сеўшы з дзевай беднай поплеч,
Шкадавалі, што дарэмна словы трацілі свае,
Суцяшалі, як дачушку, асушалі слёзаў кроплі,
Садавінай спелай марна частавалі мы яе.
Тут Усен сказаў: «Не будзем мы яе дарма трывожыць,
Гэтых вуснаў промень сонца дакрануцца б толькі мог;
Даражэй яе на свеце быць ніхто зусім не зможа,
Калі дзеці даражэй мне, забярэ няхай іх бог!»
Хараством сваім дзівосным нас яна зачаравала,
Сустракацца з ёю — шчасце, расставацца — сум і страх.
Ад турбот і спраў надзённых з ёю мы адпачывалі,
Трапяталі нашы сэрцы, нібы ў сетцы кволы птах.
Час ішоў хадой павольнай, праміналі дні за днямі.
Абвясціў Усен аднойчы: «Я ў цара не быў даўно.
Ты парай: ці не паехаць мне ў палац яго з дарамі?»
Я сказала: «Так ці йначай — ехаць трэба ўсё адно».