Наше меню (нажмите)

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 442
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту pbn.book@yandex.ru для удаления материала

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

А цяпер трэба распавесці вам пра Юру… Гэта муж Лены… У вёсцы яго называюць «пастух-чытальнік», ён пасвіцвы кароў і чытае. Я бачыла ў яго шмат кніг рускіх філосафаў. З ім можна пагаварыць пра Гарбачова і пра Мікалая Фёдарава, пра перабудову і пра чалавечую бессмяротнасць… Іншыя мужчыны п’юць, а ён чытае. Юра — летуценнік… сузіральнік па натуры… Лена ганарыцца, што ён крыжаванкі вокамгненна разгадвае. Але Юра маленькага росту… У дзяцінстве ён вельмі хутка рос… Калі ён быў у шостым класе, мама павезла яго ў Маскву. Там яму зрабілі нейкі няўдалы ўкол у хрыбет. І ён зусім перастаў расці — адзін метр пяцьдзясят сантыметраў. Праўда, прыгожы мужчына. Але побач з жонкай ён — карлік. У фільме мы стараліся, каб гледачы гэтага не заўважылі, я прасіла, умольвала аператара: «Богам прашу, прыдумай што-небудзь!» Нельга было даць абываталю простую разгадку — ад карліка яна пайшла да прыгажуна-супермена. Звычайная баба! А Юра… ён мудры, ён ведае, што ў шчасця шмат адценняў. Ён згодны, каб Лена была побач з ім на любых умовах, няхай яна ўжо не жонка, але сябар. З лістамі з казённага дома да каго яна бяжыць? Да яго… Разам гэтыя лісты чытаюць… У Юры сэрца крывёй абліваецца, але ён слухае… Каханне доўга трывае… каханне не зайздросціць… не наракае і не задумвае злога… Усё, вядома, не так прыгожа, як я цяпер расказваю… Іх жыццё — не ружовая бурбалка… Юра хацеў застрэліцца… сысці куды вочы глядзяць… Там былі рэальныя сцэны з крывёю і плоццю. Але Юра яе кахае…

пра сузіранне

— Я яе заўсёды кахаў… У школе яшчэ. Яна выйшла замуж і з’ехала ў горад. А я яе кахаў.

Гэта было раніцай… Мы з мамай сядзелі за сталом, пілі чай. Бачу ў акне: Лена ідзе з немаўлём на руках. І я маме кажу: «Мама, вось мая Лена прыйшла. Мне здаецца, што яна прыйшла да мяне назаўсёды». З таго дня я стаў вясёлы і шчаслівы, і нават… прыгожы… Калі пабраліся, я быў на сёмым небе ад шчасця. Цалаваў свой заручальны пярсцёнак, які на наступны ж дзень і згубіў. Дзіўна, ён так удала аблягаў палец, але, працуючы, я абтрос рукавіцу, а калі стаў насоўваць яе, то ўбачыў, што пярсцёнка няма — шукаў і не знайшоў. У Лены заручальны ж пярсцёнак сядзеў лёгка, але яна ні разу яго не ўпусцiла, пакуль не зняла…

Паўсюль удваіх… Вось як мы жылі! Любілі да крыніцы хадзіць разам, я нясу вёдры, а яна побач: «Давай я табе пагуду». І нешта расказвае… З грашыма было не надта, але грошы — гэта грошы, а шчасце — гэта шчасце. Як толькі пачыналася вясна, у нас у доме заўсёды стаялі кветкі, спачатку я адзін насіў, потым дзеці падраслі, мы разам насілі. Усе любілі маму. Мама ў нас была вясёлая. Іграла на піяніна (у музычнай школе вучылася). Спявала. Казкі складала. У нас пэўны час быў тэлевізар, нам падарылі. Хлопцы прыліплі да экрана, адарваць немагчыма, і нейкія яны сталі агрэсіўныя, чужыя. Дык яна ўзяла і заліла яго вадой, як акварыум. Тэлевізар згарэў.

«Дзеці, глядзіце лепш на кветкі, на дрэвы. З татам і мамай размаўляйце». Нашыя дзеці не пакрыўдзіліся, таму што мама сказала…

Развод… Суддзя пытаецца: «Чаму разводзіцеся?» — «Розныя погляды на жыццё» — «Муж п’е? Б’е?» — «Не п’е і не б’е. І ўвогуле, мой муж — выдатны чалавек». — «А чаму разводзіцеся?» — «Кахання няма». — «Няўважлівая прычына». Далі нам год, каб мы падумалі… Мужчыны з мяне смяяліся. Раілі: выгнаць з хаты, здаць у псіхіятрычную лякарню… І чаго ёй не хапае? З кожным чалавекам такое бывае. Туга, як халера, нападае на ўсіх. Едзеш у цягніку, глядзіш у акно — і туга. Прыгажосць вакол, вачэй не адвесці, а слёзы коцяцца, і не ведаеш, што з сабой рабіць. Так, руская туга… Нават калі ў чалавека нібыта ўсё ёсць, усё роўна чагосьці бракуе. І жывуць. Неяк церпяць усе. А яна: «Юра, ты вельмі добры, ты мне найлепшы сябар. А той палову жыцця правёў у турме, але ён мне патрэбны. Я яго кахаю. Не адпусціш — памру. Я буду рабіць усё як мае быць, але буду мёртвая». Лёс, ён такая штука…

Кінула нас і з’ехала. Дзеці сумавалі, доўга плакалі, асабліва маленькі. Наш Мацвейка… Чакалі ўсё маму і цяпер чакаюць. І я чакаю. Напісала нам: «Не прадавайце толькі піяніна». Адзіная дарагая рэч у нашым доме, ад бацькоў ёй засталося. Улюбёнае піяніна… Усёй сям’ёй сядзем увечары, а яна нам іграе… Хіба ж я магу дзеля грошай яго прадаць? І яна не зможа выкінуць мяне са свайго лёсу, пакінуўшы там пустое месца, гэта ж немагчыма. Пятнаццаць гадоў пражылі разам, у нас дзеці. Яна добрая, але яна іншая. Нейкая незямная… Лёгкая яна… лёгкая… А я чалавек зямны. Я з гэтых… хто на зямлі… Напісалі пра нас у мясцовай газеце. Потым паклікалі ў Маскву на тэлебачанне. Там так: ты сядзіш, як быццам на сцэне, і распавядаеш пра сябе, а ў зале гледачы. Потым абмеркаванне. Як усе Лену лаялі, асабліва жанчыны: «Маньячка! Сэксаманка!» Гатовыя былі камянямі яе закідаць. «Гэта паталогія, гэта няправільна». Да мяне пытанні… Накаўт за накаўтам… «Гэтая юрлівая сучка, якая кінула вас і дзяцей, яна не вартая вашага мезенца. Вы — святы. Кланяюся вам у самыя ножкі ад усіх рускіх жанчын…» Я хачу адказаць… пачынаю… А мне: «Ваш час скончыўся». Я заплакаў. Усе вырашылі, што мае слёзы ад крыўды, ад злосці. А я плакаў ад таго, што яны такія разумныя, адукаваныя, жывуць у сталіцы і нічога не разумеюць.

Я буду чакаць яе колькі трэба. Колькі яна захоча… Не магу ўявіць побач іншую жанчыну. А часам… раптам нахлыне жаданне…

з вясковых размоваў

— Лена — анёл…

— Раней такіх жонак саджалі ў камору або лейцы бралі…

— Калі б яна пайшла да багатага, усё было б зразумела. У багатых жыццё цікавейшае. А якія могуць быць адносіны з бандытам? Ды яшчэ з «вечнікаў». Два спатканні ў год — і ўсё. Усё каханне.

— Рамантычная натура. Няхай пакатаецца.

— Гэта ў нас у крыві — шкадаваць гаротненькіх. Забойцаў і гулякаў. Чалавека заб’е, а вочы, як у немаўляці. І яго шкада.

— Я наогул не веру мужчынам, а вязням тым больш. Ім у турме сумна. Забаўляюцца. Пішуць пад капірку: лябёдка мая белакрылая, мару пра цябе, святло ў акенцы… Якая-небудзь дурніца паверыць і кідаецца яго ратаваць: цягае перадачы ў непад’ёмных пакунках, дасылае грошы. Чакае. Ён вызваляецца, прыязджае да яе — паеў, папіў, грошыкі выдурыў — і ў адзін цудоўны дзень кудысьці выпарыўся. І — чао! Чао!

— Дзяўчаткі, гэта такое каханне! Як у кіно!

— Пайшла замуж за забойцу, а добрага мужа пакінула. Потым жа дзеці ў яе… трое малых… А квіток узяць… Ёй жа на край свету да яго трэба ехаць — дзе яна гэтыя грошы бярэ? Яна ўвесь час у дзяцей кавалак забірае. Зойдзе ў краму, і ў яе праблема: купіць ім булачку ці не купіць?

— Жонка хай баіцца мужа свайго… Яны ўдваіх ідуць да Хрыста. А проста так… так проста — навошта? Калі без гэтай мэты, то навошта?

— Без мяне, кажа Гасподзь, вы не можаце ствараць. А яна спрабуе ствараць уласным розумам. Гардыня гэта. Там, дзе няма пакоры, заўсёды ёсць нейкая іншая сіла. Д’ябал спрыяе.

— Ёй трэба ў манастыр, шукаць шлях да выратавання. Чалавек ратуецца ў журбе. Журбу трэба нават шукаць…

Працягваем нашую размову з Ірай Васільевай:

— Я ў яе таксама пыталася: «Лена, ты разумееш, што ў цябе будуць толькі два спатканні ў год?» — «Ну і што? Мне хопіць. Я буду з ім у думках. У пачуццях».

Ехаць да яго трэба далёка на Поўнач. На Агнявы востраў. У чатырнаццатым стагоддзі вучні Сергія Раданежскага ішлі і абжывалі паўночныя лясы. Прадзіраючыся праз гушчар, яны ўбачылі возера, а пасярэдзіне возера — агнявыя языкі. Гэта дух ім так з’явіўся. Вазілі зямлю на лодках… Насыпалі на гэтым месцы востраў і пабудавалі на ім манастыр. Таўшчыня сценаў паўтара метра. У гэтым старажытным манастыры цяпер турма для найстрашнейшых забойцаў. Для «смяротнікаў». На дзвярах кожнай камеры вісіць шыльда з ліхадзействамі злачынцы: зарэзаў нажом Аню, шэсць гадоў… Насцю, дванаццаць

гадоў… Прачытаеш — вусцішна робіцца, а зойдзеш туды — быццам бы звычайны чалавек з табой вітаецца. Цыгарэту просіць, і ты даеш.

«Што там на волі? Тут мы не ведаем нават, якое там надвор’е». Жывуць у камені. Вакол лясы і балоты. Ніхто ні разу не ўцёк…

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)

0