Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Дачытаўшы да канца — да слоў «яшчэ і прозу навучыўся пісаць. Жах.», Трухановіч чыркнуў над апошняй кропкай рысачку, ад чаго атрымаўся клічнік, затым акуратна, бы карты ў калоду, сабраў свае лісткі, схаваў іх назад у тумбачку і выйшаў на калідор.
У параўнанні са светлым пакоем тут яшчэ панавала сапраўдная ноч. Хіба што толькі ў самым канцы, каля «агляднага» пакоя, таго самага, дзе будзе вырашацца сёння Трухановічаў лёс, свяцілася грубка, там жа кашлялі, бразгалі чапялою, грукалі дрывамі.
Мацаючы рукой сцяну, Трухановіч мінуў гэты доўгі калідор; паварот, прыступкі, адны дзверы, другія. Ён піхнуў іх і апынуўся на ганку, на дварэ. Побач, пад самай сцяной іхняга шпіталябараку бялела цэлая гара гіпсавых ног і рук, скарыстаных бінтоў, марлі, ваты... Адвярнуўшыся, стрымліваючы дыханне, нібы яму смярдзела адтуль, Трухановіч хутка пайшоў на вуліцу. Выйшаў з варотцаў і стаў каля плота. Ранак — вераснёвы, свежы — толькі займаўся. Пасля цёмных палаты з калідорам вачам аж балела ад святла, ад прастору. Вуліца была роўная, шырокая і доўгая, са звычайнымі вясковымі драўлянымі хатамі; ніколі не сказаў бы, што ты ў самым цэнтры, на галоўным «праспэкце» аднаго з буйнейшых у Беларусі чыгуначных вузлоў, у мястэчку Каленкавічы.
Згорблены чалавек з мехам на плячах прайшоў вуліцай, азірнуўшыся на Трухановіча. Падвода праехала, рыпаючы коламі, у бок базарнай плошчы. Сабака прабег, за ім, праз якую хвіліну, яшчэ адзін. Пачынаўся новы дзень, пачыналася новае жыццё. І пакуль, думалася Трухановічу, ён сябе да гэтага жыцця рыхтуе, яно ў сваю чаргу спяшаецца прыняць яго. У вобразе падводы, што павінна ўжо недзе пад’язджаць да мястэчка… У вобразе чужога дзядзькі, які чамусьці лічыць яго сваім сынам. Падняўся сягодня гэты дзядзька рана, куды раней за яго, Трухановіча. Жонку пабудзіў. Ноч, цямень за вакном… Каня пакарміў, сам паеў. Сабраўся ў дарогу, сена ў воз паклаў, не забыў з сабою торбу «на перакус», ды доктару Партному хабар, ды каню аўса… І вось — замест таго, каб займацца такой важнай увосень сялянскай працай, едзе некуды кіламетраў за дваццаць! І не толькі ж сёння… А да гэтага колькі разоў прыязджаў! Ды не пусты, тыя ж сухары, сала, нават каўбасы прывозіў… Яму — чужому чалавеку, «сыну», як ён лічыць, «якому, беднаму, на вайне бонбаю мазгі адбіла — так што ні бацькі, ні маткі, ні сябе не помніць!»…
Што праўда, тое праўда. Наслухаецца сёння Трухановіч пра гэтую сваю «адбітую памяць». На хуткай і, дзякаваць Богу, нарэшце апошняй камісіі. Дзе ў соты раз яго, канечне, распрануць, абмацаюць, абстукаюць… Шматзначныя пераглядванні, перашэптванні, лацінскія тэрміны, сярод якіх самы часты — «амнезія»… Поўная страта памяці, рэдкі выпадак, феномен! І абвязкова знойдзецца хтосьці, хто кіне рэзка, гучна, каб і ён чуў: «Сімуляцыя!», і тады збянтэжыцца доктар Партной, і затараторыць, апраўдваючыся сам і апраўдваючы свайго «фенаменальнага» хворага: «Унікальны выпадак… Памяць у яго якраз прысутнічае, але вывернутая… Пасля кантузіі яму здаецца, што ён не мінулае помніць, а… будучыню! Вось, у мяне запісана… Такія рэчы расказваў, што ахнуць…» — «Э, перастаньце. Чаго яны толькі не навыдумляюць, абы да бабы пад спадніцу…»
І, пляваць ім, вядома, на яго «феномен» і на яго «кантузію»; але як вы мёртвую руку патлумачыце, таварышы? А пальцы на назе што, карова языком злізала?
Халаднавата было ўсё ж на вуліцы. Ды і варта паспяшацца заняць чаргу, раз ужо падняўся так рана і пакуль яшчэ няма нікога перад кабінетам. Ды чым хутчэй скончыць гэтую валынку, зваліць усё нарэшце з плячэй — каб хоць якая перамена, няважна, да лепшага ці да горшага.
Трухановіч вярнуўся ў калідор.
Шпіталь за гэты час ажыў сваімі абвыклымі і абрыдлымі, асабліва пасля свежасці вулічнага паветра, бальнічнымі пахамі і гукамі. Бегалі ўзадуперад як заўсёды ўвішныя і як заўсёды бесталковыя нянечкі. Там кагосьці гучна паклікалі, тут нехта ціха і безнадзейна застагнаў…
Трухановіч прысланіўся да грубкі, заклаў далонь пад спіну — каб не так пякло і каб не выпэцкацца, і цярпліва стаў чакаць. Бліжэй да васьмі гадзін падыйшлі яшчэ двое, лёгкапараненыя, слабасільныя і затурканыя салдацікі, але нават яны ў шпітальнай іерархіі былі вышэй за яго, «бяспомнага» Трухановіча, таму з ім нават не павітаўся ніводзін, толькі зіркнулі з насмешкай і пачуццём перавагі… А вось нарэшце і світа, у складзе трох чалавек, бухаючы ў падлогу ботамі, прайшла ў кабінет. Першы — Партной, у белым брудным халаце, з ключом у руцэ, якім адамкнуў дзверы, за ім двое незнаёмых, адзін малады, другі стары, абодва ў тужурках, перапаясаных рамянямі да таго туга, што ззаду сваімі таліямі і адтатурчанымі задніцамі падобныя былі на жанчын.
Не паспелі зачыніцца дзверы за апошнім, як зноў расчыніліся, і голас Партнога паклікаў:
— Заходзьце! — забыўшы, ці не лічачы патрэбным нават удакладніць, хто менавіта ім трэба.
Трухановіч ўжо ўзяўся за ручку дзвярэй. Але нейкая інтуіцыя прымусіла яго азірнуцца. Ён павярнуўся і ўбачыў, што па калідоры спяшаецца сюды і робіць яму знакі пачакаць ягоны «бацька», а з ім, ззаду, яшчэ нейкая рослая дзяўчына ці то маладзіца. Давялося памарудзіць, каб хоць павітацца з імі. Калі яны наблізіліся, ён паспеў адно паціснуць «бацьку» руку, пра сябе адзначыўшы, як прыкметна тырчыць у таго зза халявы пуга: пазнакай заможнасці (тое самае, што цяпер пакручваць на пальцы ключы ад аўтамабіля), і кіўнуць маладзіцы. Вочы іх сустрэліся… Але тут зноў, ужо нецярпліва паклікаў яго Партной, і Трухановіч заспяшаўся ў кабінет, несучы з сабой нейкае трывожнарадаснае, саромнапажадлівае, невядомае і нязведанае дасюль адчуванне якойсьці надзеі, ці, лепш сказаць — падзеі, якая ці то ўжо адбылася ў яго з гэтай маладзіцай, ці толькі будзе яшчэ наперадзе…
Кабінет мала чым розніўся ад сучасных. Хіба што гэты, ваеннашпітальны, абліты мутным святлом слабенькай электрычнай лямпачкі зпад столі, больш шэранька выглядаў і было ў ім, канечне, не так светла ў параўнанні з цяперашнімі. Аднак усе неабходныя медыцынскабальнічныя атрыбуты былі ў наяўнасці: і табліца літар для праверкі зроку, і мыйнік у кутку, і бліскучыя біксы для кіпячэння інструментаў, і розныя слоікі за шклом шафы, і зігзагападобная фіранка, за якой распранаюцца, — шпіталь быў не толькі для ваенных, за хабар тут прымалі і звычайных местачкоўцаў, і вакольных сялян.
За сталом сядзелі трое. На яго «дзяньдобры» ніхто не падняў галавы. Унураныя, заклапочаныя, шастаюць паперамі, перагаворваюцца ціха… І слова «амнезія», і слова «феномен» данеслася да Трухановіча… Вось малады прамовіў штосьці, не падымаючы галавы. Трухановіч не адразу і зразумеў, што гэта ўжо да яго звяртаюцца.
— Прозвішча, імя, — гучней паўтарыў малады, крыху картавячы. — Званне.
— Трухан…овіч, Алесь. Чырвонаармеец.
— Сядайце.
Ён сеў на табурэт, у якім пасярэдзіне была авальная дзірка.
— Год нараджэння, — нявінна спытаў малады, а сам аж наструніўся ў чаканні, і тыя пападымалі галовы, упёрлі ў Трухановіча вочы.
Нарэшце! Можа, паддацца? — мільганула ў ім блазнаватае. — Пацвяліць іх трохі? Магчыма, так і зрабіў бы, каб не цяпер, а хвілін дзесяць назад пачаўся гэты допыткансіліум, магчыма, тады і даставіў бы ім, апраўдаўшы спадзяванні Партнога, некаторую радасць. Але цяпер, калі ўсё ўспрымалася ім нібыта праз шкло таго дзявочага, штосьці абяцальнага позірку, яму хацелася толькі хутчэй гэты цырк закончыць.
— Тысяча… васемсот… — сказаў ён, знарок расцягваючы словы, каб аблегчыць запісванне, бо малады ўжо нацэліўся алоўкам на паперу, — дзевяноста восьмага года нараджэння.
— Як…так? — у голасе Партнога былі і разгубленасць, і рачараванне.
А як ты хацеў? Ты ж сам мне ўбіваў два месяцы ў галаву, хто я, што я, «з якога хлопец году, з якога параходу»…Навучыў на сваю галаву? Нябось, не чакаў, што я акажуся такім здольным вучнем? Разладжваецца, рассыпаецца спектакльпрадстаўленне «феномену», у самы ардынарны, выедзенага яйка не варты, выпадак ператвараецца?
Двое ў тужурках глядзелі на доктара з насмешкаю. Партной дрыготкімі пальцамі выцягнуў з нагруднай кішэні халата і начапіў на нос пенсне.
