Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Пачакайце, — замармытаў ён, нізка схіляючыся над паперамі; пенсне звальвалася і ён прыціскаў яго пальцам да пераносіцы. — Але я ўсё запісваў…
—Да вашых запісаў яшчэ дабярэмся, — малады паклаў далонь на паперыну. Звярнуўся да Трухановіча: — Раскажыце коратка сваю біяграфію і чым займаліся да ранення, — пры яго картавасці атрымалася даволі дасціпная інверсія — ганення замест ранення.
Крыху нагадвала ўсё гэта экзамен, дзе Трухановіч з’яўляўся студэнтам, а чэкісты з Партным — выкладчыкамі; вось толькі памылка на такім іспыце задужа дорага магла каштаваць. Аднак, успомніўшы някепскую сваю падрыхтоўку, Трухановіч кароткімі сказамі, дабразычлівым, мяккім, у меру пафасным голасам, націскаючы на канкрэтыку дат і лічбаў, да якіх, на шчасце, меў добрую памяць, пачаў «адказваць на білет», інакш — нясці самую розную, механічна зазубраную лухту. Тым больш пакуль што патрабавалі ад яго ўсяго толькі сухіх анкетных дадзеных. Месца нараджэння? — вёска Каменка Мазырскага павета Мінскай губерні; сацыяльнае становішча? — з сялян-сераднякоў; склад сям’і? — бацька, маці, старэйшы брат; апошні жанаты, актывісткамбедчык…
— Далей!
—… З 1914 працаваў на чыгунцы, з 1916 ваяваў на франтах з немцам… Быў атручаны газам, — дадаў Трухановіч, успамінаючы прачытаныя пра першую сусветную кніжкі, у якіх ніводнага героя не было, хто б тым газам не труціўся. — Пасля лячэння вярнуўся ў родную вёску, у 1918 у якасці байца Каменскага партызанскага атрада зноў змагаўся з тымі ж немцамі…
— Так, — малады звяраў яго хлусню з запісамі на паперы. Пажылы, заплюшчыўчы вочы, масіраваў сабе скроні. Партной, наадварот, не спускаў з Трухановіча вачэй, у якіх чамусьці чытаўся страх.
— У складзе 215га Мазырскага стралковага палка ў чэрвені 1920 года падчас вызвалення Мазыршчыны ад белапалякаў пры фарсіраванні ракі Прыпяць быў цяжка паранены, кантужаны і патрапіў у Каленкавіцкі шпіталь…
Пажылы раптам расплюшчыў вочы, якія аказаліся мутнымі, і хутка спытаў нейкім булькаючым басам:
— Які цяпер год?
— Тысяча дзевяцьсот дваццаты.
— Дзень, месяц?
—Дваццаць першага верасня.
— Што значыць не ў свае сані не садзіся?
Бог ты мой! Цяжка было здзівіць чымсьці Трухановіча, але цяпер ён ледзь не зваліўся з табурэта. Ды гэта ж… і да ягонага часу ў ваенкаматах неўрапатолагі такім жа чынам правяраюць прызыўнікоў! На тых жа «санях» ловяць, прычым некаторыя ўмудраюцца нават пагарэць на гэтым… Няўжо вунь яшчэ адкуль цягнецца гэты хвост?!
Пажылы палічыў яго замінку за абдумванне.
— Адказваць хутка!
— Гэта значыць, — з ветлівай усмешкай, ямчэй паправіўшы руку на пярэвязі, адказаў Трухановіч, — ведаць сваё месца, не саваць носа ў чужое проса. З аднаго сінанімічнага раду — кожная свіння сваё карыта хваліць, кожны кулік — сваё…
— Штошто?!
Во ўскінуліся. Во натапырыўся малады, а Партной як ажыў адразу! Трэба ўсё ж быць больш асцярожным, палкі не перагінаць, менш пацыкаць іх.
— Што за сінанімічны рад? Якая ў вас адукацыя?
— Цэпэша. Але потым — курсы чырвонага байца, — важна дадаў Трухановіч. — Савецкая ўлада ўмее вучыць...
— Дык вы помніце, дзе вучыліся? Імёны настаўнікаў! Выкладчыкаў на курсах!
— Гэтага не помню, — Трухановіч дакрануўся здаровай рукою да галавы.
Пайшло — перашэптванні, папераў шастанне… А затым ізноў пасыпалася — адно пытанне картавым голасам, другое — булькаючым, як бы пахмельным: «Нумар часці? Як вас параніла? Дзе?»
— Не памятаю…
— Імя камандзіра палка? Ці хоць адно імя ці прозвішча, хоць кагосьці з аднапалчанаў?
— Не памятаю.
Які кашмар, толькі цяпер дайшло да яго: ды гэта ж яны мне шпіёнства шыюць. І вельмі проста [23]. Калі асноўныя вехі біяграфіі, з датамі ды лічбамі, яшчэ можна было папапугайску, з чужой падачы завучыць, дык на драбязе, на дэталях — такіх, як прозвішча школьнага настаўніка, ці якога колеру валасы на галаве ў штабнога пісара, яго злавіць — раз плюнуць. І цалкам заканамерныя іхнія падазрэнні. Разважае пра сінанімічны рад, але не помніць не тое што ніводнага прозвішча аднапалчаніна, але нават імені роднай маткі!
Выйсце тут адно: раз не можа ён ім нічога растлумачыць — дык не трэба і старацца. «Кантужаны» — дык і спекулюй на кантузіі! І на ўсе пытанні, што тычацца дэталяў, даваць адзіны і, дарэчы, сумленны адказ: «Не памятаю».
— Не памятаю, — паўтарыў ён. І далей, з вінаватай усмешкаю, пранікнёным голасам, пафасным тонам: — Таварышы, я паранены чалавек. Кроў праліў і здароўе страціў за родную савецкую ўладу. І не віна, а бяда мая, што некаторыя моманты я помню, а іншыя — не… Хай я не магу назваць, ці пазнаць аднакласнікаў, настаўнікаў, аднапалчанаў, аднавяскоўцаў сваіх — але ж яны мяне могуць! Вось хоць бы ў бацькі майго папытайце. Ён якраз цяпер тут, на калідоры чакае... Няўжо б ён ездзіў да мяне за блізкі свет, да мяне, чужога яму шпіёна?! Пазваць бацьку? — і з табурэта прыўзняўся, паказваючы гатоўнасць бегчы.
— Сядзіце, — астудзілі яго.
Ага, падзейнічала. Нават пажылы памякчэў.
— Добра. Усё гэта добра. Але як вы растлумачыце… дзе яно? — малады пачаў шукаць у папцы, — вось яно, — знайшоў некалькі аркушыкаў паперы, спісаных доктара Партнога почыркам, паказаў Трухановічу, яшчэ і далікатна, пазногцем маленькага пальца падкрэсліваючы радкі. — Гэта праўда тое, што тут запісана? Вы гаварылі доктару Партному ўсё гэта, усю гэтую шкодную контррэвалюцыйную ерась? Напрыклад, што сусветная рэвалюцыя не толькі не адбудзецца, але і ў адной асобна ўзятай краіне, у Савецкай Расіі, немагчыма будзе пабудаваць камунізм? Вы гаварылі, што праз семдзесят гадоў увогуле камуністычныя ідэалы будуць пастаўлены пад сумненне, падвергнуцца пераацэнцы, пасля чаго і сама Савецкая ўлада перастане існаваць?
Пажылы гучна гмыкнуў.
— Тыповая контррэвалюцыя, — сказаў ён. — Але добра, хоць семдзесят дае!
— Вы сапраўды прарочылі, хай сабе і ў беспамяцтве, што чырвоны тэрор расцягнецца на дзесяцігоддзі і ахвярамі яго стануць дзесяткі мільёнаў? Што будзе другая вайна з немцамі? Што амерыканцы прыдумаюць нейкую звышбомбу і скінуць яе з аэраплана на Японію? Вы сцвярджалі, што электрычнасць будзе паступаць не з гідраплацін, а выпрацоўвацца з атамаў, для чаго будуць пабудаваны спецыяльныя станцыі і адна з якіх выбухне?
Малады пытаў рытарычна, з усмешкаю, усяляк паказваючы, што і сам не прыдае падобнай лухце значэння і другім не раіць.
Трухановіч паварушыўся на табурэце.
— Я…
— Гаварылі ці не? — перабіў пажылы.
— Я, таварышы, не спрачаюся. Пасля аперацыі пад морфіем, без памяці, канечне, мог нагаварыць абычаго! Вось толькі чаму вас не цікавіць, навошта доктару Партному спатрэбілася запісваць усё гэта? Можна задаць яму пытанне?
Малады кіўнуў.
— Вы матэрыяліст, доктар Партной?
І няхай паспрабуе сказаць, што не.
— Я? — разгубіўся ад нечаканасці доктар, які, задумваючы гэты бяскрыўдны, як яму здавалася, спектакль, наўрад ці ўяўляў, што ўсё можа вельмі проста абрынуцца на ўласную галаву. — Я… матэрыяліст!
— Тады чаму вы надаяце нейкую асаблівую ўвагу звычайнаму трызненню? Ці вы ўсё ж ідэаліст? Працягваеце верыць у перасяленне душ, ды ў рай, ды ў пекла, ды ў Бога?
Партной выціраў з ілба пот. На яго без шкадавання цяжка было пазіраць. Чэкісты слухалі Трухановіча з цікавасцю і не перабівалі. Таго яшчэ больш натхніла гэтая маўклівая падтрымка.
— Мы, людзі новага часу, якія скінулі ярмо царызму, ачысціліся ад дурману рэлігій і розных там забабонаў — мы хіба можам верыць розным варажбітам, аракулам, розным ілжэпрарокам, — у час спахапіўся, — акрамя, канечне, таварышаў Леніна з Троцкім… Мы — разняволеныя людзі новай краіны і мы будзем тварыць жыццё паводле бальшавіцкіх запаветаў, а не верыць у розную містыку і прадказанні!
Недзе зусім блізка праехаў цягнік, і табурэт пад Трухановічам нейкі час прыемна дрыжэў; святкуючы перамогу, тонка адзвінелі на стале і ў шафе слоікішкляначкі.
Пераканаў хоць крыху? Здаецца, так. Вось калі спатрэбілася, вось пры якіх умовах выручыла яго «пяцёрка», атрыманая па гісторыі КПСС! А яшчэ сямяліся з гэтага прадмету, так скептычна ставіліся да яго — не разумеючы практычнай каштоўнасці яго…
