Нiчые

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Нiчые, Федарэнка Андрэй-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Нiчые
Название: Нiчые
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 654
Читать онлайн

Нiчые читать книгу онлайн

Нiчые - читать бесплатно онлайн , автор Федарэнка Андрэй

Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 113 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Распагодзілася. Пахкае вераснёвае паветра, з якім мяшаўся дым з комінаў, п’яніла. Сіняе чыстае неба — хоць і без сонца яшчэ, доўгая вуліца, трухканне коніка, шастанне сена ззаду, калі варушылася, ямчэй уладкоўвалася Наста…Усё было як сон, ці, лепш сказаць, як кіно, як нейкі віртуальны стэрэа­фільм, у якім Трухановіч з’яўляўся і гледачом, і ўдзельнікам адначасова. Моўчкі, прагна ён углядаўся ў хаты, двары, у людзей, якія хто пехам, хто як яны — канём, то абганялі іх, то цягнуліся насустрач. Якое чужое ўсё! Без аўтобусаў, машын, без вітрын магазінаў, без шматпавярховак, без асфальтавай шашы горад быў не проста чужы — Трухановіч не пазнаваў тут анічога абсалютна, і калі б апынуўся зараз адзін, дык, мусіць, давялося б распытваць дарогу. Ён не адразу пазнаў нават высокі жоўты будынак царквы, а толькі тады, калі бацька на хаду перахрысціўся на яе. Ды яшчэ на самым выездзе з мястэчка сёе­тое пачало ўсплываць у памяці. Рэчка і мосцік праз яе. Вось гэтую рэчку з крыху нечаканай, балгарскай назвай — Пліска, і ўспомніў Трухановіч, ды яшчэ — дубовы лес, ужо за мястэчкам, па шляху на Мозыр.

Тут «бацька» спыніўся, з крэктам злез долу і за аброць павёў каня з дарогі, пад дубы. Размясціліся на пагорку. Было суха, пахла прэлым лісцем. Трухановіч заўважыў, як пасля бальніцы абвастрыўся ў ім найперш нюх, наколькі вастрэй пачаў разлічаць ён пахі — проста галава плыла.

— Ну, давайце, каб усё па­людску, — распарадзіўся «бацька». Нельга было не звярнуць увагі, што трошкі больш, чым трэба, казырае чалавек гэтай «людскасцю», нават злоўжывае, як бы ва ўсім яму хочацца быць падобным на іншых — у любой, відаць, драбязе ён найперш правяраўся тым, а як бы на яго месцы паважаныя ім людзі рабілі?

Наста тым часам развязала клунак, падобны на той, які аддалі Партному. На чыстую белую палатняную анучку пачала выкладваць сала, хлеб, цыбулю, яйкі — асобна сырыя і вараныя, соль, бурачковага колеру хрэн у слоіку… Так жыва нагадала ўсё гэта Трухановічу Паску ці Радаўніцу! Восень і вясна ўвогуле часта бываюць падобныя на нейкіх этапах і пахамі сваімі, і пагодаю, і прыродаю, а тут яшчэ і гэты бураком зафарбаваны хрэн, нязменны на Паску ці на Радаўніцу, і гэтыя яечныя шкарлупкі, і бульканне самагонкі па чарачках… Дзядзька напоўніў іх так: сабе і «сыну», як мужчынам, больш, а нявестцы менш за трацінку.

— Ну, каб людзі нічога благога не думалі! — урачыста сказаў дзядзька. Аднак і ён, і Наста ўсё ж марудзілі, нібы чакаючы, ці не захоча яшчэ дадаць чаго Трухановіч.

Варта было б зрабіць гэта, сказаць хоць бы штосьці накшталт «дзякую, што вы, чужыя людзі, падабралі мяне; пастараюся не сядзець у вас сіднем на шыі» і таму падобнае. Але Трухановіч, з уздыхам апусціўшы вочы на скалечаную руку, сказаў інакш:

— Не ведаю, куды вы зараз сабраліся мяне вязці, як і не ведаю, які з мяне будзе вам памагаты. З гэтым трэба альбо змірыцца, альбо…

— Ды хто ж цябе гоніць? — здзівіўся, нават пакрыўдзіўся «бацька». — Не жабракі, дзякаваць Богу, не старцы якія. Не аб’ясі. Ты ж не самахоць скалечыўся, за нас кроў праліў…

Ды не праліваў я ніякай крыві! — хацелася крыкнуць Трухановічу. Але ён толькі заплюшчыўся і пакорліва і адначасова пакутліва выпіў усё да дна.

4

«Ну што? Прачытаў?»

Трухан з Ведрычам сядзелі па абодва бакі стала. Пасярэдзіне ляжаў рукапіс. Трухану відаць было толькі першую старонку, усю скрэсленую, у заўвагах, пазнаках, надпісах паверх радкоў, з мноствам разлапістых рымскіх «пяцёрак»­галачак на палях. І страшна было на яе пазіраць, і разам з тым Трухан не мог адараваць ад яе вачэй.

А Ведрыч, выпрабоўваючы чужое цярпенне, спакойна курыў, марудна зацягваўся, паволі выпускаў дым.

«Нашто ты гэта пішаш?» — прамовіў ён нарэшце.

«Ды ўжо ж не дзеля ідэі, не дзеля пошукаў станоўчага героя, — заспяшаўся, нібы толькі такога пытання і чакаў, Трухан. — Калі шчыра, мне проста трэба пазбавіцца ад гэтага наслання — ад другога свайго жыцця, скінуць з сябе гэты дурман, разгрузіцца хоць такім чынам — проста запісаўшы яго на паперы!»

«І дзе ты сабраўся гэта дзяваць? Нясці ў друк? Ці ўсё ж у стол?»

«Якая розніца?»

«Вялікая. Калі пішацца для сябе, для сяброў, ці, скажам, для ўласных будучых сямейнікаў, што збяруцца доўгім зімовым вечарам каля агменю, павыключаюць тэлевізары, кампутары, запаляць свечкі… Сівы, з захутанымі пледам нагамі, паважаны бацька сямейства — Алесь Трухан —сядзіць у крэсле­качалцы, калываецца, як манекен, самы меншы ўнук разгортвае зашмальцаваны аблуплены агульны сшытак і, пракашляўшы горла, звонка заводзіць: «У сваю апошню ноч у гэтым шпіталі і ў гэтай палаце»…

«А ты ўмееш распісваць! Сам не спрабаваў прозу?»

«Я яе цярпець не магу, вашую прозу. Гэта — зямля, у той час як паэзія — неба! Азарэнне, бліск маланкі, міг салодкага трансу… А проза! Штосьці неверагоднае для нармальнага чалавека — з дня ў дзень, з году ў год адно й тое…»

«Ну­ну, — астудзіў яго Трухан, і разам з тым прыемна яму было, што і яго Ведрыч адносіць да празаічнага цэху. — Бліжэй да тэмы, калі ласка».

«Бліжэй да тэмы, — паўтарыў, каб не губляць думку, Ведрыч. — Помніш, тады, на балконе, я казаў, што чакаю твора, за які аўтар гатовы быў бы пайсці ў турму, нават на смерць? Згодзен — гэта мо і залішне. Але для цяперашняй прозы, увогуле для цяперашняй літаратуры крытэрыі павінны быць зменены, планка павінна быць паднятая на максімум: пісаць, ці хоць бы старацца пісаць так, каб не прыняла ніводная афіцыйная рэдакцыя. Бо гэта не твор, калі яму аўтаматычнае зялёнае святло нават не на скрыжаваннях, а на роўнай вуліцы. Сапраўдны твор павінен парасткам падняць над сабою глыбу бетону, прабіцца, узмужаць… У цябе такі твор? У ім дастаткова жыццёвай сілы?»

«Ну і пытанне… Наўрад ці, канечне…»

«Вось бачыш! Вось усе вашыя прэтэнзіі, усе вашыя вяршыні. Навошта ордэн? — пагаджуся на медаль. Значыць, свядома пішацца прахадны твор? З разлікам на рэдакцыі?»

«Ды якія рэдакцыі?! З мяне цябе аднаго пакуль вось так хапае. Хаця… Ведаеш, ты мне зараз адкрыў вочы на адну рэч цікавую… Што самае цяжкае ў літаратуры — гэта, аказваецца, не застольнае забіванне часу, не пошукі патрэбнага слова, не абкатка стылю, не біццё над гармоніяй формы, не іншыя, у прынцыпе абавязковыя і па­свойму салодкія «пакуты», а момант развітання з рукапісам, калі трэба аддаваць яго ў чужыя рукі і на чужыя вочы; дарагое, любімае дзіця, якое выпесціў, выгадаваў, родная крывінка, сябе частка — і раптам чамусьці трэба вясці яго «ў людзі»! Цягнуць у нейкія рэдакцыі, дзе ніхто і ўяўлення не мае, нават і ведаць не захоча, як гэтае дзіця расло, як хварэла, колькі давялося разам з ім перажыць, — а будуць толькі распранаць яго, ды абмацваць, ды разглядваць, як на медыцынскай камісіі…»

«У сэнсе, галачкі на палях ставіць?» — спытаў Ведрыч.

«… А яно — аглушанае, спалоханае, будзе толькі азірацца ды хныкаць, просячы дапамогі…»

«А ты паэт, аказваецца!»

«А ты — празаік, — не астаўся ў даўгу Трухан. — Дык што, можа, пярэйдзем уласна да…»

«Ужо перайшлі. Дарэчы, як ты ставішся да падобных збегаў?»

«Аніяк. Дзядзька, што пераехаў на кані брод, не стане ж клапаціцца пра збегі зычных і галосных, а крыкне на другі бераг: «Ужо пераехаў!», і павер — і жонка, і кум, і сват і брат выдатна яго зразумеюць і заўваг яму рабіць не будуць…»

«Два плюсы паставіць магу, — сказаў раптам Ведрыч і Трухан не адразу зразумеў, што гэта ўжо пераехалі да ягонага тэксту. — Першы — што шукаеш новых формаў, другі — што выбраў ракурс, які выключае гэтую гадкую стылізацыю, ведаеш, усе гэтыя штукі, калі «Рагвалод насупіўся, а Рагнеда паправіла на лебядзінай шыі каралі, а Міндоўг падпёр у задуменні галаву»… Тое, што ты выправіў у свабоднае плаванне па эпохах менавіта сучаснага героя, і яго вачыма збіраешся…»

«Мінусы, мінусы!» — перабіў, пачырванеўшы, Трухан, якога рэдка калі ў жыцці хвалілі.

«І мінусаў два. Праўда, доўгіх, як злітыя пункціры. Па­першае, што за манера не ўказваць аўтарства пад эпіграфамі?»

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 113 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название