Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«Цсс! Так і сплю… Пад дзвюма коўдрамі. Ды зверху яно нічога, толькі знізу, праз матрас, прадзімае».
У гэты момант паварушыўся нехта на суседнім ложку. Ведрыч прыгледзеўся. Галава на падушцы была адна, а ног зпад коўдры тырчэла… чатыры. Адна нага пачухала другую. Трухан знакамі папрасіў Ведрыча падняцца, асцярожна сцягнуў з ложка капу і, склаўшы ўдвая яе, прыкрыў усе чатыры нагі. «Хадзем на кухню, — прашаптаў, — там усё ёсць!»
Кухня аказалася дзверы ў дзверы з пакоем. Але калі ў пакоі скразняк гуляў сабачы, дык тут было цёпла, аж душна.
«Пліту выключыць забылі», — Ведрыч пастрыкаў пераключальнікам.
«Не старайся — сапсаваная. Цэлымі суткамі пячэ».
«Згарыце вы так калінебудзь!»
Праз шчыліну трэснутай шыбіны намяло снегу на падаконнік. Трухан змёў яго далоняю на падлогу. Ведрыч засяроджана аглядваўся, як бы параўноўваў нядаўнюю Нэліну кухню з гэтай. Не на карысць Трухана было параўнанне. Акрамя сапсаванай пліты стаялі яшчэ два сталы, абабітыя цынкавай бляхаю, пры сцяне — тры мыйкіракавіны, з якіх дзве не працавалі — каленытрубы знізу адкручаныя і лужына на падлозе пад імі… У кутку была тумбачка з перакошанымі дзверцамі. Ведрыч прысеў перад ёю, адчыніў, ледзь паспеўшы прытрымаць у апошні момант дзверцы, каб не адваліліся.
«Слухай, а тут во, гарбата, і цукар, і шклянка, — здзівіўся ён. —Віном смярдзіць… Чыё гэта?»
«Нічыё. Агульнае».
«Зайздрошчу я вам, — сказаў, падымаючыся са шклянкаю ў руцэ, Ведрыч. — І скразняку, і нагам дзявочым пад коўдраю, і камунізму вашаму куханнаму… Залатыя гэта гады, Трухан! — і адразу ж гэты рэзкі (да якога, праўда, Трухан пачаў прывыкаць ужо) пераход ад лірыкі да прозы: — Не, так не пойдзе! Чаем галавы не абдурыш».
«Дык няма больш нічога…»
«Што значыць няма? Нэлі знайшла — і ты знайдзі».
«Дзе?»
«Адкуль я ведаю? Купі, украдзь, адбяры ў кагонебудзь. У цябе госць! Чалавек першы раз твой парог пераступіў. Ды я, калі да мяне…»
«Пачакай, — Трухан наморшчыў лоб. — Можа…»
«Вось-вось! — памагаў Ведрыч. — Думай! На тое і галава чалавеку, каб думаць, дзе выпіўкі раздабыць».
«Нічога не абяцаю, паспрабую толькі».
Ён пайшоў. Не было яго даволі доўга. Ведрыч заварыў гарбаты, не ў імбрычку, а проста ў шклянку наліў кіпеню і насыпаў шчопаць заваркі. Стоячы насупраць вакна, гучна сёрбаў, курыў, смаркаўся… На падаконнік зноў намяло снегу. Ведрыч задумліва назіраў за карагодам сняжынак, тыя круціліся роем, мяло іх, ветрам кідала ва ўсе бакі; а «недзе хворы хлопчык лёд на шыбе ліжа, і да шчакі прымерзла сіняя сляза»…
Вярнуўся Трухан. З пустымі рукамі, але ўзбуджаны, нават радасны.
«У чатырыста пятнаццатым, параілі! Калі там не спяць яшчэ. Ды калі ёсць там…»
«Ты зноў за сваё? Можа, ды калі, ды каб… Табе страхавым агентам працаваць трэба».
Пайшлі ўдвух. Па лесвіцы Ведрыч падымаўся хутка, а Трухан марудна, ніводнай прыступкі не прамінаючы, — пакуль падняўся, Ведрыч ужо барабаніў у дзверы з лічбамі 415. І раз, і другі раз — мацней. А на трэці так, што тынк каля вушака пасыпаўся. За дзвярыма пачуліся крокі.
«Вы што, зусім ужо здурэлі? — спытаў сонны дзявочы голас. — Вы ведаеце, каторы час?»
«Выламаю дзверы», — ціха, спакойна паабяцаў Ведрыч.
У адказ маўчанне. Ні гуку. Трухан нават рады быў гэтаму.
«Вось бачыш? Пайшлі!»
«Стой».
Недзе праз хвіліну на чуць, на малюсенькую шчылінку дзверы расчыніліся і дзявочая рука прасунула Ведрычу пляшку. Той унурыўся ў этыкетку:
«Чарніла? І па колькі?»
Голас, памарудзіўшы, назваў суму.
«Ого! Выгадней гарэлку ў таксістых браць. Добра, на грошы. І прынясі яшчэ адну».
Зноў пачакалі з хвілінку, зноў усё паўтарылася, толькі на гэты раз голас у дзяўчыны палагоднеў:
«Гэта апошняя. Праўда».
А дзверы не зачыняліся, мабыць, усё ж карцела ёй хоць адным вокам падзівіцца, што гэта за тып такі аб’явіўся ў інтэрнаце?
«Хочаш — хадзем з намі», — як старую знаёмую паклікаў яе Ведрыч.
Доўгая паўза. Нарэшце пачуўся зза дзвярэй зусім ужо лагодны, і разам з тым няўпэўнены, нібы вагалася яна, голас:
«Не магу. Залік заўтра, трэба выспацца… Вы лепш заўтра прыходзьце. Абавязкова. Добра?»
«Чым жа закусіць табе?» — спытаў Трухан, калі вярнуліся назад на кухню.
«Папершае, не табе, а нам, падругое, чарніла ніхто не закусвае. А патрэцяе, што ў цябе можа быць за закуска? Яечня, як у Нэлі? — Ведрыч моцнымі белымі зубамі адкаркаваў адну пляшку, другую. — На, — працягнуў Трухану, — каўтай».
«Ды ты што?! Дзякую, канечне! І не хачу, а, галоўнае, не магу!»
«Хочаш. Можаш. Бо зараз пакрыўджуся і пайду».
«Ды нельга, кажу ж — кепска будзе!»
«А не павінна быць кепска. У нас не бальніца, не багадзельня, хворыя нам не трэба. На нас ніхто не павінен тыцкаць пальцамі — маўляў, сабраліся, хто Богу нягожы. Кепска яму… А мне, патвойму, добра? У мяне не баліць галава потым? Яшчэ і як баліць! Ты згодны, што і мне нялёгка?»
«Ну, згодны…»
«Аднак я ж п’ю! І ты пі».
Трухан хацеў яшчэ рыпнуцца, сказаць, што дактары найстрога забаранілі… Але раптам падумаў — з адчайнай смеласцю чалавека, якога зімою голага прымушаюць ныраць у пельку: «А, колькі таго жыцця!» — і прыклаўся да пляшкі. І адразу ж зразумеў, што лепш бы верыў дактарам, чым Ведрычу. Захісталася пад нагамі падлога, столь паехала ў адзін бок, галава — у другі, і зноў пот, і зноў малаткі ў скронях, і зноў пачаў расплывацца ў вачах і Ведрыч, і сцены кухні…
Усё ж гэта быў не зусім той брыдотны стан, як некалькі гадзін назад, у фае будынка на Фрунзе, 5, — калі сэрца абрываецца, і слабасць, і мрояцца чорт ведама якія галюцынацыі. Цяпер крышку іншае было, больш лёгкае. Трухан ужо ведаў, што галоўнае тут не паддацца, сціснуць зубы і выстаяць… Сціснуў. Выстаяў. І не толькі не даў прыступу паўтарыцца, а ад злосці на сябе, на тое, што ён такі нягеглы, яшчэ добра каўтнуў, і яшчэ.
«Хопіць, — забраў у яго пляшку клапатлівы Ведрыч. — Жывы? Ці хуткую выклікаць?»
«Дай лепш цыгарэту».
У Ведрыча хапіла розуму не даць; сам ён закурыў.
«А цяпер, калі мы адныя, — сказаў строга, важна, як следчы на допыце, — праўду, Трухан, і толькі праўду! Я хачу ведаць, хто ты. Што з табою такое. Чаму ты ўвесь час прыдурваешся? Я ж цябе наскрозь бачу. Ты зусім не той, за каго сябе выдаеш».
«Так», — пацвердзіў Трухан. Ноздрамі ён прагна лавіў чужы дым.
«Вось бачыш. Я гэта адразу зразумеў. Дык слухаю. Хто ты на самой справе?»
І Трухан, п’яны ад віна, ад непрывычнага субяседніка, а больш ад гонару, што вось выпіў — і нічога не здарылася з ім, упершыню ў жыцці прызнаўся чужому чалавеку, што піша.
«У цябе гэта на ілбе адпячатана, — анічуць не здзівіўшыся, сказаў Ведрыч. — Прозу, канечне?»
«Канечне… калі можна назваць… прынамсі, не рыфмамі».
«Забіваў бы гэтых празаікаў! — сказаў Ведрыч, плюнуў на падлогу і расцёр чаравікам. — Верыш ім, раскрываешся — а яны, аказваецца, чарговую ролю рэпеціруюць. У вобраз ужываюцца! Выцягваюць чалавека на шчырасць, каб скарыстаць гэта потым у сваіх хрэновенькіх творах!»
«Ды я яшчэ там, на балконе, хацеў прызнацца… Проста — у чым было прызнавацца? Я сам не ведаю, што пішу. Ці гэта фантазіі, ці гэта сны, ці рэалізм… Абышто, карацей!»
Відаць, шчыра ў яго атрымалася, бо Ведрыч змякчыўся.
«Веру. Так і павінна быць. Кожны пісьменнік, калі ён людскі пісьменнік, павінен ламаць, ці хоць бы старацца ламаць жанравыя ўмоўнасці... Сны? Ну, хай сабе сны. Усё нашае жыццё адзін доўгі сон, а тым больш творчасць, гэта — падвойны сон, сон у сне… Але, — спахапіўся ён, — цябе ж яшчэ праэкзаменаваць трэба. Калі ты такі разумны, як сам сябе выстаўляеш…»
«Ды з чаго ты ўзяў?!»
«…Калі ты такі афігенны празаік, дык ахарактарызуй нашу сёняшнюю кампанію. Нэлі, мяне, Церашкова… Ці хоць бы мяне аднога — як літаратурны тып. Што я такое ў чужых вачах? Толькі адразу, не думаючы, з чыстага ліста».
«Цябе?»
