-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 377
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Тлумачыць трэба, — сказаў Башлыкоў стомлена. — Без тлумачальнай работы — нельга…

Дубадзел абазваўся не адразу.

— Многа разгавораў у нас… — Ён гаварыў з той жа пераконанасцю і нібы судзячы. — А ён слухае, слухае, а сам думае: «Гавары, гавары!»

Словы гэтыя краналі чулае ў душы Башлыкова. Можа быць, самае чулае, нават балючае цяпер, вярэдзілі, як свежую рану. Башлыкоў слухаў, як і раней, з адчуваннем: Дубадзел нібы падгледзеў, што яго рупіць.

І ўсё ж непрыемна было чуць гэта. І хацелася пярэчыць.

— Нельга без тлумачальнай работы…

— Разгаворы само сабой… — не то згаджаючыся, не то думаючы ўголас сваё, сказаў Дубадзел. — А толькі — мало етаго!

Дубадзел памаўчаў момант, выказаў горача, непахісна:

— Брацца трэба за яго! Крэпкай рукою! Як таварыш Сталін вучыць. Па-бальшавіцкаму.

— А мы што ж, «не бярэмся»? — У Башлыкова ўмомант ускінулася абурэнне.

Дубадзел не зварухнуўся.

— Вы-то бярэцеся, — прамовіў ён пазней, як бы разважаючы сваё. Памаўчаў хвіліну: — Да трэба, кеб усе браліся!

Ён нібы вучыў Башлыкова, але гнеў Башлыкова апаў.

— Трэба.

Дубадзел сказаў павучальна і важка:

— Асабліво тыя, каторыя на месце. У нізах.

Башлыкову ўжо зусім не хацелася злаваць і нават спрачацца. Чуў ужо ў Дубадзела не толькі шчырасць і боль, але і гарачае жаданне перасцерагчы, памагчы. І бачыў добрае разуменне рэальнага становішча і цяжкасцей яго.

— Вы кіруеце, даеце ўказанні, як і што, — Дубадзел усё таропіўся кудысьці, раз-пораз сцінаў сківіцы. — А на месцы павінны брацца. А яны — не бяруцца! Від толькі паказуюць. Сердабольныя!

Ён плюнуў. Заявіў цвёрда:

— Ад таго слабо ідзе!

Зноў ехалі моўчкі. Ківаючыся ў вазку, пад ледзь чутны тупат капытоў і парыпванне гужоў, Башлыкоў думаў пра Дубадзела. Нязграбны нібы, не надта граматны, а — з галавой. Недалёкі, здавалася б, а бачыць — і вакол, і ўглыб. Правільна бачыць і мысліць. Лепш, чым некаторыя «далёкія», адукаваныя. Разумны па-свойму. Усё ясна, проста ў яго. Пазайздросціць можна.

І моц ёсць у яго. Надзейнасць адчуваецца. На такіх можна спадзявацца. Недарма, значыць, ён кінуўся ў вочы. Не памыліўся ў ім.

Падумаў з усмешкай: неадукаваны, а такт які! Слова лішняга не скажа. Кожнае слова — са значэннем. «Падумай», маўляў. «Разваж».

А галоўнае — шчырасць якая, адданасць. Усё — з душой, са страсцю…

— Глушак еты, Яўхім — штучка! — прамовіў унураны ў думкі свае Дубадзел. «Штучка» — праказаў так, што Башлыкоў зірнуў пільна. — Выкіне шчэ. Пабачыце.

Прарочыў з такой упэўненасцю, быццам бачыў ужо, загадзя.

— І Ігнат — загадачка!

У памяці Башлыкова надоўга засела гэта: «штучка», «загадачка». Засела тым больш моцна, што сам думаў падобна.

2

Цяпер ужо доўга маўчалі. Конь цяпер не бег — клыпаў цярпліва свежым снегам. Вазок не кідала на паваротах і ў ямах, далікатна паводзіла. І дрэвы, чорна-белая пярэстасць, плылі паволі, і можна было думаць, што ім канца не будзе.

Але Башлыкоў думаў пра іншае. Растрывожаная памяць вяртала яго назад, у Курані, да пабачанага і пачутага там.

Найперш вярэдзіла, пякло незразумелае. Неверагоднае. Як гэта магло здарыцца? Чаму гэта здарылася! Што выпусцілі з-пад арышту, пасля такога злачынства! Пасля замаху на савецкага работніка. Замаху фактычна на законы і парадкі, вызначаныя савецкай уладай. Выпусцілі яўных антысаветчыкаў, ворагаў. Арыштавалі, адправілі і адпусцілі! «Гайліс загадаў: адпусціць!» «Пашкадаваў дзяцей!»

Які дабрадзей! Сам бацька не дбае пра дзяцей, дык ён паклапаціўся! І Глушака дарослага пашкадаваў, відаць, таксама, каб не трывожыць бацьку! Праявіць такую даверлівасць, глухату і слепату! Проста немагчыма паверыць, што гэта — усяго неразуменне, неразуменне элементарных законаў! Не хочацца думаць, што тут горшае, свядомае ўкрывацельства, але ж факты пра што гавораць! Не паведамілі нават райкому, адпаведным органам! Мімаволі прыходзіцца думаць, што спадзяваліся — ніхто ведаць не будзе! І не ведаў бы ніхто ў раёне — каб не прыехаў, не раскапаў! Сам! І сакратар ячэйкі — дзіва проста. Быў пры гэтым, бачыў усё і хоць бы варухнуўся. Глядзеў, назіраў, як пабочны, не паправіў, не запярэчыў нават! Не паведаміў райкому! Ніякага сігналу не даў!

Не сыходзіла з памяці: «А нас куды? Усіх нас куды? На падсцілку! На гной! Ці — як вошы, пад ногаць!» Помнілася так, быццам гучала яшчэ ў вушах. Быццам пёк вочы люты позірк. Ён добра разумеў значэнне гэтага позірку і разумеў небяспеку, якая свяцілася ў гэтых вачах. З гэтым мяшалася насмешлівае, крыўднае: «Знаеце хоць, як адрозніць грэчку ад жыта?» «Дзела нашаго не знаеце! Дак хоць грамату знаеце! Давайце к нам!.. Ну от!» Вярэдзіла, паліла гэтае злое, злараднае «ну от» — я, маўляў, так і ведаў: ты толькі ўгаворваць майстар, а сам сядзець будзеш збоку, у чыстай местачковай кватэры, у кабінеце сваім!

Як яны, Гайліс і Глушак, могуць мірыцца з такімі! Як маглі дараваць адкрытае выступленне супраць калгасаў, супраць савецкай палітыкі! Больш таго — арыштаваць, адправіць у сельсавет і — выпусціць! Класавага ворага выпусціць на волю! Башлыкоў ніяк не мог звыкнуцца з гэтым фактам, не мог спакойна думаць пра яго.

У яго даўно былі сумненні, што да бальшавіцкай прынцыповасці Гайліса. І ўсё ж і ад Гайліса ён не чакаў такога.

З гэтым спляталіся развагі пра Міканора Глушака. Чаму ж ён не паправіў, не запярэчыў нават? Не паведаміў райкому? Ці не захацеў сам, са сваіх перакананняў, ці не рашыўся пайсці супраць Гайліса? Вядома, першае слова тут, у гэтай гісторыі, за Гайлісам, Гайліс вярнуў арыштаванага. Гайліс тут непахісны аўтарытэт, камандзір. Але як можна было — сакратару ячэйкі — праяўляць такую мяккацеласць і проста бесхарактарнасць пры Гайлісу, патакаць усім яго фокусам! Як можна так адносіцца да сваіх партыйных абавязкаў, да таго давер'я, якое аказана!

А можа, тут прычына не толькі ў мяккацеласці, у паслухмянасці перад Гайлісам. Можа, тут прычына перш за ўсё ў тым, што такая «дабрата» па сэрцы самому. Што самому па душы сядзець ціхамірна, аберагаць свой асабісты спакой. Жыць мірна побач з варожай поганню, таму, што і яна, як кажа маці яго, таксама «людзі». Глушак абураўся развагам маці, але — наколькі шчырае гэтае абурэнне. Ці не ад таго яно, што — перад сакратаром райкома. І адкуль гэтыя погляды ў маці сакратара партячэйкі, і чаму сакратар ячэйкі не мог зламаць іх?

І ці так ужо бяскрыўдна тое, што сакратар ячэйкі, аказваецца, састаіць няхай і не ў непасрэднай, а ўсё ж сваяцкай сувязі з кулацкай сям'ёй? Канешне, у вёсках гэта не так і рэдка, але ж ці не пакідае следу ў поглядах Міканора Глушака гэтая сувязь? У поглядах і ва ўчынках. Ці не ў гэтым корань таго, што Дубадзел добра называе — «сердабольнасць»?

Так, чуццё не ашукала яго, што тут, у Алешніцкім сельсавеце, кіраўніцтва не на ўзроўні. Не памыліўся тады, на сходзе ў Глінішчах, і потым, у Юравічах, калі шукаў прычыны таго прарыву, у які трапіў сельсавет. Тады ён толькі меркаваў, цяпер ён ужо мае факты, дакладныя факты, якія гавораць пра тое, што кіраўніцтва сельсавета і кіраўніцтва ячэйкі, па сутнасці, займаюць апартуністычную лінію, не вядуць належнай барацьбы з антыкалгаснымі, кулацкімі праявамі.

Калі думаў пра гэта, мацнела адчуванне, якое ўжо не раз прыходзіла, што добра зрабіў, выбраўшыся сюды: раскапаў, знайшоў факты, якія праяснілі становішча ў сельсавеце і, што яшчэ больш важна, кірунак таго, як выправіць гэта становішча. Фактычна тое, што адкрылася тут, калі паглядзець шырэй, — а яму і належыць глядзець так, хоць бы з абсягам раёна, — паказвае, якім кірункам можна вывесці з прарыву і ўвесь раён. Тое, што адкрылася тут, дае зрабіць вывады для ўсяго раёна. На фактах гэтых вёсак ён навучыць усе вёскі раёна, уздыме ўвесь раён.

Так, трэба брацца. Дубадзел добра сказаў: «Брацца крэпкай рукою!» Брацца не аднаму яму, брацца ўсім! Поспех у маштабе раёна будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца ўзняць усе кадры! Каб зламаць ворага, трэба ўзняць баявы дух усіх партыйцаў, усяго актыву! Для гэтага трэба навесці перш за ўсё парадак у нашых радах! Перш за ўсё вытравіць у нашых радах які б ні было лібералізм да ворага, расхлябанасць. Для гэтага — строгасць, непрымірымасць да саміх сябе! І не на словах, слоў ужо даволі было, а на справе! На канкрэтных фактах, якія ён выявіў тут!

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название