Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У тым, што хвалявала Башлыкова ў гэты момант, было і яшчэ адно, прытоенае. Ён стрымліваў гэта, як не вартае яго, але яно ўсё ж было і ўсё ж цешыла. Тое, што яна выйшла з такой беднасці, з такой чарнаты, што ён бачыў гэта, можна сказаць, дакранаўся сам да гэтага, рабіла яе ў яго вачах больш звычайнай, блізкай. Як бы там ні было, ад той сустрэчы ў Глінішчах жыло ў Башлыкове неадольнае захапленне ёю, адчуванне нейкай нібы незямной завабнасці, нават нібы недаступнасці. Смешнае, хлапечае пачуццё, дзіўнае ў сталым чалавеку, адказным работніку. І вось бачыў сам, сваімі вачыма: зусім зямная, падобная на іншых, нават звычайная. Даступная.
Поўны супярэчлівых адчуванняў, пільным позіркам вылучыў картку на сцяне ў самаробнай дубовай рамцы. Зацікавіўся ўмомант: на картцы было двое, мужчына і жанчына, маладыя, побач. Працяла здагадка: яна з некім, ледзь не ўстаў, не ступіў бліжэй. Стрымаўся, прыгледзеўся зводдалек: на здымку былі бравы, з круглай мікалаеўскай фуражкай, з пагонамі салдат і танклявая, у белай кофце і доўгай спадніцы жанчына. Даўняя, пажоўклая ад часу картка і мікалаеўская, набок, зухаватая фуражка сведчылі, што здымку багата гадоў.
Але танклявая маладая жанчына здалася дзіўна падобнаю на Ганну. Хто гэта?
Гадаючы пра гэта, узрушаны яшчэ ўбачаным і адчутым, Башлыкоў цяжкавата сачыў за тым, як Глушак цырымонна, па-сялянску падступаўся да гаспадароў, тлумачыў, чаго зайшлі.
Дубадзел, што нецярпліва і з гаспадарскай упэўненасцю пахаджваў па хаце, не вытрываў глушакоўскай цырымоннасці, перабіў яго, аб'явіў адразу:
— Адным словам, явіліся выясніць: чаго ў калхоз не ідзеце?
У тым, як ён гаварыў, было не так пытанне, як патрабаванне адказаць, адкрыта і ясна. Было і абвінавачанне: чаму валаводзіце ў гэтай, такой простай справе?
Стары, падобна было, і наогул чуў сябе ніякавата ад таго, што засталі на печы, горбіўся, адводзіў вочы. Пасля Дубадзелавых слоў ён, здалося, яшчэ больш угнуў плечы, унурыў позірк. Хвіліну было цягучае, звыклае ўжо маўчанне. Тады стары неспадзявана ажыў, усміхнуўся, дзіўна, па-змоўніцку да гасцей: як бы пасмейваючыся з імі. Вясёлым вокам павёў да печы, да жонкі.
— Да я хоць сягоння гатовы, — прамовіў хітравата, нібы бесклапотна. — Хоць зараз. Калі яна скажа, што згодна. Угаварыце яе!..
У позірку яго, у манеры гаварыць мільгнула Башлыкову знаёмае: так мела звычку паглядваць, гаварыць тая, глінішчанская, яго дачка. Старая ля печы, чырвоная, злосная і да таго, зіркнула на мужа так люта, што і Башлыкову стала не па сабе. Разгневаная, усхапіла чапялу, што трымала, з такім рашучым выглядам, што было відаць — не завагаецца ні на момант. Чарнушка адразу спрытна ўскочыў. Сур'ёзны, пагрозны, папракнуў:
— Ну, здурнела! Гасцей пасаромейся!
Мяркуючы па тым, як яна глянула на Башлыкова, толькі дзякуючы яму чапяла затрымалася, стала зноў на падлогу. Але старая дала волю гневу свайму:
— Ён хоць сягоння гатовы! Угаварыце яе! Гаспадар, няма чаго! Сам гатовы распетрыць усё! «Хоць зараз аддам усё!..» Кепікі яшчэ строіць!
Чарнушка, мусіць, каб не рызыкаваць больш перад гасцямі, адно прамовіў з папрокам:
— Чаго там распетруваць!..
Старая, разгневаная, не глядзела на яго. Худыя грудзі хадзілі часта, неспакойна.
Дубадзел, што сярод хаты сачыў за ўсім весела, як бы забаўляючыся, — на што аптыміст, а зазначыў важка, без радасці:
— З тваёй жонкай, Чарнушка, чорт не згаворыцца! — Ён, аднак, тут жа змяніў тон гаворкі: не яму было паказваць кволасць, ды яшчэ перад Башлыковым, дадаў нібы жартам: — Дажджэцца яна, што прыпаяем цвёрдае!
Жанчына ці не разумела жартаў, ці ведала, што значыць жарт Дубадзела, зірнула люта на яго, урэзала:
— Цвёрдае! Ето нам цвёрдае?! Кеб у цябе язык папух, за такія твае словы!
Яна ў запале вельмі спрытна далучыла да гэтага яшчэ некалькі, такіх жа ласкавых і шчырых пажаданняў.
Было відаць: старая не ведае, што такое далікатнасць. Зацятая, было відаць, і смелая: стоячы за сваё, ні перад чым не спыніцца. Дубадзел, ці то таму, што добра ведаў старую, ці таму, што лічыў не годным паступацца перад жанчынаю, адказаў ёй рогатам: нібы ўхваліў спрыт пажаданняў. Паказаў, што не крыўдзіцца.
Усё ж надышла нядобрая няёмкасць. Няёмкасць гняла і Башлыкова, яго, можа, нават больш, чым іншых. Усё тое, што ён адчуў ад старой, маці яго завабнай знаёмай, так не пасавала з усім тым, што ад сустрэчы ў Глінішчах было ў душы. Гэтае так груба таптала тое кволае, добрае, што чулася яму як абраза яго шчырым пачуццям.
Абражаны, Башлыкоў не знаходзіў той цвёрдасці, якая прыходзіла заўсёды ў такі момант. Тое, што перад ім быў не нехта чужы, а самы блізкі чалавек загадкавай глінішчанкі, зыначвала, блытала ўсё.
Глушак, відаць, лічыў сябе асабліва вінаватым за нядобры лад гаворкі: як-ніяк, такое было ў яго вёсцы. У вёсцы, за якую ён фактычна адказваў перад райкомам як адзіны партыец і старшыня калгаса. Таму натуральным было, што ён рашыў выправіць становішча. Глушак палічыў самым надзейным сродкам ласкавасць.
— З цёткай Кулінай мы згаворымся, — прамовіў ён па-таварыску, мусіць, тым тонам, якім гавораць добрыя суседзі.
Жанчына, аднак, не адгукнулася на гэту хітрасць. Ліслівасць, што чулася ў голасе Глушака, яе нават запаліла. Яна з дзіўнай радасцю абрэзала:
— Ты сваю матку ўгавары спярша!
Быў у яе словах нейкі намёк. Улавіўшы гэта і, пэўна, зразумеўшы, што гэта адчулі і другія, Глушак занепакоіўся, але зрабіў выгляд, што ў словах Чарнушчыхі няма нічога.
— Чаго яе ўгаворуваць? — нібы здзівіўся ён. — Яна ўжэ ўступіла…
Здзіўленне яго было такім няшчырым, так чулася ў ім трывога, што гэта было відаць усім. Ён, няйнакш, хацеў годна адступіць, не ганьбячыся перад гасцямі.
Лепш бы ён перамаўчаў старой. На яго словы Чарнушчыха зноў ускінулася.
— Аге! — згадзілася яна радасна-з'едліва. — Уступіла! Улезла! Да не знае, як вылезці!
— Што ето вы кажаце, цётко? — Глушак гаварыў зноў няшчыра і мірна, як бы прасіў перамаўчаць. Не сарамаціць перад чужымі.
— Што кажу! А што сяло ўсё чуе! — Не жадаючы гаварыць марна, яна змяніла кірунак размовы. Каб адразу выказаць усё, заявіла непахісна: — І слухаць не хочу пра ваш калгас!
Тут уступіў у спрэчку Башлыкоў. Роўным, стрыманым тонам, з упэўненасцю чалавека, які багата больш ведае і разумее, папракнуў за баязлівасць, за тое, што верыць варожым плёткам. Сказаў, што мільёны працоўных сялян адкінулі паклёпы кулацкіх элементаў, смела пайшлі па калгаснай дарозе. Што мільёны людзей пераканаліся ўжо на жывым вопыце ў перавагах калгасаў. Выбраліся з галечы, з голаду.
— Хто выбраўся, а хто — улез! — адрэзала нецярпліва жанчына.
Сказала так злосна і непахісна, што было відаць: гаварыць з ёй далей марна. Усё ж Башлыкоў з цярплівасцю, на якую толькі быў здатны, павёў гаворку далей. Паспрабаваў пераканаць, што страхі іх — дарэмныя, што трэба смела выходзіць на новы прастор. Гаварыў то да старой, то да Чарнушкі — Чарнушка, звесіўшы ногі з палацяў, горбячыся, слухаў з пільнай цікавасцю, старая ля печы камянела нерухома. Не таіла, знарок паказвала, што чуць нічога не хоча.
Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце.
Нарэшце цярплівасць яго скончылася, ён важка ўзняўся з лаўкі. У яго было брыдкае адчуванне бяссілля і нібы зняважанасці, яны асабліва хвалявалі яго ў гэтай хаце. Стараючыся адолець прыкрасць, паказаць як мае быць сваю годнасць, ён строга, з намёкам параіў старой, Чарнушку добра падумаць над тым, што ён сказаў. Тон, якім ён гаварыў, паказваў: гэта вельмі важна. Каб не шкадавалі потым.
Даў стрыманае «да пабачэння» і цвёрда рушыў да дзвярэй. На ганку зіхнула шырокім святлом снежнага дня, дыхнула марозам. Башлыкоў маркотна, няцямна акінуў вузкі, убогі двор, падумаў стомлена: як яна вырасла такая тут, у глухамані, у затхласці гэтай!.. Акінуў неўразуменным позіркам двор, пакіраваў на вуліцу.
За веснічкамі Дубадзел, што выйшаў першы, пачакаў яго, пакрочыў побач, дужа, бадзёра пагойдваючыся ў хадзе. Зірнуўшы на заклапочаны твар Башлыкова, здагадліва зразумеў настрой таго, адгукнуўся па-сяброўску: