Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго шчэ будзе, — заявіў без хітрыкаў, як бы з выклікам.
— Значыць, вы яшчэ сумняваецеся, што гэта — сур'ёзна?
— Пабачыць хочу.
Спрачацца, даводзіць, адчуваў Башлыкоў, было бескарысна. І ўсё ж, ледзь стрымліваючыся, паказаў, як гэта грунтоўна абдумана і праверана; абдумана партыяй, лепшымі галовамі, праверана мільёнамі людзей. Не першы раз, не першаму гаварыў гэта і не першы раз бачыў, што не даходзяць яго такія ясныя, пераканаўчыя доказы. Як і многія іншыя, нібы не разумеў дарослы, сталы чалавек надзейныя, важкія факты! На шчырае слова Башлыкова ў адказ была тупая глухата.
Бачыў: позірк у гаспадара — упарты, тупаваты. Разумеў: марна даводзіць такому, не дойдзе да такога!
Башлыкова дурная глухата гэта паліла. Трываць не мог ён гэту няздатнасць разумець такі просты сэнс. Гэту дзікую ўпартасць. Каб трохі яшчэ, сарваўся б, нагаварыў бы нястрымных, гнеўных слоў. Але не хацеў паступацца годнасцю, даць ім адчуць перавагу іх. Стрымаў сябе.
Павёў позіркам па хаце, нібы нанава ўбачыў беднасць, убоства яе, гэтага іх «раю», які яны так аберагаюць; варухнулася цяжка, няцямна: чаго яны так чапляюцца за гэта?! Не мог уразумець гэтага. Падумаў ужо без горычы, апанавала раптам душу стома. Надакучыла, без меры надакучыла здзіўляцца глупству. Гаварыць адно і тое ж глухім…
У цішыні, што настала ў хаце, чулася варожасць.
— Мы не проціў, не думайце, — азвалася зычліва і вінавата ад прыпечка старая. Яна глядзела Башлыкову ў вочы з трывогай і надзеяй, як бы прасіла яго злітасціцца. — Толькі ж, праўда, — асмеліцца трудно…
Яна верыла, што ён, такі дасведчаны, адукаваны, зразумее іх.
— Доўга вы асмельваецеся! — не паддаўся ёй, строга вымавіў Башлыкоў. Рэзка заявіў: — А мы чакаць не можам! Не можам!
Не тоячы незадавальнення, нават знарок выказваючы яго, узняўся. Узняліся іншыя.
— Саветуем падумаць, Дзяцел! — з пагрозай параіў Дубадзел. Ён зірнуў так, як бы намякаў на нешта грознае.
Зноў апынуліся на двары. Башлыкову вастрэй кінулася цяпер: новая, з жаўтлявымі, старанна ачышчанымі бярвеннямі хата была не раўня старой — прасторная, з размахам. Трое вокан на двор, два пакоі — відаць у прарэз дзвярэй. Сенцы шырокія пачаты. Гэта ўжо іншая, не бядняцкая хата.
— Выясніць трэба, адкуль лесу набраў! — зазначыў Дубадзел, перахапіўшы позірк Башлыкова. Намякнуў: — Сколькі аплачано.
Калі выйшлі на вуліцу, Глушак вінавата паведаміў Башлыкову:
— Ета — жонка яго — кулацкага роду. — Дадаў з роздумам: — І сам ён, не сакрэт, з кулацкім нутром. Хоць ты цвёрдае давай…
Дубадзел як бы чакаў гэтага, падхапіў адразу ўпэўнена:
— А можно і даць!
Башлыкоў прамаўчаў. Але не запярэчыў.
Раздзел чацверты
1
Прыпыніліся: куды цяпер ісці. Глушак, не доўга думаючы, параіў — на край, пачаць з першай.
Башлыкоў згадзіўся.
Ступаючы побач з Башлыковым, паведаміў: гэты, калі б не Куліна, жонка, хоць цяпер гатовы ў калгас. Там усё жонка круціць…
Ужо калі ўздымаліся на ганак, Глушак сказаў раптам спакойна, абы сказаць:
— Ето хата той Ганны, што ў школе ў Глінішчах.
Сказаў так, што было відаць: не надае факту гэтаму нейкага значэння. Разумее, што Башлыкову ніякай цікавасці да гэтага, ён, можа, і не помніць ужо тую Ганну. Сказаў таму, што трэба было гаварыць, тлумачыць.
Башлыкоў і не сказаў нічога. Як бы не выказаў цікавасці да весткі. Зрабіў так, як належала. Але ў душы яго ўсё, што было перад ім, умомант зыначылася. Усё набыло раптам асаблівае значэнне, як бы зазырчэла ў неспадзяваным, яркім святле. На яго як бы абрынулася, апанавала яго моцнае хваляванне. Такое моцнае, што, здалося, не змог стрымаць, здалося, кінулася ўсім у вочы.
Добра, што ступілі ў сенцы, змрок іх памог ухаваць утрапенне. Даў момант, каб абвыкнуцца хоць трохі з неспадзеўкай. Мімаволі падумалася: трэба ж, каб так сышлося! Проста ў хату яе трапіць! Як знарок! За гэтым узяло вострае, новае: «А можа, і яна тут?!»
Хваляванне яго ўзяло новы кірунак. Сэрца забілася часта і трывожна прадчуваннем неспадзяванай, блізкай сустрэчы. Сустрэча гэта трывожыла асабліва таму, што чулася важнай яму і ён не быў, зусім не быў гатовы да яе.
Пільны, насцярожаны, ступіў ён у хату. Адразу ўхапіў позіркам: у хаце была адна пажылая, чырванатварая жанчына, што клапацілася пры печы. Як бы не верачы, агледзеў хату: у пакоі нікога больш не было. Ён на момант як бы ўзрадаваўся, адчуў палёгку.
Хаваючы толькі што перабытае, паважна, упэўнена прывітаўся. Жанчына, падгарнуўшы жар у печы, трымаючы чапялу ля ног, дапытліва і няцямна ўгледзелася. У позірку яе нелагодных, унізлівых вачэй было насцярожанае: чаго прыйшлі? Гэта, відаць, так турбавала, што не адказала на прывітанне.
— А дзе дзядзько? — са знарочыстай весялосцю спытаў Глушак.
— На печы… — нелагодна і, падобна, неахвотна прамовіла жанчына.
Дзядзька, мусіць, прыслухоўваўся да размовы. Пасля жончыных слоў на печы паказалася яго ўскудлачаная галава, потым і ўвесь ён, хударлявы таксама, у даматканых сарочцы і штанах, босы, з кручкаватымі жоўтымі пальцамі на нагах. Мелькам зірнуўшы на гасцей, павольны і спакойны ссоўваўся з печы.
— Што ж ето ты, Чарнушка! Сярод белаго дня! — папракнуў яго Дубадзел.
Чарнушка зніякавела паскардзіўся:
— Прастудзіўся недзе. — Нібы падмацоўваючы словы свае, сіпла закашляў: — Грэюся от.
Башлыкоў сачыў за ім з цікаўнай увагай. Звычайны селянін, якога ён упершыню бачыў, адразу вылучыўся сярод іншых: гэта быў яе бацька. Як і жонка яго, самы блізкі да глінішчанскай знаёмай незнаёмкі чалавек. Яна, тая загадкавая прысуха, была часцінкай гэтых людзей, у іх нібы таілася адгадка той загадкі, якая карцела яму.
Сочачы за дзядзькам, адзначыў мімаволі: тая, глінішчанская, мала падобная на бацьку. Толькі ў ладзе твару нешта блізкае, у позірку вачэй, спасцярожлівым, разумным. Але ў позірку гэтым няма той жывасці, неспакою, што раз-пораз паблісквалі ў вачах глінішчанскай красуні. З маці яшчэ менш падабенства. Здаецца, зусім няма… Побач з гэтым прайшло мімаволі: колькі зацятасці і непрыязнасці ў твары маці! Як бы загадзя папярэджвае: нічога добрага не чакайце!
Трывогі той, амаль страху, што момант былі апанавалі, ужо не ведаў. Сэрца білася ўпэўнена. Усё ж спакою поўнага не было. Хваляваў, даваў вастрыню адчуванням той факт, што гэта яе хата, яе звыклы свет. Ад таго з не абы-якой цікавасцю ўбіраў усё, што бачылася: пафарбаваная, сіняватая старая печ, прыладдзе для печы і венік у куце ля дзвярэй, кажух, кінуты на ложку. Ложак накрыты даматканай коўдрай. Вазоны ў абодвух вокнах, што на вуліцу. Стары, учарнелы стол без настольніка, з непрыбранымі міскай і лыжкамі. Абразы ў куце, здаецца, няветліва ўзіраюцца ў няпрошаных гасцей… Небагатая, нават — бедная сялянская хата. Кожная рэч у ёй, здаецца, гаворыць пра кепскі дастатак, пра затхлую даўніну, затхлае жыццё.
Гэта дадавала ў адчуванні Башлыкова супярэчлівасці: неяк цяжка было паверыць у тое, што бачыў сваімі вачыма — што тут, у гэтай беднасці, гэтай затхласці, гэтай нікчэмнасці, магла яна нарадзіцца, жыць! Тое, якой ён яе бачыў і помніў, так не пасавала з гэтым, што не ядналася ў адзін свет, ён нібы не мог уявіць яе сярод усяго гэтага. Не мог нават нібы згадзіцца, што такое магло быць.
Гэты факт меў і іншае, добрае значэнне. Тое, што яна не дзе-небудзь, а іменна тут жыла, адсюль выйшла, значыла, што ў яе годнае, блізкае паходжанне. Вядома, паходжанне яе не пралетарскае, не рабочае, але ўсё ж — працоўнае і, як можна бачыць, бядняцкае. Гэты факт значыў, што яна блізкая яму па становішчы, у адных з ім шэрагах. Ён, Башлыкоў, канешне, і не думаў, што яна памешчыцкая дачка, памешчыкаў даўно няма, але магло ж здарыцца, што ў становішчы яе ёсць якая-небудзь закавыка, якая б сапсавала ўсё адразу. Бывае ж такое тут ледзь не на кожным кроку… Не прызнаючыся сабе, пабойваўся гэтага: тым больш што ў глінішчанскай знаёмай чуліся нейкая ганарлівасць, непадступнасць. На шчасце, падазрэнне гэта адпала…