Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Васпітацельнай работай не займаешся! — укалоў знарок Дубадзел з рогатам.
Башлыкоў адвёў нялітасцівы позірк.
Чуў: Глушак пабойваецца нядобрага свайго сваяцтва, таго, што гэта вядома яму, Башлыкову. Так, трывожыцца ёсць чаго. Такое сваяцтва не ўпрыгожвае… Што там ні кажы, а сваяцтва ёсць сваяцтва. Сувязь. Сувязь з кулаком…
Было незадавальненне сабою: такога факта пра Глушака, пра актывіста, партыйца, не ведаў.
Праўда, віна тут найбольшая Глушака, але і сам вінаваты!
Не першы раз, як пра абрыдлае, непрыязна падумаў: «Усе яны тут перамешаны, паспрабуй разбяры!..» За гэтым як бы нанава пачуў плаканне-войканне старой, плаканне аб крывасмоку, узяло злое: жаласці дурной у людзей аж лішне! Крывасмокаў самых яўных то не судзяць, то — шкадуюць! І каб адзін-два, з дабраты шчодрай, а то ж — не ў адной вёсцы! Чуласць якая!..
Ён з прыкрасцю перарваў думанне, кінуў позірк да Глушака:
— З каго пачнем?
3
Глушак як бы не цяміў. Відаць, усё не мог супакоіцца. Схамянуўся нарэшце:
— Да от, к суседу можно.
Дадаў: адзін з тых, што ўпіраюцца асабліва. Дзяцел Васіль.
Пакіравалі да Дзятла.
Адразу, як ступілі на двор, ля новага зруба, трапілася пажылая жанчына. Ішла з хлява з пустым драўляным вядром.
— Эй, цётко, можно ў госці?! — Глушак як мог нагнаў на сябе весялосць.
— А чаго ж, — жанчына мелькам зірнула на іншых, прамовіла да Глушака: — Сусед, а рэдко заходзіш нешто…
Паяўленне нязваных гасцей выклікала ў яе клопатнасць, але яна схавала гэта. На прывітанне Башлыкова адказала ветліва, прыхільна.
— От госць з раёну, — сказаў Глушак, усё яшчэ з ранейшым хваляваннем і імкненнем разагнаць яго. Глушак назваў Башлыкова, і жанчына зноў зірнула на яго, з большай увагай і цікавасцю.
Запрасіла ў хату, першая падалася на ганак.
У хаце, каля палацяў, была яшчэ жанчына, паўнацелая, маладзейшая, з дзіцем на руках. Перад ёю паволі вяло калыску, што звешвалася са столі, — відаць, дзіця ўзяла з калыскі. Полаг на почапках калыскі быў адхінуты.
Башлыкоў і з ёй ветліва прывітаўся, але жанчына не адказала. Паглядзела на яго, кінула позірк на іншых, нядобра, спадылба. Вочы нібы судзілі: чаго прыперліся! Абвяла вачыма і адвярнулася.
Паказала, што ведаць не хоча.
Глушак, як бы і не бачыў маладой, з вясёлым тварам павярнуўся да першай, што паставіла вядро ў кут ля парога.
— От застаўляеце вы, цётко, начальство з раёну трывожыцца!
Башлыкоў прыкмеціў: маладая зірнула злосна, злосна адвярнулася. Лагодна перапыніў Глушака, дзелавіта спытаў у старой:
— Дзе гаспадар ваш?
Дубадзел паясніў Башлыкову, што чалавека ў цёткі няма, загінуў на вайне, гаспадарыць у цёткі сын Васіль.
— Ці дома ето Васіль?
— Дома, — кіўнула Глушаку старая. Момант як бы думала, разважала, не зусім упэўнена сказала: — У хаце новай корпаецца. Ніяк не ўлезем…
Дзядзька ў кароткім кажушку, што аказаўся і тут, варухнуўся быў кінуцца пазваць, але адумаўся. Рашыў, мусіць, што і тут старанне яго можа не спадабацца.
Старая выйшла. Пакуль не вярнулася, у хаце была негасцінная цішыня. Дзядзька ў кажушку не вытрываў, папракнуў маладую:
— Што ж ето ты, Маня, так нявежліво да гасцей? Спінаю, так сказаць…
Тая яшчэ нацялася, прамаўчала. Дзядзька гарэзліва падміргнуў Глушаку, Дубадзелу, пакруціў галавою: «От стварэнне!» Башлыкову прыйшло ў галаву, што гаспадар, не інакш, бачыў іх з новай сваёй будовы, не пажадаў бачыцца. Думаў, значыць, адсядзецца!
Башлыкоў павёў позірк па хаце: цесна, бедна. Як ва ўсіх беднякоў, ні аднаго ложка. Палаці, на палацях даматканае рыззё. Падлога, праўда, не земляная, але падгніла ўжо. Гнілыя вушакі ў акенцах. Сцены пакрыўленыя, гнілаватыя таксама. Па ўсіх прыкметах — век хаты нядоўгі. Як і ў іншых хатах — бруду даволі.
— От і хадзяін наш! — аб'явіла жанчына з парога.
Малады гаспадар, у свіце, у лапцях, з парога паздароваўся, кінуў позіркам, запыніўся на Башлыкове. У тым, як паводзіў ён сябе, найбольш адчувалася годнасць, іменна яе ён выказваў тым, як спакойна зняў шапку, як стаяў каля дзвярэй. За гэтай знешняй упэўненасцю Башлыкоў, аднак, бачыў насцярожанасць. Позірк, прыкмеціў, быў пільны, нібы пытаў: чаго прыбылі! І ведаў загадзя: не для добрага.
Башлыкоў разумеў: дыпламатнічаць тут няма чаго. Пайшоў адразу напрасткі.
— Прыбылі мы да вас — даведацца, чаму не хочаце ісці ў калгас.
— Чаго ад народу адстаеш! — падмацаваў Башлыкова Дубадзел.
Гаспадар пераступіў з нагі на нагу, адвёў позірк. Адвёў з нудою: чуў ужо такое. І адказваў не раз. Чаго ж тут гаварыць попусту. Знарок зачапіў словы Дубадзела:
— Народ шчэ і там, і тут…
— Перадавы народ увесь там! — заявіў пераканана Дубадзел.
Гаспадар перамаўчаў яму. Перамаўчаў, было відаць, таму, што не хацеў пустой гаворкі, не таіў, што словы Дубадзела ні трохі не змянілі яго ўпэўненасці. Падобна было, што не надае тым словам ніякага значэння. Здавалася, што і самога Дубадзела не надта шануе.
Тут у хату ўвайшоў дзед, зняў шапку, пакланіўся. Лагодна з-пад белых броў агледзеў усіх. Башлыкоў думаў, што прыйшоў хтосьці з цікаўных суседзяў, але дзед, старэча горбячыся, зняў кажух, звыкла палез на палаці. З палацяў, цьмяна свецячы лысінай, ціха папытаў нешта старую, кіўнуў галавою. Башлыкоў улавіў, што глядзіць на яго. Разумным дапытлівым позіркам.
— Дак як ты, Дзяцел, на тое, што сказано? — прамовіў строга, патрабуючы, Дубадзел. — Чаму не ідзеш?!
Тон, якім ён гаварыў, добра паказваў, што далікатнічаць, валаводзіцца тут няма чаго. Трэба цвёрда весці сваё.
Маладая ля калыскі неспадзеўкі рэзка крутнулася. Твар яе скрывіла лютасцю.
— Сказалі ўжэ! Сто разоў казалі! — закрычала яна прарэзліва. — Чаго вы ўсё лезеце!
Гаспадар нядобра, строга зірнуў на яе:
— Не тваё дзело.
— Сходаў мало! — не паслухалася жонка. — Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век!
Твар гаспадара скамянеў ад гневу.
— Не сунь носа! — узняў голас гаспадар. — Сказано!
У голасе яго чуліся сіла і цвёрдасць. Жонка зірнула на яго, недавольная, яшчэ поўная лютасці, але не запярэчыла. Не наважылася.
— Усё лезуць! — не вытрывала, прамовіла непрыхільна. Цішэй ужо, саступаючы.
— Тым часам, думаем пра ето ўжэ, — прымірэнча, разважліва ўступіў дзед ад палацяў.
У тым, як гаварыў дзед, адчувалася, што ён бачыць, што гаворка пайшла неразумна і нічога добрага з яе не будзе. Што без яго ўдзелу не будзе ладу ў гарачай і бесталковай спрэчцы маладых. У тым, як гаварыў і трымаўся дзед, бачылася, што ён наогул перакананы ў асаблівым значэнні сваім тут.
— Доўга думаеце, — з павагай, нібы становячыся ўпоравень з ім, як роўны роўнаму, зазначыў Башлыкоў.
— Доўго, — не запярэчыў дзед.
— Хутчэй думаць трэба! — параіў Башлыкоў з павагай і зноў як роўны з роўным. Нават непрыкметна для сябе пераняў яго лад гаворкі.
— Да яно б трэба. Толькі ж яно, — з давер'ем сказаў дзед, — тым часам, не просто так і рашыцца! Усё аддаць. Астацца ні з чым.
— Чаму ні з чым?! — здзівіўся Башлыкоў. — Усё ваша вашым і астанецца. Толькі што агульным стане.
— Аге, — кіўнуў дзед.
Башлыкову ў гэтым «аге» пачуліся цікаўнасць, разуменне, і ён стаў цярпліва, па-прыяцельску тлумачыць выгады агульнага гаспадарання. Дзед — Башлыкоў ведаў ужо, як яго завуць, казаў да яго пачціва «Дзяніс Ігнатавіч» — слухаў уважліва, ківаў згодна, ухваляў, падобна. Але абяцаў толькі адно: «Трэба падумаць».
Пільны Башлыкоў хутка зразумеў, што лагодны дзед, не інакш, хітруе, адводзіць гаворку ў спакойны кірунак. Змазаць хоча пытанне.
— Думаць цяпер ужо мала, — сказаў Башлыкоў цвёрда. — Дзейнічаць, рашаць трэба! Неадкладна!
Ён адвярнуўся ад дзеда, паказваючы, што ў яго не лішне часу, што чакае рашучых дзеянняў, патрабавальна зірнуў на маладога гаспадара.
— А што гаспадар «думае»?
Ён не таіў іроніі, знарок з націскам сказаў «думае».
Малады адразу, як адчуў увагу да сябе, нацяўся зноў, пастражэў позіркам. Выпрастаўся, нібы падрыхтаваўся да бойкі.