Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Дубадзел быў дома. Башлыкоў убачыў яго, калі ён паявіўся перад акном — ішоў хутка, імкліва, так што крылы яго зашпіленага на адзін кручок шыняля разляталіся ў бакі. Разляталіся ў бакі вушы будзёнаўкі, што трымалася на макаўцы. Ногі ў разношаных ботах ступалі цвёрда, а на касцістым твары была рашучасць. Чалавек як бы спяшаўся на выручку і гатоў быў на ўсё.
Ён імкліва пратупаў па ганку, ступіў у пакой. Голасна прывітаўся, зычліва і разам з павагай назваўшы: таварыш сакратар. Руку, якую падаў Башлыкоў, паціснуў моцна, як бы пацвярджаючы, што ў ім усё надзейна.
Башлыкоў зацягнуўся, зірнуў спасцярожліва:
— Трэба ў Курані.
У тым, як прамовіў, была значнасць. Значнасць была і ў позірку.
Дубадзел кіўнуў моўчкі і таксама значна: ясна. Твар дзелавіта засяродзіўся; шмаргануў прастуджаным носам.
— Зараз?
— А чаго ж? — Башлыкоў па-таварыску дадаў: — Адклад, кажуць, не ў лад.
— Аге, — шмаргануў носам Дубадзел. — Адкладуваць няма куды.
— От іменна. Так што — збірайцеся. Хутка.
Дубадзел ускінуўся, як па камандзе. Адазваўся ўмомант:
— А чаго тут сабіраць?
Рукі хутка, рашуча ўхапілі другі кручок на шынялі, зашпілілі, нацягнулі глыбей будзёнаўку.
— От толькі перакусім, — дадаў дзелавіта. — Паснедаем толькі…
— Вы не снедалі? — спыніў яго Башлыкоў.
— Да я ўжэ, канешно. Я пра вас. Жонка там умэнт…
Башлыкоў улавіў, што ў голасе яго тут не было цвёрдасці, не надта дабіваўся. Відаць, не вельмі верыў у снеданне сваё. Башлыкоў супакоіў:
— Я паснедаў ужо.
— Ну, тады — хоць зараз.
— Заедзьце дадому і паведаміце, — распарадзіўся Башлыкоў. — Каб не турбаваліся. Дні на два, скажыце…
Дубадзел рынуўся да дзвярэй.
2
Вазок хутка адкінуў назад рэшту алешніцкай вуліцы, павярнуў за вугал яе, рушыў да грэблі, да зараснікаў. Вымерзлая, наезджаная грэбля ўмомант дамчала да цагельні, і вось зачарнелі наперадзе ранішнія дымы над куранёўскімі стрэхамі.
У Башлыкове і дымы гэтыя, і стрэхі, нахмураныя, панурыя, хоць падбеленыя снегам, адазваліся неспакоем. Падыходзіла ўсутыч, уздымалася каменнай сцяной непадатнае, чужое, што належала зрушыць. І што не хацела зрушвацца.
Башлыкоў загадаў кіраваць да хаты Міканора Глушака.
Калі ехалі вуліцаю, чуў сябе пад маўклівым наглядам з двух бакоў. Пільна лавіў насцярожаную чарнату вокан, стракатасць двароў: і вокны, і двары былі амаль усе пустыя, вёска жыла, здавалася, бесклапотна, але ён добра ведаў, што спакой гэты зманлівы. Заўважыў, як выйшаў з хаты, застыў на ганку дзядзька, пільным вокам праводзіў, пакуль не схаваліся за рагом хаты. Двое жанок унізаліся позіркамі ад калодзежа, адна аж перастала цягнуць вочап.
Ад неспакою, ад адчування ўвагі падабраўся, сеў раўней, паставаю ўсёй выказваў рашучасць, смеласць. Бачыў: Дубадзел пажвавеў, выцягнуў шыю, нецярпліва і весела цікаваў за хатамі, за дварамі. Здавалася, трымаўся так, нібы адчуваў блізкую бойку і радаваўся ёй, ірваўся да яе. Гэтая вясёлая задзірлівасць была даспадобы Башлыкову. Перад двума радамі насцярожаных хат Башлыкову добра было чуць такую смелую ўпэўненасць, чуць побач чалавека, які ў любы момант гатоў быў памагчы.
Ля хаты Міканора Глушака Дубадзел першы саскочыў з вазка, рашуча пакрочыў да варот. Ужо ля варот ён схамянуўся, як бы стрымаў сябе, пачакаў Башлыкова, прапусціў яго наперад.
Ледзь ступілі на двор, на ганку паявіўся Міканор Глушак. Быў апрануты ў нефарбаваны, заношаны кажух, з заечай шапкай у руцэ. Падобна было: збіраўся кудысьці ісці, апрануўся за хвіліну перад гэтым. Глядзеў цікаўна, вочы на васпаватым твары былі неспакойныя, пыталіся, чаго наведалася такое высокае начальства. З гэтым была ўсмешка на твары, лагодная, гасцінная.
— Сустракай гасцей! — прамовіў Башлыкоў, весела крочачы насустрач. Ён прыязна працягнуў Міканору руку.
Глушак спехам надзеў шапку, падаў сваю руку. Башлыкоў моцна, дужа паціснуў яе.
— Угадалі! Заспелі дома! — сказаў Башлыкоў зноў, звонка, задаволена.
Ён узяўся абабіваць снег з ботаў, атрэсваць з паліто, з шапкі.
Гледзячы на яго, стаў абабіваць снег і Дубадзел, але без старання, абы-як. Нібы рабіў непатрэбнае.
Міканор няёмка, як належала, папрасіў:
— Ат, чаго тут… Заходзьце!..
У хаце было двое старых. Мужчына, седзячы на палацях, абуваў лапці, накручваў анучы, а старая замятала пры печы гліняную падлогу. Замятала, хапаючыся.
Башлыкоў тым жа звонкім голасам даў ім «добры дзень», працягнуў ружовую з марозу руку да старой. Тая, хапаючыся, выцерла сваю аб прыпол, як бы ўрачыста, лапатачкай падала яму. Рука яе была цёмная і касцістая, Башлыкоў паціснуў яе асцярожна, з пашанай. Стары, завязаўшы абору, таксама ўстаў насустрач Башлыкову. На дужы поціск рукі сакратара адказаў ветліва, ахвоча.
Дубадзел растлумачыў, што гэта бацька і маці Міканора: Дамецік і Дамеціха — цётка Аўдоцця.
— Угадалі! Заспелі дома! — зноў сказаў Башлыкоў, ужо да старых. Завязваючы гаворку.
— Аге! — адразу адгукнулася Дамеціха. — То ж ужэ унь шапку ўзяў, сабраўся ісці! Кеб на мінуту пазней, дык і не було б тут!
— Не далеко сабраўся! — далучыўся Міканор. — Хазяйство паглядзець!..
Ён усё з цікаўнасцю чакаў адгадкі, чаго завітаў Башлыкоў. Такая ж цікаўнасць, толькі больш адкрытая, была відаць і ў старой.
Але над усім быў звычай, неадменны закон гасціннасці да чалавека, што ступіў у хату. Міканор запрасіў Башлыкова распрануцца, і старая з ухвалай падтрымала сына. Башлыкоў ведаў «закон», разумеў, што трэба было гасцінным гаспадарам паказаць сябе прыязным госцем, распрануцца, сесці да стала. Але не цярпелася, дораг быў час. Адно сеў да стала, расшпіліў верхні кручок паліто.
Глушак, пэўна, зразумеў настрой яго; аднак з сялянскай настойлівасцю паўтарыў, што просіць распрануцца, а маці распарадзіўся: накарміць гасцей. З дарогі людзі.
Маці падтрымала яго, але, адзначыў Башлыкоў, не надта цвёрда.
— Паснедалі ўжо, — сказаў Башлыкоў мякка і разам заклапочана.
— Калі тое було! — павёў сваё Міканор.
Башлыкоў даў зразумець, што ён не мае звычкі цырымоніцца, сказаў рашуча:
— Пройдзем па вёсцы. Тады — вернемся!
— Не зарабілі шчэ на снеданне! — весела кінуў позірк на Міканора Дубадзел. Ён зарагатаў. — Зарабіць трэба, ясно!
Трэба было ўсё ж, хоць трохі, аддаць належнае звычаям. Паказаць сябе перад гаспадарамі чалавекам, культурнаю істотаю. Башлыкоў затрымаўся ў хаце, дазволіў пабавіцца тут дзесятак хвілін. Да таго ж варта было лепш прыгледзецца да Глушаковага жытла, бацькоў яго.
За гэтым адразу пайшло галоўнае, турботнае: высветліць абстаноўку ў сяле, як яна бачыцца іх вачыма…
Седзячы пры стале, не выказваючы цікаўнасці, агледзеўся: хата маленькая, на адзін пакой, падлога з гліны. Можна сказаць, няма падлогі. Палаці, двое палацяў: сына і старых. Даматканыя коўдры. Вялікая скрыня — гонар сялянскіх хат на Палессі. Таксама, мабыць, з даматканым палатном, са святочнай вопраткай. На сценцы — партрэты Сталіна і Калініна. У кутку ўверсе — пуста, абразы зняты. Але ручнік вісіць, як даніна старому… На падаконніку — стосік кніжак. Брашуры… Дзе ж калгасныя дакументы? Пэўна, у скрыні…
Паветра было нясвежае, нячыстае. Нядобра, кісла пахла. Мусіць, у хаце кармілі свінню ці парася. І наогул у хаце не адчувалася чысціні, дбайнасці. Звыкліся. Башлыкоў набачыўся ўсякага, але ў апошнія гады ўсё ж меў свой пакой, звык да чыстага паветра, да ахайнасці. І тут, як і кожны такі раз, ён адчуваў, што горад — гэта горад, а вёска — вёска і што між іх ва ўсім адлегласць вялізная. Як два розныя светы. І адчуваў востра, нязменна, што ён — чалавек да драбніцы гарадскі, з таго, гарадскога свету. Ніколі не звыкнецца з гэтай чарнатой, нясвежым пахам. Трываць зможа, а звыкнуцца не звыкнецца.
Увайшоў з пугаю возчык, на запрашэнне Дамеціхі распрануўся, сеў каля Дубадзела.
Трэба было весці зычлівую гаворку.
— Як жа жывем, Аўдоцця Пятроўна? — пацікавіўся звонка, прыязна Башлыкоў. Імя па бацьку старой выпытаў ціха ў сына.