Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ну от, — Ігнат як пераможца павярнуўся да Башлыкова. — А цяпер яму — усе гаспадаркі!
Зноў з насмешачкай чалавека, якога ніхто не можа збіць з адзіна правільных пазіцый, слухаў, што пярэчылі яму. Перачакаўшы, зацята павёў далей сваё:
— От і вы! Адкуль? — рынуўся ўжо на Башлыкова. — З горада — відно! Знаеце хоць, як, нібыто, адрозніць грэчку ад жыта?
— Ты, Глушак, кінь ето! — адразу важка, з пагрозным намёкам сказаў Дубадзел. — Кінь ету кулацкую анцімонію!
— Ігнатко! Памаўчы! — забедавала жонка. Ухапілася за рукаў, хацела адвясці ўбок, як ад бойкі. Ён нецярпліва адштурхнуў яе.
— Не лезь! — У нястрымным запале сказаў Дубадзелу: — Не, няхай ён паслухае! Бо вы ж не скажаце! — Узрадавана сказаў Башлыкову пра грэчку-жыта: — Не знаеце!
Башлыкоў не спрачаўся, не пярэчыў: смешна, нікчэмна было спрачацца, абараняць сябе ў такой дыскусіі. Годнасць не дазваляла прыніжаць сябе такім чынам.
Ігнат махнуў неспакойнаю, кручкаватаю рукою, як чалавек, што гатовы на ўсё.
— Ну, так і быць! Станьце ў нас старшыном! Пайду! Ей-богу! Хоць зараз! Пайду!
— Ты, Глушак, етыя кулацкія свае штучкі! — заступіўся зноў за Башлыкова Дубадзел. — За агітацыю проціў прадстаўніка ўласці — знаеш што?!
— Дзела нашаго, нібыто, не знаеце, — Ігнат не зважаў на Дубадзела, бачыў толькі Башлыкова, — дак хоць грамату знаеце! А сельскаму хазяйству — навучыцеся! Давайце! Пайду! Ей-бо!
Башлыкоў сказаў строга:
— Маім жыццём распараджаецца партыя. Куды яна загадае, туды я і пайду. Не раздумваючы.
— Ну от! — адгукнуўся Ігнат з насмешкай, якая значыла: я так і ведаў. — Не пойдзеце.
— Ты, Глушак, кінь етыя жартачкі! — пагразіўся Дубадзел. — Далеко завядуць яны цябе. Запомні!
Ігнат не паслухаўся папярэджання Дубадзела.
— А я не жартую, — сказаў ён задзірыста. — Дзеці унь. Карміць трэба.
Калі ішлі вуліцаю, Міканор Глушак адстаў, прытрымаў з сабой дзядзьку ў кажушку. Башлыкоў, што неўзабаве спыніўся, азірнуўся, бачыў, як Глушак штосьці недавольна кажа дзядзьку, дзядзька спрачаецца з ім ці апраўдваецца.
Башлыкоў падумаў, што Глушак, няйнакш, хоча адшыць дзядзьку, які невядома чаму круціцца побач. Згадзіўся, што правільна робіць: дзядзька тут ні да чога. Падумаў, аднак, Башлыкоў пра гэта мімаходзь, хвалявала, турбавала яго іншае: толькі што перабытая размова. Было ад яе на душы нядобра, мутна, адчуваў патрэбу разабрацца, праясніць…
— Усюды трэба ўткнуць яму нос! — сказаў Глушак, нібы апраўдваючыся.
Башлыкоў не адгукнуўся. Дымячы папяросай, паказаў, што ў яго свой клопат, і клопат сур'ёзны.
— Душок нядобры! — прамовіў ён значна, ледзь кіўнуўшы да хаты Ігната. Позірк, якім павёў да Глушака, да Дубадзела, казаў, як гэта важна: «душок».
— Д-да, — адразу падтрымаў Дубадзел. Тон згоды паказаў, што ён разумее цалкам, як гэта сур'ёзна.
Глушак вінавата пераступіў з нагі на нагу.
— Пляце сам не ведае што.
— Знае. Добра знае, — выказаў непахісна Дубадзел.
У тым, як сказаў, чуліся і праніклівасць, і нейкі сур'ёзны намёк. Быццам мудрае папярэджанне: небяспечны тып. Трэба пільна глядзець…
— Ад кантузіі, можа… Кантужаны буў…
Дубадзел смыкнуў губамі недавольна, сказаў, судзячы:
— Сердабольны ты нешто, Глушак!
Башлыкова таксама здзівілі словы Глушака, паблажлівасць яго. Падумаў: разгублены пачутым, ці не хоча, каб палічылі, што ён помсціць за злыя словы? Ці — мяккацеласць?..
Не дадумаў, гледзячы ў вочы Глушаку, выказаў галоўнае:
— Як ён, не займаўся такімі разгаворчыкамі публічна?
Міканор на момант задумаўся. Сказаў няцвёрда:
— Да не. Ён не вылазіць асабліва…
— Што значыць — не асабліва? Значыць, бывае часам?
— Да не. Можно сказаць, не…
— Зноў: можна сказаць!
Міканор зусім зніякавеў. Адолеў сябе:
— Не.
Дубадзел хмыкнуў з пагардай.
— А летам? Калі наразалі землю? — сказаў з намёкам. Як бы выкрываючы.
Глушак пачырванеў, пацвердзіў:
— Схапіўся загрудкі. З каморнікам…
— Узялі пад арышт, — Дубадзел гаварыў да Башлыкова. Адкрыта, аддана. — Адправілі ў Алешнікі, у сельсавет.
— Судзілі?
— Не. Адпусцілі.
— Калі?
— Адразу!
— Хто?
— Гайліс.
— Чаму?
Дубадзел прамаўчаў. Маўчанне яго сказала больш за словы. Твар яго сказаў: ён, Дубадзел, дасюль зразумець не можа такі фокус.
— З-за дзяцей… Пашкадавалі… — адгукнуўся Глушак.
Башлыкоў быццам не зразумеў. Раптам, не дакурыўшы, кінуў папяросу ў снег. Рашуча загадаў Глушаку:
— Вядзі!
Раздзел пяты
1
Гадзіны за тры абышлі яшчэ дзесятак хат, агледзелі калгаснае, паабедалі ў Міканора Глушака.
Было далёка да вечара, калі выехалі з Куранёў. Башлыкоў хацеў пабыць яшчэ ў Мокуці, адной з самых далёкіх і глухіх вёсак раёна.
За крайнімі хатамі Куранёў было трохі поля, белага, чыстага прастору. Хоць конь бег трушком, не надта хапаўся, поле хутка сышло, падступіў сцяною падбелены, маўклівы лес. Неўзабаве вазок нырнуў у гэту зацятую маўклівасць, ва ўладанні лесу, якому, ведаў Башлыкоў, тут канца-краю не было.
Фактычна лясы тут, а можна сказаць, што і лес, адзіны, агромністы, цягнуліся больш як на сотню кіламетраў. У гэтае вялізнае, зацятае ўладарства і ўехаў цяпер вазок.
Ехалі нейкі час моўчкі. Шархалі адно палазы ды парыпвалі гужы. Дубадзел, горбячыся побач з Башлыковым, наставіўшы каўнер шынелькі, не то драмаў, не то думаў. Не варушыўся, маўчаў Башлыкоў. Адпачываў ад нядаўняга клопату, ад бачанага і чутага.
Ад лясной вусцішнасці аж звінела ў вушах. Пакуль не звыкся, пярэсціла ў вачах ад чорнага і белага, ад дрэваў і галін, што насоўваліся, звісалі, знікалі, зноў ішлі і ішлі абапал, над імі. Хоць быў стомлены і не хацеў думаць попусту, было не надта добра, не па сабе сярод гэтай бясконцай лясной глухамані, зацятай цішыні. Было з прыдушаным неспакоем разуменне пэўнай гераічнасці ад таго, што сам, самохаць рашыў дабрацца ў такую глуш.
Пра гэта, пра гераічнасць, аднак, не думаў. Перакананы, што неабходныя сціпласць і самакрытычнасць, нават стрымана іранізаваў над нікчэмнай гэтай уцехай. Падтрымліваў, не студзіў у душы гарачага імкнення, якое было цяпер самым важным для яго: як бы далёка ні было і якія б нялёгкія дарогі туды, усё роўна даедзе, дабярэцца. І дакапаецца. Усё раскапае. Сам.
Дубадзел зварухнуўся, палез у кішэню. Закурыў. Нейкі час курыў, адвярнуўшыся, каб дым не ішоў да Башлыкова. Пра нешта затоена думаў. У вачах, прымружаных, засяроджаных, было вострае, жорсткае. Сутаргава хадзілі худыя сківіцы.
Курыў похапкам, нервова. Акуркам апёк пальцы, ледзь не мацюкнуўся. Са злосцю кінуў акурак у снег, плюнуў.
Яшчэ нейкі час мружыў вочы кудысьці, соўгаў сківіцамі. Не пазіраючы на Башлыкова, нібы думаючы ўголас, хрыпата, горача прамовіў:
— Ім разгаворчыкі етыя… — Ён запыніўся, нецярпліва саўгануў сківіцамі. Хацеў, відаць, знайсці належнае слова. Грэблівае. Скончыў звычайным, але з грэблівасцю: — Як гарох аб сценку.
Башлыкоў не варухнуўся. Нібы не чуў. Але словы Дубадзела ўразілі яго. Дубадзел быццам пачуў яго думкі, выказаў за яго. Аднак разам з тым думкі гэтыя, сказаныя не ім, а Дубадзелам, былі непрыемныя яму. Башлыкоў як бы пачуў знявагу сваёй рабоце.
— Без разгаворчыкаў таксама нельга, — сказаў ён павучальна, значна. «Разгаворчыкі» — вымавіў з насмешкай: паставіў Дубадзела на месца.
Дубадзел, падобна, не заўважыў іроніі. Таропячыся ўсё перад сабой, сказаў ранейшым тонам:
— Ім не разгаворчыкі трэба!
Былі ў тоне яго гаворкі важкасць і непахісная пераконанасць. Чуліся трывожнасць і нават боль, і Башлыкоў зацікаўлена чакаў, што ён яшчэ скажа.
Але ён сцяў губы, маўчаў.
Башлыкова не раз ужо дзівіла яго ўменне маўчаць. Скажа што-небудзь важнае і абарве гаворку, не дагаварыўшы. Думай, гадай, як разумець.
Гэта дзівіла, тым больш што ў выступленнях сваіх Дубадзел быў надзіва гаварлівы і гарачы: як пачне, паліць без перадыху, здаецца, не спыніцца.