Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Яго гарачая, вострая прамова, бачыў Башлыкоў, хвалявала, даходзіла. Факт гэты, аднак, з-за незадавальнення станам спраў не толькі не цешыў, але і не супакойваў ні трохі. Настойлівы, зацяты, ён, як бы грозячыся, сказаў, што за зрыў шэфскай работы райком будзе патрабаваць, як за зрыў важнейшай дзяржаўнай кампаніі. Ніякія адгаворкі не будуць прымацца.
Як ні ўсхваляваны быў, не толькі належна настроіў усіх, але і даў канкрэтныя ўказанні. Дакладна падаў, што неабходна зрабіць кожнай установе. Назваў тэрміны, вызначыў адказных.
6
За вокнамі была ўжо ноч, калі Башлыкоў закрыў нараду і зала пачала пусцець.
Ён вярнуўся ў кабінет. Тут, за зачыненымі дзвярамі, адзін, нейкі момант пастаяў, як бы на раздарожжы. Як бы хацеў разважыць: што ж далей. Не прыдумаў нічога. Угледзеў на стале пачак папярос. Закурыў, захадзіў.
Была вялікая стома і разам — узрушанасць. І рабіць больш не быў здатны, і адпачываць не мог. Не першы раз у галаве прайшло: гэтымі сваімі прамовамі, пэўна, не так другіх уздымаеш, як расцвельваеш сябе.
Трэба было б пайсці паабедаць, але есці не хацелася.
Схамянуўшыся, ён пазваў Мішу, распарадзіўся, каб той перадаў возчыку: заўтра да сямі быць гатовым у дарогу. Дазволіў Мішу ісці дадому.
Можна было б і самому ісці. Нават — трэба б. Адпачыць перад заўтрашнім. Але і ісці не хацелася. Нічога не хацелася.
Не зважаючы на змору, душу трывожыў неспакой. Вось жа ліха, разумеў: усё зрабіў як мог, а задавальнення не было. Не толькі задавальнення, а і якой-небудзь палёгкі.
Не, і разумення такога, што зрабіў тое, што мог і павінен быў, не было. Не было такой упэўненасці, тачыла нават глухое, але настойлівае адчуванне, што рабіў не тое, не галоўнае. Што мала зрушыў тое, што павінен быў. Можа быць, зусім не скрануў. І гэта адчуванне было тады, калі ўсё больш ціснула трывога, важкая, вялікая, неадступная. Калі так упарта насядалі паганыя згадкі-напаміны.
Удзень паганае гэта прыціхла за клопатамі, яго можна было стрымліваць; да таго ж тады — дзень быў наперадзе, надзея была. Цяпер дзень быў ззаду, усё, што мог, зрабіў, і цяпер відаць была цана зробленаму. З яснасцю, ад якой брала кволасць, бачыў, што зрабіў мала, нікчэмна мала, амаль нічога не зрабіў, а ў галаву, гарачую, узрушаную, усё ўнізваліся згадкі: учарашнія дзень і вечар у Глінішчах, размова з Галубовічам, Нінін ліст, спрэчка з Апейкам. Як бы нанава гучала: «Не пойдзем! Не аддадзім!..», «Галаву здымем!..», «Ты сваяк пана Шэпеля!..».
Сярод усяго ўбілася Апейкава, асабліва жорсткае, таму што і сам чуў значэнне, небяспечнасць яго: «Гэта толькі сігнал!.. Можа быць горш…» Пачуўшы зноў гэта, захадзіў хутчэй, крайне неспакойны. Можа быць горш. Хоць горш не трэба. І так пагана, далей, здаецца, няма куды. Да вясны з такімі тэмпамі — правал бясспрэчны… Тут думкі яго працяла раптоўнае: «Алёшка, чарцяка! Мы табой ганарымся!..» — і вокліч гэты стрэмкаю ўчапіўся ў сэрца. Як знарок, як насмешка!.. Не адразу змог вярнуцца да перарванай думкі, даць нейкі лад свайму думанню… Яму даверылі такую важную справу, паставілі на такі важны ўчастак. А ён, відаць ужо, можа не спраўдзіць надзей…
За нядобрымі развагамі ўзяла больш кволасць. Сем месяцаў тут! Не спіць, не есць, можна сказаць — усю душу аддае! А вынікі?!. Узяў адчай, такі моцны, які можа захапіць, толькі калі ты без меры нацяты, калі ты гарачы і табе дваццаць пяць…
У гэту хвіліну агіднай кволасці яго апякла зноў згадка пра ўчарашні сход, пра паводзіны на ім Апейкі і Гайліса. Нанава ўспомнілася ранішняя спрэчка з Апейкам, і ў ім з новай сілай ускінулася нязгода з усім, што Апейка спрабаваў увесці ў яго.
Ён цяпер з яшчэ большай яснасцю ўбачыў усю ілжывасць Апейкавых мудрагельстваў, ілжывасць і нават небяспечнасць іх, якія маглі збіць з правільнай дарогі, аслабіць у той момант, калі так патрэбны цвёрдасць і ўпэўненасць. «Яўна кульгае на правую! Сам кульгае і другіх падбівае!» — падумаў абурана.
Пасля гэтага лепш адкрылася, чаму недавольны пражытым днём. Лепш бачылася, што гэты дзень і тое, што зрабіў, мала што зменяць у становішчы, таму што і Каржыцкі, і Мормаль не тая сіла, якая можа сур'ёзна выправіць тое, што ёсць. І не таму, што Каржыцкі і Мормаль кепскія самі па сабе. Хто б ні быў на іх месцы — нічога не зробіць. Таму што патрэбны не размовы, а дзеянні. Дзейныя, цвёрдыя людзі, сапраўдныя бальшавікі патрэбны там, на месцы. А там — чарнаштаны ды гайлісы. Мяккацеласць. Апартунізм. Правы ўхіл.
«Не тое робім, не так, — мацнела ўпэўненасць. — Гаворым многа. Многа спадзяванняў на словы. На ўгаворы. Тут наша няўдача. Угаворы — пустазвонства. Дзейнічаць трэба! Сіла трэба. На сілу сіла! І не чыкацца! Не міндальнічаць! Рашучасць трэба! Націск!.. Націснуць падаткамі! Судзіць злосных! Каб адчулі сілу!..» Ён ухваліў сябе, што добра распарадзіўся Харчавым…
Ад гэтых думак весялей было. Нібы ўбачыў наперадзе прасветліну, ясна ўбачыў, куды ісці, і ўбачыў, што дарога там абяцае яму добрае. Сам не заўважыў, як стаў хадзіць дужа, цвёрда.
У думкі ўнізалася вестка з пісьма: Лена пыталася, цікавіцца, шкадуе. У гэты момант напамінак пра Лену быў лагодны. Лена бачыла яго дужым, прыгожым. Няхай паглядзіць!..
Згадаўшы пісьмо, думаў нейкі час пра маці, пра Ніну, рашыў цвёрда: «Трэба забраць сюды. Забраць…» За гэтым ён намогся, павёў думкі на заўтрашнюю паездку. І раптам ва ўсю яго супярэчлівую турботнасць памяць увяла ўпарта яго новую глінішчанскую знаёмую. Нібы ўбачыў зноў, як яна схілілася да яго, льючы ваду; адчуў цяпло яе рукі, якую яна падала, вылазячы са склепа. Яна раптам нібы стала перад ім. Яе вочы, кплівыя, незразумелыя, уся яна, незалежная, поўная годнасці, была, здалося, побач. І побач, і далёка.
Умомант апанавала дзіўнае: як не хапае яе тут. Яе воч, яе голасу, яе смеху. Усёй яе. У гэты вечар. У гэтую хвіліну. Здзівіўся, пашкадаваў: як ён так развітаўся з ёю? Чаму не прыгледзеўся, не распытаў хоць бы толкам?
Так захацелася пабачыць яе, пабыць з ёю, што ўзяла шалёная думка: сесці зараз у вазок ды махнуць туды. Зірнуць хоць. Ён тут жа стрымаў сябе цвяроза: прыхамаць дурная. Гэтага яму толькі не хапала. І наогул — што ён ведае пра яе? Хто яна?
Але развагі не даходзілі. Не знікала: яна павінна быць тут. З ім павінна была быць!..
Раздзел трэці
1
Башлыкоў выехаў з Юравіч зацемна, з такім разлікам, каб дабрацца да Алешнікаў у самым белым ранку. Калі яго вазок узняўся на гару, уся шырокая раўніна, што разлягалася перад ім, была шэрая, непраніклівая. Ішла ад гэтай шэрані ў душу неадольная панылая сумотнасць; толькі вецер, што налятаў тут, на абдзьмутай вышыні, як бы абяцаў штосьці абнадзейлівае.
Каля Вадавіч, як ён і спадзяваўся, стала прыкметна развідняцца. У гэтай парадзелай каламуці, што ўсё расступалася, вазок Башлыкова шухнуў цераз масток над Тур'ёю, паплыў па шляху паўз Глінішчы. Са шляху Башлыкоў мімаволі неспакойна і востра зірнуў туды, дзе павінна была быць глінішчанская школа. Разам з нядобрым, што засталося ад сходу, як ад павеву ветру, зацеплілася ў душы зноў згадка пра нераспазнаную жанчыну. Спадзяваўся ўбачыць агеньчык з вокан, але яго не было. Можа, закрывала поле.
Толькі развіднела, калі ён выйшаў з вазка каля сельсавета. У сельсавеце быў адзін дзяжурны, ён, відаць, драмаў перад гэтым і, калі Башлыкоў, моцна гупаючы ботамі, абабіваючы снег, ступіў у пакой, сустрэў яго нібы вінавата. Глядзеў з незразумелай насцярожанасцю. Башлыкоў знарок весела патупаў па пакоі, паціраючы рукі, паказваючы, што памёрз трохі ў дарозе, трэба сагрэцца, весела запытаў пра навіны. На людзях Башлыкоў заўсёды меў звычку трымацца весела і бадзёра. Дзядзька, аднак, трапіўся негаваркі, на пытанне Башлыкова адно няветліва аб'явіў, што Гайліс у Хвойным, па калектывізацыі, а сакратар пакуль не прыйшоў.
Ён павесялеў толькі тады, калі Башлыкоў загадаў яму паклікаць Дубадзела. Пажвавелы ўраз, усцягнуў на калматую галаву барановую кучомку і, мякка ступаючы валёнкамі, выбег на ганак. Башлыкоў зноў захадзіў па пакоі, раз-пораз кідаючы позіркі ў акно на вуліцу. Ён чакаў Дубадзела з неспакоем: было б прыкра, калі б Дубадзела дома не аказалася. Дубадзел яму быў вельмі патрэбны. Яшчэ ўчора, думаючы пра гэту паездку, Башлыкоў згадваў Дубадзела, таму ён рашыў, што Дубадзел будзе ў гэтай паездцы пры ім. Башлыкоў хацеў прыгледзецца лепш да яго, прымерыцца, чаго ён варты. З Дубадзелам у Башлыкова былі важныя надзеі. Надзеі гэтыя трэба было праверыць.