-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 375
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Госця, вядома, цікавіла калектывізацыя. Як ідзе калектывізацыя гаспадарак, і ў цэлым становішча ў раёне з калгасамі.

— Ясна, — сказаў Башлыкоў. Як гавораць пра самае простае.

Ён і выглядам сваім паказваў, што яму ўсё гэта ясна і проста. Але ў душы яго было і няясна, і няпроста. Супярэчліва было. З пытаннем журналіста ў ім як бы памацнела трывожнасць ад учарашняга. Чалавека ўражлівага і праўдзівага перад сабой, яго гэта найбольш вярэдзіла. Але разам з праўдзівасцю жыла ў ім і даўняя звычка не паказваць нікому свайго непрыемнага, слабасці сваёй. Тым больш не любіў ён скардзіцца. Тут жа, да ўсяго, выступаў ён не проста як Башлыкоў, звычайны чалавек, а як сакратар райкома партыі. І быў перад ім не сябра-прыяцель, а работнік прэсы, прадстаўнік рэспубліканскай установы. І патрэбны былі яму не прыватныя адчуванні нейкага Башлыкова, а погляды партыйнага кіраўніка раёна. Прынцыповыя погляды.

Ясна было, перш за ўсё належала даць палітычную характарыстыку становішча ў раёне. У адпаведнасці з агульнымі, прынцыповымі палажэннямі аб калектывізацыі. Ён пачаў з таго, што паведаміў: у раёне ідзе вострая класавая барацьба. Кулацтва, адчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняецца ні перад чым. Дзейнічае ўсімі метадамі. Расказваючы пра варожую дзейнасць, Башлыкоў нанава ўспомніў спрэчку з Апейкам, загарэўся больш. Нібы стаў працягваць незакончаную спрэчку…

Як адзін з прыкладаў, дзе кулацтва асабліва разгарнула дзейнасць, Башлыкоў назваў вёску Глінішчы. Хацеў расказаць пра сход, але стрымаў сябе: непазбежна ён выказаў бы сваё бяссілле, сваё і ўсяго кіраўніцтва раёна. Ды і балела гэта занадта для таго, каб паказваць пабочнаму чалавеку…

— Вы, напэўна, ведаеце, што раён уключан у першую групу, — пайшоў Башлыкоў далей. Карэспандэнт кіўнуў: ведае. — Мы павінны калектывізаваць раён да вясны наступнага года. Гэта наша галоўная задача… — Башлыкоў самакрытычна прызнаў, што тэмпы калектывізацыі ў раёне пакуль недастатковыя. Каб у карэспандэнта не засталося думкі, што ў раёне змірыліся з гэтым, ён адразу ж запэўніў, што раён будзе рабіць усё для таго, каб тэмпы рашуча паскорыць. І што задача, якая пастаўлена, будзе выканана.

Ён помніў: краіна павінна ведаць сваіх герояў, з гонарам стаў расказваць пра лепшыя калгасы, лепшых людзей. Карэспандэнт, схіліўшы галаву, на якой тапырыліся неадрослыя валасы, падобны на маладога шпака, хапатліва пісаў у сшытак, і Башлыкоў гаварыў павольна, каб той упраўляўся. Калі казаў назвы, лічбы, то нават паўтараў, каб газетчык не памыліўся. Сачыў, як той піша прозвішчы, папраўляў. Ён разумее, якая адказная справа — газета.

Перабіраючы ў памяці людзей, ён між іншых успомніў Казачэнку, Дубадзела, Міканора, Гайліса. Да паганай гісторыі з «Рассветам» ён ставіўся да іх па-рознаму, то хваліў, то крытыкаваў, цяпер жа, і то вагаючыся, адзначыў добрым словам аднаго Дубадзела. Башлыкоў параіў, куды лепш паехаць, да каго звярнуцца. Паабяцаў пазваніць, каб там дапамаглі. Тут жа ўстаў, паклікаў Мішу, загадаў арганізаваць падводу. У карэспандэнта было пісьмо з рэдакцыі. Башлыкоў паглядзеў яго: рэдакцыя пісала, што са Слабодкі паступіла скарга — прыцясняюць селькора Корбіта. Башлыкоў тонам, які паказваў, што ён добра разумее палітычнае значэнне скаргі, заявіў, што будуць прыняты строгія меры.

Правёўшы журналіста да дзвярэй, Башлыкоў вярнуўся за стол. Нейкі час сядзеў нерухома. У памяці засталося: у хлопчыка-журналіста быў дзіўна пранізлівы позірк. Зусім не юнацкі позірк. Было смутна на душы: нібы не ўсё сказаў добра. Было неспакойна. У кепскі час журналіст прыехаў…

Башлыкоў як бы прыслухоўваўся да сябе. Яго не палохае, што ён там напіша, карэспандэнт. Самае паганае — напіша ён ці не — гэта ёсць. Правал. Зноў гняло адчуванне ўчарашняй няўдачы. Помнілася сённяшняя размова з Апейкам. І званок сакратара акружкома. Была хвіліна суму, адзіноцтва. Потым ён стаў ліхаманкава думаць: што рабіць, як выбрацца з прарыву?

Трэба ўсё перагледзець нанава, усе сілы. Усё і ўсіх падняць на ліквідацыю прарыву. Апошнімі днямі, ездзячы па раёну, ён зусім выпусціў з рук раённыя звенні. Трэба ўзняць іх: агітацыю, моладзь, культурныя сілы. Шэфаў.

Ён даўно збіраўся паставіць пытанне пра шэфскую работу. Трэба сёння ж нарэшце паставіць. Сабраць усіх шэфаў і спытаць з іх. Ён дастаў паперу, пачаў складаць спісак. Спісак сакратароў партячэек. Усіх, каго належыць сабраць на нараду па шэфскай рабоце ў калгасах.

Імкліва рушыў да дзвярэй. Міша ўжо быў у пакойчыку прыёмнай. Загадаў яму склікаць усіх на семнаццаць нуль-нуль. Папярэдзіць, каб прыйшлі з матэрыяламі пра зробленае. Усе павінны будуць далажыць.

4

Было ліхаманкавае жаданне дзейнічаць. У дзейнасці як бы шукаў трываласць сабе, упэўненасць.

То аднаго, то другога выклікаў работнікаў райкома, адказных работнікаў раённых устаноў. І ў райкоме, і ў іншых раённых установах у мястэчку заставалася мала, большасць былі ў вёсках, займаліся калектывізацыяй, але яго гэта не супакойвала. Увесь час, як цень, жыла ў ім памяць пра ўчарашняе, пра спрэчку з Апейкам, званок з Мазыра.

Усе давалі адказ, што зроблена, што плануецца зрабіць. Усе адчувалі яго энергічную, строгую патрабавальнасць, незадаволенасць зробленым.

Пасля некалькіх такіх гаворак ён выклікаў загадчыка агітпропа Каржыцкага. Каржыцкі, чалавек таксама новы ў раёне і таксама малады, амаль увесь час бадзяўся па раёну. Выпраўляць не трэба было, ведаў сваю справу: то з агітатарамі дзе-небудзь у сельсавеце ці школе, вучыць, адукоўвае, то сам — на сходзе, з дакладам, з прамовай. Узялі яго з вучобы, з менскага інстытута.

Башлыкоў звычайна не папракаў свайго агітпропа. У той павазе, якую ён чуў да загадчыка агітпропа, было нават стоенае разуменне некаторай перавагі таго над ім, Башлыковым. Каржыцкі, не адзін раз заўважаў Башлыкоў, мацней быў у веданні гісторыі партыі, тэарэтычна быў лепш падкаваны. Башлыкова супакойвала тое, што Каржыцкаму было далёка да яго ва ўменні звязваць тэарэтычныя веды з практыкай, ва ўменні арганізаваць справу. Хіліў Башлыкоў да Каржыцкага мяккі, светлы характар загадчыка агітпропа.

У Каржыцкага і сёння быў чысты, сіні позірк вачэй. Былі дзелавітая сабранасць, акуратнасць ва ўсім. І расказваў ён талкова, з веданнем, роўным, як звычайна, голасам. Усё было ў ім як заўсёды, але сёння ўсё гэта выклікала ў Башлыкова глухую непрыхільнасць. Было такое адчуванне, быццам Каржыцкі, хоць таксама вінаваты ва ўсім, не хоча браць сваю долю віны на сябе. Стрымліваючы нядобрае ў сабе, распытваў Башлыкоў пра работу ў асобных сельсаветах, хатах-чытальнях, пра асобных агітатараў. З асаблівай пільнасцю высвятляў, што агітпроп рабіў у Алешніках, у Глінішчах. З раздражненнем слухаў, што было зроблена ў Глінішчах: выходзіла — нямала было зроблена. З нездавальненнем пачуў ён хвалу Парасцы Дарошка, адразу ўспомніў яе выступленне на сходзе. Успомніў так, быццам яна здрадзіла яму, які так спадзяваўся. Здрадзіла ў такі момант, ухілістка…

Вядома, не трэба было хваліць агітпропаўцаў у Глінішчах. Няма за што хваліць, калі на іх вачах развалілі калгас. У неразуменні гэтага выявілася слабасць Каржыцкага, якую Башлыкоў адзначыў зноў: мала практычнай хваткі. З адчуваннем бясспрэчнай перавагі сваёй над Каржыцкім і дакладным веданнем мэты Башлыкоў пайшоў у крытычны наступ на загадчыка агітпропа.

— Там папрацавалі добра, — панура падхапіў думку Каржыцкага. Рэзка павярнуў: — Толькі — не мы, а іншыя. Вынікі іх работы добра відны. Учора сам бачыў у Глінішчах. Добра папрацавалі! Кулакі і ўсе іх падгалоскі. — Сінія, чыстыя вочы Каржыцкага замутніла збянтэжанасць. Вінавата адвёў позірк. На твары вынікла далікатнае, дзявочае ружавінне. Быў, здалося, не згодны, але не запярэчыў. Змоўчаў. Гэта яго нязгода дадала Башлыкову ўпартасці.

— Аб рабоце ўсіх нас будуць меркаваць па выніках, — сказаў ён, усё як бы набіраючыся дужасці. — А вынікі нашы — вось яны. Трыццаць сем гаспадарак за тыдзень новых улілося. І дваццаць дзевяць за дзень — з калгаса. Крок наперад, два назад. Нашы тэмпы. Вынікі нашай работы…

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название