Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Башлыкоў добра разумеў, што, хоць ён гаворыць «нас», «нашы», Каржыцкі чуе гэта як абвінавачанне яго асабіста і яго аддзела. Гэта зусім адпавядала імкненню Башлыкова, ён і хацеў, каб Каржыцкі ўзяў вялікую долю віны на сябе. Чым большую, тым лепш. Тым лепш будзе старацца рабіць. З гэтым імкненнем Башлыкоў і вінаваціў Каржыцкага ў тым, што агітпроп далёка не спраўляецца з задачамі, якіх патрабуюць ад яго цяперашні адказны момант, тыя тэмпы, якія неабходна ўзяць, каб выканаць абавязацельствы па калектывізацыі раёна. Каб ліквідаваць той прарыў, у якім раён апынуўся. Каб дабіцца рашучага пералому.
Башлыкоў строга, прыдзірліва разгледзеў план агітпропработы, пакрэсліў яго, пакрытыкаваў, вярнуў дадумаць, дапрацаваць. У плане, на яго думку, недастаткова скіроўвалася ўвага на барацьбу з кулацкай агітацыяй, і асабліва — на барацьбу за ўзмацненне тэмпаў калектывізацыі.
Калі Каржыцкі пайшоў, Башлыкоў адчуваў, што недарэмна стараўся: агітпроп, падобна, зразумеў становішча. Але супакаення ў Башлыкова па-ранейшаму не было. Наперадзе чакалі многія іншыя клопаты: многія звенні яшчэ трэба было мабілізаваць. Перш за ўсё — моладзь.
Кудравец толькі што прыехаў з раёна. Ён увайшоў у кабінет Башлыкова яшчэ чырвоны з холаду. Башлыкову кінулася ў вочы: быў незразумела чаму радасны і нават быццам бесклапотны. Гэта яго бесклапотнасць — у такі час — непрыемна здзівіла. Здзівіла, тым больш што Кудравец быў асабліва блізкі. У Башлыкова да Кудраўца было нават адчуванне роднасці: Кудравец жыў у тым свеце, які нядаўна зусім быў і яго, башлыкоўскім, светам, у дарагім камсамольскім віраванні.
Кудравец прыехаў з Бярозаўкі. Башлыкоў спасцярожліва запытаў, што там у Бярозаўцы. Навіны былі добрыя, камсамол дабіўся — калектывізавалі яшчэ дванаццаць гаспадарак. Але Башлыкова гэта не супакоіла, ледзь даслухаў адказ, павёў гаворку на тое, што балела. Коратка, энергічна расказаў пра ўчарашнія дзень і вечар у Глінішчах, асабліва вылучыў, як паводзілі сябе камсамольцы і ў цэлым моладзь. Большасць камсамольцаў, павінен адкрыта сказаць, дзіўна сябе паводзіла: і днём — ззаду, цішком, і ўвечары, на сходзе, — моўчкі. Многіх і наогул нельга было зразумець: за каго яны? Адзін Казачэнка дзейнічаў смела, актыўна. Адным словам, усе факты гавораць пра поўнае разлажэнне цэлай ячэйкі. На вачах у райкома камсамола.
Башлыкоў бачыў, як проста вачавідкі вясёлую бесклапотнасць на твары Кудраўца змянілі вінаватасць і няёмкасць. Заўважыўшы мелькам, як ён стуліўся, як нацята, нібы школьнік, чакае далейшага, горшага, Башлыкоў раптам адчуў жаласць да яго. Але тут жа цвяроза прыглушыў жаласць: не тая абстаноўка, каб паддавацца кволасці. І наогул ведаў: павінен быць як мага строгім, прынцыповым. Цвёрда павёў далей: разлажэнне ячэйкі ў Глінішчах недаравальнае асабліва таму, што яно не выпадак, што ўсё гэта здарылася не за адзін дзень. Гэта, бясспрэчна, паступовае разлажэнне. І тое, што райком камсамола не змог заўважыць яго, гаворыць пра поўную страту пільнасці, пра слепату. Пра галавацяпства. Факт гэты сведчыць і пра тое, што райком у цэлым дрэнна ведае становішча ў ячэйках. Дрэнна ведае — значыць, і дрэнна кіруе імі.
Башлыкоў ніколі не гаварыў так рэзка з Кудраўцом, але ж ніколі дасюль не было і такой прычыны, такога становішча, якое вымагала само па сабе і асаблівай патрабавальнасці, і асаблівай строгасці. Не забываючы ні на момант становішча, Башлыкоў адчуваў як абавязак выказаць жорстка: калі галавацяпства ў кіраўніцтве наогул нельга дараваць, то цяпер — у ганебным прарыве, да якога яны давялі раён, — такое галавацяпства ёсць злачынства. Самае цяжкае палітычнае злачынства.
Адсюль Башлыкоў вёў гаворку пра тое, што найбольш трывожыла: як выправіць становішча ў раёне. Ужо не толькі судзячы, а і нібы далучаючыся, выказваючы спадзяванне на Кудраўца, на райком камсамола, яшчэ нелагодным голасам тлумачыў: трэба ўсё падцягнуць. Усе арганізацыі, усе сілы ўзняць. Дабіцца рашучага павароту ў тэмпах.
Не толькі таму, што перад ім быў кіраўнік моладзі, а і з непахіснага пераканання Башлыкоў падкрэсліў: вынікі ўсёй работы ў раёне будуць вельмі залежаць ад камсамола, ад моладзі. Шукаючы ратунку са сваёй бяды, ён больш за ўсё спадзяваўся на тое, што калі хто і можа выратаваць, то найперш — камсамол, моладзь. Была гэта вера і ад таго, што яшчэ і сам жыў, можна сказаць, у камсамоле, і ад адчування, што моладзь — самая жывая і дзейсная сіла ў грамадстве. У сельскую моладзь ён, праўда, і верыў, і не верыў. Яна не раз і радавала, і ашуквала. Здавалася — больш ашуквала: больш востра расчароўвала сваёй непадатнасцю, абмежаванасцю, чым старыя сяляне. У маладых вясковых ён проста цярпець не мог прывязанасці да прыватнай уласнасці, недаверлівасці, асцярожнасці. Памяць пра ўчарашняе гэтую звыклую непрыхільнасць яго рабіла яшчэ больш чутнай. І ўсё ж, як бы там ні было, — ён нагадваў сабе цяпер: і ў сяле, у гэтым нерухомым балоце, моладзь часта лягчэй адгукалася на новае. Хоць і не так, як трэба было і як хацелася б. Але хто асабліва абнадзейваў Башлыкова, дык гэта пралетарская моладзь. Яе, праўда, небагата ў мястэчку, дзе самы вялікі завод — паравы млын. Але яна ёсць. А ад таго, што яе мала, асабліва важна ўмела арганізаваць яе. Арганізаваць і накіраваць так, каб яна павяла іншых за сабой. У сяло, на калектывізацыю.
Няпростыя пачуцці турбавалі Башлыкова, калі ён раіў Кудраўцу, як арганізаваць моладзь, каб вывесці раён з прарыву, узняць тэмпы калектывізацыі. І надзеі, і сумненні, і цвярозая ацэнка, і легкадумныя мары — усяго было ў яго пачуццях, з якіх упарта лез, намагаўся адолець усё адчай.
Башлыкоў глушыў адчай, стараўся не паддавацца. Практычныя парады, указанні, якія пераказваў Башлыкоў Кудраўцу, то седзячы за сталом, то праходжваючыся, давалі дужасці самому. І давала дужасці яшчэ тое, што сакратар райкома камсамола, худы, русявы, аддана сачыў за кожным словам, кожным рухам яго. Гатоў быў падставіць плячо, верыў яму. Праўда, Башлыкова гэта Кудраўцова вера, наіўная, амаль дзіцячая, трохі і дражніла. Як бы ненадзейным чуў плячо, якое той мог падставіць. Ад таго ў патрабавальную строгасць тону гаворкі Башлыкова не раз унізвалася раздражненне.
Ён стрымліваў раздражненне. Як мог упэўнена і патрабавальна, тонам старэйшага таварыша скончыў:
— Прадумай усё, парайся. Прыходзь з прапановамі. Абмяркуем на бюро райкома.
Калі Кудравец выйшаў, было нейкае супярэчлівае нездавальненне. Відаць, лішне рэзка гаварыў, асабліва спачатку. Пакрыўдзіў несправядліва стараннага, адданага хлопца. Тады ж зазлаваў на сябе, на сваю мяккацеласць: няма чаго шкадаваць, праўду сказаў. Адданы, старанны — гэта так. Але ж таксама факт, што — слабаваты. Мала арганізатарскай хваткі. Настойлівасці малавата… Ці не замяніць? Кім? Можна папрасіць у акружкоме? Пашкадаваў мімаволі: каго-небудзь з Гомеля б, з сяброў!
Пасля Кудраўца Башлыкоў выклікаў яшчэ некалькі чалавек. Самым важным сярод іх быў, бадай, загадчык райана Мормаль.
Мормаль, былы настаўнік, немалады ўжо, увайшоў у кабінет, нібы ў клас, выпрастаны, падрыхтаваны да ўсяго, з папачкай у руцэ. У картовым пінжаку, у чырвонаармейскіх штанах і начышчаных ботах, ён спыніўся каля дзвярэй, няўпэўнены і быццам вінаваты.
Башлыкоў выйшаў насустрач яму, паціснуў руку, запрасіў сесці. Мормаль сеў на край крэсла, папачку ўзяў у абедзве рукі на каленях, ціха глядзеў на сакратара райкома.
Башлыкоў трымаўся з ім ветліва, але строга афіцыйна. За знарокавай ветлівасцю і афіцыйнай халаднаватасцю прыхоўваў Башлыкоў незадавальненне: загадчык райана не падабаўся, глухаваты што да палітыкі, няўпраўны, быў яўна не на сваім месцы. Яго трэба было б даўно замяніць, Башлыкоў і замяніў бы, але Апейка ўпарта пярэчыў гэтаму, заступаўся за старога. Мела, вядома, значэнне і тое, што замяніць загадчыка было не так проста. Адукаваных, з арганізатарскім талентам людзей не хапала і на больш важных месцах.
Мормаль, не інакш, ці ведаў, ці здагадваўся пра адносіны сакратара да сябе. Усё гэта ўскладняла гаворку.
Немаладыя гады і настаўніцкае званне загадчыка райана вымушалі Башлыкова гаварыць як мага далікатна. Абавязак лічыцца з гадамі і званнем былога настаўніка, аднак, не перашкодзіў Башлыкову выказаць усё, што трэба было, з належнай прынцыповасцю. Аддзелены ад загадчыка райана мяжой стала, цвёрда ўсклаўшы рукі на яго паверхню, Башлыкоў слова за словам выкладваў, важка, жорстка. Настаўнікі мала працуюць з жыхарамі вёсак. Недастаткова вядуць работу па калектывізацыі. Не ўцягваюць сялян у калгасы, не вядуць растлумачальнай работы пра перавагі калгаснага ладу. Ухіляюцца ад барацьбы з кулацтвам. Амаль не прыцягваюць да калектывізацыі дзяцей. Каб дзеці ўплывалі на бацькоў, дабіваліся ад іх уступлення ў калгасы.