-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 373
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Ад таго, што гэтае горшае яшчэ было наперадзе, Апейка чакаў далейшае неспакойна. Скажа ці не скажа, цяпер ці на іншы раз адкладзе?

Башлыкоў, відаць, вагаўся. Апейка зразумеў гэта па тым неспакоі, нават адчаі, што з'явіўся ў вачах Башлыкова. Позірк Башлыкова прабег па пакоі, спыніўся на момант на Апейку, але не ўбачыў яго. Быў невідушчы, сабраны ў сабе.

Раптам у твары Башлыкова з'явілася рашучасць. А, што будзе, тое будзе!

— Дзмітрый Андрэевіч! — загаварыў ён цвёрда. — Я павінен далажыць вам: у нас — прарыў! Распаўся калгас — «Рассвет»! Я якраз там і быў! Разабраўся ў прычынах, правёў сход! Спадзяваўся выправіць становішча, але не змог!.. — Нейкі час Башлыкоў маўчаў, чакаў, што там скажуць. Але там таксама маўчалі. Потым запыталіся, ён адказаў: — Дваццаць дзевяць гаспадарак.

З гэтай хвіліны Башлыкоў панура, цярпліва слухаў, што казаў Галубовіч. Сказаўшы самае цяжкае, ён спачатку прымаў тое, што чуў, з нязвычным спакоем. Адчуваў, было відаць, нават быццам палёгку: зрабіў сваё. Амаль абыякава, як асуджаны, гатовы да ўсяго, адказаў:

— Сячыце.

Згадзіўшыся яшчэ раней з тым, што — вінаваты, нават не паспрабаваў апраўдвацца. Як бы ажыў, загарэўся толькі тады, калі абяцаў:

— Зробім сёння ж, Дзмітрый Андрэевіч!

3

Паклаўшы трубку, пакруціў галавою, шумліва выдыхнуў: «Уф!» Хвіліну сядзеў моўчкі, быццам не мог апамятацца. Потым глянуў на Апейку, паведаміў аптымістычна:

— Сказаў: голавы здымуць!

Апейка згадзіўся:

— Так, прыйдзецца пакласці іх…

— Пакласці не страшна, — прамовіў нелагодна Башлыкоў. — Калі б было за што…

Апейка сказаў раздумліва:

— Баюся: трэба чакаць горшага.

Башлыкоў кінуў на яго хуткі, неспакойны позірк.

— Дачакаемся! Калі будзем сядзець, як бажкі! Склаўшы рукі…

Ён не вытрымаў, рэзка ўзняўся, нервова захадзіў. Штосьці таіў у сабе непрыемнае. Потым падышоў да Апейкі, стаў насупраць. Упяў вузкія, вострыя зрэнкі.

— Мне не спадабаліся твае паводзіны на сходзе. — Ён гаварыў горача, выразна — слова за словам. Удакладніў: — Тваё выступленне. Тваё і Гайліса.

— Чаму?

— Чаму? — Башлыкоў прамовіў так, быццам не верыў, што гэта незразумела. — Таму, што так не робяць! У такі момант!

Апейка няцямна павёў вачыма.

— Ясней кажы.

— Ясней? — Апейкаў спакой раззлаваў Башлыкова. Цвёрда, тонам абвінаваўцы стаў рэзаць, пункт за пунктам. — Спасавалі ў рашучы момант! Замест таго каб — наперад, туліцца да зямлі сталі! Лавіраваць! Падладжвацца.

Апейка абурыўся:

— Хто — падладжваўся? Хто лавіраваў? Ты ведаеш, што гаворыш?

Шчокі Башлыкова пакрывіла на міг ухмылка.

— Байку развёў!..

— Байка — прыказка! Намёк!.. — Апейка стрымаўся. Схаваў хваляванне за насмешкай: — Ты мяне ставіш у цяжкае становішча. Каб апраўдвацца перад табой, я павінен хваліць сябе. А я не люблю гэтага…

— Апраўдвацца няма чаго. Улічыць трэба. — Башлыкоў прапусціў міма ўвагі нязгоду, нават іронію, якія былі на Апейкавым твары, сказаў цвёрда, але спакайней: — Павінен наогул, як таварыш, зазначыць табе, каб ты сур'ёзна ўлічыў: ты не першы раз абыходзіш даваць палітычныя ацэнкі. Быццам пазбягаеш іх.

— Гэта — няпраўда.

— Ты ўлічы гэта, — настойліва параіў Башлыкоў. — Ты — не адзін раз ужо — замест чоткай палітычнай ацэнкі даеш перавагу старасвецкім мудрасцям. Сялянскай «філасофіі». Я разумею, кожнаму хочацца падабацца. Але гэта, глядзі, можа далёка завесці.

Апейка стрымаў сябе.

— Дзякую за папярэджанне. Толькі, думаю, яно мне не спатрэбіцца.

— Глядзі. Усякае забыццё палітыкі — небяспечная штука. І не заўважыш…

— Заўважу! — перабіў яго Апейка. Не мог ужо слухаць больш гэтых парад. — Тым больш што ніякага «забыцця палітыкі» ніколі ў мяне не было. Проста палітыка такая штука, што трэба яшчэ варыць і сваёй галавой. А мы варым — кожны па-свойму. — Але яму не хацелася ў гэты момант весці агульную, наўрад ці карысную спрэчку. Карцела іншае, жывое. — А ты ведаеш, — сказаў ён, ваяўніча падаючыся тварам да Башлыкова, — я таксама не ў захапленні ад тваёй прамовы!

Башлыкоў зірнуў недаверліва.

— Чым жа яна была дрэнная?

— Яна была проста выдатная. Але ў яе быў адзін недахоп. Гэта быў — пусты стрэл. Стрэл — у неба. Абы-куды.

Башлыкоў не разумеў.

— Па-мойму, калі я што-небудзь кемлю, кожнае слова мае значэнне толькі тады, калі яно… як бы сказаць — адказвае людзям… памагае ім разабрацца ў тым, што іх непакоіць… І даходзіць да іх. Да іх душы… Тваё — не адказала ім і не дайшло.

Башлыкоў момант думаў. Хацеў, было падобна, спрачацца спачатку, але стрымаў сябе.

— Трэба людзей падымаць, — прамовіў як канчатковае. — А не плесціся ў хвасце.

Ён пайшоў за стол і, заклапочана-засяроджаны, паказваючы, што дыскусію кончыў, загаварыў пра тое, для чаго запрасіў:

— Абмеркаваць трэба, што рабіць. Давай падумаем.

Апейка моўчкі кіўнуў. Трэба абмеркаваць. Ён гатовы.

— Мы ў прарыве. Трэба зараз жа зрабіць сур'ёзныя вывады. І прыняць неадкладныя захады. Перш за ўсё — вывады пра сябе, пра нашу дзейнасць. Трэба адкрыта паглядзець, назваць рэчы сваімі імёнамі. Мы гулялі ў лібералізм, міндальнічалі. У абстаноўцы, дзе трэба было дзейнічаць рашуча. Праявілі недаравальнае галавацяпства. — Бышлыкоў, відаць, адчуў, што Апейка гэта можа зразумець, як папрок яму, дадаў строга: — У гэтым у першую чаргу вінаваты я, як сакратар райкома. — Ён сказаў, бачыў Апейка, не для прыліку. Ды Апейку гэта і не здзівіла: Башлыкоў заўсёды быў строгі да сябе. Але Башлыкоў не быў настроены доўга крытыкавацца. Трэба было дзейнічаць. Рэзка, рашуча стаў весці далей: — Вынікі нашага галавацяпства — на кожным кроку. Самы галоўны — актывізацыя кулацкіх элементаў. Карыстаючыся нашай паблажлівасцю, кулаччо ўзняло галаву! Ідзе адкрыта вайною! Сход учарашні — паказаў гэта вачавідкі!.. — Ён стрымаў прыкрасць ад успаміну. Стройны ў абцягненай пад поясам гімнасцёрцы, важка апусціў руку на стол. — Першая задача — ударыць па кулаччу!

Апейка кіўнуў галавою. Згодны.

— Я думаю зараз жа выклікаць Харчава і даць указанне. Выехаць у «Рассвет», расследаваць прычыны. Прыняць неадкладна строгія захады. Найбольш злосных прыцягнуць да судовай адказнасці. Я лічу, што, акрамя кулачча, трэба ўдарыць і па іх саюзніках усіх масцей. Па ўсіх, хто самкнуўся з імі, дзейнічае як іх пасобнік. Па ўсіх падгалосках. Незалежна ад сацкатэгорыі.

— Харчаў — чалавек гарачы, — дзелавіта перапыніў яго Апейка. Разважліва памеркаваў уголас: — Трэба — каб разабраўся цвяроза. Каб пад гарачую руку не перахапіў. Спіскі, меры трэба перагледзець разам. Абавязкова.

Башлыкову не спадабалася ні тое, што Апейка перабіў яго, ні тое, што ён казаў. Неахвотна згадзіўся:

— Прагледзім… Сур'ёзныя партыйныя вывады, — загаварыў ён ранейшым, рашучым тонам, — трэба зрабіць адносна дзейнасці Алешніцкай ячэйкі. Я лічу, што дзейнасць Гайліса, Чарнаштана трэба абмеркаваць на бюро і даць ім належную ацэнку. І даць па заслугах. Рашэнне бюро шырока абмеркаваць у іншых ячэйках раёна.

Яму надакучыла стаяць. Ён неспакойна варухнуўся, ступіў за сталом крок, другі — туды, назад. Па тым, якія напружанасць, імкненне адчуваліся ў прамой, зграбнай постаці, было відаць, што будзе яшчэ гаварыць. І вельмі важнае.

— Я наогул лічу: тое, што адкрылася ў Глінішчах, служыць нам сігналам, што трэба зрабіць сур'ёзныя вывады ў цэлым па раёну. Мы павінны прыняць неадкладныя меры ў адносінах да кулачча па ўсяму раёну. Усе найбольш злосныя элементы трэба ізаліраваць. Прыняць меры ў адносінах розных іх пасобнікаў, падбухторшчыкаў. Яўных і тайных кулацкіх агітатараў. Адным словам, прыняць рашучыя меры па ўсяму раёну.

Раздзел другі

1

Скончыўшы, Башлыкоў адчуваў сябе ўзрушана і дужа. Рашучасць, з якой гаварыў, нібы падняла самога, надала сілы. Ён гатоў быў дзейнічаць.

Башлыкоў помніў, што яны з Апейкам на многае глядзяць па-рознаму і што Апейка чалавек упарты, але цяпер тое, што выказаў, Башлыкоў лічыў настолькі правільным, неабходным, што ўсё ж чакаў — павінен згадзіцца. Калі ж Апейка пачне зноў гнуць сваё, Башлыкоў гатоў быў і да гэтага: гатоў быў даць бой, сур'ёзны і прынцыповы. Папярэдзіць як належыць.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название