Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Доўга Мікола апавядае, а калі незнарок згадае чорта, Іван хрысціць грудзі пад кашуляй. Мікола ж тады плюе, каб нячысцік не меў над ім сілы...
***
Занядужаў Мікола, і Іван замест яго пільнуе вогнішча. Супраць агню, на лаве, спіць старшы аўчар, а там, у кутку, дзе неспакойна мітусяцца цені ад дзежак, стогне хворы. У чорным катле кіпіць вар, дым збіраецца ўгары пад дахам і вылятае праз гонту. Часам нячысцік дыхне ў дзірку, і тады дым з сілаю бухае ды грызе вочы, але гэта добра, бо няможна заснуць. А сон налягае. Каб адагнаць яго, Іван узіраецца ў жывы агонь. Ён павінен сцерагчы агонь, гэтую паланінскую душу, бо хто ведае, што б сталася, каб не збярог! Вясёлыя вугалі ўсміхаюцца Івану з-пад цяжару дроў і раптам чэзнуць. Перад вачыма ўжо плывуць зялёныя плямы, расплываюцца ў царынкі, у яловы лес. Па царынцы ступаюць белыя Марыччыны ногі. Яна кідае ў пракос граблі і выстаўляе яму рукі. І ў той момант, калі Іван вось-вось адчуе мяккае Марыччына цела на сваіх грудзях, з лесу выходзіць з ровам мядзведзь, а белыя авечкі кідаюцца ўбок і аддзяляюць яго ад Марычкі. «Ху, ліха з табой!.. Няўжо заснуў?» Жар з вогнішча лыпае вокам, аўчар храпе, а пад чорным покрывам рухлівых ценяў стогне Мікола.
Ці не пара варыць кулешу на сняданак аўчарам?
Іван выходзіць са стаі.
Цішыня і холад абнімаюць яго. Дзесьці ў загарадцы дыхае скацінка, збіліся воўнаю авечкі, ледзь пабліскваюць каля пастухоўскіх буданоў раскладзеныя звечара агні. Аўчаркі абступілі Івана, выцягваюць зляжалае цела, грабуцца і труцца каля ног. Чорныя горы запаланілі даліны, як вялізазная атара. Яны вякуюць у такой цішыні, што чуюць нават дыханне скаціны. А над імі разаслалася неба, гэтая нябесная паланіна, дзе пасуцца зоркі, быццам белыя авечкі. Ці ёсць яшчэ што на свеце, апрача гэтых дзвюх паланін? Адна паслалася долам, другая ўгары, а між імі, як маленькая кропка, чарнее пастух.
А можа, няма нічога? Можа, ноч затапіла ўжо горы, можа, ссунуліся горы, раздушылі ўсё жывое і толькі адно Іванава сэрца глуха стукоча пад кажушком у бясконца мёртвых прасторах? Самота, як зубны боль, пачынае смактаць яго сэрца. Штосьці вялікае, варожае душыць яго — гэта акамянелая цішыня, абыякавы спакой, гэты сон небыцця. Нецярпенне грукае яму ў галаву, горла перахоплівае неспакой — і, сцепануўшыся раптам, ён з крыкам, галёканнем і стогнам кідаецца на паланіну, каб сярод гвалту аўчарак дзіка гырклівам клубком паламаць цішыню, разбіць ноч на друзачкі, нібы каменем шыбу. Гоў-оў-оў! — адгукаюцца збуджаныя горы... Га-га-га... — паўтараюць трывожна далёкія вяршыні, і зноў замкнулася разбітая цішыня.
Аўчаркі вяртаюцца назад, скаляць зубы і віляюць хвастамі.
Але зрабілася яшчэ самотней. Захацелася сонца, вясёлага шуму ракі, цёплага хатняга духу, размовы. Жаль агарнуў сэрца, салодкая туга. Згадкі пачалі яго захлістваць і хвалявацца перад вачамі. І раптам пачуў ён ціхае: «Іва-ась!» Нехта яго клікаў. О! Зноў: «Іва-ась!..»
Марычка? Адкуль яна ўзялася? Прыйшла на паланіну? Уночы? Заблудзілася і кліча? Ці, можа, яму падалося? Не, яна тут. Сэрца калоціцца ў Іванавых грудзях, але ён яшчэ вагаецца. Куды ісці? І зноўку, трэці раз, далятае да яго аднекуль: «Іва-ась!..» Марычка... яна... напэўна... Ён бяжыць напрасткі, без сцежкі, туды, адкуль пачуўся голас, але апынуўся перад прорваю, якую не пераскочыш. Стаіць і заглядае ў чорны правал. І тады яму становіцца зразумела: гэта яго кліча маўка. І, хрысцячы грудзі ды спалохана азіраючыся, ён вяртаецца да жытла.
Пара варыць кулешу. У саган з варам ён сыпле муку, старанна размешвае, і скора водар пары зліваецца з пахам дыму. Старшы аўчар пацягваецца ўжо... пачынае днець. Але хто яго клікаў? А можа, гэта была ўсё-такі Марычка?
Калі становіцца відней, яго цягне паўглядацца яшчэ раз. Ідзе на паланіну. Халодныя росы асядаюць на пасталы, неба зачырванелася, і пабляднелі зоркі. Іван паднімаецца вышэй — і раптам халадзее. Дзе ён? Што з ім? Куды дзеліся горы? Воды залілі ўсю паланіну, затапілі вяршыні, і паланіна плыве самотна ў бяскрайнім моры. Ад Чарнагоры дыхнуў вецер, поўныя воды хвалююцца ціха, чутно, як нябачнае яшчэ сонца расце ў глыбіні, а вось вытыркнулася з мора ўся сівая вяршыня, з якой сцякае вада. Мацней патыхае холадам, растуць валы на моры, і вяршыні, адна за адной, прабіваюцца з белай пены. Свет нібы занава нарадзіўся. Воды пасцякалі з вяршынь і плывуць ужо ля падэшваў, сонца паслала на небе сваю карону і вось-вось пакажа свой твар, а са стаі нясецца сумны голас трамбіты і будзіць паланіну.
***
Так летаваў Іван на паланіне, аж пакуль яна не апусцела. Сплыла скацінка назад у даліны, разабралі яе гаспадары, адтрубілі сваё трамбіты, ляжаць вытаптаныя травы, а вецер асенні галосіць над імі, як над нябожчыкам. Асталіся толькі старшы аўчар і спузар. Яны павінны дачакацца, пакуль згасне агонь. Той агонь паланінскі, што сам нарадзіўся, нібыта Бог, сам мусіць і заснуць. А калі і іх ужо не стала, на засмучаную паланіну прывалаклася ўсялякая нечысць дый шныпарыць па стаі і загарадках, ці не асталося чаго і ёй.
***
Дарэмна Іван спяшаўся з паланіны: ён не застаў Марычкі жывое. За дзень перад гэтым, калі пераходзіла Чарамош, забрала яе вада. Раптоўна ўзнялася паводка, злыя хвалі збілі Марычку з ног, кінулі пасля на вадаспад і панеслі паміж скал у даліну. Марычку несла рака, а людзі глядзелі, як круцяць яе хвалі, чулі яе крыкі і мольбы і не маглі ўратаваць.
Іван не верыў. Гэта, напэўна, штучкі Гутанюкоў. Даведаліся пра іхняе каханне і схавалі Марычку.
А калі з усіх бакоў у адзін голас загаварылі тое самае, вырашыў знайсці цела. Мусіла ж яно прыбіцца недзе да драўлянай абшыўкі берага, дзесьці людзі павінны былі яго злавіць. Пайшоў уздоўж рэчкі, поўны пякучага гневу і злосці да яе вечнага шуму, да кіпучай лютасці.
У адным сяле знайшоў-такі цела. Яго ўжо выцягнулі на жвір, але ён не пазнаў у ім Марычкі. Гэта не Марычка была, а нейкі мокры мех, сіняя крывавая маса, перацёртая рачным каменнем, нібы ў млыне...
Вялікі жаль ухапіў Івана за сэрца. Спярша яму хацелася скочыць са скалы ў вір: «На, жары і мяне!» Але пасля шчымлівая скруха пагнала яго ў горы, далей ад рэчкі. Затыкаў вушы, каб не чуць здрадлівага шуму, што прыняў у сябе апошняе дыханне яго Марычкі. Блукаў па лесе, сярод камянёў, буралому, як мядзведзь, што залізвае раны, і нават голад не мог прагнаць яго ў сяло. Знаходзіў ажыны, брусніцы, піў ваду з крыніц і тым жывіўся. Пасля знік. Людзі лічылі, што ён загінуў з вялікага жалю, а дзяўчаты склалі каламыйкі пра іх каханне і смерць, і разышліся тыя каламыйкі па гарах. Шэсць гадоў не было чуваць пра яго, на сёмы раптам з’явіўся. Худы, счарнелы, намнога старэйшы за свае гады, але спакойны. Расказваў, што пасвіў статак на венгерскім баку. Яшчэ з год так пахадзіў, а тады жаніўся. Трэба ж было гаспадарыць.
Калі замоўклі стрэлы пістоляў і адспявалі вяселле, а жонка прыгнала ў загарадзь авечак і кароў, Іван быў нават задаволены. Яго Палагна была з багатага роду, фанабэрыстая здаровая дзеўка з грубым голасам і валлястаю шыяй. Праўда, яна любіла багатыя строі, і нямала недзе пойдзе грошай на шаўковыя хусткі ды дарагія маністы, але ліха з ім! Паглядаючы на авечак, што бляялі ў загарадках, на свой стракаты статак, на кароў, што званілі ды рыкалі на выпасах у лесе, ён не маркоціўся.
Цяпер ён меў каля чаго хадзіць. Не быў сквапны на багацце — не на тое гуцул жыве на свеце! — сам догляд скаціны поўніў радасцю сэрца. Як дзіця для маці — такою была для яго жывёла. Увесь час, усе думкі забіраў клопат пра сена, пра выгоды скаціне, каб яна не слабела, каб хто не сурочыў, каб авечкі шчасліва каціліся, а каровы цяліліся. Скрозь, ад усяго ішла небяспека, і трэба было добра сцерагчы скаціну ад гадаўя, зверыны і ад ведзьмаў, якія ўсялякімі спосабамі здойвалі кароў і губілі авечак. Трэба было шмат ведаць, абкурваць, загаворваць, збіраць зёлкі і варажыць. Палагна яму памагала. З яе была добрая гаспадыня, і свае вечныя турботы ён дзяліў з ёю.