Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Закаціліся авечкі ў далінку, і тут зацішней.
На шэрым небе выглянула блакітнае азерца. Вострая паланінская трава мацней запахла. Азерца ў небе выходзіць з берагоў і ўжо шырока разліло воды. Заблакітнелі зноў вяршыні, а ўсе даліны наліліся золатам сонца.
Іван углядаецца ўніз. Там недзе, сярод гор, дзе людзі, па зялёнай траўцы паходжваюць Марыччыны белыя ногі. Яе вочы скіраваны на паланіну. Ці спявае свае песенькі? А можа, сапраўды, парассявала па гарах, па долах, яны ўзышлі кветкамі, а Марычка замоўкла?
Ой, як будуць аўчарыкі
Авечачак пасці,
Будуць мае каламыйкі
За капялюш класці... —
згадваецца яму мілы дзявочы голас, і ён зрывае кветку і ўтыркае ў капялюш.
Да гурту... Да гурту... Сонца пячэ. Робіцца душна. Коцяцца авечкі, фыркаюць на бягу, крывяць старэчыя губы, каб лацвей сцяць зубамі салодкі дзядоўнік, ды пакідаюць пасля сябе свежыя шарыкі. Хрусь-хрусь... Хрум-хрум... Трэцца воўна аб воўну, белая аб чорную, падымаюцца хрыбты, як у возеры хвалі... Бэ-э... мэ-э... а сабакі ўжо трымаюць атару ў берагах.
Стаміліся аўчаркі. Кладуцца і задыхана сапуць у траве. На доўгі чырвоны язык, што звісае між ікламі, садзяцца мухі.
— Да гурту! Да гурту! — злосна галёкае Іван, і ўжо сабакі пры авечках.
Далёка, на паланіне, пад густым лесам, пасуцца каровы. Пастух абапёрся ў задуме на доўгую трамбіту.
Так паволі цягнецца час! Горнае паветра прапаласкала грудзі, хочацца есці. І як самотна! Стаіш тут маленькі, як быліна ў полі. Пад нагамі — зялёны востраў, які абліваюць блакітныя воды далёкіх гор. А там, на суровых дзікіх вяршынях, на бязводдзі і бязлюддзі, гнездзяцца ўсялякія здані, нячыстая сіла, з якой цяжка змагацца... Толькі адно — берагчыся...
Ашкір-ашкіра! Пхнуцца авечкі зялёным полем, мякка ступаюць па траве пасталы... Цішыня такая, што чутно, як кроў цячэ ў жылах... Сон адольвае. Кладзе мякенькую лапу на вочы і на твар і нашэптвае на вуха: спі... Авечкі меншаюць перад вачыма... Вось ужо з авечак сталі ягняты, а вось нічога няма. Паплылі травы, як зялёная вада. Прыходзіць Марычка. Ой не абдурыш, нябожа, ой не... Іван ведае, што гэта маўка, лясная русалка, а не Марычка, што гэта яна зводзіць яго. Штосьці цягне яго за ёй! Не хоча, а ўжо плыве, як плывуць травы зялёным патокам...
І раптам дзікі перадсмяротны роў каровы выкідвае яго са сну. Што? Дзе? Пастух як стаяў, абапёршыся трамбітай на зямлю, так і застыў. Рыжы бугай стукнуў нагамі аб зямлю, выгнуў валасатую шыю і падняў хвост. Ён ужо імчыць на той роў, высока скача і рве нагамі траву. Рэжа нагамі паветра. Пастух схамянуўся і гоніцца за ім да лесу. Бахнуў у лесе стрэл. Бах-бах-бах... — загрымелі са стрэльбаў вяршыні. Бах-бах-бах... — адазваліся далейшыя, і ўсё нямее. Цішыня.
«Пэўна, «вуйка» задраў карову», — думае Іван і пільней прыглядаецца да сваёй атары.
— Да гурту! Да гурту!.. — Сонца нібы заснула, вецер заціх і перанёсся з зямлі на неба. Ён ужо грувасціць там хмары, такое ж мора хрыбтоў, якое бачыў вакол паланіны. У бясконцых прасторах загінуў час, і невядома, ці дзень стаіць ці мінае...
Раптам да вуха далятае даўно чаканы покліч трамбіты. Ён прыносіць ад стаі пах кулешы і дыму ды доўгім меладычным трымценнем апавядае, што кашары чакаюць авечак...
— Ашкір-ашкір!.. — Гойсаюць сабакі, бляюць авечкі і льюцца стракатым патокам у даліну, трасучы вымем, ацяжэлым ад малака...
***
Ужо трэці дзень сыпле на паланіну дожджык-макасей. Закурыліся вяршыні, ухуталася неба, і ў шэрым змроку зніклі горы. Авечкі ледзьве валакліся, цяжкія, набрынялыя вадою, як губка; апратка на аўчарах стала халодная і цупкая. Толькі і спачынку было, што пад стрэшкай у струнцы[14] ў часе даення.
Іван сядзіць, упёршыся плячыма ў дошку, а нагамі сціскае даёнку. Каля яго — чорны калматы козар[15] што за кожным словам кляне, а там яшчэ аўчары. Нецярплівыя авечкі, у якіх прыбывае малако, пруцца з загарадкі ў струнку, каб іх скарэй падаілі. Аднак жа пачакайце, няўструі, бо так не пойдзе!.. Толькі па адной...
— Шкір! — злосна кідае ззаду паганяч у авечы натоўп ды пляскае мокрай пугай. — Шкір! Шкір!.. — падбадзёрваюць аўчары і адхіляюць калені ад дзіркі, кудою скача ў струнку авечка. — А! Каб цябе чорт... — кляне козар і не канчае: скажы толькі ў такую часіну!
Звыклым рухам Іван хапае авечку за хрыбціну і цягне да сябе задам на шырокую даёнку. Пакорна стаіць авечка, нязручна растапырыўшы ногі, такая дурная, і слухае, як цурчыць з яе малако ў даёнку. — Шкір! — пляскае ззаду паганяч. — Шкір! Шкір!.. — пакрыкваюць і другія аўчары. Падоеныя авечкі, як ачмурэлыя, падаюць у загарадцы на камень, кладуць галаву на лапкі і крывяць голыя старэчыя губы. — Шкір! Шкір!.. — Іванавы рукі бесперастанку ціскаюць цёплае авечае вымя, адцягваюць даёнку, а па руках цячэ малако, што пахне лоем і патыхае з даёнкі тлустай салодкай парай. — Шкір! Шкір! — Ускокваюць авечкі, як ачмурэлыя, раскірэчваюць над даёнкамі ногі, і дзесяць аўчаровых пальцаў ціскаюць цёплае вымя. Жаласна плача мокрая атара па гэты і па той бок стрункі, падаюць у загарадку знясіленыя авечкі, а густое малако звонка цурчыць у даёнку ды зацякае цёплым ручайком аж за рукаў. — Шкір! Шкір!
Козар усміхаецца вачыма сваім козам. Яны не тое што авечкі, у іх моцнае сэрца. Не падаюць трупам, як рахманыя авечкі, а цвёрда стаяць на тоненькіх нагах. Цікаўна паднялі рожкі і ўглядаюцца ў змрок, быццам скрозь яго штосьці бачаць, і так бадзёра трасуцца ў іх тонкія бародкі...
***
Апусцелі кашары. Цішыня і пустка. Можа, дзесьці там, у глыбокіх далінах, адкуль пачынаюць расці горы, і лунаюць людскі смех ды галасы, але ў гэта верыцца мала. Тут, на паланіне, дзе неба накрывае бязлюдныя прасторы, што жывуць у самотнасці толькі дзеля сябе, вякуе адна цішыня.
Толькі ў стаі трашчыць нязгасны агонь і ўсё пасылае сіні свой дым у вандроўку. Здоенае малако важка спачывае ў драўлянай пасудзіне, над ім нахіліўся старшы аўчар. Ён ужо яго заправіў. З паліцы, дзе сохнуць вялікія круглыя боханы будзу, павявае на аўчара вецер, але не можа прагнаць са стаі паху вугалю, сыру і авечай воўны. Бо тым самым пахне і аўчар. Новыя дзежкі і даёнкі маўчаць у куце, аднак толькі пастукай па іх — і абзавецца голас. Халодная сыроватка свеціцца з конаўкі зялёным вокам. Аўчар сядзіць паміж свайго начыння, як бацька сярод дзяцей. Усё яно — чорныя лаўкі і сцены, вогнішча і дым, будз, дзежкі і сыроватка, — усё яно блізкае і роднае, да ўсяго дакранулася яго цёплая рука.
Малако ўжо гусне, але яшчэ яму не пара. Тады аўчар вымае з-за чэраса вязку драўляных калодак і пачынае чытаць. Там памечана ўсё, у той драўлянай кнізе, — хто колькі мае авечак і што каму належыць. Турбота зводзіць яму бровы, а ён упарта чытае: «Масійчук мае штырнаццаць авец, а яму належыць...»
За сценкаю стаі спузар выводзіць:
У баранчыка пытае
Аўца-крутарожка:
— Ці ты сена зелянога
Насянуеш трошка?
— Расспяваўся! — злуецца аўчар і нанава пералічвае паметкі.
Ты не знаеш, крутарожка,
Што стане зімою,
Ці ты будзеш, ці ты будзеш
Увесну жывою, —
даспеўвае спузар у сенях і ўваходзіць у стаю.
Закураны, чорны, згінаецца над агнём, і яго белыя зубы блішчаць. Патрэсквае ціха агонь.