Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ты мусіш карміць мяне і майго гаспадара, а я цябе буду шанаваць, каб ты лёгка спала, каб рэдка рыкала, каб цябе ведзьма не пазнала, дзе ты начавала, дзе ты стаяла, каб цябе хто не ўрок...
Так ішло жыццё скаціннае і чалавечае, зліваючыся разам, як дзве крыніцы ў гарах у адзін паток.
***
Заўтра вялікае свята. Цёплы Юрай адбірае ад халоднага Дзмітрыя ключы ад свету, каб цараваць над зямлёй. Поўныя воды, на якіх плавае зямля, паднімуць яе вышэй да сонца, Юрай уквеціць лясы і царынкі, авечка пачне абрастаць воўнай, як летам зямля травою, а сенажаці адпачнуць ад скаціны, зарастаючы густым зеллем. Заўтра — вясна, дзень радасці і сонца, а ўжо сёння горы цвітуць агнямі і сіні дым захінае яліны празрыстым вэлюмам. А калі сонца знізілася, адцвілі агні і дымы адляцелі ў неба, радасным рыканнем абазвалася жывёла, перагнаная цераз жар, каб была дужая летам, як гэты агонь, каб множылася так, як намножыўся ад агню попел.
Позна ўлегліся перад Юр’ем людзі, хоць рана меліся ўставаць.
Палагна ўскруцілася, ледзь толькі пачало днець. «Ці яшчэ не рана?» — падумала ўголас, але тут жа згадала, што сёння свята і трэба ісці на царынку. Адкінула цёплую коўдру і ўстала на ногі. Іван яшчэ спаў, печ пазяхала ў кутку чорнаю пашчай, а пад ёю сумна трашчаў цвыркун. Палагна расшпіліла кашулю, скінула з сябе, пастаяла голая пасярод хаты і, баязліва азіраючыся на Івана, пайшла да дзвярэй. Скрыпнулі дзверы, і ранішні холад абвеяў цела. Горы яшчэ спалі. Спалі яшчэ яловыя лясы, нібы строгія манахі, спалі пашарэлыя за ноч царынкі і сівыя шпілі, што расплываліся ў тумане. Халодная імгла падымалася з даліны ды працягвала белыя калматыя лапы да чорных ялін, а пад бледным яшчэ небам апавядаў свой сон Чарамош.
Палагна ступала па мокрых травах і злёгку дрыжала ў ранішнім халадку. Яна была пэўная, што ніхто яе не пабачыць, а калі б і пабачыў, то што? Ведама, шкада, калі б прапала яе варажба. Іншай думкі ў яе не было. Яшчэ на Благавешчанне яна закапала ў мурашнік соль, булку і пацеркі, і цяпер трэба было гэта ўсё адтуль дастаць. Памалу звыклася з холадам. Яе тугое цела, якое не ведала яшчэ мацярынства, вольна і горда плыло ў маладых травах царынкі, такое ружовае і свежае, як пазалочаная хмара, перапоўненая цёплым вясновым дажджом. Нарэшце спынілася пад букам. Але перш чым раскапаць мурашнік, яна падняла рукі ўгору і пацягнулася смачна ўсім целам, хруснуўшы костачкамі. І ўраз адчула, што траціць сілу. Штосьці ёй нядобра. Апусціла бяссільна рукі, глянула перад сабою і раптам як бы прыкіпела да чорнай агністай бездані, што не пускала яе ад сябе.
Юра-знахар стаяў па другі бок плота і глядзеў на яе.
Яна хацела крыкнуць на яго — і не магла. Хацела закрыць грудзі рукамі — і не мела сілы іх падняць. Намагалася ўцячы — і ўрасла ў зямлю. Стаяла бяссільная, быццам самлелая, і ўпарта ўглядалася ў два чорныя вугалькі, што выпівалі з яе ўсю сілу.
Нарэшце ў ёй варухнулася злосць. Прапала ўся варажба! Палагна зрабіла над сабой намаганне, каб распаліць тую злосць, і злосна гыркнула на яго:
— Чаго зенкі вылупіў? Не бачыў?
Не спускаючы з яе вачэй, якімі скаваў яе ўсю, Юра бліснуў зубамі:
— Такой, як вы, Палагна, дальбог, не бачыў.
І закінуў нагу цераз плот.
Яна бачыла добра, як плылі да яе тыя два вугалькі, што спапялілі яе волю, а ўсё ж стаяла, няздатная паварухнуцца ці то ў салодкім, ці то ў жахлівым чаканні.
Ён быў ужо блізка. Бачыла мярэжку яго кажушка-безрукаўкі... бліскучыя зубы ў пажадлівым роце... прыпаднятую руку. Цяпло яго цела зблізку вейнула на яе, а яна ўсё яшчэ стаяла.
І толькі калі жалезныя пальцы сціснулі ёй руку і пацягнулі да сябе, яна з крыкам ірванулася і пабегла дахаты.
Знахар стаяў, раздзімаючы ноздры, і глядзеў услед, як белае Палагніна цела выгіналася на травах, нібы хвалі ў Чарамошы.
Пасля, калі Палагна ўжо знікла, ён пералез зноў цераз плот і зноў пачаў рассяваць па царынцы попел ад учарашняга вогнішча, каб каровы і авечкі, што будуць тут пасвіцца, добра пладзіліся, каб кожная авечка прыводзіла па двое...
Палагна прыбегла дадому разгневаная. Добра, што хоць Іван нічога не бачыў. Ну і суседзік, халера б на цябе! Не знайшоў лепшага часу!.. Каб табе... А што варажба прапала, дык ужо прапала... Вагалася, ці сказаць Івану пра Юру, ці не. Яшчэ бойка гатова з таго ўсчацца ці сварка, а са знахаром толькі зачапіся... Вот трэба было пляснуць па мордзе — дый усё... Але Палагна ведала, што не можа падняць на яго руку. Нават пры адной думцы пра гэта адчувала млосць ва ўсім целе, у руках і ў нагах, нейкую салодкую знямогу. Чула, быццам павуцінне на ўсім целе ад гарачага погляду чорных вачэй, ад бляску зубоў у пажадліва раскрытым роце. І што б яна ні рабіла ў той дзень, знахароў погляд яе скоўваў.
Ужо са два тыдні мінула з таго часу, а Палагна не казала Івану пра сустрэчу з Юрам. Яна толькі прыглядалася да мужа. Штосьці было цяжкае ў ім, нейкая журба яго грызла і аслабляла цела, нешта старэчае, вадзяністае свяцілася ў яго стомленых вачах. Прыкметна худзеў, станавіўся абыякавым. Не, Юра лепшы. Калі б захацела мець палюбоўніка, узяла б Юру. Але Палагна была гордая, яе сілком не возьмеш. І гневалася на знахара.
Раз яны сустрэліся каля рэчкі. Палагне на момант здалося, што яна голая, што тонкае павуцінне аблытала ўсё яе цела. Яна быццам праз сон пачула:
— Як спалі, любая Палагначка?
На языку ў яе круціўся адказ: «Добра, як вы?» Але яна стрымалася, закапыліла губу, горда задрала галаву і прайшла паўз яго, нібы не бачыла нават.
— Як маецеся? — пачула ззаду другі раз.
«Ну, цяпер чакай бяды!» — падумала са страхам.
І сапраўды, ледзьве вярнулася дамоў, як Іван стрэў яе весткаю, што здохла авечка. Але, на дзіва, ёй ані не шкада было авечкі. Нават злосць брала, што Іван так бядуе па ёй.
Юра больш не пераходзіў Палагне дарогі. Аднак яе думкі ўсё часцей вярталіся да яго. З цікавасцю, ахвотна прыслухоўвалася Палагна да расказаў пра яго моц і дзівілася, колькі ён можа, той палкі Юра, які не бачыў лепшай за Палагну! Ён быў магутны, моцны, усё ведаў. Ад яго слова гінула адразу скаціна, сох і чарнеў, як дым, чалавек, ён мог наслаць смерць і падараваць жыццё, разагнаць хмару і спыніць град, агнём чорнага вока спапяліць ворагаў і запаліць у жаночым сэрцы каханне. Ён быў зямным богам, той Юра, што прагнуў Палагны, што працягваў да яе рукі, у якіх трымае сусветныя сілы.
Яна часамі забывалася на кароў і мужа, іх вобразы расплываліся, як расплываецца туман, што на хвіліну асядае на ялінах. З журбою ішла яна на царынку, пад бук, і там адчувала на сваіх грудзях Юрава цёплае дыханне, жалезныя пальцы яго рукі. Яна б стала яго палюбоўніцай, калі б ён тады з’явіўся.
Але ён не з’яўляўся...
Стаяў гарачы дзень. Ігрэц закурыўся, зямля паравала, ад Чарнагоры бесперастанку беглі хмары і выліваліся дажджамі, на якія збоку свяціла сонца. Так было парна, што Палагна нізашто не палезла б на вяршыню, калі б не прысніўся ёй сон, які прарочыў скаціне нядобрае. Яна хацела адведаць кароў у лесе. Вакол яе горы курыліся ў імгле, нібы закіпелі горныя патокі і дыхнулі парай. Чарамош знізу шумеў. Яму мулка было ляжаць на скалах, і ён пераскокваў з каменя на камень. Але толькі паспела Палагна ўзабрацца наверх, як ад Чарнагоры махнуў крылом вецер і захістаў дрэвы. «Не нарвала б буры», — падумала яна і павярнулася тварам да ветру. Ну, так яно і ёсць... Там бурліла цяжкая сіне-бялёсая хмара. Здавалася, сама Чарнагора паднялася ў неба, гатовая спусціцца на зямлю і ўсё раздушыць. Вецер бег перад ёю і распіхваў елкі, а горы і даліны счарнелі адразу, як пасля пажару. Не было чаго і думаць ісці далей. Палагна схавалася пад полагам елкі. Яліна скрыпела. Здалёку мякка каціўся гром, цені імкліва беглі па гарах, змываючы фарбы, а высокі ельнік на далёкіх вяршынях перагінаўся папалам. «Як бы яшчэ градам не секанула», — лякалася Палагна, зашпільваючы аўчынную безрукаўку.